АЛЯКСЕ́ЕВА (Ларыса Філалогаўна) (н. 29.10.1907, г. Луцк Валынскай вобл., Украіна),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар.арт. Беларусі (1944). Скончыла муз. тэхнікум імя Гнесіных у Маскве (1936). У 1937—41 і 1944—46 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета БССР. У 1946—48 у Вялікім т-ры. Валодала голасам прыгожага тэмбру, высокай вак. культурай, сцэнічнай абаяльнасцю. Сярод партый: Русалка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Караліна («Дрыгва», пазней «У пушчах Палесся» А.Багатырова), Марфачка («Алеся» Я.Цікоцкага, канцэртнае выкананне, 1944), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). У канцэртны рэпертуар уключала бел.нар. песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙДУКЕ́ВІЧ ((Ajdukiewicz) Казімеж) (12.12.1890, г. Цярнопаль, Украіна — 12.4.1963),
польскі логік, філосаф. Правадзейны чл. Польскай АН (з 1952). Праф. Львоўскага, Варшаўскага ун-таў (1925—38). У 1938 узначаліў Пазнанскае філас.т-ва, з 1953 гал. рэдактар час. «Studia logica» («Лагічныя даследаванні»). Прадстаўнік львоўска-варшаўскай школы, якая ставіла задачу лагічнага абгрунтавання і ўмацавання рацыяналізму ў процівагу ірацыяналізму. Паводле філас. поглядаў быў блізкі да ідэй лагічнага пазітывізму. Распрацаваў логіка-семантычную канцэпцыю значэння як спосабу ўжывання тэрміна ў пэўнай канцэптуальнай сістэме тэорыі лагічнага вываду, індуктыўнай логікі, азначэння, лагічнай семантыкі і сінтаксісу.
Тв.:
Język i poznanie. T. 1—2. Warszawa, 1960—65: The scientific world-perspective and other essays, 1931—63. Dordrecht, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́БАЎ (Глебаў) Леанід Іванавіч
(5.3.1827, с. Вясёлы Падол Палтаўскай вобл., Украіна — 10.11.1893),
украінскі паэт. Майстар баечнага жанру. Скончыў Нежынскі ліцэй (1855). У 1861—63 выдавец і рэдактар штотыднёвіка «Черниговский листок». Пісаў на ўкр. і рус. мовах. Першы зб. «Вершы» (1847, на рус. мове). Аўтар паэмы «Перакаці-поле» (пач. 1850-х г.), камедыі «Да міравога» (1862), твораў для дзяцей і інш. У байках (больш за 100, зб-кі 1863, 1872 і 1882 і інш.) асуджаў прыгонніцтва, бюракратызм, хабарніцтва, падхалімства і інш. Асобныя лірычныя вершы Глібава пакладзены на музыку, сталі папулярнымі песнямі. На бел. мову паасобныя творы Глібава пераклалі Э.Валасевіч, К.Камейша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІ́ДАШ, Гнедаш Кузьма Савельевіч (30.11.1914, в. Салагубаўка Сумскай вобл., Украіна — 19.6.1944), удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае ваен.танк. вучылішча (1940). У Чырв. Арміі з 1936. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну камандзір аператыўна-дыверсійнага цэнтра разведаддзела штаба 1-га Бел. фронту. Групы пад яго камандаваннем у тыле ворага ў 1943—44 вялі разведку і дыверсійную работу ў раёне Слуцка, Баранавіч, Кобрына, Мінска, Асіповіч, Пінска, Лунінца, Брэста, на тэр. Кіеўскай і Чарнігаўскай абл. Каля Слоніма частка групы была акружана карным атрадам, цяжка паранены маёр Гнідаш і радыстка К.Т.Давідзюк, каб не трапіць у палон, падарвалі сябе гранатай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НТА (Іван) (?, с. Расошкі Чаркаскай вобл., Украіна — 1768),
адзін з кіраўнікоў Калііўшчыны — антыпольскага паўстання 1768 на Правабярэжнай Украіне. Быў казаком у надворным войску польскіх магнатаў Патоцкіх. З 1757 сотнік у г. Умань — цэнтры іх уладанняў. У час наступлення гайдамацкага войска на чале з М.Залізняком на Умань у чэрв. 1768 Гонта разам з атрадам надворных казакоў перайшоў на бок паўстанцаў. Пад кіраўніцтвам Залізняка і Гонты гайдамакі ўзялі штурмам Умань; Гонта быў абвешчаны паўстанцамі уманскім палкоўнікам. У час сустрэчы з камандаваннем рас. войск, накіраваных на падтрымку польскага боку для ліквідацыі паўстання, арыштаваны і выдадзены польскім уладам. Пакараны смерцю паблізу г. Магілёў-Падольскі. Маст. вобраз Гонты створаны Т.Р.Шаўчэнкам у паэме «Гайдамакі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАПО́Н (сапр.Гапон-Новых) Георгій Апалонавіч
(17.2.1870, в. Белякі Палтаўскай вобл., Украіна — 10.4.1906),
свяшчэннік, удзельнік падзей 1905 у Расіі. Скончыў Палтаўскую семінарыю (1893), у 1898—1903 вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1902 быў звязаны з нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатавым. У 1903 стварыў арг-цыю «Сход рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга». Ініцыятар петыцыі пецярбургскіх рабочых да імператара Мікалая II і шэсця да Зімняга палаца дзевятага студзеня 1905, якое закончылася расстрэлам дэманстрантаў. Да кастр. 1905 у эміграцыі. Намагаўся пранікнуць у «баявую арг-цыю» эсэраў, але быў выкрыты і паводле прыгавору павешаны ў Азёрках (каля Пецярбурга).
