ПІРЭ́ТРУМ,

рамоначнік (Pyrethrum), род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 еўрасібірскі рэліктавы від П. шчытковы (P. corymbosum), занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў асветленых лісцевых лясах, сухадольных астэпаваных лугах. Трапляецца здзічэлы П. вялікі, або бальзамічны кануфер (P. majus), які культывуюць як прыпраўную расліну, як інсектыцыдную — культывуюць П. цынерарыялісты, або далмацкі рамонак (P. cinerariifolium). Інтрадукаваны 2 віды П.: чырвоны, або каўказскі рамонак (P.coccineum) і дзявочы (P.parthenium).

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—150 см. Сцёблы апушаныя, прамыя і ўзыходныя. Лісце чаргаванае, перыстарассечанае, радзей суцэльнае. Кветкі дробныя, ў адзіночных або сабраных у агульнае шчыткападобнае суквецце кошыках. Плод — сямянка. Некат. віды маюць пірэтрыны. Род П. часта аб’ядноўваюць з родам піжма і хрызантэма. Інсектыцыдныя, лек., харч., дэкар. расліны.

Пірэтрум цынерарыялісты.

т. 12, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖКО́ВАЕ ДРЭ́ВА, цэратонія струкавая (Ceratonia siliqua),

кветкавая расліна сям. бабовых. Адзіны від роду. Пашырана ў Міжземнамор’і. Трапляецца на камяністых схілах, у цяснінах, лясах з вечназялёных дубоў, ядлоўцаў і хвоі. Культывуецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. Афрыцы, Міжземнамор’і, Індыі.

Вечназялёнае дрэва выш. 6—15 м з шарападобнай кронай. Жыве 200—300 гадоў. Лісце шчыльнае, перыстае. Кветкі дробныя, сабраныя ў гронкі Плод — струк. Струкі Р.д. (цараградскія, або кіпрскія, рожкі) даўж. 10—25 см, маюць сакавітую, салодкую (да 50% цукру) мякаць, якая спажываецца ў ежу, ідзе на корм жывёле, з яе гатуюць сок, сіроп, сыравіну для атрымання спірту. Падпражанае насенне — сурагат кавы. Семя мае пастаянную масу (каля 200 мг), таму са стараж. часу яго выкарыстоўвалі як адзінку вагі (карат) у ювелірнай справе. Р.д. таксама наз. адзін з відаў роду празопіс.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЧКА (Digitaria),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 350 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных (пераважна ў Афрыцы) і часткова ў цеплаўмераных абласцях. На Беларусі 4 віды Р.: егіпецкая (D. aegyptiaca), звычайная, або лінейная (D. ischaemum), крывава-чырвоная (D. sanguinalis) і раснічастая (D. ciliaris). Трапляюцца на пясках, па берагах вадаёмаў, як пустазелле на палях.

Шмат-, радзей аднагадовыя травы выш. 10—80 см. Сцёблы моцна галінастыя каля асновы, прамастойныя або ляжачыя, часта чырванаватыя. Лісце лінейна-ланцэтнае. Агульнае суквецце — прамы колас з 2—20 пальчата сабраных коласападобных галінак на верхавінцы сцябла. Плод — зярняўка. Кармавыя, пераважна пашавыя расліны, некат. культывуюць у Паўд.-Усх. Азіі як збожжавыя злакі. Выкарыстоўваюць для барацьбы з эрозіяй, для замацавання пяскоў, насыпаў, стварэння газонаў. Салома ідзе на выраб паперы, цыновак, кошыкаў і інш.

В.​М.​Прохараў.

Расічка крывава-чырвоная.

т. 13, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСХО́ДНІК (Sedum),

род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, пераважна ў Еўразіі, некалькі відаў у Паўд. Афрыцы і Паўд. Амерыцы (Перу). На Беларусі 6 відаў Р.: адагнуты (S. reflexum), бледны (S. pallidum), валасісты (S. villosum), едкі, або заечая капуста (S. acre), несапраўдны (S. spurium), шасцірадковы (S. sexangulare). Трапляюцца ў разрэджаных хваёвых лясах, уздоўж дарог, чыгунак, на сухадольных лугах. Шэраг інтрадукаваных відаў пад назвай «седум» вырошчваецца ў дэкар. і пакаёвым кветкаводстве.

