ЛЫНЬКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Ціханавіч; 30.11.1899, в. Зазыбы Віцебскага р-на — 21.9.1975),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1962). Акад.АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1936). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У грамадз. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім р-нах (1917—19 і 1922—25). У 1919—22 у Чырв. Арміі. З 1925 працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай акр.газ. «Камуніст». З 1930 у Дзярж. выд-ве «Беларусь», у 1933—41 гал. рэдактар час. «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (1938—48). Рэдактар газ. «Беларуская звязда» (1939), «За Савецкую Беларусь» (1941—42). У 1943-46 і 1949—52 дырэктар Ін-та л-ры, мовы і мастацтва АН Беларусі. Друкаваўся з 1919. Асабліва моцны ўплыў зрабілі на Л. рамант. стылёва-выяўл. традыцыі рус. л-ры. У апавяданнях 1920—30-х г. (зб-кі «Апавяданні», 1927; «Гой», 1929, «Андрэй Лятун», 1930, «Саўка-агіцірнік», 1933, «На вялікай хвалі», 1934, і інш.) пераважна на аснове асабістага жыццёвага вопыту пісаў пра рэвалюцыю і грамадз. вайну, паказваў барацьбу за новы грамадскі лад («Над Бугам», «Крот», «Манчжур», «Кватармайстар Бадай», «Сінія галіфэ» і інш.), як змяняліся міжнац. адносіны («Гой»), усталёўваўся новы побыт («У мястэчку»), Паэтызаваў працу простых людзей, асэнсоўваў яе як крыніцу сапраўднай духоўнасці («Андрэй Лятун»). Шмат увагі аддаваў паказу гарадскога і местачковага жыцця, рабочага асяроддзя («Гома», «Чыгунныя песні», «Журавель мой, журавель» і інш.). Рэалістычны паказ старой бел. вёскі складае асн. змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах» (1934). У аповесцях для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935) і «Міколка-паравоз» (1936, кінафільм 1957) створана дынамічная і займальная падзейная плынь, у якой яркая і маляўнічая апавядальнасць атрымала лірыка-гумарыстычную афарбоўку. Жыццё працоўных Зах. Беларусі паказаў у зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Гераізм і самаахвярная мужнасць народа ў барацьбе з фашызмам у перыяд Вял.Айч. вайны паказаны ў напоўненых драматызмам і трагедыйнасцю апавяданнях са зб. «Астап» (1944). У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фаш. акупацыяй дзяцінства («Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Яркія эпізоды партыз. вайны на Беларусі супраць ням.-фаш. акупантаў атрымалі эмацыянальна-ўсхваляванае адлюстраванне ў рамане «Векапомныя дні» (кн. 1—4, 1-е поўнае выд. 1958; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968). На матэрыяле замежных паездак напісаў кн. замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962). Публіцыстычнае майстэрства Л. найб. выявілася ў артыкулах і сатыр. замалёўках перыяду Вял.Айч. вайны («Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў...», «Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...» і інш.), у нарысах «Шляхамі вайны» (1945), «Пад сонцам Індыі» (1957). У літ.-знаўчых і крытычных работах абараняў праўдзівасць, даследчы пафас л-ры, змагаўся супраць спрошчанага, вульгарызатарскага яе разумення. Пісаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, К.Чорнага, І.Мележа, Я.Брыля, І.Шамякіна і інш.бел. пісьменнікаў, Т.Шаўчэнку, рус. і зарубежных класікаў (А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, М.Горкага, Р.Тагора), дзеячаў сусв. культуры (Я.Каменскага і інш.). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага і М.Ціханава. Помнікі Л. ў в. Крынкі Лёзненскага р-на і на магіле ў Мінску (на Усходніх могілках); музеі ў Крынкаўскай і Бронніцкай (Буда-Кашалёўскі р-н) школах.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1981—85;
Летапіс эпохі. Мн., 1968;
Літаратура і жыццё. Мн., 1978;
Публіцыстыка. Мн., 1980;
Насустрач жыццю: Апавяданні. Мн., 1988;
Міколка-паравоз: Аповесці і апавяданні. Мн., 1989.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шчодрае сэрца пісьменніка. Мн., 1963;
Яго ж. Чалавечнасць. Мн., 1985;
Куляшоў Ф.І. Міхась Лынькоў. Мн., 1979;
Яго ж. Міхась Лынькоў: Семінарый. Мн., 1963;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;
Пашкевіч Н.Е. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965;
Святло яго душы. Мн., 1979;
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я — першая палавіна 60-х гг.Мн., 1985;
Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1941—42,
