АРЫСТАФА́Н (Aristophanes; каля 445—385 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі драматург, «бацька камедыі». З 45 яго п’ес захавалася 11, у т. л. «Восы» (422), «Птушкі» (414), «Жанчыны на свяце Фесмафорыяў» (411), «Жанчыны на народным сходзе» (392), «Плутас (388). У іх асуджэнне палітыкі вайны («Ахарняне», 425; «Коннікі», 424; «Мір», 421; «Лісістрата», 411), развенчванне філасофіі сафістаў («Воблакі», 423). Адстойваў эсхілаўскі шлях развіцця грэчаскай трагедыі («Жабы», 405). Побач з гістарычнымі фактамі выкарыстоўваў міфалагічныя вобразы; нагляднасць, канкрэтнасць ідэі дасягалася праз вонкавыя камедыйныя прыёмы — карыкатуру, гіпербалу, буфанаду. Вялікую ролю ў яго камедыях адыгрываюць хор і «агон» — спрэчка паміж 2 персанажамі, якія адстойваюць процілеглыя погляды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́РЫС,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі бог расліннасці, вады, уладар замагільнага свету. Лічыўся сынам бога зямлі Геба і багіні неба Нут, яго сястрой і жонкай была Ісіда. Асірыса ўяўлялі ў вобразе чалавека з муміфікаваным целам і знакамі царскай улады; лічылі, што ён адвучыў людзей ад дзікага ладу жыцця, навучыў сеяць злакі, пячы хлеб, здабываць руды, будаваць гарады і інш. Брат Асірыса, бог пустыні Сет, забіў яго, але Ісіда знайшла цела мужа, здабыла ўтоеную ў ім жыццёвую сілу і зачала ад мёртвага Асірыса сына Гора. Грэкі атаясамлівалі Асірыса з Дыянісам. Міф пра смерць і ўваскрэсенне Асірыса паўплываў на ўзнікненне міфа пра Хрыста.
Да арт.Асірыс. Гор вядзе памерлага да трона Асірыса. Малюнак з «Кнігі мёртвых». Каля 1450 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТУ́ШЫС ((Baltušis) Юозас) (сапр.Альбертас Юазенас; 27.4.1909, г. Рыга — 4.2.1991),
літоўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Літвы (1969). Аўтар кніг апавяданняў і нарысаў «Тыдзень пачынаецца добра» (1940), «Дзяцеліна» (1943), «Пра што ў песні не пяецца» (1959), «Валюсе патрэбны Алексас» (1965), «Па сцяжынах бацькоў і братоў» (1967), «Вялікая луста хлеба» (1974), п’ес «Спяваюць пеўні» (1947), «Раннім ранкам» (1953), раманаў «Прададзеныя гады» (т. 1, 1957; Дзярж. прэмія Літвы 1957; бел.пер. А.Астрэйкі і О.Главацкене 1961; т. 2, 1969), «Сказанне пра Юзаса» (1979; Дзярж. прэмія Літвы 1980) і інш.Гал. тэматыка яго твораў — гіст. лёс, жыццё літоўскага сялянства, яго духоўнае багацце. Па творах Балтушыса створаны фільмы «Жывыя героі», «Вянок з дубовых лістоў» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЫ́ЛА (Attila; ? — 453),
правадыр гунаў у 434—453. Да 445 кіраваў разам з братам Бледам, якога забіў. Узначальваў спусташальныя паходы на Усх.Рым. імперыю (443, 447—448), Галію (451) і Паўн. Італію (452); у 451 пацярпеў паражэнне на Каталаунскіх палях. Пры Атылу (яго рэзідэнцыя знаходзілася на тэр. сучаснай Венгрыі) саюз гунскіх плямёнаў дасягнуў найб. магутнасці і пашырыў сваю ўладу ад Волгі да Рэйна, ад дацкіх астравоў да Дуная. Памёр у Паноніі ў ноч пасля вяселля з германкай Ільдыкай. Створаная ім імперыя распалася адразу пасля яго смерці. Вобраз Атылы адлюстраваны ў сярэдневяковым гераічным эпасе (ісландскія песні «Старэйшая Эда», герм. «Песня пра Нібелунгаў»), гіст. аповесці венгра М.Олаха (перакладзена на старабел. мову ў канцы 16 ст. пад назвай «Гісторыя пра Атылу») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОНЧ-БРУЕ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (21.2.1888, г. Арол, Расія — 7.3.1940),
рускі вучоны, адзін з заснавальнікаў радыётэхнікі ў СССР. Чл.-кар.АНСССР (1931). Скончыў Інж. вучылішча (1909) і Афіцэрскую эл.-тэхн. школу (1914) у Пецярбургу. З 1922 праф. Маскоўскага вышэйшага тэхн. вучылішча, з 1932 — Ленінградскага ін-та інжынераў сувязі (з 1940 яго імя). Навук. працы па радыётэхніцы, радыёвяшчанні, радыёлакацыі, фізіцы верхніх слаёў атмасферы. Арганізаваў вытв-сць электронных лямпаў у Расіі (1916—19). У 1918—28 узначальваў радыёлабараторыю ў Ніжнім Ноўгарадзе. Пад яго кіраўніцтвам створана першая ў свеце магутная радыёвяшчальная станцыя ў Маскве (1922), першыя ў свеце караткахвалевыя накіраваныя антэны і караткахвалевыя лініі далёкай радыёсувязі (1924—30).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКА́ЗНАСЦЬ,
