памага́ты, ‑ага, м.
1. Той, хто памагае каму‑н. у чым‑н.; падручны (у 2 знач.). [Яўхім:] — З мяне касец, сама ведаеш, які. А вось Рыгор можа табе падсабіць... Дамаўляйцеся.. — Не, — цвёрда кажа цётка. — Як-небудзь і без памагатых абыдземся. Жычка. Усім выглядам сваім Саша паказвае, што лейцы кіраўніцтва ён бярэ ў свае рукі, а Веньямін толькі памагаты. Навуменка.
2. Прыслужнік, гатовы на любыя дзеянні, учынкі. Царскія памагатыя збіліся з ног, шукаючы патайную друкарню, няўлоўнага і загадкавага Яську. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́нства, ‑а, н.
1. зб. Паны. Шыш-Шышнеўскі быў нядрэнны настаўнік, але цягнуўся за мясцовым панствам, з вучнямі і іх бацькамі трымаўся здалёк і афіцыйна. С. Александровіч.
2. Панаванне, улада паноў. — Уціск вечнага панства палажыў на.. [чалавека] свой адбітак. Чорны.
3. Спешчанасць, імкненне жыць у раскошы, пагардлівыя адносіны да працы, уласцівыя панам. [Лоўгач:] — Ці правільна гэта? Адзін пакой на чацвярых. А ў нас пяць пакояў на чацвярых. І якія? Амаль удвая большыя. Панства нейкае ў нас з табой... Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перацярпе́ць, ‑цярплю, ‑церпіш, ‑церпіць; зак.
1. што. Перажыць, перанесці, выцерпець усё, многае. Перацярпець усе нягоды. □ Пройдзе ўсё... Не плачу, Ўсё перацярплю, Веру я: што ўбачу Тых, каго люблю. А. Александровіч. Спачатку давялося перацярпець боль няўдач. «ЛіМ». // Церпячы, пераадолець, знесці што‑н.; пацярпець які‑н. час. Перацярпець спакусу. □ Галай стаяў, абапёршыся аб сцяну. Хацелася піць. «Перацярплю. Адправяць у турму, там і нап’юся...» Асіпенка.
2. чаго і без дап. Зазнаць шмат пакут, гора і пад. Колькі ён перацярпеў за свой век!
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызва́нне, ‑я, н.
Унутраная цяга і здольнасць да якой‑н. справы, прафесіі. Але прызванне Максімкі было не ў гэтым. Музыкай ён займаўся толькі ў час адпачынку, а больш за ўсё яму хацелася будаваць. Гурскі. З фельчарскімі абавязкамі вы спраўляецеся някепска, але мне здаецца, што па прызванню вы ўсё ж не медык. Арабей. Арганізоўваць, камандаваць — гэта .. [Сцёпкава] прызванне, яго стыхія. Жычка. // Прызначэнне. — Знаеце, што я вам скажу, Міцкевіч? — узрушана прамовіў Кудрынскі. — Беларускі верш — вось ваша сапраўднае прызванне! С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прымча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. каго-што. Разм. Прынесці, прывезці, даставіць каго‑, што‑н. вельмі хутка. Уладзік мігам прымчаў вядро вады. С. Александровіч. Калі партызаны, спехам зрабіўшы перавязку, прымчалі свайго цяжка параненага камандзіра ў вёску Свяціца, малады хірург .. на момант нават разгубіўся. Паслядовіч.
2. Разм. Тое, што і прымчацца. [Гарошка:] — Селі мы з ім у каламажку і праз якіх хвілін сорак прымчалі ў «Чырвоную Бярозаўку»... Краўчанка. Цягнік прымчаў з цяжкім грукатам .., увесь ахутаны ветрам і пылам. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
радыка́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да радыкала 2 (у 1 знач.). Радыкальная партыя.
2. Рашучы, найбольш дзейсны; карэнны. Радыкальныя меры. Радыкальныя змены. □ Урад СССР прапанаваў зрабіць самы радыкальны крок: вырашыць праблему раззбраення цалкам, раз і назаўсёды, для цяперашніх і будучых пакаленняў. «Звязда». // Які прытрымліваецца крайніх, рашучых поглядаў. «Мужыцкая праўда» — .. самае радыкальнае з усіх выданняў, якія выходзілі напярэдадні і ў час паўстання 1863 года. С. Александровіч. Радыкальная моладзь зачытвалася тварамі Вальтэра, Русо, Нямцэвіча і Карпінскага. Мальдзіс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэля́цыя, ‑і, ж.
Уст.
1. Данясенне, паведамленне аб баявых дзеяннях. Напалеону засталося адно: сядзець на барабане з падзорнаю трубою, час ад часу паглядаць праз яе на дымавыя аблокі і чакаць паведамленняў-рэляцый аб выніках. Дубоўка. // Паведамленне пра якія‑н. падзеі, факты. Па суроваму загаду на ногі ўзнялася ўся жандармерыя і паліцыя Гродзеншчыны, паляцелі сакрэтныя дэпешы і рэляцыі ў Вільню. С. Александровіч.
2. Апісанне баявога подзвігу якой‑н. асобы ці воінскай часці пры прадстаўленні іх да ўзнагароды.
[Ад лац. relatio — паведамленне, даклад.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спапялі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
1. Спаліць датла, ператварыць у попел. Хадзіў агонь на двор з двара, Жалобна ветры вылі. Славуты домік песняра Фашысты спапялілі. А. Александровіч. Усё пярун тут спапяліў. Тут балявала смерць па-царску. Дайнека. / у перан. ужыв. Вочы .. [Сёмкі] гатовы, здаецца, спапяліць усё перад сабой. Лынькоў.
2. перан. Растраціць у барацьбе з чым‑н. (жыццё, сілы і пад.). А ці не надта замнога для лёсу аднаго пакалення каханняў, надзей, запаветных імкненняў спапяліў ваенны пажар? Лукша.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угаво́р, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. угаворваць — угаварыць. — Адпачыў бы, сынку! Мы і без цябе ўправімся... — Але Кастусь не зважаў на матчыны ўгаворы: з ахвотаю завіхаўся на дрывотні. С. Александровіч. Мае ўгаворы ані не памагалі, а, наадварот, яшчэ болей разжальвалі. Сачанка.
2. Узаемная дамоўленасць аб чым‑н., умова. Па маўкліваму ўгавору і маці і сын да .. [скрыпкі] амаль не дакраналіся. Даніленка. [Віктар:] — Мы сюды ехалі спецыяльнасць пабыць, а нас на катлаван паставілі. Такога ўгавору не было. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упы́нак, ‑нку, м.
Разм. Спакой. Дома ён не знаходзіў упынку. Маці адчувала прычыну і сілком пачала выпраўляць Аляксея на вячэрнія пагулянкі. Пальчэўскі. Памяць! Ні ўпынку, ні прыпынку ёй. Сабаленка.
•••
Без упынку — не перастаючы, не сціхаючы, не абмяжоўваючы сябе. Хтосьці без упынку балесна енчыць і стогне. Мядзёлка. Ліна балбатала без упынку. «Маладосць».
Няма (не мець) упынку — нельга стрымаць, спыніць. [Крывіцкі:] — Няма ўпынку на хлопцаў, усюды яны ўлезуць. Лобан. Ціха. Толькі лье і лье дождж, няма на яго сёння ўпынку. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)