БЯГУ́Н (Аляксей Васілевіч) (16.1.1885, в. Пярэжыр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 7.2.1943),

удзельнік рэв. руху на Беларусі. З 1904 настаўнічаў на Міншчыне. У рэв. 1905—07 кіраўнік сял. выступленняў у Ігуменскім пав. У 1906 арыштаваны і сасланы ў Архангельскую губ., адкуль уцёк. Эмігрыраваў у ЗША, быў чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі, пасля Кампартыі ЗША, дэлегат яе 1-га з’езда (1919). Пасля грамадз. вайны на радзіме. З 1921 супрацоўнік інфарм. аддзела ЦБ КП(б)Б. У 1924—41 на парт. і гасп. рабоце ў Мінскай і Магілёўскай абл. З 1941 на прафс. рабоце ва Узбекістане.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯДУ́ЛЯ (Уладзімір Лявонцьевіч) (н. 24.5.1927, в. Падомша Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

гаспадарчы, дзяржаўны дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1971, 1987). Засл. работнік культуры Беларусі (1977). З 1951 на камсамольскай рабоце. З 1956 старшыня калгаса «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на — адной з перадавых гаспадарак Беларусі. Дэпутат Вярх. Савета БССР у 1967—71, 1985—90. Нар. дэпутат СССР у 1989—91. Член ЦК КПБ у 1990—91. У калгасе «Савецкая Беларусь» пад кіраўніцтвам Бядулі дасягнуты высокія паказчыкі ў вытв-сці прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі, развіцці сац. сферы і культуры, шырока выкарыстоўваюцца інтэнсіўныя тэхналогіі, прагрэс. метады гаспадарання і кіравання.

У.Л.Бядуля.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́ВА (Антаніна Аляксееўна) (24.12.1924, г. Талдам Маскоўскай вобл. — 24.7.1993),

бел. мастак кіно, жывапісец. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыла Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1951). Працавала ў Маскоўскім вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы, Белдзяржкіно, на камбінаце Бел. тэатр. т-ва. Мастак фільмаў: «Чэмпіён свету», «Палеская легенда» і «Пасеялі дзяўчаты лён» (эскізы касцюмаў). У 1960—70-я г. распрацоўвала нац. сцэнічныя касцюмы для ансамбляў «Песняры», «Харошкі», «Равеснік», «Раніца», «Нёман», «Палескія зоры», «Лявоніха», «Маладосць», для хору Цітовіча. Жывапісныя работы: «На рэпетыцыі» (1958), «Сябры» (1960), «Пачатак вясны» (1961), «Флёксы» (1962).

А.​М.​Замай.

А.Бялова. Сцэнічныя касцюмы для фальклорных калектываў. 1977.

т. 3, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (н. 19.9.1925, в. Дзяшоўкі Калужскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1986). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1977). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1956). З 1956 у Бел. політэхн. акадэміі, у 1975—88 прарэктар. У 1969—75 рэктар Магілёўскага машынабуд. ін-та. Навук. працы па стварэнні абсталявання і распрацоўцы методык для правядзення выпрабаванняў аўтатрактарнай тэхнікі. Адзін з аўтараў навуч. дапаможніка «Трактары» (1972, 1977).

Тв.:

Тракторы. Ч. 1. Конструкции. Мн., 1979 (у сааўт.);

Тракторы. Ч. 4. Испытания. Мн., 1986 (разам з А.​С.​Салонскім).

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́НКІН (Віталь Сцяпанавіч) (н. 30.4.1937, г. Джума Самаркандскай вобл., Узбекістан),

бел. архітэктар. Засл. арх. Беларусі (1991). Скончыў БПІ (1963). З 1968 у «Белдзяржпраекце» (гал. архітэктар праектаў). Адначасова з 1989 кіраўнік творчай майстэрні пры Саюзе архітэктараў Беларусі. Асн. работы: 15-павярховы інтэрнат Бел. тэхналагічнага ін-та (1975, у сааўт.), Мінскі палац моладзі (1986) і спецыялізаваная агульнаадук. школа (1988; абодвух кіраўнік аўтарскага калектыву), 2-я чарга буд-ва Нацыянальнага маст. музея Беларусі (праект 1991, у сааўт.) у Мінску, Мемарыял воінскай славы на Лудчыцкай вышыні ў Быхаўскім р-не (1984, у сааўт.; Дзярж. прэмія Беларусі 1986).

