горад на Пн Індыі, на р. Ганг, паміж яго прытокамі Варан і Асі (адсюль назва), у штаце Утар-Прадэш. Узнік каля 7 ст. да н.э. 932,4 тыс.ж. (1991). Важны трансп. вузел (чыгункі, аўтадарогі, водныя шляхі). Баваўняная, шаўкаткацкая, шкляная, харч., хім.прам-сць. 3-д цеплавозаў. Саматужная вытв-сцьмаст. вырабаў (парча, дываны, ювелірныя вырабы і інш.). Цэнтр кнігадрукавання на мове хіндзі. 2 ун-ты. Найбуйнейшая б-ка кніг на мове хіндзі. Гіст., культ. і рэліг. цэнтр краіны. Месца паломніцтва (каля 1 млн.чал. штогод) індусаў і будыстаў. Шматлікія палацы і індуісцкія храмы (пераважна 16—18 ст.). «Залаты храм Шывы» (каля 1750), комплекс палацаў 16—19 ст., іншыя арх. помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЫ́НІЧЫ,
вёска ў Полацкім раёне Віцебскай вобл., паміж азёрамі Бабынічы, Бабына і Нясета. Цэнтр сельсавета і калектыўнага с.-г. прадпрыемства. За 45 км на ПдЗ ад Полацка, 150 км ад Віцебска, 17 км ад чыг. ст. Загацце. 271 ж., 98 двароў (1995). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. Належалі Корсакам. У 17—18 ст. прыватнаўласніцкае мястэчка. На пач. 20 ст.комплекс паселішчаў у Бабынічах складаўся з мястэчка (70 дамоў, 326 ж.), фальварка Бабынічы-Вовель, маёнткаў Бабынічы-Юраўшчына і Вуглы-Бабынічы. З 1922 у Полацкім пав. У 1924—31, 1935—60 Бабынічы — цэнтр сельсавета Ветрынскага, з 1960 — Полацкага р-наў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТО́П (ад бія... + грэч. topos месца),
участак зямной паверхні (сушы або вадаёма) з аднатыпнымі абіятычнымі ўмовамі асяроддзя (рэльеф, глебы, клімат і інш.), які займае вызначаны біяцэноз; неарган. кампанент біягеацэнозу. Характэрны для дадзенага біятопа комплекс умоў вызначае відавы склад арганізмаў, асаблівасці іх існавання, трапляе пад уплыў біяцэнозу і мяняецца ад яго ўздзеяння.
Для фізіка-геагр. умоў Беларусі характэрны біятопы: балоты (нізінныя, пераходныя, вярховыя), лясы (хваёвыя, яловыя, альховыя, бярозавыя і інш.), лугі (заліўныя, сухадольныя), палі, прэсныя воды (рэкі, азёры, вадасховішчы). Пераўтваральная дзейнасць чалавека на біятоп можа прывесці да непажаданых змен у біягеацэнозах ці поўнага іх разбурэння, што адмоўна ўплывае на склад і размеркаванне фауны і флоры. Падобныя біятопы аб’ядноўваюць у біяхоры, сукупнасці якіх складаюць біяцыклы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАВАКЗА́Л (ад аўта... + вакзал),
комплекс збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў міжгародніх і прыгарадных аўтобусных ліній. Размяшчаюць аўтавакзалы ў гарадах з развітой сеткай міжгародніх аўтобусных маршрутаў (на Беларусі найбуйнейшыя ў Мінску і абл. цэнтрах).
У залежнасці ад прапускной здольнасці і ўмяшчальнасці тыпавыя аўтавакзалы будуюць на 100, 200, 300 і 500 пасажыраў (большыя — па індывід. праектах). У склад аўтавакзала, акрамя асн. будынка з памяшканнямі службовымі і для абслугі, уваходзяць трансп. тэрыторыя з перонам пасадкі і высадкі пасажыраў, пляцоўкі для стаянкі аўтобусаў і інш. Буйныя аўтавакзалы аснашчаюць апаратурай для кіравання рухам аўтобусаў і інфармацыі пасажыраў. Часта аўтавакзалы аб’ядноўваюць з вакзаламі інш. відаў транспарту (чыгуначным, паветраным, рачным), пры іх узводзяцца атэлі, канцэнтруюцца гандлёвыя і інш. ўстановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКА-БЯ́ЛА (Bielska-Biała),
горад на Пд Польшчы, на р. Бяла. Адм. ц.Бельскага ваяводства. 185 тыс.ж. (1992). Трансп. вузел. Важны цэнтр тэкст. (шарсцяной, ільняной), аўтамабілебуд. (малалітражныя аўтамабілі «Фіят»), самалётабуд. (планеры), электратэхн. прам-сці. Тэкст. машынабудаванне. Харч., швейныя, папераробныя прадпрыемствы. Студыя мультыплікацыйных фільмаў. Турызм. 2 т-ры, 2 музеі. Помнікі архітэктуры: замак 15—18 ст., касцёлы і комплекс жылых мураваных дамоў 17—18 ст.