адна з вырашальных вайск. аперацый у Вял.Айч. вайну. Складалася з 2 перыядаў: наступленне ням.-фаш. войск на Маскву і абарончыя баі Чырв. Арміі (30.9—4.12.1941), контрнаступленні (5.12.1941—20.4.1942) сав. войск і іх дзеянні па разгроме герм. групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршалы ф. фон Бок, з 19 снеж. Г. фон Клюге). З сав. боку ўдзельнічалі войскі франтоў: Зах. (каманд.ген.-палк. І.С.Конеў, з 10 кастр.ген. арміі Г.К.Жукаў), Рэзервовага (Маршал Сав. Саюза С.М.Будзённы), Бранскага (ген.-палк. А.А.Яроменка, з кастр.ген.-м. Г.Ф.Захараў, з 18 снеж.ген.-палк. Я.Ц.Чаравічэнка), Калінінскага (ген.-палк. І.С.Конеў) правага крыла Паўд.-Зах. (Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка, са снеж.ген.-лейт. Ф.Я.Кастэнка) і Паўн.-Зах. (ген.-лейт. П.А.Курачкін). Восенню 1941 для наступлення на Маскву (аперацыя «Тайфун») герм. камандаванне сканцэнтравала 77 дыв., у т. л. 14 танк. і 8 матарызаваных; ням. сілы па колькасці войск, тэхнікі і ўзбраення мелі значную перавагу над абаронцамі Масквы. 30 вер.ням. войскі атакавалі левае крыло Бранскага, 2 кастр. — Рэзервовага і Зах. франтоў, прарвалі абарону сав. войск на шэрагу ўчасткаў, захапілі гарады Калінін, Малаяраславец, Мажайск, Валакаламск. Паводле рашэння Дзярж.к-та абароны гал. мяжой супраціўлення вызначана Мажайская лінія, куды выстаўляліся рэзервы Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання (ВГК) і злучэнні, перакінутыя з іншых франтоў. Другая лінія абароны праходзіла непасрэдна на подступах да Масквы. Горад разам з войскамі абаранялі нар. апалчэнцы (16 дывізій). У Маскве і прылеглых да яе раёнах быў уведзены стан аблогі. Для лепшага кіравання войскамі ВГК 10 кастр. аб’яднала войскі Зах. і Рэзервовага франтоў у Зах. фронт, а з войск правага крыла Зах. фронту 17 кастр. сфарміравала Калінінскі, 10 ліст. — Бранскі франты. Гераічнымі намаганнямі (гл.Панфілаўцы) Чырв. Армія пры падтрымцы апалчэнцаў і баявых дружын прыпыніла наступленне ням. войск. У ходзе 2-й фазы наступлення з 15—16 ліст. група армій «Цэнтр» цаной вял. страт пацясніла сав. абарону на некат. участках і наблізілася да Масквы на адлегласць 25—30 км. Рубеж абароны прайшоў на Пд ад Волжскага вадасховішча, Дзмітрава, Яхрамы, Краснай Паляны, на У ад Істры, на З ад Кубінкі і Нара-Фамінска, на З ад Серпухава, на У ад Алексіна і Тулы. 27 і 29 ліст.сав. войскі нанеслі моцныя контрудары па паўн. і паўд. групоўках праціўніка. 1 снеж.герм. войскі ў апошні раз намагаліся прарвацца да Масквы. 5—6 снеж.сав. войскі, якія не мелі колькаснай перавагі ў сілах і сродках, перайшлі ў контрнаступленне. Да пач.студз. 1942 войскі Калінінскага, Зах., правага крыла Паўд.-Зах. і Бранскага франтоў разграмілі ўдарныя групоўкі праціўніка і адкінулі іх ад Масквы на 100—250 км, вызвалілі больш за 11 тыс.нас. пунктаў. 7—10.1.1942 контрнаступленне пад Масквой перарасло ў агульнае наступленне сав. войск на асн.стратэг. напрамках, у ходзе якога ням.-фаш. войскі адкінуты на 150—400 км, вызвалены Маскоўская і Тульская вобл., многія раёны Калінінскай, Смаленскай, Разанскай і Арлоўскай абласцей. У М.б. сярод злучэнняў і часцей вызначыліся воіны 2-га гв.кав. корпуса пад камандаваннем ген.-м. Л.М.Даватара, 1-й гв. Маскоўскай мотастралк. дывізіі пад камандаваннем ген.-м. А.І.Лізюкова, 8-й гв. стралковай дывізіі пад камандаваннем І.В.Панфілава, а таксама воіны-беларусы С.П.Алейнікаў, І.П.Камера, І.І.Казлоўскі, Г.А.Палаўчэня, П.Ф.Сычэнка, А.Дз.Церашкоў і інш. У час абароны Масквы Чырв. Арміі дапамагалі партызаны і падпольшчыкі, у т. л. Беларусі. Толькі падпольшчыкі Оршы за 3 месяцы ўчынілі 98 крушэнняў на чыгунцы, вывелі са строю 200 паравозаў. У М.б. праціўнік страціў больш за 0,5 млн.чал., 1,3 тыс. танкаў, 2,5 тыс. гармат і інш. тэхнікі. У бітве ўпершыню з пачатку Вял.Айч. вайны сав. войскі дасягнулі буйной перамогі над вермахтам. Герм. армія панесла першае адчувальнае паражэнне, што стала пачаткам павароту ў 2-й сусв.вайне, былі канчаткова пахаваны яе спадзяванні на «маланкавую вайну» (бліцкрыг). Перамога Чырв. Арміі садзейнічала ўзмацненню руху Супраціўлення на акупіраваных тэрыторыях і паскарэнню стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Каля 40 сав. часцей і злучэнняў атрымалі найменні гвардзейскіх, 110 воінаў — званне Героя Сав. Саюза, 36 тыс. узнагароджаны ордэнамі і медалямі. У 1944 устаноўлены медаль «За абарону Масквы» (ім узнагароджаны больш за 1 млн.чал.). 8.5.1965 Маскве прысвоена званне «Горад-герой».
