чэ́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Праўдзівы, прамы і добрасумленны. Але Зайкін, чалавек чэсны, бачыў Новікава наскрозь і не паспагадаў яму. Дуброўскі. Слаўны хлопец, гэты Мікола. Сапраўдны таварыш. І чалавек чэсны. Савіцкі. // Прасякнуты праўдзівасцю, добрасумленнасцю. Чэсныя намеры. Чэсная праца. // Атрыманы ў выніку добрасумленных паводзін, адносін. Чэсны заробак.
2. Справядлівы, бездакорны ў маральных адносінах. Чэснае імя. □ [Чарнавус:] Учора, лёг, як чэсны савецкі грамадзянін, а сягоння ўстаў, бачу — нешта няладнае. Крапіва.
3. Маральна чысты, цнатлівы. [Валянціна Васільеўна:] — І Антось не вінаваты. Я чэсная перад ім, як анёл. Гроднеў.
•••
Чэснае слова гл. слова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́гна, ‑ы, ж.
1. Нізкае топкае месца, грузкае балота; дрыгва. А ельнік, густы і цёмны, выцягваў свае лапы, нібы пераймаў чалавека, разрываўся пад нагамі мох, і гнеўна хлюпала чорная багна. Чарнышэвіч. Бегчы далей, відаць па ўсім, было небяспечна, — можна з галавою праваліцца ў багну. Пальчэўскі. // Пра што‑н. бяздоннае, бясконцае. І толькі ў небе ў сіняй багне Я бачу дзіўны ланцужок. Колас.
2. перан. Усё, што засмоктвае чалавека і цягне ў балота адсталасці, коснасці. Багна мяшчанства. □ Трэба адарваць Міхася ад Раманюка, выцягнуць яго з той уласніцкай багны... Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няя́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які невыразна, дрэнна відаць, не вылучаецца сваімі контурамі. На тым беразе паказаліся дзве няясныя постаці. Колас.
2. Які ледзь чуваць; невыразны. У адну з хвілін, калі Міхаіл на момант скіраваў увагу на правага свайго суседа, спераду раптам пачуўся няясны шум і ўсплёск вады. Краўчанка. Не, не зман. Музыка. Плаўныя няясныя гукі музыкі. Мелодыю не вызначыш, але гэта — музыка. Ермаловіч.
3. Не зусім зразумелы; невыразны. Толю агарнула нейкае няяснае пачуццё смутку і радаснай надзеі. Якімовіч. Словы Лапціна былі поўны няясных намёкаў, ад іх непрыемна застукала сэрца, і Каваль заспяшаўся. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павыця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Выцягнуць адкуль‑н. усё, многае або ўсіх, многіх. Павыцягваць калы з плота. Павыцягваць шуфляды са стала. □ У казачым стане заварушыліся, некаторыя павыцягвалі з ножан шашкі і памкнуліся на кулямёт. Лобан. Пахілка сам ледзь не згарэў, а дзяцей з полымя павыцягваў... Савіцкі.
2. Выцягнуць уперад, працягнуць — пра ўсіх, многіх. Многія мужчыны павыцягвалі шыі, баючыся што-небудзь прапусціць. Броўка.
3. перан. Разм. Выбавіць, дапамагчы выйсці з цяжкага становішча ўсім, многім. Павыцягваць людзей з бяды.
4. Разм. Выкрасці ўсё, многае. [Пранцісь:] Злодзей, злодзей! Вузлы з хаты праз акно павыцягваў. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пара́іць, ‑раю, ‑раіш, ‑раіць; зак., каго-што.
Даць параду, падказаць, як дзейнічаць; парадзіць. Людзі чакалі парад, а параіць Шалюта нічога не мог, бо сам не меў нічога за душою. Дуброўскі. [Міколка] перайшоў вуліцу, зайшоў на двор дзеда Нупрэя. То ж стары чалавек, яму год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. — Бацька благога табе не параіць. Савіцкі. // Даўшы добры водзыў, прапанаваць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якасці каго‑, чаго‑н. Сяргей пачаў прыкідваць, каго можна было б параіць на яго цяперашнюю пасаду. Шахавец. Зубру патрэбен быў памочнік дзелавіты. І вось на гэты пост яму параілі Каня. Корбан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. каго-што. Моцна сціснуць, здушыць. Пераціснуць аорту пальцамі. □ Адзін [крот] залез галавой у пастку, спружына пераціснула яму шыю. Жычка. / у безас. ужыв. Слова «спазніўся» Барашкін не мог вымавіць і змоўк — пераціснула горла. Савіцкі. // Вельмі туга перавязаць, абвязаць, сцягнуць чым‑н. Якаву ўдалося першаму падпаўзці да.. [Паўла Іванавіча], жгутом са сваёй кашулі пераціснуць нагу вышэй раны. Кулакоўскі. Раман склаў усё ў вузел і пераціснуў яго папругай. Чарнышэвіч.
