сарты вінаграду з безнасеннымі дробнымі ягадамі. Вырошчваецца пераважна ў Сярэдняй Азіі. Найб. вядомы К. белы (Ак-кішміш) і чорны (Кара-кішміш). Ягады высокацукрыстыя. Выкарыстоўваюць у свежым выглядзе, вінаробстве, для сушкі. Таксама К. наз. ягады вінаграду сорт К., высушаныя на сонцы (у побыце наз. разынкамі). Мае ў сабе (у % на сухое рэчыва): цукру 76—78%, азоцістых рэчываў і кіслот па 2,1%. Выхад сушанага К. — 24—30% ад масы ягад. Выкарыстоўваецца ў кулінарыі, кандытарскай прам-сці, у сумесі сушаных фруктаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРАНЕІЗАЛЯВА́НЫЯ МО́ВЫ, ізаляваныя мовы, аморфныя мовы,
мовы, якія не маюць ні словазмянення, ні афіксальнага словаўтварэння. Адносіны паміж словамі выражаюць з дапамогай спалучэння некалькіх слоў, звязаных спосабам прымыкання, або пры дапамозе службовых слоў. Характэрны аднаскладовасць кораня, складовыя муз. тоны, цяжкасць размеркавання ўсіх слоў па часцінах мовы (адно слова можа выступаць у розных грамат. функцыях). Новыя паняцці ў К. м. перадаюцца спалучэннем каранёў. Блізкія да К. м.стараж.-кіт. (менш — сучасная кіт. мова), большасць моў Паўд.-Усх.Азіі, некат. мовы Зах. Афрыкі (эве) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАЦЕ́ЛЫ, ліставідкі (Phylliidae),
сямейства насякомых атр. палачнікаў, або зданневых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Азіі.
Даўж. да 12,5 см. У самак цела шырокае, сплошчанае. Афарбоўка і жылкаванне надкрылаў імітуюць лісце раслін, ногі лістападобна расшыраныя. Крылы рэдукаваныя, 1 пара. Перамяшчаюцца марудна або нерухома вісяць на галінах або чаранках лісця. Самцы не падобныя да лісця, з укарочанымі надкрыламі, рухавыя, добра лятаюць. Здольныя да аўтатаміі. Расліннаедныя. Адкладваюць яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́СТА (Levisticum),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе і Зах.Азіі. На Беларусі вырошчваюць Л. аптэчную (L. officinale), трапляецца таксама здзічэлая.
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 2 м з тоўстым карэнішчам. Сцябло голае, пустое, уверсе галінастае. Лісце двойчы- і тройчыперыстарассечанае, бліскучае. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, у парасоніках. Плод — эліпсападобны віслаплоднік. Традыц. прыправа ўкр. і ням. кухні, са свежых каранёў гатуюць варэнне і цукаты. Эфірным алеем араматызуюць лек. і парфумерныя вырабы. Лек., харч. і эфіраалейныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЛЕМА́НЦЫЯ (Lallemantia),
род кветкавых раслін сям. губакветных. 6 відаў. Пашырана ў Азіі. Вырошчваецца як алейная расліна Л. іберыйская (L. iberica) у Турцыі, Іране, Крыме, на Каўказе. Стараж. культура Арменіі.
Л. іберыйская — аднагадовая травяністая расліна. Сцябло моцнагалінастае, чатырохграннае, прамастойнае, выш. да 70 см. Лісце падоўжанае, супраціўнае. Кветкі двухполыя, белыя, бэзавыя, ружовыя. Плод — дробны арэшак. Насенне мае ў сабе 35—38% алею, прыдатнага ў ежу і на тэхн. мэты; макуха ідзе на корм жывёле. Харч. і тэхн. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМО́ЗА (Mimosa),
род кветкавых раслін сям. бабовых. 400—500 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, некат. віды — у Афрыцы і Азіі. На Беларусі — у аранжарэях.
Шматгадовыя травы, кусты (часам ліяны), дрэвы, часта з калючкамі. Лісце двойчыперыстае. У некат. відаў (напр., вечназялёнага кусціка М. сарамлівай (M. pudica)] лісце здольнае да рухаў (настый). пры дакрананні ці наступленні цемнаты складваецца і апускаецца. Кветкі дробныя, у галоўчатых або коласападобных суквеццях. Плод — боб, пры выспяванні распадаецца на членікі. М. няправільна называюць акацыю серабрыстую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЕ́ЛЕНЫ ПУНКТ, населенае месца, паселішча,
пастаяннае або часовае месца, дзе пражывае насельніцтва: звычайна мае геагр. назву (тапонім). Падзяляецца па нар.-гасп. функцыях, колькасці жыхароў, адм. статусе і інш. Вядучае месца сярод населеных пунктаў належыць гарадам. Вял. сельскія Н.п. ў Расіі і на Украіне называюць сёламі (часам і на Беларусі), на поўдні Расіі — станіцамі, у горных раёнах Каўказа, Сярэдняй Азіі і Казахстана — ауламі. На Беларусі акрамя гарадоў пашыраны вёскі, гарадскія пасёлкі, рабочыя пасёлкі, трапляюцца хутары, курортныя пасёлкі. Да 1930—40-х г. існавалі мястэчкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУМУЛІ́ТЫ (Nummulites),
род вымерлых аднаклетачных марскіх арганізмаў атр. фарамініфер кл. караняножак.
Рэшткі Н. вядомы з верхнемелавых і палеагенавых адкладаў (утварыліся каля 100 млн.г. назад). Нумулітавыя вапнякі пашыраны ў Еўропе (Парыжскі басейн), у горных масівах Цэнтр.Азіі, Паўн. Афрыцы, Цэнтр. Амерыцы (буд. матэрыял, які выкарыстоўваўся яшчэ пры ўзвядзенні пірамід). Мелі сачавіца- ці дыскападобную ракавіну дыям. 1—16 см са шматлікімі абаротамі. падзеленую перагародкамі на камеры. Вялі прыдонны спосаб жыцця. Выкапнёвыя рэшткі служаць стратыграфічным матэрыялам пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ А́ЗІЯ,
прыродная вобласць у Азіі. Уключае частку Расіі на У ад Урала да хрыбтоў ціхаакіянскага водападзелу. Паўд. мяжа не акрэсленая, часцей праводзіцца па дзярж. мяжы Расіі, радзей па Пн Казахстана і Манголіі. Пл. каля 10 млн.км². Нас. каля 25 млн.чал. (1999). Рэльеф нізінны і раўнінны на З, сярэднягорны на У. Прыродная расліннасць прадстаўлена з Пн на Пд тундрай, тайгой, участкамі лесастэпаў і стэпаў. Развіта разнастайная прам-сць, найб. горназдабыўная, у паўд. раёнах — збожжавая гаспадарка і жывёлагадоўля. Гл. таксама Сібір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНІК (Knautia),
род кветкавых раслін сям. варсянкавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, асабліва ў Міжземнамор’і і Зах.Азіі. На Беларусі 1 від — П. палявы (K. arvensis). Трапляецца ў лясах, на лугах, палях, уздоўж дарог.
П. палявы — шматгадовая карэнішчавая расліна выш. да 1 м, густа ўкрытая шчаціністымі валаскамі. Сцёблы прамастойныя. Лісце лірападобнае або перыстараздзельнае, супраціўнае, прыкаранёвае і ніжняе сцябловае звужана ў доўгі чаранок, верхняе — сядзячае. Кветкі дробныя, ліловыя, блакітна-бэзавыя ў галоўчатых суквеццях. Плод — сямянка. Фарбавальная, меданосная расліна.