МАРСЕ́ЛЬ (Marseille),

горад на ПдУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Буш-дзю-Рон. Каля 1,4 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Буйнейшы порт Францыі на Міжземным м. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл. цэнтр. Прам-сць: нафтаперапр., нафтахім., судна- і авіябудаванне. Пачатковы пункт транс’еўрапейскага нафтаправода на Страсбур і Карлсруэ (Германія). Метрапалітэн. 3 ун-ты. Музеі археалогіі, прыгожых мастацтваў і інш. Марскі акварыум. Турызм. Руіны стараж.-рым. збудаванняў, арх. помнікі 11—19 ст. На востраве каля М. замак Іф (16 ст.).

Засн. ў 6 ст. да н.э. як грэч. калонія Масалія; гандл. і культ. цэнтр, порт, сапернічаў з Карфагенам (марская бітва ў 6 ст. да н.э.). У 49 да н.э. заваяваны рымлянамі, у 476 — вестготамі, у 539 — франкамі, у 735 зруйнаваны арабамі. З 879 у каралеўстве Арэлат, з 11 ст. ў графстве Праванс. У час крыжовых паходаў адзін з найбуйнейшых гандл. цэнтраў Міжземнамор’я. З 1214 незалежны горад. У 1481 разам з Правансам перайшоў пад уладу франц. каралёў. З канца 17 ст. цэнтр керамічнай прам-сці. Падарваная ў пач. 19 ст. кантынентальнай блакадай эканоміка М. пачала хутка развівацца ў 2-й пал. 19 ст. пасля адкрыцця Суэцкага канала (1869) і франц. экспансіі ў Паўн. Афрыку. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны італа-ням. войскамі (1942—44), адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.

т. 10, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ХРЫД (Ohrid),

горад на ПдЗ Македоніі, горнакліматычны курорт і турыстычны цэнтр на Ахрыдскім воз. Каля 50 тыс. ж. (1999). Чыг. ст. Міжнар. аэрапорт. Харч. прам-сць. Гіст., маст. музеі. Рэшткі 6 ранневізант. базілік, замак цара Самуіла (11 ст.), царква св. Сафіі (9 — пач. 14 ст.) з фрэскамі 11, 12, 14 ст., інш. арх. помнікі 9—17 ст. Раён г. О. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Вядомы з 3 ст. да н.э. пад назвай Ліхнід. У 148 да н.э. заваяваны рымлянамі, адзін з гал. гарадоў на гандл шляху з узбярэжжа Адрыятычнага м. ў г. Канстанцінопаль. З канца 3 ст. н.э. цэнтр епіскапства. У 6 ст. заселены славянамі. У 861 пад сучаснай назвай увайшоў у склад Балгарыі, цэнтр слав. пісьменства. У 971—1018 сталіца Зах.-Балгарскага царства і рэзідэнцыя балг. патрыярха. З 1018 у складзе Візантыі, у 1018—1762 цэнтр Ахрыдскай, ці Балгарскай, аўтакефальнай архіепіскапіі. Пры Іване Асене II [1218—41] уключаны ў склад незалежнага Балгарскага царства. У 1334 заваяваны серб. царом Стэфанам Душанам, у 1394 — туркамі, заняпаў. Пасля 1-й Балканскай вайны адышоў да Сербіі (1913), з 1918 у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 каралеўства Югаславія). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (з 1945), з 1991 у незалежнай Македоніі.

т. 11, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМЕНТА́ЦЫЯ (ад лац. alimentum харчаванне, утрыманне),

у Стараж. Рыме сістэма дзярж. дапамогі дзецям беднякоў і сіротам. Уведзена імператарам Нервам у канцы 1 ст., існавала да сярэдзіны 3 ст. н.э. Аліментацыйны фонд складваўся з працэнтаў, атрыманых ад землеўладальнікаў за выдачу ім дзярж. пазык.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́РЫК,

старажытнаперсідская залатая манета; першая залатая манета старажытнасці. Стала вырабляцца пры Дарыі I (каля 516 да н.э.; назва ад імя Дарыя). Маса — 8,4 г золата. Д. быў асновай манетнай сістэмы. Чаканіўся на царскім манетным двары ў Персепалі (да заваёвы Персіі Аляксандрам Македонскім).

т. 6, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁТЫНГ (Hötting),

археалагічная культура познабронзавага веку (10—7 ст. да н.э.) на тэр. Паўн. Ціроля і Верхняй Аўстрыі; адна з палёў пахавальных урнаў культур. Носьбіты культуры кантралявалі значныя радовішчы медзі ў Мітэбергу і, магчыма, былі асн. пастаўшчыкамі металу ва ўсх.-альпійскім рэгіёне.

т. 5, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГО́РТА [лац. cohors (cohortis)],

тактычнае падраздзяленне (360—600 чал.) у арміі Стараж. Рыма. Уведзена ў 107 да н.э. Складалася з 3 маніпул. 10 К. аб’ядноўваліся ў легіён. Існавалі К. колькасцю да 1000 чал., якія дзейнічалі самастойна. У пераносным сэнсе — згуртаваная група аднадумцаў.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕ́РВА,

у старажытнарымскай міфалогіі багіня, апякунка рамёстваў і мастацтваў. Разам з Юпітэрам і Юнонай складала Капіталійскую трыяду. З канца 3 ст. да н.э. М., атаясамленая з грэч. Афінай, шанавалася таксама як багіня дзярж. мудрасці і вайны, апякунка пісьменнікаў, акцёраў, музыкантаў, урачоў і настаўнікаў.

