КЕНЕСАРЫ́ КАСЫ́МАЎ (1802—1847),

дзеяч казахскага нац.-вызв. руху. Унук хана Аблая. Султан, з 1841 хан Сярэдняга жуза (плем. аб’яднанне на ПнУ сучаснага Казахстана, у 1740 пры хане Аблаю далучаны да Расіі). Выступаў за аддзяленне Казахстана ад Рас. імперыі і супраць палітыкі рас. улад, якія абмяжоўвалі правы каз. знаці. У 1837—47 кіраваў антырас. ўзбр. паўстаннем казахаў; аснову яго войска складалі дружыны сваякоў. Меў падтрымку з боку сярэднеазіяцкіх ханстваў. У 1846 выцеснены рас. войскамі на Пд у межы Старэйшага жуза. Загінуў у час набегу на кіргізаў.

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАІЦЫ́ЗМ, мазаічнасць,

прысутнасць у аднаго мнагаклетачнага арганізма клетак рознага генатыпу (выключэнне — палавыя клеткі ў працэсе меёзу). Такія арганізмы наз. мазаікамі або хімерамі. Напр., стракаталістасць у раслін, розная пігментацыя радужнай абалонкі вачэй у чалавека (адно вока карае, другое — блакітнае). Асн. прычыны — мутацыі і рэкамбінацыі ў клетках, што дзеляцца шляхам мітозу. Адрозніваюць М. са зменай генатыпу, плазматыпу і фенатыпічны М., звязаны са зменай функцыі гена ці яго дозы. Да М. адносяць таксама штучнае аб’яднанне груп клетак або органаў: трансплантацыя, прышчэпкі ў раслін і інш. Выкарыстоўваюць для аналізу мутацый, асаблівасцей развіцця арганізмаў і інш.

т. 9, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДА́Я ІРЛА́НДЫЯ»

(«Young Ireland»),

палітычная групоўка маладой ірл. інтэлігенцыі ў 1842—48. Узнікла ў межах Асацыяцыі рыпілераў. Выступала за разгортванне руху за незалежнасць Ірландыі і аб’яднанне ўсіх ірландцаў у адзінай незалежнай дзяржаве, задавальненне патрабаванняў ірл. сялян, супраць кампрамісаў з англ. калан. ўладамі, прапагандавала ірл. нац. культуру. Лідэры — Ч.​Дафі, Т.​Дэвіс, Дж.Ф.Лалар, Дж.Мітчэл і інш. З 1842 выдавала час. «Nation» («Нацыя»). У канцы 1846 «М.І.» пакінулі леварадыкальныя члены, якія стварылі Ірландскую канфедэрацыю. Спыніла дзейнасць у сувязі з паражэннем ірл. нац.-вызв. паўстання 1848 і рэпрэсіямі з боку англічан.

т. 9, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ СВАБО́ДНЫХ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (МКСП; International Confederation of Free Trade Unions),

міжнароднае прафс. аб’яднанне. Створана ў 1949 на ўстаноўчай канферэнцыі ў Лондане правымі прафс. лідэрамі ЗША і Вялікабрытаніі пасля расколу Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў. У пач. 1999 уключала 213 нац. прафс. арг-цый (124 млн. чл.). Вышэйшы орган МКСП — Кангрэс, які склікаецца раз у 4 гады. Кангрэс выбірае Выканком і ген. сакратара (Б.​Джордан). Выканком выбірае прэзідэнта МКСП (Л.​Трутман). Бягучую работу вядзе Сакратарыят (знаходзіцца ў Бруселі). Афіц. орган МКСП — штотыднёвік «Free Labour World» («Свет свабоднай працы»).

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖПАРЛА́МЕНЦКІ САЮ́З (МС),

міжнародная няўрадавая арг-цыя, якая аб’ядноўвае нац. парламенцкія групы розных дзяржаў. Створаны ў 1889. Мэта М.с. — заахвочванне асабістых кантактаў паміж членамі ўсіх парламентаў і аб’яднанне іх для сумеснай дзейнасці ў справе ўмацавання міжнар. міру, супрацоўніцтва. М.с. мае кансультатыўны статус 1-й катэгорыі пры ААН, падтрымлівае кантакты з яе Сакратарыятам і спецыялізаванымі ўстановамі ААН, асабліва з ЮНЕСКА. У 1999 у саюз уваходзіла больш за 110 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. Сакратарыят М.с. на чале з ген. сакратаром знаходзіцца ў Жэневе (Швейцарыя).

