група захворванняў, выкліканых імуннай рэакцыяй арганізма на экзагенныя (вонкавыя) алергены. Залежаць ад умоў, якія спрыяюць уздзеянню алергена на арганізм, а таксама ад спадчыннай схільнасці арганізма рэагаваць на алергены (выпрацоўваць асобныя антыцелы — рэагіны). У развіцці алергічных хвароб стадыя сенсібілізацыі змяняецца стадыяй клінічных праяўленняў: ацёк слізістых абалонак, скуры, падскурнай клятчаткі, раздражненне нерв. канчаткаў, спазмы гладкай мускулатуры, гіперфункцыя экзакрынных залозаў; у крыві выяўляецца зазінафілія; характэрна абарачальнасць тканкавых змен. Пры агульных рэакцыях (анафілактычны шок) магчымы смяротны зыход. Да алергічных хвароб адносяцца: бранхіяльная астма, сенная ліхаманка, крапіўніца, ацёк Квінке, алергічны рыніт, атыпічны і кантактны дэрматыты, лек. і харч. алергія, сываратачная хвароба, анафілактычны шок. Асобную групу складаюць аўтаалергічныя хваробы (гл.Аўтаалергія). Метады лячэння спецыфічныя (спыненне кантактаў з алергенамі, выпрацоўка антыалергічнага імунітэту) і неспецыфічныя (лячэнне лек. прэпаратамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬБІНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.
Існаваў у 2-й пал. 16 — 2-й пал. 19 ст. ў прыгарадзе Нясвіжа Альба. Пл. больш за 200 га. На пач. 17 ст. пабудаваны эрмітаж, драўляны палац «Кансаляцыя», персіярня. Цэнтрам кампазіцыі быў 2-павярховы мураваны палац анфіладнай планіроўкі, накрыты дахоўкай і завершаны 2 вежачкамі з ляпнымі гербамі Радзівілаў.
У паўн.-зах. частцы ансамбля размяшчаліся «звярынец» (пл. каля 90 га) і фазанавае поле (пл. каля 65 га), у цэнтры — круглы вадаём з востравам і паляўнічым павільёнам, да якога сыходзіліся 8 каналаў. Пры рэканструкцыі ансамбля ў 1780-я г. (арх. Л.Лутніцкі, К.Спампані) уздоўж каналаў зроблены добраўпарадкаваныя набярэжныя. На набярэжнай вял. канала стаяў драўляны касцёл св. Тройцы (з трыма пазалочанымі меднымі купаламі, 12 разнымі алтарамі) і званіца. Пабудовы ансамбля не зберагліся, часткова захаваліся паркавыя насаджэнні.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 36—38.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́САЎ (Мікалай Міхайлавіч) (н. 6.12.1913, с. Альховае Валагодскай вобл., Расія),
украінскі хірург.Акад.АН Украіны (1969), чл.-кар.АМНСССР (1961), засл. дз. нав. Украіны (1959), Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Архангельскі мед.ін-т (1939). З 1952 узначальваў клініку грудной хірургіі, з 1983 дырэктар Ін-та сардэчна-сасудзістай хірургіі ў Кіеве. Навук. працы па пытаннях хірургіі сэрца і лёгкіх, біял. і мед. кібернетыцы. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана дыягностыка парокаў сэрца з дапамогай ЭВМ, створана дзеючая фізіял. мадэль «унутранага асяроддзя арганізма» чалавека і інш. Аўтар літ.тв. «Думкі і сэрца» (1965), «Запіскі з будучыні» (1967) і інш. Ленінская прэмія 1961, Дзярж. прэмія Украіны 1978.