т. 10, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНІ́ЙЦЫ (лац. Puni, Poeni, Phoenices),

назва, якую далі стараж. рымляне фінікійцам. Яны перасяляліся ў Паўн. Афрыку і заснавалі там у 12—7 ст. да н.э. калоніі Утыка, Карфаген, Лептыс-Магна і інш. Мова П. — дыялект фінікійскай. Ад П. паходзіць назва Пунічных войнаў.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЦКАЕ ПІСЬМО́, крыта-мікенскае пісьмо,

сістэма пісьменства эпохі бронзы, выяўленая на в-ве Крыт і ў мацерыковай Грэцыі; адно з сведчанняў крыта-мікенскай культуры, якая папярэднічала класічнай культуры Грэцыі. Вылучаюць 2 ступені яго развіцця: малюнкавае (іерагліфічнае) і лінейнае пісьмо.

Малюнкавае (2100—1900 да н.э.; каля 150 ідэаграм — выяў чалавека, жывёл, раслін, прадметаў) 2 тыпаў: ранняе (на пячатках) і больш позняе (1900—1700 да н.э., на пячатках і гліняных таблічках). Кірунак пісьма злева направа, справа налева і бустрафедон (1-ы радок — справа налева, 2-і — злева направа і г.д.). Выкарыстоўвалася для гасп запісаў. Падобнае да егіпецкага пісьма. Лінейнае пісьмо падзяляюць на лінейнае пісьмо А і лінейнае пісьмо Б. Лінейнае пісьмо А (1700—1550 да н.э.; 77—100 знакаў) зафіксавана на пячатках, прыладах. гліняных таблічках. Мяркуецца, што яно насіла складовы характар, мова, якая выкарыстоўвала яго, умоўна можа быць аднесена да міжземнаморскіх моў. На яго аснове склалася лінейнае пісьмо Б (каля 1450—1200 да н.э.), засведчанае на некалькіх тысячах гліняных таблічак рознага прызначэння, для яго ўстаноўлена 88 складовых знакаў і шэраг лагаграм (слоўных знакаў). Яно дэшыфравана М.​Вентрысам і Дж.​Чэдвікам і даказана яго выкарыстанне для архаічнай грэч. мовы. У лінейнае пісьмо абодвух тыпаў уваходзяць складовыя знакі для абазначэння паслядоўнасці «галосны + зычны» і лагаграмы. Характэрна адсутнасць адрозненняў пры перадачы доўгіх і кароткіх, звонкіх і глухіх, падвоеных зычных, плаўных г, 1; у канцы склада не абазначаюцца l, m, n, r, s. Адзін з варыянтаў К.п. — недэшыфраванае кіпра-мінойскае пісьмо, папярэднік кіпрскага пісьма.

Літ.:

Лурье С.Я. Язык и культура микенской Греции. М.; Л., 1957;

Чэдуик Дж. Дешифровка линейного письма Б: Пер. с англ. // Тайны древних письмен: Сб. ст. М., 1976;

Молчанов А.А., Нерознак В.П., Шарыпкин С.Я. Памятники древнейшей греческой письменности. М., 1988.

Знакі крыцкага пісьма.

т. 8, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАСІ́Я (Nikosia),

Леўкасія, горад, сталіца Рэспублікі Кіпр. Знаходзіцца ў цэнтр. ч. в-ва Кіпр. Больш за 200 тыс. ж. (1998). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., тытунёвая, харч., гарбарна-абутковая. дрэва- і металаапрацоўчая. Ганчарнае рамяство. Цэнтр турызму.

Засн. ў 7 ст. да н.э. (наз. Ледра, Леўкатэон, з 13 ст. н.э. Н.). У 58 да н.э. заваявана рымлянамі; уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым Візантыі. З 4 ст. н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 1191 заваявана англ. каралём Рычардам 1 Львінае Сэрца (3-і крыжовы паход). У 1192—1485 сталіца Кіпрскага каралеўства крыжаносцаў. З 1485 належала Венецыі, у 1571 заваявана Асманскай імперыяй. У час Грэчаскай нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29 туркі арганізавалі ў Н. разню хрысціянскага насельніцтва. З 1878 сталіца брыт. калоніі Кіпр. З 1960 сталіца незалежнай Рэспублікі Кіпр. З 1974 (тур. ўварванне на Кіпр) застаецца пад міжнар. кантролем міратворчых сіл ААН, якія ахоўваюць мяжу паміж Кіпрскай рэспублікай і Тур. Рэспублікай Паўн. Кіпра. Н. — цэнтр архіепіскапства кіпрскай аўтакефальнай правасл. царквы.

Стары горад, абкружаны венецыянскай крапасной сцяной (1567, арх. Ф.​Барбара, паводле чарцяжоў Дж.​Саварньяна), захаваў планіроўку 16 ст.: скучаная забудова, вузкія вуліцы з малапавярховымі будынкамі. З 250 сярэдневяковых пабудоў найб. значныя: гатычныя сабор св. Сафіі (цяпер мячэць Селіміе; з 1209, усх. частка — 1217—51. зах. 1319—26), касцёлы Маці Божай (1300) і аўгусцінцаў (цяпер мячэць Амерые; каля 1330), ансамбль рынку Бедэстан (перабудаваны ў 16 ст.); «Вароты Фамагусты» (16 ст.), сабор св. Іаана (перабудаваны ў 1665, цыкл размалёвак, каля 1730). Па-за межамі Старога горада — новыя сучасныя кварталы. Вылучаецца архіепіскапскі палац (1956—59, арх. Н.​Русас).Музеі: Кіпра, нар. мастацтва, абразоў, лапідарый (фрагменты сярэдневяковых пабудоў).

Літ.:

Коровина А.К., Сидорова Н.А. Города Кипра. М., 1973.

Да арт. Нікасія. Кафедральны сабор святой Сафіі (цяпер мячэць Селіміе). 1209—1326.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)