закон захавання энергіі ў цеплавых працэсах; адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле П.з.т. Q = ∆U + A, дзе Q — колькасць цеплаты, падведзенай да сістэмы, ∆U — змена ўнутр. энергіі сістэмы, A — работа, якую выконвае сістэма супраць знешніх уздзеянняў.
Сфармуляваны ў сярэдзіне 19 ст. на падставе даследаванняў Ю.Р.Маера, Дж.П.Джоўля і Г.Гельмгольца. З П.з.т. вынікае, што тэрмадынамічная сістэма можа выконваць работу толькі за кошт сваёй унутр. энергіі ці за кошт якой-н. інш. крыніцы энергіі (A = Q − ∆U). Таму П.з.т. часам фармулююць як немагчымасць існавання (стварэння) вечнага рухавіка 1-га роду, які мог бы выконваць работу без выкарыстання якіх-н. крыніц энергіі. П.з.т. сцвярджае, што U з’яўляецца функцыяй стану, а Q і A — функцыямі працэсу. Кожны стан тэрмадынамічнай сістэмы характарызуецца пэўным значэннем унутр. энергіі U, значэнні якой (у адрозненне ад значэнняў велічынь Q і A) не залежаць ад працэсаў, за кошт якіх сістэма пераходзіць з аднаго стану ў другі. Гэта дазваляе вызначыць ураўненне стану сістэмы і вядзе да залежнасці значэнняў цеплаёмістасці і выкананай работы ад характару працэсу. Гл. таксама Другі закон тэрмадынамікі, Энергіі захавання закон.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 131—147.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮСКВАМПЕРФЕ́КТ (ад лац. plusquamperfectum), даўно мінулы час,
складаная дзеяслоўная форма прошлага часу старажытных славянскіх моў. У стараж.-рус. мове ўжываўся пераважна для абазначэння даўно мінулага дзеяння, якое адбылося раней за якое-н. інш. дзеянне. Утвараўся шляхам спалучэння дапаможнага дзеяслова «быти» ў форме імперфекта і аорыста адпаведнай асобы з дзеепрыметнікам на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Са знікненнем у жывой мове аорыста і імперфекта дапаможны дзеяслоў у складзе П. ўжываўся ў форме перфекта «есмь былъ пришелъ». Паступова была страчана звязка ў складзе перфекта і ў дзеепрыметніках мужч. роду адз. л., канцавое «л» змянілася ў «ў»: «есмъ былъ пришелъ — я быў прыйшоў». П. зрэдку выкарыстоўваецца ў сучаснай бел. мове для абазначэння мінулага дзеяння, якое толькі пачыналася, але было перапынена якім-н. іншым: «Дзве хурманкі прыехалі былі на вяселле, дык і тыя сёння рана паехалі дадому» (К.Крапіва). У літ. творах зрэдку пад уплывам рус. мовы трапляюцца формы П., дзе пры дзеепрыметніку на «-л» ужываецца нязменная часціца «было»: «Следам за ім памкнуліся было злазіць і сувязныя, але Злобіч стрымаў іх» (М.Ткачоў). Аднак такое ўжыванне — парушэнне літ. нормы.
Літ.:
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТШЫЛЬДЫ (Rothschild),
сямейная фінансавая група яўр. паходжання, якая дзейнічае ў некат. краінах Зах. Еўропы і ЗША. Яе заснавальнік — Маер Амшэль Р. (1744—1812), які ўзбагаціўся на ваен. пастаўках, фін. спекуляцыях і ў 1766 стварыў у г. Франкфурт-на-Майне (Германія) уласны банк. Яго справу пераняў старэйшы сын Амшэль Маер Р. (1733—1855), іншыя 4 сыны стварылі самаст. банкі ў Лондане, Парыжы, Вене і Неапалі (апошнія 2 пазней спынілі існаванне). З часоў Венскага кангрэса 1814—15 сям’я Р. давала пазыкі дзяржавам Еўропы, фінансавала буд-ва першых еўрап. чыгунак, асабліва ў Аўстрыі і Францыі, Суэцкага канала. У 1901 спыніў дзейнасць франкфурцкі банк Р. У пач. 20 ст. дзейнасць Р. канцэнтравалася ў Парыжы (Гі дэ Р.) і Лондане; іх фін. актыўнасць пашырылася на Азію. У 2-ю сусв. вайну некалькі прадстаўнікоў Р. пакінулі Еўропу і перанеслі сваю дзейнасць пераважна ў ЗША. У 1960-я г. група пранікла ў нафтавую прам-сць і каляровую металургію. Пасля нацыяналізацыі ў 1982 «Банк дэ Ротшыльд» у Парыжы [засн. ў 1817 Якавам Р. (1792—1868)], працягваюць дзейнічаць толькі іх банкі ў Лондане [«Н.М.Ротшыльд энд санс», засн. Натанам Р. (1777—1836)] і Швейцарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЙФЕРТ (Seifert) Яраслаў (23.9.1901, Прага — 10.1.1986),