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСПА́ЛЫ (Змітро) (Дзмітрый Аляксандравіч; н. 28.8.1934, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Працаваў у час. «Вожык», час. «Родная прырода», з 1994 у «Беларускай лясной газеце». Першая кніга — анімалістычныя абразкі «Лясныя хітруны» (1969, 2-е выд. 1986). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў, казак і замалёвак аб прыродзе Беларусі (зб-кі «У лясной каморы», 1972; «Дзіўны птах», 1981; «Казкі Сіняга лесу», 1983; серыя кніг «Звяры Белавежскай пушчы», 1987; «Птушкі Белавежскай пушчы», 1988). Складальнік зб-ка «Беларускія народныя жарты» (1970). Гумарыстычныя творы ў зб-ках «Сякера пад лаваю» (1970), «Ад варот паварот» (1977).

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́БІЧ,

рака ў Беларусі, у Круглянскім, Шклоўскім, Бялыніцкім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток Друці (бас. Дняпра). Даўж. 74 км. Пл. вадазбору 565 км². Пачынаецца за 1,7 км на У ад в. Бураўшчына Круглянскага р-на. Асн. прытокі: Чарнаводка, Васілеўка, Лімнічанка (злева), Свяцілаўка (справа). Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне.

Даліна ў вярхоўі невыразная, у сярэднім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 600 м — 1 км. Схілы спадзістыя. Берагі нізкія, забалочаныя. Пойма двухбаковая, пераважае шыр. 200—400 м. Рэчышча звілістае, шыр. 10—25 м, у верхнім цячэнні каналізавана 24 км. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. Сістэм.

т. 3, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГНЕР (Мікалай Пятровіч) (1829, г. Карпінск Свярдлоўскай вобл., Расія — 4.4.1907),

рускі заолаг, пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1898). Д-р прыродазнаўчых навук (1854), праф. Казанскага (з 1860) і Пецярбургскага (з 1871) ун-таў. Скончыў Казанскі ун-т (1849). Навук. працы па энтамалогіі, фауне беспазваночных Белага м. Адкрыў з’яву педагенезу (1862) — т.зв. дзіцячага размнажэння ў некат. беспазваночных жывёл. Сярод літ. прац. найб. вядомы «Казкі Ката-Мурлыкі» (1872).

Тв.:

Самопроизвольное размножение гусениц у насекомых. Казань, 1862;

Беспозвоночные Белого моря. Т. 1. СПб., 1885;

Романы, повести, сказки и рассказы. Т. 1—7. СПб., 1902—08.

т. 3, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗІ́НСКІ (Дамінік Іванавіч) (н. 10.3.1921, с. Малая Саліха Хмяльніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н., праф. (1970). Акадэмік Бел. акадэміі адукацыі. Скончыў Вінніцкі пед. ін-т (1948). Працаваў у школе, Вінніцкім (1966—76) і Мінскім (1979—86) пед. ін-тах. Даследуе праблемы маралі, патрыят., сямейнага выхавання, пазакласнай і пазашкольнай работы, школазнаўства, педагогікі вышэйшай школы. Аўтар прац: «Пазакласная выхаваўчая работа» (1961), «Выхаванне цікавасці да ведаў у падлеткаў» (1963), «Навуковыя асновы маральнага выхавання школьнікаў» (1982), «Фарміраванне маральных каштоўнасных арыентацый будучых педагогаў» (з А.​А.​Грымацем, 1993).

В.​У.​Чэчат.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙТО́ВІЧ (Аляксандр Паўлавіч) (н. 5.1.1938, в. Рачкевічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р фізіка-матэм. н. (1979), праф. (1985). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Ін-це фізікі, з 1993 дырэктар Ін-та малекулярнай і атамнай фізікі АН Беларусі. Навук. працы па лазернай фізіцы і оптыцы. Развіў магнітаоптыку газавых лазераў, распрацаваў прынцыпы палярызацыйнай лазернай спектраскапіі і нелінейнай дынамікі лазераў, прапанаваў метады ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі і селекцыі частот лазернага выпрамянення.

Тв.:

Магнитооптика газовых лазеров. Мн., 1984;

Лазеры с анизотропными резонаторами (разам з В.​М.​Северыкавым). Мн., 1988.

А.П.Вайтовіч.

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)