Літ.:
Муриев Д.З. Провал операции «Тайфун». 2 изд. М., 1972;
Федоров А.Г. Летчики на защите Москвы. М., 1979;
Битва под Москвой: [Воен.-ист. очерк]. М., 1989;
Самсонов А.М. Москва, 1941 г.: от трагедии поражений к Великой победе. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ПОЛКу Вялікую Айчынную вайну,
адна з арганізацыйных форм аб’яднання партыз. сіл у тыле ворага. На тэр. Беларусі меў абмежаванае пашырэнне. Колькасць партызан, узбраенне і структура кіравання амаль такія, як у партызанскай брыгадзе. Звычайна полк падзяляўся на батальёны, роты, узводы і аддзяленні. Дзейнічала 14 палкоў, з іх 11 арганізацыйна ўваходзілі ў склад ваенна-аператыўных груп (ВАГ), 3 дзейнічалі самастойна (Смаленскі, 208-ы імя Сталіна, «Трынаццаць»). Усе палкі, за выключэннем Смаленскага і «Трынаццаць», будаваліся па адзінай структуры, распрацаванай штабам ВАГ пры Магілёўскім падп. абкоме КП(б)Б. Палкі мелі штаб, 1—2 дыверсійныя ўзводы, падраздзяленні баявога і матэрыяльнага забеспячэння, некаторыя — шпіталь, пасадачныя авіяпляцоўкі або пляцоўкі для прыёму авіягрузаў. Артылерыя і станковыя кулямёты ў залежнасці ад колькасці ствалоў у палках аб’ядноўваліся ў роту цяжкай зброі або ўключаліся ў склад стралк. рот чацвёртымі агнявымі ўзводамі. Пасля злучэння з Чырв. Арміяй БШПР вызначыў палкі як брыгады. На Беларусі дзейнічалі П.п.: 15-ы [жн. 1943—28.6.1944; у Кармянскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Бярэзінскім, Клічаўскім, Прапойскім, Чавускім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір А.С.Дзямідаў; камісар І.П.Ніжнік; нач. штаба І.І.Вішнеўскі (загінуў), П.А.Віліткевіч], 113-ы (студз. — 30.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Клічаўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзіры К.М.Белавусаў, З.П.Гапонаў; камісар Дз.Я.Альховік; нач. штаба І.Ф.Хазаў), 121-ы імя А.М.Касаева [ліст. 1943—30.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзіры А.М.Касаеў (загінуў), А.А.Ільінскі; камісар І.М.Іваноў; нач. штаба В.М.Саўчанка, М.М.Гарусаў], 122-і «За Радзіму» (кастр. 1943—30.6.1944; у Бялыніцкім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзір А.І.Ліпскі; камісар М.Ф.Кручынін; нач. штаба П.А.Сікорскі, М.А.Салтаказін), 152-і (кастр. 1943—24.2.1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір М.Дз.Грыцан; камісары К.Н.Шыбанаў, І.С.Зычкоў; нач. штаба І.Б.Рутман, К.В.Еўтуховіч), 208-ы імя І.В.Сталіна (30.8.1943—11.7. 1944; у Быхаўскім. Бялыніцкім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Барысаўскім, Крупскім, Пухавіцкім, Чэрвеньскім р-нах Мінскай, Ганцавіцкім, Лагішынскім, Пінскім, Целяханскім р-нах Пінскай абл.; камандзір Я.М.Бяспоясаў, камісар Р.І.Шчарбакоў, нач. штаба П.Ф.Бадачэнка), 255-ы (ліст. 1943—28.6.1944; у Жлобінскім, Рагачоўскім р-нах Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай, Крупскім р-не Мінскай абл.; камандзір В.А.Мінайлаў; камісары А.Н.Захарава, В.У.Паўлаў; нач. штаба І.А.Ярымаў), 277-ы (вер. 1943—28.6.1944; у Быхаўскім, Бялыніцкім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім, Магілёўскім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай, Крупскім р-не Мінскай абл.; камандзіры І.З.Ізох, М.П.Коканцаў; камісары І.М.Гершовіч, М.І.Кніга, А.М.Радзюк; нач. штаба С.Ц.Токараў), 425-ы (кастр. 1943—24.2.1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір Ф.Ф.Сухаў; камісар Ц.І.Ляўшынскі; нач. штаба В.П.Юхнаў, Ц.Я.Сакалоўскі), 537-ы [кастр. 1943—27.6. 1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Асіповіцкім, Бабруйскім, Быхаўскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір С.Дз.Баркоўскі; камісар Ф.Ф.Дабравольскі; нач. штаба А.А.Вязальшчыкаў, М.Н.Дрозд (загінуў), М.А.Леў], 600-ы (студз. — 30.6.1944; у Бялыніцкім, Бярэзінскім, Магілёўскім, Шклоўскім р-нах Магілёўскай вобл.; камандзір Г.Ф.Меднікаў; камісар В.Ц.Някрасаў; нач. штаба В.Дз.Швагрынаў, А.А.Станкевіч), 810-ы (кастр. 1943—24.2. 1944; у Рагачоўскім р-не Гомельскай, Быхаўскім, Кіраўскім, Магілёўскім р-нах Магілёўскай абл.; камандзір М.Л.Максімаў-Лебедзеў, камісар Дз.А.Смагін, нач. штаба А.Р.Феакцістаў), Смаленскі [ліп. 1942—3.7.1944; у Куранецкім р-не Вілейскай, Сенненскім, Талачынскім, Ушацкім, Чашніцкім р-нах Віцебскай абл.; Дзямідаўскім, Касплянскім р-нах Смаленскай вобл. (Расія); камандзір І.Ф.Садчыкаў, камісар А.Ф.Юр’еў; нач. штаба Г.П.Дамарацкі, П.Г.Міняеў], «Трынаццаць» [чэрв. 1942—1.6.1944; у Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай абл.; камандзіры С.У.Грышын, С.В.Пахомаў (в.а.); камісар І.А.Стралкоў; нач. штаба І.В.Узлоў (загінуў), С.П.Скварцоў].
