АФАЛІ́НА (Tursiops truncatus),

марское млекакормячае падсям. дэльфінаў атр. кітападобных. Пашыраны ва ўмераных і цёплых водах Сусветнага ак. (акрамя палярных водаў). Жыве асела або качуе невял. чародамі.

Даўж. цела да 3,9 м, маса да 400 кг. Афарбоўка зверху цёмна-бурая, знізу светлая. Цяжарнасць каля года. Даўж. нованароджанага 1—1,2 м, маса 14—16 кг. Корміцца рыбай. Звычайны аб’ект утрымання ў акіянарыумах. Лёгка дрэсіруецца. Даследуюцца паводзіны афаліны, рэхалакацыя і інш. ўласцівасці.

Афаліна чарнаморская.

т. 2, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ХАРАЎ (Барыс Сяргеевіч) (10.9.1902, г.п. Дзямянск Наўгародскай вобл., Расія — 16.7.1944),

савецкі военачальнік, ген.-м. танк. войскаў (1942). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял. Айч. вайну камандуючы танк. дывізіяй і 9-м танк. корпусам, які за ўдзел у Бабруйскай аперацыі 1944 атрымаў ганаровае найменне «Бабруйскага», за ўдзел у вызваленні г. Баранавічы ўзнагароджаны ордэнам Чырв. Сцяга. Загінуў каля в. Шакуны Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці.

т. 2, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦЮ́НЯ (Аляксандр Рыгоравіч) (2.7.1898, в. Курганы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобласці — 21.3.1976),

генерал-палкоўнік (1958). Скончыў Вышэйшыя стралк.-тактычныя курсы (1921), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У арміі з 1916. Удзельнік грамадз. вайны на Зах. фронце, баёў каля воз. Хасан у 1938. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., Варонежскім, 1-м Укр. франтах; нач. штаба корпуса, арміі. Удзельнік вызвалення Украіны, Чэхаславакіі. Да 1961 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Гродзенскім раёне, у бас. р. Пыранка (цячэ праз возера), за 25 км на ПнУ ад Гродна. Пл. 7,1 км², даўж. 13 км, найб. шыр. 1,15 км. Пл. вадазбору 267 км².

Схілы катлавіны выш. 10—15 м, стромкія, параслі лесам, на Пд разараныя. Дно на найб. глыбінях выслана сапрапелямі. Уваходзіць у ландшафтны заказнік Азёры. Каля паўд. берага археал. помнік — курганны могільнік.

Белае возера ў Гродзенскім раёне.

т. 2, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЫЛЫ́Х НЕПАЎНАЛЕ́ТНІХ ВЯ́ЗНЯЎ ФАШЫ́ЗМУ,

грамадская арг-цыя. Створана ў 1988 пад назвай «Дзеці вайны 1941—45 гг.». З 1992 сучасная назва. Асн. задача — сац. абарона былых малалетніх вязняў, пацярпелых у гады 2-й сусв. вайны ў канцлагерах Германіі і інш. краін. Уваходзіць у Міжнародны Саюз былых малалетніх вязняў фашызму. Мае аддзяленні ў раёнах і абласцях Рэспублікі Беларусь. Аб’ядноўвае каля 25 тыс. чал. (1996).

М.​П.​Клімец.

т. 2, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ,

рака ў Расійскай Федэрацыі, пераважна ў Башкортастане, левы прыток Камы. Даўж. 1430 км, пл. бас. 142 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Паўд. Урала, ніжэй ад упадзення р. Уфа цячэ па раўніне, мае шырокую пойму, утварае шмат лукавін, разбіваецца на рукавы. Гал. прытокі: Нугуш, Уфа (справа), Дзёма (злева). Сярэднегадавы расход вады каля г. Бірск 846 м³/с. Суднаходства ад г. Уфа. На Белай гарады Беларэцк, Салават, Ішымбай, Стэрлітамак, Уфа, Бірск.

т. 3, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НУЭ (Benue),

рака ў Зах. Афрыцы, у Камеруне (вярхоўі) і Нігерыі, левы прыток Нігера. Даўж. 1300 км, пл. басейна 441 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах нагор’я Камерун, перасякае яго па цясніне, далей цячэ па раўніне сярод вільготных саваннаў у шырокай густанаселенай даліне. Паводка з чэрв. да верасня. Сярэдні расход вады 3170 м³. Суднаходная ад г. Ібі, у сезон дажджоў ад г. Гаруа. Каля вусця (шыр. да 1,5 км) — г. Лакоджа.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРДЗЕНІШВІ́ЛІ (Мераб Ісідаравіч) (н. 1929),

грузінскі скульптар, жывапісец, графік. Нар. мастак СССР (1978). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1949—55). Аўтар манум., пластычна выразнага помніка ў гонар 30-годдзя перамогі ў Вял. Айч. вайне (1975, г. Марнеулі), дэкар. скульптуры «Муза» (1971) каля будынка Грузінскай філармоніі, помніка паэту Давіду Гурамішвілі ў Тбілісі (1959—65) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1976.

Літ.:

Воронина Н. Мераб Бердзенишвили: [Альбом] М., 1981.

М.Бердзенішвілі. Манумент Перамогі. 1975.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАКАНІ́ДЫ (Braconidae),

сямейства паразітычных насякомых атр. перапончатакрылых з групы наезнікаў. Больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, пераважна ў цёплых і сухіх месцах. На Беларусі каля 20 відаў.

Даўж. 1—25 мм, цела жоўтае або карычнявата-жоўтае, з сцябліністым брушкам, у самкі з яйцакладам. Дарослыя кормяцца пераважна паддзю і нектарам раслін, самкі некаторых відаў — гемалімфай насякомых-гаспадароў. Большасць каштоўныя, некаторыя выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднымі насякомымі.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРА́НЫ,

вёска ў Беларусі, у Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Друць. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Крупскай. За 36 км на ПнЗ ад Рагачова, 155 км ад Гомеля. 689 ж., 289 двароў (1994). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля Азяран стараж. гарадзішча (8—7 ст. да н.э. — 1—2 ст. н.э.) і курганны могільнік дрыгавічоў (11—12 ст.).

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)