КІПЕ́ННЕ,

пераход вадкасці ў пару, які адбываецца з утварэннем у аб’ёме вадкасці бурбалак пары; адзін з фазавых пераходаў I роду. Пры К. бурбалкі павялічваюцца ў аб’ёме ў выніку выпарэння вадкасці ў поласць бурбалак, усплываюць на паверхню вадкасці, а насычаная пара, што ў іх знаходзіцца, пераходзіць у паравую фазу над паверхняй вадкасці. К. пачынаецца, калі ціск насычанай пары ў бурбалках дасягае значэння знешняга ціску, і можа адбывацца ва ўсім тэмпературным інтэрвале раўнавагі вадкасці і пары (паміж трайным пунктам і крытычным станам).

Для падтрымання К. да вадкасці неабходна падводзіць некаторую колькасць цеплаты, якая ідзе на параўтварэнне і на работу пары супраць знешняга ціску. Значэнне тэмпературы кіпення вадкасці залежыць ад яе хім. прыроды і знешняга ціску, з павелічэннем якога т-ра К. павялічваецца. К. можна выклікаць таксама памяншэннем знешняга ціску пры пастаяннай т-ры, што тлумачыцца з’явай кавітацыі. Залежнасць т-ры К. ад знешняга ціску ляжыць у аснове вызначэння бараметрычнага ціску. Выкарыстоўваецца ў розных тэхн. і тэхнал. працэсах (атрыманне вадзяной пары ў паравых катлах, выпарванне, рэктыфікацыя, кансерваванне, атрыманне нізкіх т-р і інш.).

А.​І.​Болсун.

т. 8, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ХІ,

караткавусыя двухкрылыя (Brachycera) атр. двухкрылых насякомых. 2 падатр.: караткавусыя прамашыўныя (Brachycera-Orthorrhapha) і караткавусыя круглашыўныя (Brachycera-Cyclorrhapha). Каля 70 сям., больш за 80 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі трапляецца большасць сям., у т. л.: авадні, дразафілы, жужалі, журчалкі, злакавыя мухі, крывасоскі, ктыры, мініруючыя мушкі, мухі мясныя, муха пакаёвая, мухі сапраўдныя, сляпні, таўкачы, тахіны, вялікагалоўкі, ільвінкі, кветачніцы, М. гнаявыя, М. каласавыя, М. шведскія, саркафагі, стракатакрылкі і інш. Некат. віды — шкоднікі раслін, паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў розных хвароб, яец гельмінтаў.

Даўж. 1—55 мм. Цела ўкрыта валаскамі і шчацінкамі. Галава рухомая, ротавыя органы накшталт хабатка. Вочы фасетачныя. Вусікі 3-членікавыя. Адна (пярэдняя) пара перапончатых крылаў, заднія ператвораны ў кароткія булавападобныя прыдаткі (жужальцы). Канечнасці з прысоскамі. Кормяцца: лічынкі — расліннымі і жывёльнымі тканкамі і рэшткамі, ёсць драпежнікі, некат. — паразіты; дарослыя — нектарам кветак, крывёю жывёл, гноем. Размнажаюцца яйцамі, у некат. жыванараджэнне лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія і безгаловыя, развіваюцца ў глебе, гнаі, тканках і рэштках раслін і жывёл. Кукалкі без кокана або ў псеўдакокане.

А.​В.​Дзерункоў.

т. 11, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАТЫГРАФІ́ЧНАЯ ШКАЛА́,

сукупнасць (эталон) стратыграфічных падраздзяленняў (стратонаў), якія адлюстроўваюць паслядоўнасць напластавання геалагічных слаёў у часе. Існуюць С.ш. агульная (міжнар.), рэгіянальныя і мясцовыя. Таксанамічным адзінкам С.ш. (эанатэма, эратэма, сістэма, аддзел, ярус, зона) адпавядаюць адзінкі геахраналагічнай шкалы (эон, эра, перыяд, эпоха, век, фаза; гл. Геахраналогія). Для антрапагенавай (чацвярцічнай) сістэмы прыняты больш дробныя адзінкі С.ш. (раздзел, звяно, ступень) і іх геахраналагічныя эквіваленты: фаза, пара, тэрмахрон, крыяхрон. Гл. таксама Стрататып, Стратыграфія.