Тв.:
Операции на сердце с искусственным кровообращением. Киев, 1962 (разам з І.Л.Лісавым, Л.М.Сідарэнка);
Хирургия пороков сердца. Киев, 1969 (разам з Я.А.Бендэтам);
Физическая активность и сердце. 2 изд. Киев, 1984 (з ім жа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́МУНДСЕН ((Amundsen) Руаль) (16.7.1872, г. Борг, Нарвегія — 1928),
нарвежскі палярны падарожнік і даследчык. У 1903—06 упершыню праплыў Паўн.-Зах. праходам з У на З ад Грэнландыі да Аляскі. На судне «Фрам» адправіўся ў Антарктыку, 14.12.1911 на сабаках дасягнуў Паўд. полюса. Спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса дрэйфам на судне «Мод» (1918—21) і самалётам (1925). У 1926 узначаліў 1-ы трансарктычны пералёт праз Паўн. полюс на дырыжаблі «Нарвегія». Загінуў у Баранцавым м., шукаючы экспедыцыю У.Нобіле. Імем Амундсена названы заліў і катлавіна ў Арктыцы, гара, ледавік, мора, заліў і навук. станцыя ЗША у Антарктыдзе.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. Л., 1936—39;
Перелёт через Ледовитый океан. М.; Л., 1927 (разам з Л.Эльсвартам);
На корабле «Мод»: Экспедиция вдоль северного побережья Азии. М.; Л., 1929;
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). Аўтар зб-каў апавяданняў «Псіхапаты. Праўда і выдумка» (1893), «Мроі і цені» (1896), раманаў «Атручанае сумленне» (1890; аналіз псіхал. матываў злачынства), «Жар-кветка» (1895; тэма спірытызму і акультызму), «Вікторыя Паўлаўна» (1903; пытанне жаночай эмансіпацыі), «Мар’я Лусьева» (1903; праблема прастытуцыі), гіст. твора «Звер з прорвы» (1911—14), фельетонаў, літ.-крыт. артыкулаў. Раманы-хронікі са шматтомнай серыі «Канцы і пачаткі. Хроніка 1880—1910» — спроба асэнсаваць жыццё рас. грамадства на рубяжы стагоддзяў. З 1921 у эміграцыі. Выдаў раман «Зачараваны стэп» (1921), кн. нарысаў «Тужлівыя нататкі» (1922), зб. «Неўтаймаваная Русь: Дэманічныя аповесці XVII ст.» (1929) і інш. На бел. мову творы Амфітэатрава перакладаў В.Ластоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРО́ДЖВАННІ,
спецыфічная форма ліквідацыі абшчынных зямель і распарадкаў у еўрап. краінах у 13 — пач. 19 ст. Назва ад распачатага ў Англіі працэсу захопу і агароджвання лендлордамі абшчынных пашаў для гадоўлі на іх авечак. У 15—16 ст. развіццё тэкст. прам-сці і вял. попыт на воўну зрабілі авечкагадоўлю прыбытковай справай. Таму буйныя землеўладальнікі пачалі інтэнсіўна зганяць сялян з ворных зямель і ператвараць іх у пашу. У 16—18 ст. агароджванні былі пашыраны ў Нідэрландах, Францыі, Германіі. У 18 ст.англ. парламент узаконіў агароджванні і яны працягваліся да пач. 19 ст. Супраціўленне і паўстанні збяднелых сялян супраць агароджванняў (адно з буйнейшых у 1549 пад кіраўніцтвам Р.Кета) душыліся ўладамі. Адным з вынікаў агароджванняў быў адток сялян у прамысловасць.
