ВЕ́ЧНЫ ЖЫД, Агасфер,
персанаж сярэдневяковай зах.-еўрап. легенды, паводле якой Агасфер не дазволіў адпачыць Ісусу Хрысту ў час яго пакутніцкага шляху на Галгофу (паводле інш. версій, біў яго) і загадаў ісці далей. За гэта ён асуджаны на безупыннае жыццё-блуканне, чакаючы другога прышэсця Хрыста, які адзін можа даць спакой магілы. Да легенды пра вечнага жыда звярталіся ў л-ры Х.К.Андэрсен, І.В.Гётэ, Э.Сю, П.Б.Шэлі, В.А.Жукоўскі і інш.
т. 4, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНІЛО́ВІЧ (Антон Станіслававіч) (1801, Гродзенская губ. — 2-я пал. 1845),
дваранскі рэвалюцыянер. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. З 1819 у Чарнігаўскім пях. палку, з 1823 падпаручнік. Удзельнік паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826), забяспечваў яго правіянтам, узначальваў авангард палка ў час маршу. Камісіяй ваен. суда ў Магілёве прыгавораны да пакарання смерцю, якое заменена высылкай на вайсковую службу ў Сібір. Потым пераведзены на Каўказ, удзельнічаў у руска-персідскай вайне 1826—28. Загінуў у баі з горцамі.
т. 3, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.
Створаны ў 1978 у г. Бабруйск на базе цагельнага з-да (засн. ў 1873, у час Вял. Айч. вайны разбураны, у 1949 адноўлены), цэха дрэнажных трубаў (працаваў у 1930—94, выпускаў таксама чарапіцу) і цэха сілікатнай цэглы (пушчаны ў 1977). У 1990 створаны цэх па вырабе дробных блокаў з ячэістага бетону. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Сілікат». Асн. прадукцыя (1995): камяні сілікатныя пустацелыя, дробныя сценавыя блокі, цэгла керамічная.
т. 2, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ЦІНА (Анісся Давыдаўна) (1865, г. Мсціслаў — ?),
рэвалюцыянерка-народніца. У час навучання ў Маскве ўваходзіла ў гурток нарадавольцаў. 31.3.1886 арыштавана, у ліп. 1887 саслана на 8 гадоў у Сібір. За ўдзел ва ўзбр. выступленні ссыльных у Якуцку 22.3.1889 прыгаворана да пажыццёвай катаргі. Пакаранне адбывала ў вілюйскай катаржнай турме для асабліва небяспечных паліт. злачынцаў. З 1893 на вольным пасяленні. З кастр. 1897 жыла ў Шклове Магілёўскай губ. пад наглядам паліцыі. У чэрв. 1898 выехала за мяжу.
т. 2, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБЕ́С ((Barbés) Арман) (18.9.1809, г. Пуэнт-а-Пітр, в-аў Гвадэлупа — 26.6.1870),
французскі рэвалюцыянер. Член тайных арг-цый «Таварыства сем’яў» і «Таварыства пор года». За ўдзел у няўдалым паўстанні 12.5.1839 арыштаваны і засуджаны на пажыццёвае зняволенне. Вызвалены ў час рэвалюцыі 1848, абраны дэпутатам ад левых рэспубліканцаў. За ўдзел у дэманстрацыі 15.5.1848 супраць рэакц. палітыкі Устаноўчага сходу і стварэнне рэв. ўрада зноў засуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1854 амнісціраваны Напалеонам III, эмігрыраваў у Бельгію.
т. 2, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ ТАТА́РАЎ-МУСУЛЬМА́Н «АЛЬ-КІТА́Б»,
добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў 1991 на ўстаноўчым з’ездзе ў г.п. Іўе Гродзенскай вобласці. Дзейнічае ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам і прынятым Статутам. Асн. кірункі дзейнасці: абуджэнне гіст. і патрыят. свядомасці бел. татараў, вывучэнне грамадз. гісторыі і гісторыі ісламу, адраджэнне тат. традыцый, культуры, пісьменнасці на аснове араб. графікі. Выдае квартальнік «Байрам» («Свята») на бел. мове і час. «Аль-Ислам» на рус. мове.
І.Б.Канапацкі.
т. 2, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БНСП),
арганізацыя бел. фашыстаў у 1930—40-я г. Пачала стварацца ў 1933 у Вільні па ініцыятыве групы пранямецка настроеных бел. дзеячаў. З 1934 працаваў прэзідыум Бел. нацыянал-сацыяліст. актыву (старшыня Ф.Акінчыц), які ў 1936 ператвораны ў БНСП. Друкаваны орган — час. «Новы шлях». Партыя была забаронена ўладамі Польшчы. БНСП не мела падтрымкі сярод бел. насельніцтва і ням.-фаш. улад. Распалася, відаць, пасля смерці Акінчыца (сак. 1943).
А.М.Літвін.
т. 2, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛІНА,
былы маёнтак у Віцебскай вобл. Існаваў у 15 — пач. 20 ст. на беразе р. Больнік паміж в. Кастрыца Лепельскага і Дзярэўня Чашніцкага р-наў на Пд ад аўтадарогі Лепель—Орша. Вядомы з пач. 1440-х г. як сяло Лукомскага княства. Належаў Лукомскім, П’яноўскім, Жабам і інш. Апошняй уладальніцай Боліна ў пач. 20 ст. была К.Дзевалтоўская-Гінтаўт. Пасля 1917 маёнтак спыніў існаванне. Рэшткі Боліна знішчаны ў 1970-я г. ў час меліярацыйных работ.
т. 3, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
адзін з цэнтраў манетнай вытворчасці ў Рэчы Паспалітай. Створаны ў Брэсце ў час грашовай рэформы 1659—66 для выпуску меднага соліда (барацінкі). Працаваў з 4.12.1665 да 16.12.1666. Соліды Брэсцкага манетнага двара падобныя на медныя соліды Віленскага манетнага двара. На іх аверсе была выява бюста Яна II Казіміра Вазы
[1648—68],
на рэверсе — герба ВКЛ («Пагоня»). Ёсць меркаванне, што б.ч. тыражу манет мае адметныя рысы: шчыт з вострым вуглом, малая манаграма, палеаграфічныя асаблівасці.
т. 3, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АЛАБА́МА»,
канфлікт паміж ЗША і Англіяй у час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. Выкліканы ваен. дапамогай Англіі мяцежным рабаўладальніцкім штатам. Англ. крэйсер «Алабама» ў 1862—64 захапіў і знішчыў 68 гандл. і 1 ваен. карабель паўн. штатаў. Сам быў патоплены 14.7.1864. Пасля заканчэння вайны ЗША узнялі пытанне пра адказнасць Англіі за дзеянні «Алабамы» і інш. яе крэйсераў. Арбітражны суд у Жэневе 14.9.1872 вынес рашэнне, паводле якога Англія заплаціла ЗША 15,5 млн. долараў.
т. 1, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)