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне,1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 476—479.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1871,
орган улады ў Парыжы ў час нар. рэвалюцыі 18.3—28.5.1871, а таксама пашыраная ў гіст. л-ры назва гэтай рэвалюцыі. Паражэнне Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71, абвастрэнне бедстваў і нястачы рабочых і дробнай буржуазіі, выкліканае цяжкімі ваен. абставінамі, няздольнасць «урада нац. абароны», які прыйшоў да ўлады пасля вераснёўскай рэвалюцыі 1870, і наступнага (з лют. 1871) урада А.Цьера палепшыць становішча, стварылі ў Парыжы і інш. гарадах Францыі ў пач. вясны 1871 перадрэв. сітуацыю. У лют.-сак. члены 215 рабочых і дробнабурж. батальёнаў Нац. гвардыі (нар. апалчэння) Парыжа стварылі масавую паліт. арг-цыю — Рэсп. федэрацыю Нац. гвардыі. 18.3.1871 пры спробе ўрада Цьера раззброіць Нац. гвардыю ў Парыжы пачалося паўстанне, у выніку якога ўлада ў горадзе перайшла да ЦК федэрацыі Нац. гвардыі, а ўрад Цьера ўцёк у Версаль, дзе пачаў збіраць сілы для барацьбы з рэвалюцыяй. ЦК федэрацыі Нац. гвардыі правёў выбары ў П.к., якая была ўрачыста абвешчана 28 сакавіка. Пасля дадатковых выбараў 16 крас. агульная колькасць дэпутатаў П.к. склала 81 чал. (33 рабочыя, 11 служачых, 3 прадпрымальнікі, 2 афіцэры, 32 інтэлігенты). З іх 60 належалі да розных не аформленых паліт. груповак: 26 прытрымліваліся ідэй Л.А.Бланкі, 23 — пруданізму, 2 — марксізму, 9 неаякабінцаў падзялялі ідэалы свабоды, роўнасці, братэрства. Сярод дэпутатаў было 30 чл.Інтэрнацыянала 1-га і некалькі масонаў (гл.Масонства). У дэпутатаў П.к. не было адзінства поглядаў па пытаннях улады, кіравання, узбр. сіл, развіцця эканомікі і культуры. Бясконцая палеміка паміж двума асн. блокамі — «большасцю» (бланкісты і неаякабінцы) і «меншасцю» (пруданісты) — аслабляла Камуну. П.к., якая спалучала функцыі заканад. і выканаўчай улады, складалася з 10 камісій: выканаўчай; ваен.; грамадскай бяспекі; юстыцыі; харчавання; фінансаў; працы, прам-сці і абмену; грамадскіх службаў; асветы; знешніх зносін. Эканам. і сац. палітыка Камуны аб’ектыўна ўлічвала, хоць і ў рознай ступені, інтарэсы ўсіх пластоў гар. насельніцтва. Дэкрэтам ад 29 сак. яна замяніла армію і паліцыю Нац. гвардыяй, 1 крас. ўстанавіла максімальны памер акладу служачых, іншымі актамі ўвяла суд прысяжных і выбарнасць суддзяў, вызваліла кватэранаймальнікаў ад аплаты за перыяд з кастр. 1870 да чэрв. 1871, забараніла штрафы і адвольныя вылікі на прадпрыемствах і ва ўстановах, павялічыла ў 2—4 разы аклады настаўнікаў, павысіла жалаванне радавым служачым, загадала ламбардам бязвыплатна вярнуць уладальнікам закладзеную маёмасць коштам да 20 франкаў, адтэрмінавала на 3 гады аплату даўгоў па вэксалях; пакінутыя ўладальнікамі прадпрыемствы перадаваліся ў кіраванне рабочым каап. асацыяцыям. Дэклараванае ёю аддзяленне царквы ад дзяржавы забяспечвала свабоду сумлення, вызваляла дзяржаву ад утрымання царквы, рыхтавала секулярызацыю царк. маёмасці. П.к. дзейнічала ва ўмовах блакады. Ням.акупац. войскі кантралявалі ўсх. і паўн.-ўсх. подступы да Парыжа, астатнія подступы занялі войскі Цьера, т.зв. «версальцы», колькасць якіх дасягала 130 тыс.чал. На баку Камуны змагаліся 40—50 тыс.нац. гвардзейцаў. Ваен. дзеянні пачаліся 2 крас. нападам версальцаў. 3—4 крас.Нац. гвардыя зрабіла няўдалыя вылазкі ў бок Версаля. Потым яна вяла абарончыя баі і да 20 мая на гал. напрамку ваен. дзеянняў адступіла за крапасны вал Парыжа.
