абры́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
1. З сілай апусціць, зваліць, абрушыць што‑н. на каго‑, што‑н. Хочацца абрынуць на здраднікаў такую дубіну, каб адным махам скрышыць змяіныя гнёзды. Карпюк.
2. перан. З вялікай сілай накіраваць, нацэліць на каго‑, што‑н. Дот абрынуў на галаву калоны кулямётныя чэргі. Хадкевіч. І выйшла так, што Юрка абрынуў на Севу не толькі сваё абурэнне, а і сваю крыўду. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камяні́ца, ‑ы, ж.
1. Каменны або цагляны будынак. [Пан Францішак] прадаў сваю частку фальварка, купіў у ваяводскім Навагрудку камяніцу на восем кватэр. Брыль. Ціхія вулкі ўсё яшчэ чакалі таго часу, калі.. на месцы аджыўшых свой век драўляных домікаў пачнуць узвышацца шматпавярховыя камяніцы. Хадкевіч.
2. Абл. Пра камяністую глебу. Сурвіла «літасціва» дазволіў Леапольду ўзяць сабе пару дзесяцін каля Гушкавай хаты. Гэта была не зямля, а пустэча, страшэнная камяніца. Кудраўцаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́зня, ‑і, ж.
1. Спецыяльнае памяшканне, дзе мыюцца і парацца. Памыцца ў лазні. □ Старая хата была перанесена на лог і пераабсталявана пад лазню, у якой мылася ўся вёска. Хадкевіч.
2. Разм. Мыццё ў такім памяшканні. Змяніць бялізну пасля лазні.
3. перан. Разм. Наганяй, суровая вымова. [Верабейчык:] — Калі не ліквідуем недахопы ў правядзенні ўборкі і здачы хлеба дзяржаве — будзе нам усім лазня. Гарачанькая! Савіцкі.
•••
Даць (задаць) лазню гл. даць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
межава́ць, мяжую, мяжуеш, мяжуе; незак.
1. Разм. Тое, што і межавацца (у 1, 2 знач.). Той куток Беларусі, дзе я нарадзіўся, межаваў некалі па Дзвіне з Заходняй Беларуссю, якая ў той час была акупіравана Панскай Польшчай. Хадкевіч. Для чалавека любой эпохі падарожжа ў космас будзе рамантыкай, якая мяжуе з летуценнем. Шыцік. Мяжуе гора з добрай радасцю... Панчанка.
2. што. Вызначаць межы ўчасткаў пры падзеле зямлі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзядзі́нец, ‑нца, м.
1. Агароджаны пляц, двор пры якой‑н. вялікай пабудове (гаспадарчай, жылой і пад.). Месцам для сходу быў выбраны дзядзінец былой старыцкай царквы. Хадкевіч. За горкай панская пасада, Як у вяночку, каля саду У глыбі прасторнага дзядзінца Стаяла збоку ад гасцінца. Колас.
2. Тое, што і дзяцінец 1. Галоўнай часткай [старажытнага горада] быў ўмацаваны цэнтр, так званы дзядзінец. Звычайна ён размяшчаўся на ўзвышаным месцы. Штыхаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карма́, ‑ы́, ж.
1. Задняя частка судна, процілеглая носу. Параход плаўна адваліў ад прыстані. За яго кармой запенілася вада. Даніленка. [У лодцы] сядзела трое. На карме — інжынер Сакавітаў з рулявым вяслом у руках. Шамякін. // Пра заднюю частку танка, самалёта. Танк, як ляцеў, раптам з разгону асеў на адзін бок, падкінуўшы карму. Мележ.
2. Тое, што і куль 3. Нарэшце і карма, гэты вялізны мяшок-сетка, схавалася пад лёдам. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кашла́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Пакрыты доўгай поўсцю; калматы. У хляве ўся Тарэнтава маёмасць: худы кашлаты конь. Галавач. // З густымі ўскудлачанымі валасамі. Кашлатая Саўкава галава з цэлаю шапкаю чорных валасоў зняважліва ківалася. Колас.
2. Разгалісты, з густым веццем, шырокімі лапкамі. Кашлатыя елкі і выносістыя хвоі абступалі дарогу. С. Александровіч. Неўзабаве трапяткі агеньчык асвятліў бронзавыя, ствалы бліжніх сасонак, кашлатыя лапы іх, нібы жывыя, цягнуліся да агеньчыка. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́баўка, ‑і, ДМ ‑баўцы; Р мн. ‑бавак; ж.
1. Тое, што і забава. [Пятро Захаравіч] перагортваў альбом проста так, дзеля забаўкі, але хутка зацікавіўся не на жарт. Краўчанка. Праз нейкі час рыба пачала браць прынаду. Кравец захапіўся гэтай забаўкай. Чорны.
2. Рэч, якая служыць для гульні дзецям, цацка. З гліны пеўнікі-свісткі — Забаўкі для малых. Броўка. Паходня пазіраў то на забаўкі на стале, то на Марынчын твар. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ната́цыя 1, ‑і, ж.
Настаўленне, павучанне. Ваўчок лаяў сябе ў думках: «Зноў даў магчымасць чытаць сабе натацыю, як хлапчуку якому, замест таго, каб рашуча спыніць усё гэта». Хадкевіч. І [бацька] пачаў натацыю: «Не будзе толку!.. Не выйдзе з цябе чалавека!.. Не хочаш мяне слухаць, ідзі куды хочаш!» Грамовіч.
[Ад лац. notatio — заўвага.]
ната́цыя 2, ‑і, ж.
Спец. Сістэма ўмоўных пісьмовых знакаў, памет, якія прыняты ў якой‑н. галіне дзейнасці. Шахматная натацыя.
[Ад лац. notatio — заўвага.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак., кім-чым, з каго-чаго і без дап.
1. Зведаць задавальненне; парадавацца, пацешыцца ўволю. Андрэева маці — знясіленая, хворая старая, якая рэдка калі злазіла з печы, — не магла нацешыцца з сына і нявесткі. Хадкевіч. Спаткаўшыся, сябрукі не маглі адзін з другога нацешыцца, успамінаючы даўно мінулае, перажытае. Ядвігін Ш.
2. Зведаць асалоду ўзаемнага кахання. — Не нацешыліся, не намілаваліся яшчэ, а ўжо, бедная [Гэлька], удавіца. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)