1) неглыбокая пячора са скляпеністай столлю і шырокім уваходам.
2) Расшырэнне пячоры пасля вузкага праходу.
3) Ніша ў канцы горнага ледавіка, адкуль выцякаюць расталыя воды. Бываюць аб’ектамі турызму (напр., Блакітны грот на в-ве Капры).
4) Тып паркавага збудавання (часам у выглядзе павільёна), муроўка і апрацоўка якога (ракавінкі, туф, камень) імітуюць натуральную пячору. Былі пашыраны ў еўрап. садова-паркавым мастацтве 16—18 ст., на Беларусі — з 18 ст. (грот у Гомельскім парку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫ́ВЕНЬ-КА́МЕНЬ»,
помнік прыроды ў Беларусі, каля дарогі в. Крэва — г. Маладзечна, за 3 км на Пд ад в. Вавукі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Ледавіковы валун ружовага граніту рапаківі з авоідамі палявога шпату. Даўж. 3 м, шыр. 2,7 м, выш. над паверхняй зямлі 1,7 м, у абводзе 9 м, аб’ём 7 м³, маса каля 20 т. Формаю круглаваты, пастаўлены рубам, верхняя ч. нагадвае завітую грыву каня. Прынесены ледавіком каля 130—150 тыс.г. назад з раёна г. Выбарг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРЫ́ШЫН (Іван Лявонцьевіч) (н. 25.8.1931, с. Грынчук Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне электроннай оптыкі і мікраэлектронікі. Д-ртэхн.н. (1988). Скончыў Чарнавіцкі дзярж.ун-т (1955). З 1961 у Ін-це электронікі АНБеларусі. Навук. працы па мадэляванні і разліку электронна-аптычных сістэм, вакуумнай мікраэлектроніцы. Распрацаваў вакуумныя інтэгральныя мікрасхемы для звышжорсткіх умоў эксплуатацыі, тэхнал. працэсы стварэння магн. галовак запісу і счытвання інфармацыі.
Тв.:
Моделирование электронно-оптических систем на сетках сопротивлений. Мн., 1974 (разам з С.Л.Мельнікавым, І.І.Беланучкінай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЭСК»,
жалезны метэарыт класа гексаэдрытаў, знойдзены ў 1954 каля в. Пукава Грэскага р-на (цяпер в. Камсамольская Капыльскага р-на) Мінскай вобл. Маса 300 кг, даўжыня 92 см. У момант знаходкі быў пакрыты тоўстай карой акіслення, што сведчыць аб працяглым знаходжанні ў глебе. Асн. частка метэарыта (270 кг) знаходзіцца ў музеі Ін-та геал. навук Нац.АНБеларусі, узоры агульнай масай каля 30 кг — у музеях розных краін.
Літ.:
Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БАРЧАЯ АКРУ́ГА,
асноўнае звяно тэр. арг-цыі насельніцтва краіны для правядзення выбараў прадстаўнічых органаў улады, кіраўніка дзяржавы. Ад кожнай акругі выбіраецца ўстаноўленая законам колькасць дэпутатаў (норма прадстаўніцтва). Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь ад кожнай выбарчай акругі выбіраецца адзін дэпутат. Акругі ствараюцца Цэнтральнай і тэр. выбарчымі камісіямі па прадстаўленні адпаведных Саветаў з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў і з улікам адм.-тэр. падзелу. Тэр. выбарчай акругі захоўваецца нязменная на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў Савета. Выбарчыя акругі на Беларусі падзяляюцца на выбарчыя ўчасткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́РАЧКА (Clinopodium),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца вырачка звычайная (Clinopodium vulgare), расце ў хмызняках, гаях, светлых пераважна лісцевых лясах.
Шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом. Лісце супраціўнае, дробнае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае, па краі пілаватае або гародчатае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, ружовыя, пурпуровыя або белыя, двухгубыя, духмяныя, у густых канцавых несапраўдных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек. (процізапаленчы сродак), вострапрыпраўныя, меданосныя, фарбавальныя, эфіраалейныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧА-ТЭХНІ́ЧНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
сістэма планамернай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, навучання сумяшчальным і новым прафесіям, павышэння кваліфікацыі рабочых і служачых на прадпрыемствах. Уключае таксама вытв. практыку навучэнцаў тэхнікумаў, прафес.-тэхн. вучылішчаў, студэнтаў ВНУ. Ажыццяўляецца шляхам курсавога і індывід. навучання. На 1996 у Беларусі дзейнічала каля 200 галіновых вучэбна-курсавых камбінатаў, у якіх ажыццяўлялася падрыхтоўка спецыялістаў больш чым па 400 прафесіях. За год яны рыхтавалі каля 150 тыс. рабочых, з іх каля 20 тыс. набывалі новыя прафесіі. Прадпрыемствы таксама ажыццяўляюць перакваліфікацыю незанятага насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯНЯ́ВА»,
прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 80 родаў, у т. л. Белазоры, Длугашы, Ляшчынскія, Мэнжыкі. На залатым полі чорная галава зубра з залатым кальцом у ноздрах; клейнод — над прылбіцай з каронай палова залатога каранаванага льва з мячом у правай лапе. Вядомы з пач. 14 ст. У час знаходжання на троне караля польск. і вял. князя літ.Станіслава Ляшчынскага (1704—09, 1733) герб «Вянява» выкарыстоўваўся як элемент у дзярж. сімволіцы Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ СЕ́ТКА,
сістэма газаправодаў для транспартавання гаручых газаў і размеркавання іх паміж спажыўцамі; асн. элемент сістэмы газазабеспячэння. Бываюць размеркавальныя, міжпасялковыя і ўнутрыдамавыя; у залежнасці ад колькасці ступеней ціску — адна- (у невялікіх населеных пунктах), двух- (у сярэдніх гарадах), трох- і чатырохступеньчатыя (у вял. гарадах). Гарадскія газавыя сеткі — звычайна кальцавыя (замкнутыя), што забяспечвае бесперабойнасць падачы газу пры адключэнні асобных участкаў. Геагр. становішча Беларусі абумовіла пракладку праз яе тэр. буйных магістральных газаправодаў і, як вынік, паскораную газіфікацыю яе гаспадаркі і высокую шчыльнасць газавых сетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́КСІЛЕНД (ад англ. Dixieland літар. краіна Дыксі — ужытковая назва паўд. штатаў ЗША),
адна з стылявых разнавіднасцей класічнага джаза. Узнік у пач. 20 ст. ў Новым Арлеане сярод белых пасяленцаў ЗША. У 1910—20-я г. Д. — разнавіднасць новаарлеанскага стылю, з 1940-х г. (найб. пашыраны за межамі ЗША) — яго назва. З інструментаў у ім дамінуюць карнет, трамбон, кларнет. Сярод найб. вядомых калектываў у Расіі і Беларусі, якія выступаюць у стылі Д., — Ленінградскі дыксіленд, мінскі дыксіленд «Рэнесанс», дыксіленд пад кіраўніцтвам В.Старавойтава ў Магілёве.