1 мая выканаўчая камісія Камуны заменена Камітэтам грамадскага выратавання. Нац. гвардыя была падзелена на 2 арміі пад камандаваннем генералаў Я.Дамброўскага і В.Урублеўскага. Але гэтых захадаў і гераізму камунараў было недастаткова, каб супрацьстаяць арміі Цьера. 21 мая версальцы ўварваліся ў Парыж і пасля тыдня ўпартых барыкадных баёў 28 мая захапілі горад, а 29 мая — апошні апорны пункт камунараў форт Венсен. Задушэнне П.к. суправаджалася крывавым тэрорам: салдаты Цьера забілі ў Парыжы 30 тыс.чал. У выніку суд. працэсаў над камунарамі, што працягваліся са жн. 1871 да 1877, каля 40 тыс.чал. сасланы на катаргу ці кінуты ў турмы. К.Маркс, Ф.Энгельс і У.І.Ленін вызначалі П.к. як дыктатуру пралетарыяту, хоць фактычна яна была ўладай усяго насельніцтва Парыжа, у т. л. пралетарыяту, які ўпершыню быў дапушчаны да кіравання. Да ўлады была дапушчана і буржуазія, але найб. багатая яе частка не прыняла Камуну. Народапраўства ў выглядзе Камуны не прыняла франц. правінцыя, асабліва буйныя землеўласнікі і сяляне. Гар. камуны, абвешчаныя ў Ліёне, Марселі, Сент-Эцьене, Тулузе, Нарбоне, Бардо, Крэзо, былі задушаны на працягу 22—26 сакавіка. Гал. прычынамі паражэння П.к. былі яе ізаляванасць, адсутнасць апоры ўнутры і па-за межамі краіны, а таксама прысутнасць ням.акупац. войск.
Літ.:
История Парижской коммуны 1871 г.М., 1971;
Парижская коммуна 1871 г.: Время, события, люди. 2 изд. М., 1981.
Р.А.Чыкалаў.
Да арт.Парыжская камуна 1871. Абвяшчэнне Парыжскай камуны 28.3.1871. Мастак Э.Ламі.Да арт.Парыжская камуна 1871. Пасяджэнне Парыжскай камуны ў ратушы. Мастак Дэруа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
стра́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае пачуццё страху. Страшны сон. Страшная гісторыя. □ А калі ўздымаецца бура, асабліва ўвосень, страшным робіцца наша возера. Яно бурліць і бушуе, як кіпень.Чарнышэвіч./ Пра выраз твару, вачэй і пад. Вочы Марты зрабіліся круглыя і страшныя.Бядуля.Я глянуў у вочы рабому .. Твар яго быў страшны, вочы лютыя.Якімовіч.Нібы загіпнатызаваны страшным поглядам Шыбянкова,.. [Цімафей Міронавіч] не мог адарваць ад яго сваіх вачэй.Зарэцкі./узнач.наз.стра́шнае, ‑ага, м.З кожным крокам зубра ў Юркавых грудзях нешта халадзела. Ён чакаў страшнага.Аляхновіч.// Які выклікае пачуццё страху сваёй небяспечнасцю. Страшная дарога. Страшная хвароба. □ [Юзя:] — Вы [Лямант] страшны, бессардэчны. Вы ж не чалавек!Чорны.Не такі чорт страшны, як яго малююць.З нар.// Адзначаны падзеямі, здарэннямі, якія наганяюць страх (пра час). Вораг пачаў насядаць на Палессе .. Гэта быў час страшны і цяжкі.Чорны.І вось перамянілася жыццё .. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым.Чарнышэвіч.Страшны час быў тады — адзінота, мужчыны ўсе на «мікалаеўскай» вайне.Брыль.Ах, страшны, страшны быў год гэты.Цётка.
2. Які выклікае непрыемныя пачуцці, уражвае сваім трагізмам; цяжкі. [Пан Мазурскі] быў чалавек-звер, народжаны страшным прыгонніцкім ладам.Якімовіч.Вестку, балючую і страшную, нечакана прынёс Яўхім са слязамі ў вачах.Пестрак.Страшны малюнак уставаў перад вачыма.Мурашка.// Які прыносіць пакуты (пра пачуцці, думкі, перажыванні чалавека). Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння.Колас.— Немцы... — мільганула страшная думка. І .. [Міколка] не глядзеў на іх, не хацеў глядзець, пакуль не зніклі іх цяжкія крокі.Лынькоў.// Вельмі дрэнны, цяжкі (пра характар і пад.). [Барыс:] — Страшны характар у цябе, Галя.Скрыган.// Худы, змучаны, змораны (пра чалавека). Страшны і худы сядзеў Палікар у сваёй хаце.Чорны.Іван быў страшны: яшчэ больш ссутулены, бледны, у пашарпаным адзенні.Брыль.
3.Разм. Вельмі вялікі або вельмі моцны па сіле, глыбіні, інтэнсіўнасці праяўлення. У муках страшных дачакаўся Машэка першых дзён вясны.Купала.Два страшныя выбухі .. скаланулі паветра.Брыль.[Вялічка] адчуў страшны голад. Ён не разбіраў, што еў, яго зубы гатовы былі скрышыць камень.Чорны.[Лаялі] з усёй яскравасцю зразумеў, што яго ў жыцці напаткала страшнае, непаўторнае гора і што жыццё яго не будзе больш такім простым.Чарнышэвіч./ Пра з’явы прыроды. Страшную людзі цярпелі зіму: Дзіка мяцеліцы вылі.Купала.[Вера:] — Сам заўсёды напрошваўся [Каравай] на спатканні, бегаў да мяне ў самую страшную завіруху.Паслядовіч./ Пра пачуцці, перажыванні, стан. І страшны неспакой, так нявыкананых жаданняў і мэтаў — назаўсёды ляглі на твар [маці] страшнай застыласцю.Чорны.// Грубы. Мужчыны .. лаяліся страшнымі словамі, каб аблягчыць душу.Шамякін.
•••
Страшны судгл. суд.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,
рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць ў бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс.чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ.калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс.чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш.еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс.рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ.ген. Ч.Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс.англ.гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс.еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976;
Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял.Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.Буш, з 28 чэрв. В.Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн.чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.Х.Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.Ф.Захараў), 3-і (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у т. л. 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн.чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.Я.Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.К.Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв.гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл.Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл.Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл.Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.