катэгорыя, якая выражае свядомыя адносіны сац. груп або асобы да патрабаванняў грамадства, яго нормаў і каштоўнасцяў. У адпаведнасці са сферамі праяўлення адрозніваюць паліт. маральную, юрыдычную і інш. адказнасць; у залежнасці ад яе носьбіта — індывідуальную (асабістую) і калектыўную. У індывіда адказнасць фарміруецца як вынік яго здольнасці вызначаць свой спосаб існавання і паводзін. Перадумовай асабістай адказнасці ў філасофіі лічыцца адзінства чалавечай жыццядзейнасці і неабходнасці апасродкавання ўздзеяння свядомасцю і выбарам самога індывіда. Таму чалавек здольны самавызначацца ў адносінах да свайго сучаснага і мінулага жыцця, быць «аўтарам» сваіх дзеянняў і ўчынкаў, г. зн. браць адказнасць за іх на сябе; ён усталёўвае ў рэальнасці пэўны парадак маральнасці, свабоды і належнага існавання, якія не залежаць ад наяўных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́ СУДна Беларусі,
судовы орган, які дзейнічае на тэр. вобласці ў якасці першай, касацыйнай і нагляднай інстанцый. Складаецца са старшыні, яго намеснікаў і членаў суда, якія назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Мае суд. калегіі па цывільных і крымін. справах і прэзідыум. Як суд 1-й інстанцыі разглядае цывільныя і крымін. справы, аднесеныя законам да яго вядзення, як касацыйная інстанцыя — справы па скаргах і пратэстах на рашэнні, прыгаворы і вызначэнні нар. судоў, якія не набылі законнай сілы. Прэзідыум абласнога суда разглядае ў парадку нагляду справы па пратэстах на рашэнні, прыгаворы, вызначэнні нар. судоў, пастановы нар. суддзяў, якія набылі законную сілу, на касацыйныя вызначэнні калегій абласнога суда, а таксама справы па новаадкрытых акалічнасцях. Паўнамоцтвамі абласнога суда валодае і Мінскі гар.суд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕЎ (літ.псеўд.Аскольдаў) Сяргей Аляксеевіч
(1870 — 23.5.1945),
расійскі філосаф. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Да сярэдзіны 1920-х г.праф.Політэхн. ін-та (Петраград). У 1921 заснаваў тайнае рэліг.-філас.т-ва (у 1926 перайменавана ў «Брацтва св. Серафіма Сароўскага»). У 1928 арыштаваны і сасланы ў Комі АССР. З 1935 жыў у Ноўгарадзе. Пасля Вял.Айч. вайны эмігрыраваў у Германію. Аўтар кн. «Крытыка дыялектычнага матэрыялізму», у якой развіваў вучэнне аб трансцэндэнтальнасці прадмета ведаў, сімвалічнасці пазнання, крытыкаваў уяўленні аб суб’екце пазнання за яго «безаблічнасць» і падмену індывід. разумення. У аснове яго анталогіі вучэнне пра ўзаемадзеянне душ.
Тв.:
Основные проблемы теории познания и онтологии. Спб., 1900;
Мысль и действительность. М., 1914;
Сознание как целое: Психол. понятие личности. М., 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́РХА-СІНДЫКАЛІ́ЗМ,
плынь у рабочым руху, сфарміраваная пад уплывам анархізму. Узнік у канцы 19 ст. ў Францыі, Італіі, Іспаніі, Швейцарыі, краінах Лац. Амерыкі. Найб. росквіту дасягнуў на пач. 20 ст.Яго прыхільнікі адмаўляюць паліт. арг-цыю рабочых; вышэйшай формай арг-цыі лічаць рабочыя сіндыкаты (прафсаюзы), якія падрыхтуюць і ажыццявяць сац. пераварот, і тады будуць ліквідаваны паліт. ўлада і дзяржава. У выніку асн. сродкі вытв-сці, кіраванне вытв-сцю і размеркаванне пяройдуць да Федэрацыі сіндыкатаў, якая павінна стаць на чале новага грамадства. Анарха-сіндыкалізм і зараз робіць уплыў на частку рабочых і дробнай буржуазіі. Сучасныя яго прыхільнікі канцэнтруюць увагу на праблемах свабоды асобы і насіллі як адзінай форме барацьбы за пераход да свабоднага грамадства. Ідэі анарха-сіндыкалізму выкарыстоўваюць розныя леваэкстрэмісцкія плыні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙКО́ Пётр Міхайлавіч (31.10.1895, г. Бельск-Падляскі, Польшча — 15.10.1943, Герой Сав. Саюза (1944). Д-рмед.н., праф. (1938). Беларус. Скончыў Кіеўскі мед.ін-т (1922). У 1918 удзельнічаў у студэнцкім узбр. паўстанні ў Кіеве. З 1933 дырэктар Кіеўскага НДІ педыятрыі, акушэрства і гінекалогіі (у 1965—92 ін-тяго імя). У Вял.Айч. вайну з 1941 на фронце, вядучы хірург медсанбата, паранены трапіў у палон, уцёк. З 1942 працаваў у бальніцы г. Фастаў Кіеўскай вобл., адзін са стваральнікаў падп. арг-цыі і партыз. груп, урач партыз. атрада.
13.10.1943 у час бою схоплены гітлераўцамі, пасля катаванняў спалены жывым разам з інш. партызанамі-заложнікамі. На магіле Б. ў с. Тамашоўка Фастаўскага р-на помнік. Яго імем названа вуліца ў Кіеве.