хімічныя элементы, якія ёсць у жывых арганізмах у нязначнай колькасці (10−3 — 10−5 %). Знаходзяцца ў збалансаваных суадносінах. Крыніца паступлення ў арганізм — ежа і пітная вада. Вядома больш за 50 М. (бор, медзь, марганец, малібдэн, ёд, цынк, кобальт, нікель, крэмній, стронцый, тытан, ванадый і інш.). Уваходзяць у састаў ферментаў (напр., цынк у карбаангідразу), вітамінаў (напр., кобальт у вітамін B₁₂), гармонаў (напр., ёд у тыраксін), таксама бялкоў, нуклеінавых к-т. Некат. М. ўдзельнічаюць у будове апорных тканак арганізма (фтор, стронцый), абмене бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, тканкавым дыханні, росце і размнажэнні арганізмаў. Рэгулююць функцыі крывятворных органаў, нерв., эндакрыннай, сардэчна-сасудзістай, палавой, імуннай сістэм; адаптацыю арганізма да змены фактараў навакольнага асяроддзя. Пры нястачы ці лішку М. парушаецца абмен рэчываў, узнікаюць эндэмічныя захворванні (напр., на Беларусі — эндэмічны валляк пры нястачы ёду).
Літ.:
Химические элементы и аминокислоты в жизни растений, животных и человека. 2 изд. Киев, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛС ((Mills)Чарлз Райт) (28.8.1916, г. Уэйка, штат Тэхас, ЗША — 20.3.1962),
амерыканскі сацыёлаг і публіцыст. Скончыў Тэхаскі ун-т (1939). З 1956 праф. Калумбійскага ун-та. Паслядоўнік М.Вебера і К.Мангейма, зведаў уплыў ідэй К.Маркса, аднак лічыў яго тэорыю «ўстарэлай». Распрацаваў тэорыю сац. канфлікту, у якой вызначыў асн. праблемы, вырашэнне якіх будзе садзейнічаць стабілізацыі грамадства. У процівагу марксізму вылучыў канцэпцыю «пануючай эліты», да якой адносіў паліт., эканам. і ваен. колы, якія ўдзельнічаюць у прыняцці важнейшых рашэнняў і ўтвараюць адзіную «карпарацыю багацця» ў амер. грамадстве. Пастаянная цэнтралізацыя ўлады і мэтанакіраванае павелічэнне ваен. расходаў даюць магчымасць, паводле М., гаварыць аб «ваенным дэтэрмінізме», што, на яго думку, больш правільна, чым «эканамічны дэтэрмінізм» Маркса. Надзею на гуманізацыю грамадства звязваў з інтэлігенцыяй, якая здольна валодаць «сацыялагічным уяўленнем» (здольнасцю разумець працэсы, што адбываюцца ў грамадстве). Крытыкаваў эмпірызм амер. сацыялогіі і т.зв. «высокую тэорыю» Т.Парсанса, заклікаў да стварэння новай сацыялогіі. Зрабіў значны ўплыў на фарміраванне ідэалогіі «новых левых» у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ННАЯ ВАЙНА́,
1) спосаб вядзення баявых дзеянняў з выкарыстаннем заглыбленых зарадаў выбуховага рэчыва (падземных мін) і падкопаў пад крапасныя сцены і мінныя галерэі, каб разбурыць іх. Элементы М.в. выкарыстоўваліся пры аблозе рус. войскамі Казані (1552), пры абароне Севастопаля (1854—55), у рус.-яп. 1904—05 і 1-й сусв. войнах. У 2-ю сусв. вайну тактыка М.в. ўжывалася, напр., у баях за Сталінград, партызанамі і падпольшчыкамі Беларусі, якія ўзарвалі больш за 11 тыс.фаш. эшалонаў, каля 1 тыс. складоў з боепрыпасамі і інш. (гл.Партызанскі рух).
2) Сукупнасць баявых дзеянняў флатоў па ўстаноўцы мінных загарод. У 2-й пал. 20 ст. такія дзеянні наз. «мінназагараджальнымі дзеяннямі» ці «процімінным забеспячэннем».