Падраздзяленні С.ш. адлюстроўваюць агульныя заканамернасці (этапнасць) развіцця літа- і біясферы ва ўзаемадзеянні паміж сабой і з інш. абалонкамі планеты. Агульныя стратоны ўстанаўліваюцца метадамі: для фанеразою (эратэма — зона) — біястратыграфічным і інш.; для антрапагенавай сістэмы (раздзел—ступень) — біястратыграфічным з кліматастратыграфічным і геамарфалагічным; для дакембрыю — паводле даных геахраналогіі (тэктанічная цыклічнасць, працэсы метамарфізму). Падраздзяленні агульнай С.ш. звязаны з падраздзяленнямі рэгіянальных і мясц. С.ш. і служаць для міжрэгіянальнай, міжкантынент. і планетарнай карэляцыі геал. цел. Асновы С.ш. закладзены ў 1-й пал. 19 ст., калі пры вывучэнні разрэзаў Еўропы палеанталагічным метадам была вылучана большасць геал. сістэм. Міжнар. С.ш. зацвярджаецца на сесіях Міжнар. геал. кангрэса.

С.​А.​Кручак.

т. 15, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРГЕ́ЕЎ-ЦЭ́НСКІ (сапр. Сяргееў) Сяргей Мікалаевіч

(30.9.1875, с. Праабражэнскае Тамбоўскай вобл., Расія — 3.12.1958),

рускі пісьменнік. Акад. АН СССР (1943). Скончыў Глухаўскі настаўніцкі ін-т (1895). Працаваў настаўнікам, быў на вайск. службе. Друкаваўся з 1898. Першы зб. вершаў — «Думы і летуценні» (1901). Аповесці «Сад» (1905), «Бабаеў» (1907), «Журба палёў» (1909), «Рух» (1910) і інш. пра розныя пласты рас. грамадства. У творах з канца 1920-х г. асэнсаванне новай рэчаіснасці («Жывая вада», 1927; «Шчасліўка», 1932; «Шукаць, заўсёды шукаць!», 1935). Вяршыня яго творчасці — эпапея «Ператварэнне Расіі» (12 раманаў, 3 аповесці, эцюды; апубл. 1914—59) пра рас. грамадства на пач. 20 ст. Услаўленне гераізму рус. народа ў эпапеі «Гарачая пара ў Севастопалі» (1937—39, Дзярж. прэмія СССР 1941), зб. апавяд. «Сапраўдныя людзі» (1943). Аўтар зб. вершаў «Родная зямля...» (1958), зб-каў публіцыст. артыкулаў і ўспамінаў «Пра высокае майстэрства» (1956), «Слова да маладых» (апубл. 1965), «Радасць творчасці» (апубл. 1969), п’ес і інш. На бел. мову апавяданне «Аракуш» пераклаў В.​Рабкевіч.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—12. М., 1967.

Літ.:

Плукш П.И. С.​Н.​Сергеев-Ценский — писатель, человек. М., 1975.

А.​Р.​Жакаў.

т. 15, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНО́ЛЫ,

арганічныя злучэнні араматычнага раду, у малекулах якіх гідраксільныя групы звязаны з атамамі вугляроду араматычнага кальца. Паводле колькасці гідраксільных груп вылучаюць адна- (напр., фенол, нафтол, крэзол), двух- (гідрахінон, піракатэхін, рэзарцын) і шмататамныя Ф. (пірагалол, флораглюцын). Паводле колькасці араматычных ядзер адрозніваюць уласна Ф., нафтолы (2 кандэнсаваныя ядры), антролы (3 ядры), фенантролы (4), бензатэтролы (5) і інш.