Тв.:
История моей жизни. М., 1990.
Літ.:
Лурье Ф.М. Гапон и Зубатов // Лурье Ф.М. Полицейские и провокаторы. СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ (Пятро Ігнатавіч) (26.6.1919, в. Максімільянаўцы Данецкай вобл., Украіна — 17.3.1997),
украінскі паэт. Скончыў Ужгарадскі ун-т (1956). Друкуецца з 1937. Аўтар зб-каў вершаў «Дружба» (1948), «Мая любоў» (1957), «Вечнае цяпло» (1973), «Асеннія пракосы» (1979), «З дарог жыцця» (1982), «Зачараванне» (1986), у якіх паэтызаваў будні новай сав. рэчаіснасці, прыгажосць і шматграннасць роднай прыроды. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Астрэйкі, П.Броўкі, А.Бялевіча, П.Глебкі, П.Прыходзькі, М.Танка і інш. На бел. мову творы Гарэцкага пераклалі Р.Барадулін, А.Вярцінскі, Х.Жычка, М.Калачынскі, У.Паўлаў, П.Прыходзька, А.Пысін, Ю.Свірка, Я.Семяжон і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ТГЕР ((Grottger) Артур) (11.11.1837, в. Атыневічы Львоўскай вобл., Украіна — 13.12.1867),
польскі жывапісец і графік, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Львове ў Я.Машкоўскага і Ю.Косака (1848—52), Кракаўскай школе прыгожых мастацтваў (1852—54), Венскай АМ (1855—58). Напачатку пісаў акварэллю батальныя і жанравыя сцэны, пазней — гіст. кампазіцыі, партрэты, карыкатуры. У работах — элементы акадэмізму, містычная сімволіка, тэатр. пафас: цыклы кардонаў «Варшава I» (1861), «Варшава II» (1862), «Палонія» (1863), «Літуанія» (1864—66; абедзве прысвечаны паўстанню 1863—64), аўтапартрэт (1867), жывапісныя творы «Пераход праз мяжу» (1865), «Развітанне», «Паход у Сібір» (абедзве 1866) і інш. Аўтар цыкла «Вайна» (1866—67), у якім карціны нац. трагедыі і нар. гераізму.
Н.К.Мазоўка.
А.Гротгер. Пушча. З графічнага цыкла кардонаў «Літуанія». 1866.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КАЎ (Барыс Дзмітрыевіч) (21.4.1882, г. Міргарад, Украіна — 9.9.1953),
расійскі гісторык. Акад.АНСССР (1935). Д-ргіст.н. (1934). Ганаровы чл.АНБССР (1947). Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1910 выкладаў у ВНУ Пецярбурга, Пярмі, Сімферопаля, Масквы. Дырэктар Ін-та гісторыі (з 1937), Ін-та гісторыі матэрыяльнай культуры (1944—46), Ін-та славяназнаўства (1947—51) АНСССР. Акад.-сакратар Аддзялення гісторыі і філасофіі АНСССР (1946—53). Аўтар падручнікаў для ВНУ, прац па гісторыі Ноўгарада, Кіеўскай Русі (стваральнік яе сав. канцэпцыі—феад. дзяржава, агульная радзіма рускіх, украінцаў, беларусаў і інш.), рас. сялянства, паўд. і зах. славян, крыніцазнаўстве і гістарыяграфіі Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРА́НСКІ (Флавіян Мікалаевіч) (16.2.1848, с. Чэрніцы Валынскай губ., Украіна — 1919),
гісторык, археограф, лінгвіст. З сям’і святара. Скончыў Валынскую духоўную семінарыю (1868), Маскоўскую духоўную акадэмію (1872). Выкладаў у Літоўскай духоўнай правасл. семінарыі, Віленскім хрысціянскім настаўніцкім ін-це (з 1883). З 1876 чл. камісіі па стварэнні Віленскай публічнай б-кі. У 1886—1913 у Віленскай археаграфічнай камісіі. У 1915 эвакуіраваўся з Вільні. Аўтар «Слоўніка асаблівасцей грэчаскіх дыялектаў...» (1879), прадмоў да 15, 21, 26, 31, 34-га тамоў Актаў віленскай камісіі, прац «Вільня і наваколле» (1883), «Пра літоўскіх татараў» (1906), публіцыст. артыкулаў. Склаў і выдаў каталог рэчаў музея старажытнасцей у Вільні (1879), вопіс рукапісаў Віленскай публічнай б-кі (1882).