2. каго-што. Ціскам раздзяліць на часткі, расплюшчыць у якім‑н. месцы. Пераціснуць змяю колам.
3. што. Спец. Зрабіць паўторны адбітак чаго‑н. на чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагуча́ць, ‑чыць; зак.
1. Утварыць гук, гукі. Два стрэлы прагучалі амаль адначасова. Марціновіч. // Раздацца, пачуцца. — Што вы робіце? Апомніцеся! — прагучаў чыйсьці моцны, абураны голас. Пестрак.
2. перан. Праявіцца, выявіцца (пра пачуццё, настрой). Марку здалося, што ў голасе Блінкова прагучалі ноткі дабрадушнасці. Васілеўская. Гукан не спытаў, а як бы канстатаваў факт, з іроніяй у голасе, у якой бадай-што прагучала пагроза. Шамякін. // Выклікаць уражанне, успрыняцца. Хоць і злажыў, а верш не прагучаў. Лужанін.
3. перан. Стаць шырока вядомым. [Віктар:] — Відаць, прагучыць твая гісторыя. Непрыемна будзе заводу... Савіцкі.
4. Гучаць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прапіса́ць, ‑пішу, ‑пішаш, ‑піша; зак.
1. каго. Афіцыйна зарэгістраваць факт пражывання каго‑н. дзе‑н. Прапісаць кватарантаў. □ Праўда, без даведкі ў горадзе не прапішуць, і на работу ўладкавацца цяжка, і на вучобу не паступіш. Савіцкі.
2. што і з інф. Выпісаць, назначыць (якое‑н. лякарства, лячэнне). Прапісаць лякарства. Прапісаць пасцельны рэжым хвораму.
3. што і без дап. Пісаць некаторы час. Прапісаць увесь дзень.
4. каго. Разм. Паведаміць у друку аб чыіх‑н. учынках, паводзінах і пад. [Праціеўскі:] Ну, а як ён цябе ў газету прапісаў?! Чорны.
•••
Прапісаць іжыцу каму — зрабіць строгае ўнушэнне, прачытаць натацыю, адлупцаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пстры́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Рэзкі адрывісты ўдар пры разгібанні ўказальнага або сярэдняга пальца, сагнутага вялікім пальцам. Рыгор злавіў.. [Алега] ў канцы калідора, заціснуў галаву пад пахай і пачаў адлічваць дзесяць пстрычак. Ваданосаў. [Міхась] спакойна выцягнуў з кішэні пачак папярос, закурыў і пстрычкаю адкінуў запалку ў куток. Савіцкі.
2. Разм. Пра малую, несур’ёзную жанчыну ці дзяўчыну. [Фрыдхен] возіць штодня вясковае малако ў малачарню, а па паўдні сёй-той бярэ іх коні, наймае. Сама яна тады, зразумела, не едзе. Фрыдхен ездзіла раз, ды баіцца адна, пстрычка гэтая. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабаці́нне, ‑я, н.
1. зб. Разм. Вяснушкі. — А, Хадзюля! Канаплянка! — прамовіў .. [Яўхім] весела, падсмейваючыся з яе твару, абсеянага, як канапляным насеннем, рабаціннем. Мележ. // Ямкі, шчарбіны на скуры пасля воспы. Грубаваты, пабіты рабаціннем твар [Рогача], асветлены натхненнем, цяпер прыгожы. Савіцкі. // Аб рабой афарбоўцы чаго‑н. На дне гнязда ляжала пяць блакітных яечак, абсыпаных рабаціннем. Капыловіч. [Петрык] шпарка камячыў у нецярплівых руках стужку [тэлеграмы], быццам злізваючы з яе рабацінне літар. Шынклер.
2. Рабізна на паверхні вады. Вада нібы ўскіпвала і яе чыстая, як люстра, паверхня пакрывалася частым-частым рабаціннем. Лынькоў. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяному люстэрку рабацінне. Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)