3) У арміях некаторых дзяржаў (напр., ЗША) пад тэрмінам «М.в.» разумеецца выкарыстанне наземных мін, спосабы процідзеяння выкарыстанню мін праціўнікам і пераадоленне міннаўзрыўных загарод. Тактыка М.в. шырока выкарыстоўваецца ў шэрагу краін пры вядзенні баявых дзеянняў узбр. сіламі і тэрарыстамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЦІ́ЦКІ ((Mościcki) Ігнацы) (1.12. 1867, Мяжанаў каля г. Плоцк, Польшча — 2.10.1946),
польскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны-хімік. Акад.АН у Кракаве (1928). Скончыў Рыжскі палітэхнікум (1892). У час вучобы ўдзельнічаў у польскіх сацыяліст. арг-цыях. У 1892—97 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі і Швейцарыі, дзе пазнаёміўся з Ю.Пілсудскім. У 1912—22 праф. Львоўскага політэхн. ін-та. Пасля ваен. перавароту ў маі 1926 па рэкамендацыі Пілсудскага абраны прэзідэнтам Польшчы, рэалізоўваў яго паліт. лінію (гл.Санацыйны рэжым), якую падтрымліваў шэраг дзеячаў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі (гл.Беларуская санацыя). Быў прыхільнікам памяркоўнага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. У пач. 2-й сусв. вайны інтэрніраваны ў Румыніі (вер. 1939), аб’явіў пра сваю адстаўку. Са снеж. 1939 у эміграцыі ў Швейцарыі. Аўтар больш як 60 навук. прац і патэнтаў у галіне хім. тэхналогій, арганізатар хім. прам-сці ў Польшчы. Распрацаваў прамысл. метад атрымання азотнай к-ты з паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭНАДАРА́Н, Інстытут старажытных рукапісаў «Матэнадаран» імя Месропа Маштоца,
найбуйнейшае ў свеце сховішча старажытнаарм. рукапісаў і н.-д.ін-т у Ерэване. Створаны на базе нацыяналізаванай у 1920 калекцыі рукапісаў Эчміядзінскага манастыра. У яго фондах каля 13 тыс.стараж.-арм. манускрыптаў, больш за 100 тыс.стараж. архіўных дакументаў, каля 2000 рукапісаў на араб., перс. і інш. мовах. У М. зберагаюцца рукапісы 5—18 ст., унікальная калекцыя першадрукаваных і стараж.-арм. кніг 16—18 ст., творы стараж. і сярэдневяковых арм. гісторыкаў, пісьменнікаў, філосафаў, матэматыкаў, географаў, урачоў; пераклады прац стараж.-грэч., сірыйскіх, араб. і лац. вучоных, у т. л. шэраг твораў, якія захаваліся толькі ў стараж.-арм. перакладах 5—7 ст. («Хроніка» Яўсея Кесарыйскага, 7 філас. трактатаў Філона Яўрэя і інш.). Шмат рукапісаў маюць вял. мастацкую каштоўнасць (напр., «Лазараўскае евангелле», 887, «Эчміядзінскае евангелле», 989, «Евангелле Мугні», 11 ст.). У М. вядзецца н.-д. работа, у яго музеі экспануюцца лепшыя ўзоры стараж.-арм. пісьменства і мініяцюры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХТУМКУЛІ́ (каля 1733, с. Хаджыгаўшан Балканскай вобл., Туркменістан — 1780-я г.),
туркменскі паэт-мысліцель; пачынальнік туркм. л-ры. Сын Д.Азадзі. Вучыўся ў медрэсэ Шыргазі (г. Хіва). Шмат падарожнічаў, вывучаў л-ру, фальклор Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана. Захавалася больш за 10 тыс. вершаваных радкоў (вершы, паэмы, оды, элегіі; упершыню апублікаваны ў 1842). У вершах, ліра-эпічных паэмах сац.-філас. зместу асуджаў міжплемянныя спрэчкі і варожасць, выказваў пратэст супраць феад. ўціску, заклікаў да яднання ў змаганні за незалежнасць. Пісаў творы інтымнай тэматыкі. У сатыр. вершах высмейваў людскія заганы. Многія яго творы адметныя рэліг. настроем. Замяніў араба-перс. метрыку (аруз) нар. сілабічнай сістэмай, наблізіў мову паэзіі да народнай і фальклору. На бел. мову творы М. пераклалі Р.Баравікова, Р.Барадулін, А.Вольскі, В.Жуковіч, Х.Жычка, А.Звонак, У.Караткевіч, А.Клышка, В.Коўтун, А.Лойка, П.Макаль, У.Паўлаў, П.Прыходзька, М.Танк, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШКО́Ў (Ілья Іванавіч) (29.7.1881, станіца Міхайлаўская Валгаградскай вобл., Расія — 20.3.1944),
расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1928). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1900—09) у К.Каровіна, В.Сярова. Член аб’яднанняў «Бубновы валет», «Свет мастацтва», Т-ва маскоўскіх мастакоў, Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Выкладаў ва ўласнай студыі (1902—17), Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1918—30) у Маскве. Зазнаў уплывы П.Сезана, кубізму, нар. лубка. Творам уласцівы сакавітасць фарбаў, яркасць каларыту, выразныя эфекты жывапіснай пластыкі: «Італія. Нерві», «Ягады на фоне чырвонага падноса» (абодва 1908), «Партрэт хлопчыка ў размаляванай кашулі» (1909), «Садавіна на блюдзе» (1910), «Партрэт дамы», «Хлябы» (абодва 1910-я г.), «Партрэт Н.М.Усавай» (1915). У позні перыяд манера М. набыла большрэаліст. характар: «Нацюрморт з самаварам» (1919), «Нацюрморт з магноліямі» (1934), «Нацюрморт. Ананасы і бананы» (1938), «Клубніцы з белым гарлачыкам» (1943).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗО́НЫ [ад мез(а)... + (электр)он],
нестабільныя элементарныя часціцы, якія адносяцца да класа адронаў, маюць цэлалікавы спін і нулявы барыённы зарад. Да М. адносяць пі-мезоны, К-мезоны і многія рэзанансы. Да М. не адносяць мю-М. (мюоны) таму, што яны маюць спін 1/2 і не ўдзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях.