Літ.:
Митрофанов В.П. Вопрос об огораживаниях в английском парламенте (конец XVI — начало XVII в.) // Проблемы истории Западной Европы развитого и позднего феодализма. Иваново, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКАГА ПЛАН 1811,
праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі, прапанаваны сенатарам М.К.Агінскім імператару Аляксандру I. Адлюстраваў імкненне бел.-літ. шляхты да адм. і прававой самастойнасці краю і гатоўнасць цара пайсці на пэўную лібералізацыю палітыкі ў зах. губернях, каб нейтралізаваць пранапалеонаўскія настроі мясц. знаці. Прадугледжваў заснаванне з Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губ., Беластоцкай вобл. і Цярнопальскай акр. асобнай правінцыі пад назвай ВКЛ з гал. горадам Вільня і пад кіраваннем імператарскага намесніка; стварэнне ў краі вышэйшых дзярж. судовых і інш. органаў. Планавалася склікаць сойм, увесці канстытуцыю і паступова скасаваць прыгоннае права. Пад націскам кансерватыўных колаў, якія ўбачылі ў адраджэнні ВКЛ пагрозу тэр. цэласнасці Расіі, Аляксандр I не змог зацвердзіць Агінскага план 1811, але ўсё ж праект садзейнічаў прымірэнню ўрада з мясц. шляхтай напярэдадні вайны 1812: былі прыняты законы 1811 аб падатковых ільготах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯЦВЕ́Т (Эдзі) (сапр.Каган Эдзі Сямёнаўна; н. 11.10.1913, Мінск),
бел. паэтэса. Скончыла Мінскі пед.ін-т (1936). Друкуецца з 1929. Выдала зб-кі лірыкі «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Беларуская рабіна» (1959), «Жаданне» (1971), «Закаханым» (1986) і інш. Шмат піша для дзяцей: «Васількі» (1947), «Твае таварышы» (1959), «Доктар Смех» (1977), «На двары алімпіяда» (1984, Міжнар. ганаровы дыплом 1986), «Рэчка-рэчанька мая» (1991) і інш. На бел. мову пераклала творы франц. паэзіі («Краіна Паэмія», для дзяцей, 1962; «Выбраныя песні» П.Ж.Беранжэ, 1960; «Зямны акіян» Г.Апалінэра, 1973; «З табой» П.Элюара, 1980); у 1993 выдадзены зб. перакладаў «З французскай і бельгійскай паэзіі»). Па яе лібрэта пастаўлены оперы для дзяцей «Джанат» (1942, муз. Л.Шварца) і «Марынка» (1955, муз. Р.Пукста).
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1976.
Літ.:
Барсток М.М. Эдзі Агняцвет // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд.Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫНЕ́Ц (Антон Эдвард) (25.1.1804, в. Гейстуны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 15.1.1885),
польскі паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец. З роду Адынцоў. Скончыў Віленскі ун-т (1823). У Вільні пасябраваў з А.Міцкевічам, Я.Чачотам, Т.Занам, І.Дамейкам, І.Ходзькам. У 1821 стаў чл.т-вафіларэтаў, напісаў «Песню філарэтаў» (пераробка яе — «Песня» Ф.Багушэвіча). У 1823—24 зняволены па справе т-ва. У 1825—26 выдаў у Вільні 2-томнік «Паэтычныя творы». У 1829—37 падарожнічаў па Зах. Еўропе, жыў у Дрэздэне. З 1838 у Вільні. У 1841—59 рэдактар газ. «Виленский вестник». З 1866 у Варшаве. У 1888 з І.Дамейкам наведаў Беларусь. Аўтар мемуарных «Пісем з падарожжа» (1875—78), «Успамінаў з мінулага» (1884), вершаваных драм «Феліцыта, або Карфагенскія мучанікі» (1849), «Барбара Радзівілянка» (1860).
Літ.:
Цвірка К. Тэлемак з-пад Ашмянаў: Жыццё і творчасць А.Э.Адынца // Роднае слова. 1994. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛАСНЫ́Я ПРЫВІЛЕ́І,
заканадаўчыя акты ВКЛ, якія юрыдычна замацоўвалі аўтаномныя правы некат. зямель (княстваў, ваяводстваў, паветаў). Даваліся вял. князем ВКЛ. Грунтаваліся на мясц.звычаёвым праве, а таксама выпрацоўваліся адм. і судовай практыкай. Найб. вядомыя абласныя прывілеі: Віцебскія 1503, 1509, 1561; Полацкія 1511, 1547, 1580, 1634, 1699; Смаленскі 1505; Кіеўскія 1507, 1529; Валынскія 1501, 1509, 1547; Бельскія 1501, 1547; Драгічынскія 1511, 1547; Мсціслаўскі 1551.
Найб. тыповыя абласныя прывілеі — Віцебскі 1503 і Полацкі 1511. У іх замацаваны старадаўняе абавязацельства вял. князя не ўмешвацца ў царк. справы палачан і віцяблян, гарантаваны іх маёмасныя і асабістыя правы. Ваяводы ў Полацк і Віцебск павінны былі прызначацца толькі са згоды мясц. насельніцтва. Судзіць палачаніна можна было толькі ў Полацку паводле полацкага права. За баярамі і мяшчанамі гэтых зямель прызнавалася права свабоднага выезду за мяжу.
Літ.:
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.