Утвораны ў 1951 пасля зліцця гарадоў Бельска і Бяла. Бельска мела гар. правы з канца 13 ст. З 1327 пад уладай Чэхіі. З 15 ст. развіваецца суконная вытв-сць. З 1920 у складзе Польшчы. Бяла атрымала гар. правы ў 1723. З 1772 у складзе Аўстрыі. З 1918 у межах Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРУЛЯ́ЦЫЯ,
стадыя зародкавага развіцця жывёльных арганізмаў, калі адбываецца пераўтварэнне аднаслойнай бластулы ў мнагаслойную гаструлу. Настае пасля заключнай фазы драбнення аплодненага яйца (бластуляцыі) і папярэднічае інтэнсіўнаму зародкаваму арганагенезу. У працэсе гаструляцыі дэтэрмінацыя і дыферэнцыроўка бластамераў прыводзяць да ўтварэння двух-, а потым трохслойнай сценкі зародка. Залежна ад тыпу яйцаклеткі, спосабу драбнення і віду бластулы гаструляцыя адбываецца шляхам інвагінацыі (выгінанне вегетатыўнага полюса бластулы ўнутр), эпібаліі (нарастанне анімальнай часткі бластулы на вегетатыўную), іміграцыі (высяленне клетак бластадэрмы ў поласць бластулы), дэламінацыі (расшчапленне бластадэрмы на 2 слоі). Трэці зародкавы лісток (мезадэрма) утвараецца з бакавых губ першаснай ротавай адтуліны ці іх аналагаў. У большасці жывёл працэс гаструляцыі камбінаваны; у хордавых у выніку яго фарміруецца восевы комплекс зачаткаў хорды, нерв. і кішачнай трубак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЧЫНСКІ ПАЛА́Ц.
Пабудаваны ў 1786 у в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. ў стылі класіцызму (арх. Я.С.Бекер і Л.С.Гуцэвіч) як ваенная навуч. ўстанова («Акадэмія»). Фундатар — канцлер ВКЛ А.Сапега. У пач. 19 ст. яго сын Францішак перарабіў будынак у палац і абкружыў яго паркам. У пач. 20 ст. перароблены ў вайск. казармы (да 1906).
Палац — аднапавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак. Цэнтр.ч. з мансардай на гал. фасадзе была вылучана 8-калонным дарычным порцікам. Сярод памяшканняў вызначаліся карцінная галерэя, археал. кабінет і б-ка. Палац размяшчаўся ў парку рэгулярна-тэраснага тыпу («Малы Версаль») з сістэмай ставоў. Палацава-паркавы комплекс знішчаны ў 1920—30-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ УРА́ДА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.
Пабудаваны ў 1930—34 (арх. І.Лангбард) у Мінску. Самае буйное ў Беларусі збудаванне грамадзянскай архітэктуры даваен. часу (аб’ём будынка 240 тыс.м³). Яго стварэнне было пачаткам рэканструкцыі сталіцы.
Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя пабудавана на сіметрычных рознавышынных аб’ёмах, што надае сілуэту будынка дынамічнасць. 9-павярховая цэнтр.ч. адсунута ў глыбіню і фланкіравана бакавымі крыламі, якія ўтвараюць плошчу 100 × 50 м. Увесь складаны комплекс атрымаў зручную функцыян. арганізацыю ўнутр. прасторы, падпарадкаваную строгай канструкцыйнай сістэме. Інтэр’ер аформлены размалёўкамі і шматфігурнымі рэльефамі. Дом урада — адзін з першых і найб. значных прыкладаў сінтэзу архітэктуры і манум. мастацтва.
Літ.:
Воинов А.А., Самбук С.Ф. Дом правительства Белорусской ССР. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛАГІ́ЧНАЯ ЗДЫ́МКА,
комплексгеал. даследаванняў на пэўнай тэр. з мэтай складання геалагічных картаў і выяўлення перспектыў на карысныя выкапні. У якасці асновы пры геалагічнай здымцы выкарыстоўваюць тапаграфічныя карты. Вылучаюць віды геалагічнай здымкі: на асобных лістах, групавую (на некалькіх лістах адначасова), для давывучэння знятых лістоў, аэрафота- і космааэрафотагеал., глыбінную і інш.
Падзяляецца на дробнамаштабную (для стварэння аглядальных геал. картаў), сярэднемаштабную (для прагнозных картаў) і буйнамаштабную (для пошукавых картаў). Уключае падрыхтоўчы, палявы і камеральны этапы. На ўсіх этапах праводзіцца дэшыфраванне аэрафота- і космаматэрыялаў. Завяршаецца геалагічная здымка стварэннем геал. карты, справаздачы або тлумачальнай запіскі.
На ўсёй тэр. Беларусі зроблена сярэднемаштабная геал. здымка (1:200 000), на асобных лістах — буйнамаштабная (1:50 000). Геолагаздымачныя работы вядзе Беларуская гідрагеалагічная экспедыцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМЖУ́РАЎ (Міхаіл Леанідавіч) (н. 21.11.1956, Мінск),
бел. вучоны ў галіне ядз. тэхнікі і тэхналогіі. Д-ртэхн.н. (1995). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз.ін-т (1980). З 1980 у Ін-це радыеэкалагічных праблем Нац.АН Беларусі. Навук. працы па дыягностыцы і радыяцыйна-тэхнал. кантролі стану рэактарных установак, тэхналогіі работ з адходамі дэзактывацыі. Распрацаваў комплекс метадаў для радыяцыйна-тэхнал. кантролю і сістэм ранняга прагназавання аварыйных сітуацый у ядз. тэхніцы.
Тв.:
Разработка методов КГО ТВС с матричным топливом и их применение при перегрузке энергетического ядерного реактора (разам з В.А.Лявадным, В.В.Бурносам) // Атомная энергия 1992. Т. 72, вып. 3;
Дезактивационные работы // Последствия Чернобыльской катастрофы в Республике Беларусь. Мн., 1996.