Прадказаны ў 1935 Х.Юкавай для тлумачэння прыроды ядзерных сіл; эксперыментальна адкрыты ў 1947 у касм. прамянях С.Ф.Паўэлам. Назва звязана з тым, што першыя з адкрытых М. (пі- і К-М.) мелі масу, прамежкавую паміж масамі пратона і электрона. У далейшым былі адкрыты М., масы якіх у некалькі разоў перавышаюць масу пратона. Складаюцца з кварка і антыкварка і глюонаў. Утвараюцца пры сутыкненнях пратонаў з пратонамі ці атамнымі ядрамі, а таксама пры анігіляцыі электронаў і пазітронаў. Маюць адмоўны, нулявы або дадатны эл. зарад, роўны эл. элементарнаму зараду, і час жыцця ад 10−8 да 10−24с. Распадаюцца на больш лёгкія М., лёгкія М. і лептоны або лептоны і гама-кванты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СНІЦТВА,
сістэма размеркавання службовых пасад («месцаў», адсюль назва) у Рас. дзяржаве з 14—15 ст. пры назначэнні на ваен., адм. і прыдворную службу з улікам паходжання, службовага становішча продкаў чалавека і яго асабістых заслуг. Перавага аддавалася прадстаўнікам больш старадаўніх і засл. родаў. Складаныя адносіны ўнутры знатных родаў і недакладнасць генеалагічных звестак выклікалі спрэчкі, якія вырашалі цар і баярская дума. У сярэдзіне 16 ст. М. з асяроддзя баяр і нашчадкаў удзельных князёў пашырылася на дваран, а ў 17 ст. нават на вярхі купецтва і гараджан. Прынцып М. часта закрываў шлях да заняцця значных вайск. і дзярж. пасад здольным, але недастаткова радавітым людзям, што супярэчыла рэальным інтарэсам дзяржавы. Развіццё ў 17 ст. ў Расіі абсалютызму, які прадугледжваў стварэнне строга падначаленага цэнтр. ўладзе бюракратычнага апарату, таксама вяло да выцяснення М., якое афіцыйна скасавана земскім саборам 1682. У сучасным значэнні М. — прытрымліванне вузкамясц. інтарэсаў, якое прычыняе шкоду агульнай справе.
Літ.:
Шмидт С.О. Местничество и абсолютизм // Абсолютизм в России (XVII—XVIII вв.). М. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТЭ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
монакарбонавыя к-ты, што ўваходзяць у састаў нафты. Змяшчаюць насычаныя цыклы з 5 і 6 атамаў вугляроду (гл.Аліцыклічныя злучэнні); вядомыя мона-, бі- і трыцыклічныя к-ты. Н.к. у нафце ад 0,01 да 3% па масе; асн. іх колькасць (да 80%) знаходзіцца ў газойлевай фракцыі і ў мазуце.
Вязкія алеепадобныя рудыя вадкасці з непрыемным пахам, tкіп 214—300 °C. Практычна нерастваральныя у вадзе, добра раствараюцца ў вуглевадародах і інш.арган. растваральніках. Паводле хім. уласцівасцей падобныя на тлустыя кіслоты; утвараюць солі і эфіры, якія наз. нафтэнатамі. У прам-сці вылучаюць з газавых і масленых дыстылятаў і мазуту, сінт.Н к. атрымліваюць акісленнем нафтэнаў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі палімераў, каўчукоў і фарбавальнікаў, кампаненты лакаў, дадаткі да друкарскіх фарбаў і маторнага паліва; эфіры — як пластыфікатары сінт. каўчукоў, полівінілхларыду і інш.; солі шчолачных металаў — як мыйныя сродкі, эмульгатары, інсектыцыды, стымулятары росту раслін. Аказваюць моцнае (больш за фенол) антысептычнае ўздзеянне на патагенныя арганізмы, аднак таксічныя для цеплакроўных.