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТОНКАСУКО́ННЫ КАМБІНА́Т.

Пабудаваны ў 1947 (1-я чарга) у Мінску; у 1959 пушчана 2-я чарга. Складаўся з 3 цэхаў: прадзільнага, ткацкага і аддзелачнага. У 1959—65 тэхналагічна пераабсталяваны. У 1975—78 пабудаваны і ўведзены ў дзеянне ткацка-аддзелачны, быт. і адм. карпусы на новай вытв. пляцоўцы. На старой пляцоўцы праведзена поўная рэканструкцыя і створана прадзільная ф-ка. У 1981 М.т.к. перайменаваны ў Мінскае вытв. тонкасуконнае аб’яднанне. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Сукно». Асн. прадукцыя (1999): мэблевыя, аблегчаныя касцюмныя, жакардавыя і шарсцяныя палітовыя тканіны, жакардавыя і шарсцяныя коўдры.

т. 10, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«О́МЛАДЗІНА»

(сербскае моладзь),

«Аб’яднанне сербскай моладзі», культурна-асветніцкая і грамадска-паліт. арг-цыя ў Сербіі і Ваяводзіне (уваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі) у 1866—72. Аб’яднала культ.-асв. гурткі студэнтаў і інтэлігенцыі і абвясціла сябе прадстаўнічым органам усіх паўд.-слав. народаў; падтрымлівала кантакты з балг. нац.-вызв. рухам, культ. дзеячамі Чэхіі, Славакіі, Расіі. З 1870 у складзе «О.» аформілася рэв.-дэмакр. плынь на чале з С.​Маркавічам, якая імкнулася ператварыць «О.» ў рэв. паліт. партыю. У 1871 «О.» забаронена ўладамі Сербіі і Аўстра-Венгрыі, але яшчэ некаторы час існавала тайна.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРУБО́ЦКАЯ ГРАМАДА́ (ад укр. парубок — хлопец, халасцяк),

аб’яднанне, саюз нежанатай моладзі на ПдЗ Беларусі і на Украіне; перажытак старадаўніх мужчынскіх саюзаў, у якім зберагліся сляды першабытнага калектывізму. Існавала да пач. 20 ст. У П.г. прымалі хлопцаў з 17—18-гадовага ўзросту. Унутры саюза існавалі звычаі і няпісаныя правілы паводзін у адносінах да сваіх сяброў і дзяўчат-аднавясковак. За ўступленне ў П.г. браўся невялікі грашовы ўзнос. Мела агульную касу, выбарнага атамана, месца зборышчаў (на вуліцы, ігрышчах, вячорках). Адыгрывала пэўную ролю ў грамадскім жыцці вёскі, карысталася прызнаннем бацькоў, сельскай грамады.

т. 12, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛЫ́М, Пелымская дзяржава,

аб’яднанне плямён угра-фінскага народа мансі (вагулаў) на ч. тэр. сучасных Свярдлоўскай вобл. і Ханты-Мансійскай аўт. акругі Расіі ў сярэдзіне 15 — канцы 16 ст. Уключала плямёны, што жылі па рэках Пелым, Сосьва, Лозьва, Конда і Таўда. Кіравалася мясц. родавай арыстакратыяй («князцамі»), Плямёны П. былі васаламі Рас. дзяржавы і Сібірскага ханства, перыядычна рабілі набегі на рус. паселішчы Прыуралля. У 1580—90-я г. П. канчаткова далучаны да Расіі, на месцы яго сталіцы пры ўпадзенні р. Пелым у Таўду ў 1593 засн. расійскі г. Пелым.

т. 12, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арце́ль

(рус. артель, ад цюрк. artil = рэзерв)

аб’яднанне асоб пэўнай спецыяльнасці (рамяства) для сумеснай працы з удзелам у даходах паводле дамоўленасці і агульнай адказнасцю (напр. рыбалавецкая а., сельскагаспадарчая а.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)