Літ.:
Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;
Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;
Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;
Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.
У.І.Лемяшонак.
Да арт.Беларуская аперацыя 1944. Маршал Савецкага Саюза А.М.Васілеўскі і маршал бранятанкавых войскаў П.А.Ротмістраў на пераправе цераз Бярэзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў ЗША 1861—65, Сецэсійная вайна, Другая Амерыканская рэвалюцыя,
узброены канфлікт паміж паўд. і паўн. штатамі ЗША. Выклікана абвастрэннем у 1850-я г. праблемы рабства неграў (узбр. барацьба паміж фермерамі і плантатарамі-рабаўладальнікамі за свабодныя землі ў Канзасе, узмацненне абаліцыянізму, у т. л. паўстанне Дж.Браўна і інш.). Непасрэдная прычына — рэакцыя рабаўладальнікаў паўд. штатаў на выбранне прэзідэнтам ЗША кандыдата ад Рэсп. партыі (засн. ў 1854) А.Лінкальна, які выступаў супраць рабства. Убачыўшы ў гэтым пагрозу свайму панаванню ў федэральных органах улады (плантатары належалі да Дэмакр. партыі) і існаванню сістэмы рабства ў краіне, улады штатаў Паўд. Караліна, Місісіпі, Фларыда, Алабама, Джорджыя, Луізіяна, Тэхас у канцы 1860 — пач. 1861 па чарзе здзейснілі сецэсію (аддзяленне) ад амер. федэрацыі. Гэтыя рабаўладальніцкія штаты ў лют. 1861 у г. Мантгомеры ўтварылі Канфедэрацыю (з 20.7.1861 яе сталіца г. Рычманд) на чале з прэзідэнтам Дж.Дэвісам, у крас.—чэрв. 1861 да яе далучыліся Віргінія, Арканзас, Паўн. Караліна, Тэнесі — усяго 11 з 34 штатаў ЗША. Паводле прынятай у Канфедэрацыі канстытуцыі асновай яе эканам. і паліт. ладу абвешчана рабства. Пры садзейнічанні ўрада прэзідэнта ЗША Дж.Б’юкенена ў перыяд паміж выбраннем (6.11.1860) і ўступленнем на пасаду Лінкальна (4.3.1861) сецэсіяністам перададзена 500 тыс. ружжаў, 15 тыс. з 16 367 федэральных вайскоўцаў адпраўлены далёка на Захад. 12—14.4.1861 сецэсіяністы абстралялі стратэг. федэральны форт Самтэр каля г. Чарлстан і прымусілі капітуляваць яго гарнізон. 15.4.1861 Лінкальн абвясціў паўд. штата мяцежнымі і прызваў 75 тыс. добраахвотнікаў (усяго за час вайны амаль 2,9 млн.чал.), 19 і 27 крас. распарадзіўся аб марской блакадзе ўзбярэжжа Канфедэрацыі. На 1-м (т.зв. канстытуцыйным) этапе вайны (1861—62), калі асн. баявыя дзеянні разгарнуліся на тэр. штата Віргінія на напрамку Вашынгтон—Рычманд, паўночнікі з-за недахопу сіл не здолелі акружыць тэр. Канфедэрацыі і прымусіць мяцежнікаў да міру (план «Анаконда»). Яны недаацанілі праціўніка (6.3.1861 Дэвіс прызваў 100 тыс. добраахвотнікаў, за вайну — 1,9 млн.чал.), дзейнічалі недастаткова рашуча і пацярпелі буйныя паражэнні каля Манасаса (21.7 і 30.8.1861), Фрэдэрыксберга (11—13.12.1862) і інш. На З і Пд у даліне Місісіпі федэральныя часці пад камандаваннем генералаў У.Гранта і Б.Батлера ва ўзаемадзеянні з эскадрай камадора Д.Фарагута вясной 1862 занялі Мемфіс, Карынф і Новы Арлеан. Пад уплывам радыкальных рэспубліканцаў, хваляванняў на фронце і ў тыле ўрад Лінкальна ў 1862 выдаў білі аб канфіскацыі маёмасці мяцежнікаў, пакаранні смерцю за здраду ЗША, Гомстэд-акт, пракламацыю аб вызваленні рабоў у мяцежных штатах (з 1.1.1863). У ходзе 2-га этапа (1863—65) федэральныя ўзбр. сілы, у складзе якіх ваявала нямала рабочых, фермераў, імігрантаў (немцы, ірландцы, італьянцы, венгры, палякі, рускія, канадцы, кітайцы і інш.), сацыялістаў (гл. І.Вейдэмеер), папоўнены таксама неграмі (186 тыс.чал., яшчэ 250 тыс. у тылавых часцях). Пасля бітваў каля Гетысберга (1—3.7.1863) і Чатанугі (23—25.11.1863), авалодання ключавым портам Віксберг на Місісіпі (4.7.1863) ваен. ініцыятыва перайшла да федэральнага боку. У 1863 у Сан-Францыска і Нью-Йорк 2 эскадры накіравала Расія, якая з часоў Крымскай вайны 1853—56 сапернічала з Вялікабрытаніяй і Францыяй (апошнія падтрымлівалі мяцежнікаў). Гэта садзейнічала ўзмацненню міжнар. пазіцый урада Лінкальна. У выніку наступлення (пачалося ў маі 1864) паводле распрацаванага Грантам (з сак. 1864 галоўнакаманд.) ген. плана, асабліва т.зв. «маршу да мора» цераз тэр. штата Джорджыя, федэральныя арміі расчлянілі тэр. Канфедэрацыі, 3.4.1865 занялі Рычманд. 9.4.1865 у пас. Апаматакс галоўнакаманд. мяцежнікаў ген. Р.Лі падпісаў акт аб капітуляцыі. Рэшткі ўзбр. сіл Канфедэрацыі супраціўляліся да 2.6.1865. Грамадз. вайна была найб. кровапралітнай у гісторыі ЗША (з абодвух бакоў загінула каля 620 тыс.чал.). У выніку перамогі паўночнікаў у гэтай вайне, якая была 1-й фазай другой Амер. рэвалюцыі (2-я фаза — Рэканструкцыя Поўдня 1865—77), адноўлена ў былым складзе штатаў дзяржава, ліквідавана рабства неграў, вырашана зямельнае пытанне. Гл. таксама «Алабама», Манітор.
