сіндыка́т, ‑а, М ‑каце. м.
1. Адна з форм капіталістычных манаполій, аб’яднанне прадпрыемцаў, якое бярэ на сябе ажыццяўленне ўсёй камерцыйнай дзейнасці (вызначэнне цэн, збыт прадукцыі і пад.) пры захаванні вытворчай і юрыдычнай самастойнасці кожнага з яго прадпрыемстваў. Ні адзін чалавек не пазбаўляецца намі маёмасці без асобага дзяржаўнага закону аб нацыяналізацыі банкаў і сіндыкатаў. Ленін.
2. Назва прафесіянальных саюзаў у Францыі і некаторых іншых краінах. У гмаху, дзе размяшчаецца ўпраўленне французскага хрысціянскага сіндыката, ёсць адзін пакой для эмігранцкага аддзела. Прокша.
3. У СССР на пачатку нэпу — аб’яднанне трэстаў пэўнай галіны прамысловасць якое вяло планавую закупку і збыт прадукцыі.
[Фр. syndicat ад грэч. syndikos — які дзейнічае сумесна.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БАГАЛЮ́БАЎ (Аляксей Пятровіч) (28.3.1824, с. Памяранне Ленінградскай вобласці — 7.11.1896),
рускі жывапісец-марыніст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—53), у 1854—60 працаваў у Парыжы, Дзюсельдорфе. З 1873 жыў у Францыі. На пачатку творчага шляху зазнаў уплыў І.Айвазоўскага. Аўтар рамантычных пленэрных пейзажаў і панарамных марскіх баталій: «Грэнгамская бітва» (1866), «Лес у Вёле. Нармандыя» (1871), «Вусце Нявы» (1872) і інш. Заснаваў Мастацкі музей імя А.М.Радзішчава (1885) і Рысавальнае вучылішча ў Саратаве (1897).
т. 2, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЭ́НЫ (Ardennes),
узвышша, зах. працяг Рэйнскіх Сланцавых гор на Пд Бельгіі, часткова ў Францыі і Люксембургу. Працягласць 160 км. Выш. каля 400 м, найб. — 694 м (г. Батрандж). Платопадобная паверхня, расчлянёная на асобныя масівы глыбокімі далінамі рэк сістэмы Мааса. Складзены з крышт. і гліністых сланцаў, пясчанікаў і вапнякоў, скамечаных у складкі ў герцынскі арагенез. Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, мінер. крыніцы. Клімат умераны марскі. Шмат тарфяных балотаў. Букавыя і дубова-бярозавыя лясы, пасадкі елкі.
т. 1, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў ранняга мезаліту (у асн. 8-е тыс. да н.э.), якія насялялі тэр. паўд. Францыі і паўн. ч. Пірэнейскага п-ва. Назва ад пячоры Мас-д’Азіль у дэпартаменце Ар’еж (Францыя), дзе ў 19 ст. даследаваны 2 стаянкі. Узнікла на аснове папярэдняй культуры мадлен. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Для азільскай культуры характэрны дробныя крамянёвыя прылады (мікраліты), невял. гарпуны з касцей высакароднага аленя і т.зв. азільскія галькі з умоўнымі малюнкамі чырв. вохрай.
т. 1, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ІТА́ЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1859,
вайна Сардзінскага (П’емонцкага) каралеўства і Францыі супраць Аўстрыі, якая ўтрымлівала пад сваёй уладай Ламбарда-Венецыянскую вобласць і перашкаджала стварэнню адзінай італьян. дзяржавы. Асн. бітвы пад Мантэбела, Маджэнта і Сальферына (май—чэрв. 1859) закончыліся паражэннем аўстр. войскаў. Паводле Цюрыхскіх мірных дагавораў 1859 Сардзінія атрымала ад Аўстрыі Ламбардыю, паводле Турынскага дагавору 1860 Францыя атрымала ад Сардзініі (за дапамогу ў вайне) Савою і Ніццу, да Сардзінскага каралеўства далучаны Парма, Таскана, Мадэна.