Бясколерныя ці афарбаваныя крышталі або вадкасці, большасць мае моцны характэрны пах. Добра раствараюцца ў этаноле, дыэтылавым эфіры, ацэтоне, абмежавана — у бензоле, вадзе. Маюць слабакіслотныя ўласцівасці: у растворах шчолачаў утвараюць солепадобныя злучэнні (феналяты), якія ацыліруюцца з утварэннем складаных эфіраў і алкіліруюцца з утварэннем простых эфіраў. Атамы вадароду ядра Ф. лёгка замяшчаюцца ў рэакцыях галагеніравання, нітравання, сульфіравання і інш., што звязана з наяўнасцю гідраксільнай групы (моцнага орта-пара-арыентанта). Для Ф. характэрны таксама рэакцыі кандэнсацыі. Атрымліваюць Ф. акісленнем араматычных вуглевадародаў і цыклаалканаў, гідролізам арылгалагенідаў, шчолачным плаўленнем араматычных сульфакіслот і інш., вылучаюць з каменнавугальнай смалы, расл., сыравіны. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фенола-альдэгідных смол, паверхнева-актыўных рэчываў, фарбавальнікаў, лекаў, антыаксідантаў і інш. Таксічныя.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 16, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАПЕ́ГА Уладзімір Пятровіч (н. 18.6.1939, в. Сялец Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. перакладчык. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1961), Данецкае вышэйшае ваен.-паліт. вучылішча інж. войск і войск сувязі (1973). У 1962—88 у Сав. Арміі. Жыве ў Германіі. Друкуецца з 1971. На ням. мову пераклаў раман «Людзі на балоце» І.​Мележа (1974, з Г.​Чапегай, Г.​Бярозкам), аповесці «Абеліск» (1975) і «Здрада» (1978) В.​Быкава, «Раданіца» А.​Кудраўца (1983, усе з Чапегай, Н.​Рандавым), кн. «Зямля пад белымі крыламі» У.​Караткевіча (1983), «Танец з вужакамі» А.​Разанава (2002, з Э.​Эрб), асобныя творы Я.​Коласа, Цёткі, М.​Гарэцкага, Я.​Брыля, К.​Крапівы, П.​Галавача, М.​Зарэцкага, Я.​Скрыгана, В.​Каваля, Л.​Калюгі, Я.​Нёманскага, Н.​Артымовіч, кнігі для дзяцей В.​Віткі, А.​Якімовіча, «Беларускія народныя казкі» (1986, усе з Чапегай). На бел. мову з ням. пераклаў раманы «Пара ў дарогу, буслы» Г.​Ота (1982, з Я.​Семяжонам), «Апасіяната» А.​Аменды (1983), «Ісусавы вучні» Л.​Франка (1989, абодва з Чапегай), «Пякучая таямніца» С.​Цвэйга (1994) і інш.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 17, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ СІЛАВА́Я ЎСТАНО́ЎКА,

энергетычны комплекс, які складаецца з ядзернага рэактара (цеплааддатчыка) з абсталяваннем і пераўтваральнікаў цеплавой энергіі ў механічную або электрычную. Цеплавая энергія ад рэактара да рабочага цела перадаецца праз рэчыва прамежкавага контуру, якое па фізіка-хім. уласцівасцях можа адрознівацца ад рабочага цела.

У залежнасці ад колькасці прамежкавых контураў адрозніваюць адна-, двух- і трохконтурныя Я.с.ў. У аднаконтурных рабочым целам служыць першасны цепланосьбіт. У залежнасці ад віду рабочага цела Я.с.ў. бываюць парасілавыя (рабочае цела — вада, пара; пераўтваральнік цеплавой энергіі ў мех. — паравая турбіна) або газатурбінныя (рабочае цела — гелій, азот, паветра; пераўтваральнік — газавая турбіна). Выкарыстоўваюцца Я.с.ў. на атамных электрастанцыях, дзе мех. энергія пераўтвараецца ў электрычную, у суднавых устаноўках (атамных ледаколаў, караблёў ваенных, падводных лодак) — пераважна для вярчэння грабных вінтоў. Ккдз лепшых Я.с.у. дасягае 0,4.

В.​Ц.​Казазян.

Схема ядзернай сілавой устаноўкі з дынамічным паратурбінным пераўтваральнікам: 1 — рэактар; 2 — контур з вадкаметалічным цепланосьбітам; 3 — парагенератар вадкага металу; 4 — контур з паратурбінным пераўтваральнікам; 5 — турбіна; 6 — электрамашынны генератар; 7 — цеплаабменнік-кандэнсатар; 8 — контур адводу цеплаты; 9 — халадзільнік-выпраменьвальнік; 10 — помпа для перапампоўкі цепланосьбіта.

т. 18, кн. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бо́жы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да бога. Божая воля. // Уст. Створаны богам, прыналежны богу. Конскія рэбры пачалі хадзіць пад скураю, пара павярнула з шыі гэтага божага стварэння. Чорны.

•••

Божая авечка гл. авечка.

Божая іскра гл. іскра.

Божы дар гл. дар.

Кожны божы дзень гл. дзень.

Свету божага (белага) не бачыць гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калары́фер

(фр. calorifère, ад лац. calor = цеплыня + ferre = несці)

прыбор у выглядзе сістэмы труб, па якіх праводзіцца гарачая вада, пара для абагравання памяшканняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дыкарыён

(ад ды- + гр. karyon = ядро)

пара збліжаных гаплоідных (гл. гаплоід) ядзер у адной клетцы, якая ўтвараецца пры палавым працэсе аскаміцэтаў і базідыяміцэтаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)