Шмат-, двух- і аднагадовыя травы, часам паўкусцікі выш. 5—25 см. Сцёблы прамастойныя або сцелістыя. Лісце патоўшчанае, сакаўное, рознай формы і колеру, у кальчаках або ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, пурпуровыя, пераважна ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматлістоўка. Меданосныя, лек., дэкар., харч. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Расходнік едкі.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВА́ННА (ад ісп. sabana, запазычанага з мовы карыбскіх індзейцаў),

занальны тып ландшафту, утвораны спалучэннем трапічнай і субтрапічнай ксерафільнай травяністай расліннасці (пераважна злакавай) з адзіночнымі і групамі дрэў, зараснікамі хмызняку. Пашырана ў Афрыцы, Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Аўстраліі і Індыі. У Бразіліі С. наз. кампас, у Венесуэле і Калумбіі — льянас. Развіваюцца таксама на месцы зведзеных трапічных лясоў (другасныя С.).

Расліны С. прыстасаваны да працяглых засух: лісце цвёрдае, моцна апушанае, рэдукаванае да калючак, кара дрэў тоўстая. Травяністыя злакі выш. да 3 м. Дрэвы (акацыя, баабаб, эўкаліпт і інш.) пераважна нізкарослыя, часта з парасонападобнай кронай, у некат. (бутэлечнае дрэва і інш.) ствалы ўтрымліваюць вял. запасы вады. Багаты і разнастайны жывёльны свет: сланы, насарогі, жырафы, ільвы, зебры, антылопы; з птушак характэрны страусы. Гл. таксама Саванныя зоны.

Саванна ў сухі сезон.

т. 14, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАЎІ́ (Luscinia),

род птушак сям. драздовых атр. вераб’інападобных. 2 віды: С. звычайны, або ўсходні (L. Iuscinia), пашыраны на У Еўропы і ў Зах. Азіі, і С. паўднёвы, або заходні (L. megarhynchos), пашыраны ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы і Паўд.-Зах. Азіі. Пералётныя. Жывуць на ўзлесках, у парках, садах. Гнёзды пераважна на зямлі. Песня багатая разнастайнымі гукамі (да 40 каленаў). Здольныя да пераймання і імітацыі галасоў жывёл. Спяваюць амаль усю ноч, першыя 2 тыдні — і днём. Часам у род С. уключаюць да 10 відаў, у т. л. варакушку, заранак, С.-свістуна, С. тугайнага, сіняга С., чырванашыек. На Беларусі — С. звычайны.

Даўж. С. звычайнага да 19 см, маса да 30 г. Апярэнне рыжавата-аліўкава-шэрае. Кормяцца С. насякомымі, павукамі, чарвямі, зрэдку ягадамі і насеннем. Адкладваюць 4—6 яец.

Салаўі: 1 — звычайны; 2 — заходні.

т. 14, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХЕ́ЛЬ (араб. — бераг, ускраіна),

прыродная вобласць у Афрыцы, пераходная зона (шыр. да 400 км) ад пустынь Сахары да саваннаў прыэкватарыяльных абласцей Афрыкі. Працягваецца з 3 на У ад Маўрытаніі і Сенегала праз Малі, Буркіна-Фасо, Нігер і Чад да Судана і Эфіопіі. Пераважаюць паўпустыні і апустыненыя саванны. Ападкаў 200—600 мм за год (пераважна летам, ад 2—3 тыдняў да 3 месяцаў), 80—90% вільгаці выпараецца. У час перыядычных катастрафічных засух (у сярэднім праз 30 гадоў) С. ператвараецца ў нежылую пустыню. У паўн. С. пераважае разрэджаная паўпустынная расліннасць (дзернавінныя злакі, хмызнякі і нізкарослыя дрэвы, гал. чынам акацыі). На Пд — калючыя рэдкалессі, пальмавыя гаі (дум, ранье), баабабы. Прычына прагрэсіруючага апустыньвання ў многіх раёнах — звядзенне дрэвавай і хмызняковай расліннасці. Качавая жывёлагадоўля, на Пд пасевы проса і арахісу.

т. 14, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ка́ла

(н.-лац. calla)

дэкаратыўная расліна сям. ароідных з доўгачаранковым шырокім лісцем і дробнымі кветкамі ў суквецці з белым яйцападобным пакрывалам, пашыраная ў Паўд. Афрыцы; выкарыстоўваецца ў кветкаводстве Беларусі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гюрза́

(рус. гюрза, ад перс. gurza)

ядавітая змяя сям. гадзюкавых даўжынёй да 1,5 метра, якая пашырана ў Паўн. Афрыцы і Паўд.-Зах. Азіі, трапляецца ў Закаўказзі і Сярэд. Азіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

агрэ́ст

(польск. agrest, ад лац. agrestis = вясковы, палявы)

кустовая садова-ягадная расліна сям. агрэставых, пашыраная ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы, а таксама кісла-салодкія ягады гэтай расліны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)