ДА́ФНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа, дачка багіні зямлі Геі і рачнога бога Пенея. Яна дала зарок захаваць цнатлівасць і бясшлюбнасць. Калі за ёю пагнаўся закаханы Апалон, Д. паклікала на дапамогу бацьку і ён ператварыў дачку ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў любімай і свяшчэннай раслінай Апалона. На міф пра Д. напісана паэма «Метамарфозы» Авідзія, творы жывапісцаў Джарджоне, Н.​Пусэна, Дж.​Цьепала, кампазітараў Г.​Шутца, А.​Скарлаці і інш.

Апалон і Дафна. Л.​Берніні. 1622—24.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРАВЕ́РШ (ад акра... + верш),

верш, у якім рытмічная выразнасць дапаўняецца зрокавай: першыя літары радкоў (радзей склады або словы) утвараюць слова ці нават фразу (звычайна імя аўтара або адрасата). Развіўся з магічных тэкстаў і стаў папулярны ў эпоху сярэднявечча і барока. Першыя ва ўсх.-слав. паэзіі акваверш стварыў Ф.​Скарына ў «Малой падарожнай кніжцы» (1522). У сучаснай паэзіі сустракаецца таксама акваверш з апошніх літар радкоў (тэлеверш) і сярэдніх (мезаверш), якія могуць утвараць больш складаныя фігуры.

т. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛБУКЕ́РКІ (Albuquergue) Афонсу дэ (1453—16.2.1515),

партугальскі мараплавец, намеснік (віцэ-кароль) партуг. уладанняў у Індыі [1510—15], заснавальнік партуг. калан. імперыі ў Ост-Індыі. У 1503 на чале партуг. флатыліі накіраваны ў інд. г. Кочын, дзе пабудаваў форт. У 1507 захапіў г. Армуз у Персідскім заліве. У 1510 захапіў Гоа (стаў асн. апорным пунктам партуг. заваёўнікаў на Усходзе), у 1511 — Малаку. Албукеркі ўзначальваў першыя партуг. экспедыцыі на Малабарскі бераг, в. Цэйлон, у краіны Паўд.-Усх. Азіі.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКА-АМЕРЫКА́НСКАЯ НА́ФТАВАЯ КАМПА́НІЯ (англ. Arabian-American Oil Company; АРАМКА),

заснавана ў 1933 у штаце Дэлавэр буйнейшымі нафтавымі манаполіямі ЗША для эксплуатацыі нафтавых радовішчаў Саудаўскай Аравіі (на ўмовах канцэсіі). У 1973 урад Саудаўскай Аравіі набыў 25%-ную долю ў здабычы нафты, у 1980 стаў адзіным уладальнікам АРАМКА. Здабывае каля 245 млн. т нафты за год (1983), а таксама прыродны газ. Нафта ў асноўным экспартуецца, пераважна ў краіны Зах. Еўропы, у ЗША, Японію.

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНЫ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́СТЫ,

прынятая ў афіц. ужытку назва ваеннаслужачых Сав. Арміі, якіх накіроўвалі ў інш. краіны з мэтай забеспячэння інтарэсаў СССР і для падтрымкі камуніст. і прасавецкіх урадаў у іх барацьбе з апазіцыяй у час грамадз. войнаў ці замежнай інтэрвенцыі. Найб. пашыраны тэрмін «воіны-інтэрнацыяналісты» стаў у час знаходжання сав. войск у Афганістане (1979—89). Мед. і псіхал. рэабілітацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў, іх сац. адаптацыя аднесены да праблем грамадскага значэння, якія рэгулююцца заканадаўствам і інш. прававымі актамі.

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЯС (Díaz) Парфірыо (15.9.1830, г. Аахака, Мексіка — 2.7.1915),

палітычны і дзярж. дзеяч Мексікі, генерал. У гады рэвалюцыі і грамадз. вайны 1854—60 змагаўся на баку лібералаў супраць кансерватараў. У час франц. інтэрвенцыі ў Мексіку (1861—67) камандаваў атрадамі патрыят. арміі. У 1877—80 прэзідэнт Мексікі. У 1884 зноў стаў прэзідэнтам, устанавіў дыктатарскі рэжым. Пры ім узмацнілася эканам. залежнасць Мексікі ад Вялікабрытаніі і ЗША. Скінуты ў 1911 у час Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІКА́НЫ,

племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў алганкінскай моўнай групы. Да іх каланізацыі жылі ў даліне р. Гудзон (каля 3 тыс. чал.). Займаліся земляробствам, паляўніцтвам, збіральніцтвам, з пач. 17 ст. гандлем футрам. У выніку каланізацыі і набегаў іракезаў б. частка М. знішчана. Жывуць у ЗША у штаце Вісконсін (рэзервацыя Стокбрыдж, некалькі соцень чал., 1997). Гавораць на англ. мове; хрысціяне. Дзякуючы раману Ф.​Купера «Апошні з магікан» тэрмін М. стаў сімвалам народа, які знікае з жыцця.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЕРШМІТ (Messerschmitt) Вілі (26.6.1898, г. Франкфург-на-Майне, Германія — 15.9.1978),

нямецкі авіяканструктар і прамысловец. Стварыў шэраг самалётаў, верталётаў, планёраў рознага прызначэння. Найб. вядомыя: Ме-109 — асн. знішчальнік ВПС Германіі ў 1935—45 (гл. іл. да арт. Авіяцыя), Ме-110 — самалёт шматмэтавага прызначэння, Ме-262 — адзін з першых рэактыўных знішчальнікаў. Пасля 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у Іспанію; у 1959 вярнуўся ў ФРГ, аднавіў вытв-сць самалётаў і стаў саўладальнікам канцэрна «Месершміт—Бёлькаў—Блом».

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІ ДАГАВО́Р 1952,

дагавор аб заснаванні Еўрапейскай абарончай супольнасці (ЕАС). Падпісаны 27 мая ў Парыжы міністрамі замежных спраў Францыі, ФРГ, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў і Люксембурга. Прадугледжваў стварэнне ваен. групоўкі гэтых краін, а таксама наднац. еўрап. арміі пад кіраўніцтвам вярх. каманд. ўзбр. сіламі НАТО у Еўропе. Нац. сход Францыі ў жн. 1954 адмовіўся ратыфікаваць гэты дагавор, аднак ён стаў асновай Заходнееўрапейскага саюза, створанага паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 у складзе членаў ЕАС і Вялікабрытаніі.

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЛА́НД, Роланд (Roland; ? — 15.8.778),

маркграф, прэфект Брэтонскай маркі. У час ісп. паходу Карла Вялікага ў 778 камандаваў атрадам брэтонцаў. Вызначыўся ў баі з баскамі ў Рансевальскай цясніне; загінуў, прыкрываючы адступленне франкаў цераз Пірэнеі. У эпічнай л-ры пра Карла Вялікага апісваецца як яго пляменнік і адзін з 12 паладзінаў (доблесны самаадданы рыцар). Стаў героем эпасу «Песня пра Раланда», паэм італьян. паэтаў канца 15 — пач. 16 ст. «Закаханы Раланд» М.Баярда, «Неўтаймаваны Раланд» Л.Арыёста.

т. 13, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)