т. 2, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ВЕР ((Hoover) Герберт Кларк) (10.8.1874, г. Уэст-Бранч, штат Аява, ЗША — 20.10.1964),
дзяржаўны і паліт. дзеяч ЗША. У час 1-й сусв. вайны арганізатар харч. дапамогі для Бельгіі і Францыі. У 1917—19 узначальваў Федэральную харч. адміністрацыю, у 1919—23 — Амерыканскую адміністрацыю дапамогі. У 1921—28 міністр гандлю. У 1929—33 прэзідэнт ЗША (ад Рэсп. партыі). Садзейнічаў аднаўленню ваенна-прамысл. патэнцыялу Германіі. Пасля 2-й сусв. вайны кіраваў арганізацыяй амер. дапамогі многім краінам.
т. 5, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́РМА (італьян. caserma ад лац. casa домік, лагерны барак),
будынак з жылымі, службовымі і вучэбнымі памяшканнямі, прызначанымі для пастаяннага размяшчэння асабовага складу вайск. часцей. Спец. пабудовы для размяшчэння войск вядомы з часоў Стараж. Рыма і Карфагена. З 16 ст. К. будавалі ў Іспаніі, з 17 ст. — ў Францыі. У Расіі першыя К. пабудаваны ў 1741 у Пецярбургу. У дарэв. Расіі К. наз. таксама інтэрнат для рабочых пры фабрыках, промыслах і да т.п.
т. 7, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН, Каны (Cannes),
горад на ПдУ Францыі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Каля 100 тыс. ж. (1993). Марскі порт. Адзін з цэнтраў Блакітнага берага (Рыўеры), месца правядзення міжнар. кінафестываляў. Прадпрыемствы, звязаныя з абслугоўваннем турыстаў і адпачываючых. Вытв-сць пахучых эсенцый. Прыморскі кліматычны курорт. Клімат і расліннасць субтрапічныя, міжземнаморскага тыпу. Умовы спрыяльныя для лячэння хвароб нерв. сістэмы, органаў дыхання, нырак, сасудаў, сэрца, абмену рэчываў і інш. Развіваецца з пач. 19 ст. Адзін з буйных міжнар. курортаў.
т. 7, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТАНЫ́НА ((Castagnino) Хуан Карлас) (18.11.1908, г. Мар-дэль-Плата, Аргенціна — 21.4.1972),
аргенцінскі мастак; прадстаўнік аргенцінскага «новага рэалізму». Вучыўся ў Вышэйшай нац. маст. школе ў Буэнас-Айрэсе (1929—34). У 1938—40 працаваў у Італіі, Францыі, Іспаніі. Майстар манум. жывапісу, станковай карціны і графікі. Сярод твораў: «Жанчына з Пармы» (1944), «Чалавек з ракі» (1948), «Селянін» (1951); размалёўкі «Чалавек — Космас — Надзея» (1959) у «Парыжскай галерэі», «Вуліца прачынаецца» (1961) у галерэі «Абеліск» у Буэнас-Айрэсе і інш.
т. 8, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭ́РА ((Madero) Франсіска Індалесіо) (30.10.1873, Парас, Мексіка — 22.2. 1913),
дзяржаўны дзеяч Мексікі. Вучыўся ў Мексіцы, Францыі, ЗША. Лідэр ліберальнага прадпрымальніцка-памешчыцкага руху супраць дыктатуры П.Дыяса, адзін з арганізатараў і кіраўшкоў (на 1-м этапе) Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. Прэзідэнт Мексікі з ліст 1911. Абараняў інтарэсы нац. прадпрымальніцтва і суверэнітэт краіны, абмяжоўваў уплыў замежнага капіталу, але, насуперак сваім абяцанням, выступіў супраць агр. рэформы. Скінуты і забіты ў выніку контррэв. мяцяжу ген. В.Уэрты.
т. 9, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)