Літ.:
Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988;
Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. № 6;
Арсеньев В. Американская экспедиция русского флота в 1863—1864 гг. // Морской сб. 1995. № 1.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. Першы дзень бітвы каля Гетысберга (1863). Карціна Дж.Уокера. Музей ваеннай акадэміі ў Уэст-Пойнце, ЗША.Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. I. Адзенне воінаў узброеных сіл паўночнікаў: 1 — капрал кавалерыі ў зімовым шынялі; 2 — радавы пяхоты; 3 — капітан кавалерыі ў поўнай параднай форме; 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — стралок лёгкай пяхоты. II. Абмундзіраванне арміі і флоту жыхароў Поўдня: 1 — сяржант кавалерыі (1862); 2 — радавы пяхоты (1861—62); 3 — радавы пяхоты (1863—65); 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — радавы артылерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІ́ВА (сапр.Атраховіч) Кандрат Кандратавіч
(5.3.1896, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.1.1991),
бел. драматург, паэт, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1956). Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1940), д-рфілал.н. (1953). Герой Сац. Працы (1975). Засл. дз. навукі Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1930). У 1913 у Мінску экстэрнам здаў экзамены на званне нар. настаўніка, у 1914—15 працаваў у Мнішанскім земскім нар. вучылішчы Мінскага пав. Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1920—23 у Чырв. Арміі. У 1932—36 заг. аддзела час. «Полымя рэвалюцыі». Удзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь (1939) і сав.-фінл.вайне (1939—40). У Вял.Айч. вайну працаваў у франтавых газетах «Красноармейская правда» і «За Савецкую Беларусь» (1941—42), рэдагаваў сатыр. газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943—45). З 1945 рэдактар час. «Вожык». З 1947 заг. сектара Ін-та мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. У 1956—82 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, у 1982—89 у Ін-це мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Супрацоўнічаў з газ. «Савецкая Беларусь», друкаваўся ў газ. «Беларуская вёска», часопісах «Чырвоны сейбіт», «Маладняк», «Узвышша», «Полымя рэвалюцыі» і інш. Першыя творы пераважна гумарыстычнага і сатыр. плана (зб-кі «Асцё» і «Крапіва», 1925). У іх высмейваў старыя парадкі і звычаі, выступаў гарачым прапагандыстам новага ўкладу жыцця, пісаў на модную ў 1920-я г.антырэліг., а таксама міжнар. тэмы. З сярэдзіны 1920-х г. асабліва плённа працаваў у жанры байкі, стварыў у бел. л-ры непераўзыдзеныя яе ўзоры: «Дзед і Баба», «Дыпламаваны баран», «Сава, Асёл ды Сонца», «Ганарысты парсюк», «Махальнік Іваноў» і інш. Сярод сатыр. вершаваных зб-каў «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў», «Ухабы на дарозе» (абодва 1930). Значны ўклад К. ў развіццё сатыр.-гумарыстычнай паэмы («Шкірута», 1928; «Хвядос — Чырвоны нос», 1931). На высокім маст. узроўні яго сатыр.-гумарыстычныя апавяданні (зб-кі «Апавяданні», 1926; «Жывыя праявы», 1930). У сац.-быт. рамане «Мядзведзічы» (няскончаны, кн. 1-я, 1932) паказаў жыццё вёскі напярэдадні калектывізацыі. Паэт. і празаічныя творы К. насычаны дасціпным, часам грубаватым нар. гумарам, з’едлівай іроніяй, сарказмам. З 1933 найб. ўвагу аддаваў драматургіі. П’есы К. ўзнімалі актуальныя пытанні часу, шматпланава адлюстроўвалі тагачасную рэчаіснасць. Падзеі п’есы «Канец дружбы» (паст. БДТ-1, 1934) адбываюцца ў складаны перыяд калектывізацыі. драмы «Партызаны» (паст. БДТ-1, 1937) — у грамадз. вайну. У драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (абедзве паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1948), «Людзі і д’яблы» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1958) гераізм, самаахвярнасць людзей у Вял.Айч. вайну, глыбокі аналіз сац. і маральных вытокаў здрадніцтва. Пра пасляваен. жыццё вёскі распавядалася ў камедыі «Пяюць жаваранкі» (паст. т-рамі імя Я.Купалы і імя Я.Коласа, 1950; Дзярж. прэмія СССР 1951; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1953), праблемы жыхароў горада — у п’есе «Зацікаўленая асоба» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1953). Маральна-этычныя праблемы, выкрыццё праяў бездухоўнасці ў п’есе «На вастрыі» (паст. т-рам імя Я.Коласа пад назвай «Блытаныя сцежкі», 1983). Вяршыні драматург. творчасці К. — вострыя, надзённыя камедыі «Хто смяецца апошнім» (паст. БДТ-1, 1939; Дзярж. прэмія СССР 1941; аднайм. фільм па сцэнарыі аўтара 1954), «Мілы чалавек» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1945), «Брама неўміручасці» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1974; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1974), якія скіраваны супраць такіх негатыўных рыс чалавечага характару, як нахабства, кар’ерызм, абывацельшчына, невуцтва, бюракратызм. Драматургія К. адыграла вял. ролю ў развіцці бел.тэатр. мастацтва. Яго п’есы ішлі на сцэнах многіх т-раў СССР і за мяжой. Працаваў у галіне публіцыстыкі і літ. крытыкі. Аўтар прац па бел. лексікаграфіі, рэдактар «Руска-беларускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1982), «Беларуска-рускага слоўніка» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і інш. Пераклаў асобныя творы У.Шэкспіра, І.Крылова, Л.Астроўскага, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча і інш. Значны ўклад зрабіў у бел. мовазнаўства (Дзярж. прэмія СССР 1971 за комплекс работ па лінгвагеаграфіі). Імем К. названы Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—5. Мн., 1974—76;
Зб. твораў: У 6 т.Т. 1—2. Мн., 1997.