чэшскі паэт.Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1966). Першы паэт.зб. — «Горад у слязах» (1921). Удзельнік стварэння гуртка пралет. мастацтва «Дзівасіл». У творчасці імкнуўся да паэтызацыі прозы жыцця, абапіраючыся на рэаліст. дэталі і рэліг. сімволіку. У паэт. зб-ках «Толькі каханне» (1923), «На хвалях ТСФ» (1925) апяваў радасць жыцця, экзотыку падарожжаў. Зб. «Салавей спявае дрэнна» (1926) прасякнуты трагічным светаадчуваннем. У зб-ках «Яблык з каленяў» (1933), «Рукі Венеры» (1936) звярнуўся да традыцый класічнай чэш. паэзіі — напеўнасці, меладычнасці, арганічнасці сітуацый. Асн. тэмы зб-каў «Патушыце агні» (1938), «Веер Бажэны Немцавай» (1940), «Ішоў бедны мастак па свеце» (1949) — каханне, паэзія, радзіма, прыгажосць Прагі, гісторыя чэш. культуры; зб. «Мамачка» (1954) — успаміны пра дзяцінства. У зб-ках «Канцэрт на востраве» (1965), «Адліванне званоў» (1967), «Парасон з Пікадылі» (1979) пераважае верлібр, які стаў дамінантай яго паэтыкі. Аўтар зб-каў «Моравы слуп» (1981), «Быць паэтам» (1983) і інш. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі А.Разанаў, М.Танк. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1936, 1955. Нобелеўская прэмія 1984.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Высокае неба. Мн., 1980;
У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;
Рус.пер. — Прощание с весной: Избр. лирика. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭІ́ЗМ (ад грэч. theos бог) рэліг. светапогляд, заснаваны на разуменні Бога як трансцэндэнтнага разумнага пачатку, творцы, ахоўніка і ўладара сусвету. Тэрмін «Т.» уведзены ў навуку ў 1743 англ. філосафам Р.Кедвартам. Т. адрозніваюць ад пантэізму, які адмаўляе трансцэндэнтнасць Бога, і дэізму, паводле якога Бог толькі першастваральнік свету. Да тэістычных веравучэнняў адносяць хрысціянства, іудаізм і іслам. Філас. асэнсаванне Т. звязана з тлумачэннем Бібліі на аснове стараж.-грэч. філасофіі, у прыватнасці, платонаўска-арыстоцелеўскага вучэння пра саматоесную чыстую сутнасць. Асн. рысы Т. — прызнанне прысутнасці ў свеце разумнага Божага ўмяшання, што забяспечвае адпаведнасць існага Божаму прадвызначэнню (гл.Правідэнцыялізм), вера ў перманентную сувязь кожнага чалавека з Богам і ў магчымасць непасрэднага дыялогу паміж імі; акцэнтоўка ўвагі на веры, ступені яе глыбіні і шчырасці («жывая вера» ў каталіцызме, «сардэчная вера» ў праваслаўі), а не на знешніх, рытуальных формах рэлігійнасці. З канца 19 — пач. 20 ст. для эвалюцыі Т. характэрна падкрэсліванне персаналісцкіх аспектаў Т. (гл.Персаналізм), пераасэнсаванне тэістычнай анталогіі (У.С.Салаўёў, П.Тэяр дэ Шардэн, дыялектычная тэалогія, рэліг.экзістэнцыялізм), спробы тлумачэння тэістычных фундаментальных палажэнняў як міфалагічнай мовы (Р.Бультман), трактоўка эвалюцыі прыроды на аснове тэістычнага правідэнцыялізму (тэістычны эвалюцыянізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАЭЛЕКТРО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ, Рычардсана эфект,
вылучэнне электронаў нагрэтымі цвёрдымі ці вадкімі целамі (эмітэрамі).
З паверхні цела вылучаюцца толькі тыя электроны, кінетычная энергія якіх дастатковая для пераадолення патэнцыяльнага бар’ера на мяжы цела. Колькасць вылучаных электронаў вызначаецца т-рай эмітэра T і яго работай выхаду WВ. Гал. характарыстыка Т.э. — велічыня шчыльнасці току насычэння j0 пры дадзенай т-ры. Пры адсутнасці знешніх эл. палёў паводле формулы Рычардсана—Дэшмана
, дзе A0 — пастаянная велічыня (1.204∙106А/м²∙К−2), k — пастаянная Больцмана, — усярэднены па энергіях каэф. адбіцця электронаў ад паверхні эмітэра ў вакууме. Пры адсутнасці знешняга эл. поля (ці пры малой яго велічыні) электроны, што вылятаюць, утвараюць паблізу паверхні эмітэра адмоўны прасторавы зарад, які абмяжоўвае ток Т.э. З павелічэннем напружанасці знешняга эл. поля прасторавы зарад разыходзіцца і ток дасягае велічыні насычэння; пры далейшым росце напружанасці ток слаба павялічваецца з прычыны Шоткі эфекту.
