ГУ́ВЕР ((Hoover) Герберт Кларк) (10.8.1874, г. Уэст-Бранч, штат Аява, ЗША — 20.10.1964),

дзяржаўны і паліт. дзеяч ЗША. У час 1-й сусв. вайны арганізатар харч. дапамогі для Бельгіі і Францыі. У 1917—19 узначальваў Федэральную харч. адміністрацыю, у 1919—23 — Амерыканскую адміністрацыю дапамогі. У 1921—28 міністр гандлю. У 1929—33 прэзідэнт ЗША (ад Рэсп. партыі). Садзейнічаў аднаўленню ваенна-прамысл. патэнцыялу Германіі. Пасля 2-й сусв. вайны кіраваў арганізацыяй амер. дапамогі многім краінам.

т. 5, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУ́ШКІН (Барыс Лаўрэнцьевіч) (12.8.1919, г. Шахты, Расія — 15.6.1944),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай і Мінскай абл. у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Усесаюзны ін-т фізкультуры (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, у 1942 выконваў спец. заданне ў тыле ворага, з мая 1943 камандзір спец. атрада НКДБ «Дапамога» (пазней уваходзіў у партыз. атрад «Артур»). Загінуў у час прарыву варожай блакады ў раёне воз. Палік.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМУ́ЛКА ((Gomółka) Крысціна) (н. 8.4.1954, г. Гданьск, Польшча),

польскі гісторык. Скончыла Гданьскі ун-т (1977). Д-р габілітаваны (1993). У 1978—93 працавала ў Ін-це эканам. і гуманітарных навук, з 1993 — у політэхн. ін-це ў Гданьску. Даследуе гісторыю беларусаў паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, паліт. эканам. і культ. жыццё сучаснай Беларусі, бел. дыяспару. З 1993 рэдактар польска-бел. час. «Dyskusja» («Дыскусія»).

Тв.:

Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992.

т. 5, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАРЫ́НЬ»,

завод абліцовачнай фасаднай керамікі ў р.п. Рэчыца Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Дзейнічае з 1939 як сезоннае прадпрыемства. У час Вял. Айч. вайны часткова разбураны, у 1946 адноўлены як з-д і рэканструяваны, устаноўлена кальцавая печ для абпальвання вырабаў. З 1968 працуюць тунэльныя печы (3, на вадкім паліве). Сучасная назва з 1973. У якасці сыравіны выкарыстоўвае тугаплаўкія гліны радовішча Столінскія хутары. Асн. прадукцыя (1996): камяні керамічныя абліцовачныя і сценавыя, цэгла, пліты подавыя, жывёлагадоўчыя.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАНІБЕ́К (? — 1357),

хан Залатой Арды ў 1342—57, сын і пераемнік хана Узбека. Завалодаў прастолам, забіўшы двух сваіх братоў. У час яго праўлення Арда дасягнула найб. ваен. ўздыму. Актыўна ўмешваўся ва ўнутр. справы рус. княстваў. Для ўмацавання сваёй улады ў Ардзе насаджаў іслам. У 1356 здзейсніў паход у Азербайджан, захапіў Тэбрыз і пасадзіў там свайго намесніка. У выніку паўстання ў Тэбрызе да ўлады прыйшлі Джалаірыды, галіны Чынгісідаў, варожай да Дж. Загінуў, калі вяртаўся ў Арду.

т. 6, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Андрэй Дзмітрыевіч) (н. 16.7.1928, г. Цвер, Расія),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1952). У 1981—92 гал. рэдактар час. «Юность». У лірыцы Дз. (зб-кі «Лірычныя вершы», 1955, «Роднае», 1958, «Сам-насам з сумленнем», 1965, «Побач ты і каханне», 1976, «Нараджэнне дня». 1978, «Азарт», 1983, Дзярж. прэмія СССР, 1985), «Характар» (1986) і паэмах («Мужнасць», 1958, «Дарога ў заўтра», 1960, «Расія», 1964) апявае духоўнае багацце чалавека, гучаць тэмы кахання і прыроды.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся ў сутоках Друйкі і Зах. Дзвіны. У час Лівонскай вайны 1558—83 у Д.з. ў 1561 размяшчаўся конны атрад. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. замак зведаў шматлікія аблогі і штурмы, неаднаразова быў разбураны і спалены. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адноўлены, але сваёй магутнасцю не вылучаўся. У 18 ст. паступова прыйшоў у заняпад.

т. 6, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА ДАНІ́ЛЫ СА СЦЯПА́НАМ»,

ананімны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Упершыню апубл. П.В.Шэйнам у час. «Русская старина» (1886, т. 49). Напісана напярэдадні сялянскай рэформы 1861, у маст.-публіцыстычнай форме рэалістычна паказвала бяспраўнае жыццё сялянства, эксплуатацыю яго памешчыкамі. У творы выявіліся бунтарскія настроі сялянскіх мас. Сваё вызваленне яны спадзяюцца атрымаць ад «цара-бацюхны», але разумеюць, што цар заадно з панамі. Дэмакратызм, праўдзівасць, прастата і даходлівасць, жывая мова робяць твор яркім узорам нар. л-ры.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯНДЖЫ́НСКАЕ ХА́НСТВА,

феадальная дзяржава ў 18 — пач. 19 ст. ў Азербайджане, у даліне р. Кура. Цэнтр — г. Гянджа. Першы хан Гянджынскага ханства — Шахверні хан Зіяд аглы, які ў сярэдзіне 18 ст. змагаўся супраць іранскага Надзір-шаха. Тэр. Гянджынскага ханства ўвесь час імкнуліся захапіць Іран ці Турцыя. У ханстве ішла барацьба паміж прыхільнікамі іранскай і тур. знешнепаліт. арыентацыі і прыхільнікамі далучэння да Расіі. У 1795 заваявана Іранам. З 1804 у складзе Рас. імперыі.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬМСЛЕЎ ((Hjelmslev) Луі Троль) (3.10.1899, Капенгаген — 30.5.1965),

дацкі мовазнавец. Праф. Капенгагенскага ун-та (з 1937). У 1931 разам з В.Брэндалем заснаваў Капенгагенскі лінгвістычны гурток (гл. ў арт. Структурная лінгвістыка), які ўзначальваў да 1965. Рэдактар час. «Acta Linguistica» («Лінгвістычныя справы»). Разам з Х.​Ё.​Ульдалем распрацаваў арыгінальную лінгвістычную тэорыю — гласематыку («Пралегомены да тэорыі мовы», 1943); прапанаваў агульную тэорыю склону («Катэгорыя склону. Даследаванне па агульнай граматыцы», 1935). Аўтар працы «Мова» (1963).

А.​А.​Кожынава.

т. 6, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)