Літ.:
Семяновіч А. Кандрат Крапіва. Мн., 1956;
Казека Я. Кандрат Крапіва: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кла́сціся, кладу́ся, кладзе́шся, кладзе́цца; кладзёмся, кладзяце́ся; пр. кла́ўся, кла́лася; незак.
1. Прымаць ляжачае, гарызантальнае становішча; проціл. ўставаць (пра людзей, жывёл). Класціся на ложак. □ Волька Янкава сказала Тодарчыку не кідаць Смыка, бо ён наравісты. А знаравіцца — кладзецца ў аглоблях нават на сухім. Хоць забі яго.Пташнікаў./ У спалучэнні са словамі, якія паказваюць на тыя ці іншыя асаблівасці такога становішча. Класціся на бок. Класціся на спіну.// Укладвацца, размяшчацца (для сну, адпачынку). Прыходзячы з работы дахаты, Дзяніс прымаў душ, абедаў і клаўся адпачываць.Пестрак.// Адпраўляцца на лячэнне (у клініку, шпіталь і пад.). Класціся ў бальніцу.//перан.Разм. Паміраць, гінуць (у баі, на вайне). — Б’юць царскае войска. Як пракосы на сенажаці пад касой кладуцца, гэтак там кладуцца.. салдаты.Мурашка.
2. Апускацца, падаць на якую‑н. паверхню. Снег кладзецца белым пухам. □ Навокал Каляды клаліся варожыя снарады, узнімаючы зямлю.Гурскі.// Размяшчацца дзе‑н. пэўным чынам. Доўгія русыя валасы [у Іны] хвалямі клаліся на плечы.Ваданосаў.// Выступаць на паверхні ў форме следу, адбітка і пад. А за касцом двума слядамі Адбіткі ног яго кладуцца.Колас.Ад зубчатых трактарных калёс След адменны клаўся па зямлі.Астрэйка.
3. Засцілаць сабою што‑н., распаўсюджваючыся на паверхні. На поле клаўся туман. На захадзе раз’яснівалася.Пташнікаў.Гарыць, патрэсквае касцёр, водсветы яркага полымя кладуцца на твары, на чырвоныя гальштукі.Бялевіч./ Пра загар, румянец, маршчыны. Прыжмурана глядзеў [Абрам] у даль вуліцы, а каля вачэй клаліся свежыя маршчыны.Пестрак.// Наступаць (пра зіму). Пачала класціся зіма.Лужанін.
4. Браць які‑н. напрамак (пра самалёт, карабель). «Балтыка» ідзе ранейшым курсам, а караблі кладуцца на зваротны курс.«Звязда».
5. Добра прыставаць, паддавацца кладцы. Цэгла роўна кладзецца ў сцяну. □ Пячатка клалася ясна, аж прыліпала, і абадок з назваю ведамства, і асяродак з назваю завода відны былі вельмі добра.Скрыган.// Адпавядаць, падыходзіць. Сапраўды, калі апошні зборнік «Пад мачтай» супадае з перыядам спаду Народнага фронту, дык два папярэднія ніяк не кладуцца ні тэматычна, ні храналагічна ў рамкі творчых перыядаў.У. Калеснік.//перан. Лёгка і свабодна выкладацца, выказвацца (пра думкі, слова і пад.). Калі думаеш і нават калі гаворыш, словы гладка кладуцца адно да аднаго, атрымліваецца складка, прыгожа.Новікаў.
6.перан.; накаго-што. Станавіцца чыім‑н. абавязкам, заняткам і пад. — Гэта можна зрабіць і дома, — запярэчыў Аляксееў, адчуваючы, што адказнасць за Юркаў лёс у гэты момант кладзецца і на яго.Карпаў.Усе клопаты кладуцца на плечы брыгадзіра.Асіпенка.// У спалучэнні са словамі «на душу», «на сэрца» і пад. абазначае: рабіцца прадметам цяжкага роздуму, непакою, трывогі. Енкі і балючы плач раздзіралі мураваныя сцены, цяжкім каменем клаліся на сэрца вязня.Няхай.На сэрца кладзецца Дум горкіх цяжар.Колас.
7.Зал.да класці.
•••
Класціся ад смеху (са смеху) — моцна смяяцца.
Класціся спаць з курамі — класціся спаць вельмі рана, як толькі сцямнее.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)