Пры вял. знешніх эл. палях да току Т.э. дадаецца ток аўтаэлектроннай эмісіі. Т.э. выкарыстоўваецца ў электравакуумных прыладах (катоды) і тэрмаэлектронных генератарах.
Залежнасць шчыльнасці току j тэрмаэлектроннай эмісіі ад напружанасці электрычнага поля V паміж эмітэрам і калектарам дыёда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРО́ЎНІ ЭНЕ́РГІІ,
магчымыя значэнні энергіі атама, малекулы. атамнага ядра ці інш. квантавай сістэмы, што складаецца са звязаных паміж сабой мікрачасціц і падпарадкоўваецца законам квантавай механікі. Асн. характарыстыкі: τ — час жыцця сістэмы на дадзеным узроўні і ΔE — шырыня ўзроўню. Яны звязаны паводле неазначальнасцей суадносін выразам: ΔE ≈ ℏ/τ, дзе ℏ = h/2π — Планка пастаянная.
Сукупнасць магчымых значэнняў энергіі сістэмы ўтварае энергетычны спектр, які можа складацца з дазволеных і забароненых значэнняў энергіі (гл.Энергетычныя юны), быць дыскрэтным ці неперарыўным. Напр., калі ўнутраная энергія атама вадароду меншая за энергію іанізацыі, яго спектр дыскрэтны, а калі перавышае энергію іанізацыі — неперарыўны. Энергія ўнутр. рухаў сістэмы можа прымаць толькі дыскрэтныя значэнні (утварае дыскрэтны энергет. спектр), якія адпавядаюць магчымым устойлівым (стацыянарным) станам сістэмы. Графічна спектр адлюстроўваецца гарыз. лініямі, размешчанымі на рознай вышыні. Ніжні ўзровень асноўны (адпавядае найменшай магчымай энергіі сістэмы), астатнія — узбуджаныя (характарызуюць узбуджаныя станы сістэмы). Квантавыя пераходы сістэмы з аднаго стану ў другі вызначаюцца адбору правіламі. Узровень, якому адпавядае некалькі стацыянарных станаў, наз. выраджаным (гл.Выраджэнне). Вызначаюць У.э. паводле законаў квантавай механікі ці эксперыментальна, напр., па спектрах аптычных рэчываў. Гл. таксама Атамныя спектры, Малекулярныя спектры, Спектральныя серыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭЙДАМАРКСІ́ЗМ,
кірунак у фрэйдызме, прыхільнікі якога імкнуліся да аб’яднання вучэнняў К.Маркса і З.Фрэйда. Асн. яго прадстаўнікі (В.Райх, Г.Маркузе) абгрунтоўвалі мэтазгоднасць сінтэзу палажэнняў марксізму і фрэйдызму тым, што гэтыя вучэнні з’яўляюцца аднолькава крытычнымі і рэвалюцыйнымі. Распрацаваная Райхам «сексуальна-эканам.» тэорыя не абмяжоўвалася даследаваннем асобнага чалавека, а пашыралася на сац.-паліт. сферы грамадства — аўтарытарныя інстытуты, сац.-эканам. адносіны паміж людзьмі, ідэалагічныя рухі, у т. л. фашызм. Паводле Ф., сац. рэвалюцыя павінна арганічна спалучацца з рэвалюцыяй сексуальнай, што прывядзе да вызвалення індывідаў ад маральных, сац. і эканам. абмежаванняў; толькі сексуальнае разняволенне здольна вызваліць ад канфармісцкіх тыпаў характару, што фарміруюцца наяўнымі формамі грамадства і сям’і, і прадухіліць таталітарызм і «субліміраванае рабства». Радыкальную версію Ф. прапанавалі Ф.Гватары і Ж.Дэлёз, якія распрацавалі тэорыю шызааналізу, які, на іх думку, закліканы дапамагчы людзям цалкам вызваліцца ад канфармізму і адкрыць шлях да здзяйснення іх жаданняў.
Літ.:
Маркузе Г. Эрос и цивилизация: Пер. с англ. Киев, 1995;
Райх В. Психология масс и фашизм: Пер. с нем. СПб., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
адсалютава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.
Аддаць салют. Адсалютаваць пераможцам. Адсалютаваць эскадры караблёў. □ Поезд адышоў, і на пероне застаўся толькі начальнік станцыі, які, адсалютаваўшы апошняму кандуктару, нейкі час глядзеў услед апошняму вагону.Пестрак.Шыковіч павярнуўся, адсалютаваў рукой.Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
займа́льны, ‑ая, ‑ае.
Які выклікае цікавасць; забаўны. Займальная гульня. Займальны сюжэт. □ Героі мультыплікацый — пераважна разумныя, кемлівыя жывёлы і птушкі, яны такія займальныя ў сваіх паводзінах, што не толькі дзецям, але і дарослым цяжка адарвацца ад экрана.Філімонаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)