АРАФУ́РСКАЕ МО́РА (англ. Arafura Sea),

у Індыйскім ак., паміж Аўстраліяй, Новай Гвінеяй і а-вамі Танімбар і Кай (Інданезія). Пл. 1017 тыс. км². Сярэдняя глыб. каля 200 м, найб. 3680 м. Утварае вялікі зал. Карпентарыя. У паўн. частцы Арафурскага мора — а-вы Ару і інш. Клімат субэкватарыяльны. Сярэдняя т-ра вады ад 25 да 28 °C. Салёнасць 34—35‰. Прылівы паўсутачныя, выш. 2,5—7,5 м. Здабыча жэмчугу, лоўля крабаў. Порт Дарвін (Аўстралія).

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЭ́НЫ (Ardennes),

узвышша, зах. працяг Рэйнскіх Сланцавых гор на Пд Бельгіі, часткова ў Францыі і Люксембургу. Працягласць 160 км. Выш. каля 400 м, найб. — 694 м (г. Батрандж). Платопадобная паверхня, расчлянёная на асобныя масівы глыбокімі далінамі рэк сістэмы Мааса. Складзены з крышт. і гліністых сланцаў, пясчанікаў і вапнякоў, скамечаных у складкі ў герцынскі арагенез. Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, мінер. крыніцы. Клімат умераны марскі. Шмат тарфяных балотаў. Букавыя і дубова-бярозавыя лясы, пасадкі елкі.

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАР-КО́ХБА (сапр. Шымон бен Касіба; ? — 135),

кіраўнік паўстання 132—135 супраць рым. панавання ў Іудзеі. Абвясціўшы сябе месіяй і «князем Ізраіля», аднавіў яўр. культ і правіў (у т. л. чаканіў уласную манету) на адваяваных у рымлян землях (б.ч. Палесціны, каля 50 крэпасцяў) з цэнтрам у г. Бетар. Загінуў пры абароне Бетара ад легіёнаў рым. палкаводца Юлія Севера. Пры раскопках на ўзбярэжжы Мёртвага м. на пач. 1950-х г. знойдзена некалькі дакументаў Бар-Кохбы.

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТУ́МІ,

горад у Грузіі, сталіца Аджарыі. Вядомы з 11 ст. як крэпасць. 136 тыс. ж. (1992). Порт на Чорным м. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Нафтаперапр. прам-сць, машынабудаванне (абсталяванне для чайнай і нафтавай прам-сці, суднабудаванне, эл.-тэхн. і інш.), харчасмакавая (чайная, тытунёвая, цытрусавая і інш.), хім. (гумава-тэхн. вырабы), хім.-фармацэўтычная, лёгкая (гарбарна-абутковая, швейная) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. ВНУ. 2 тэатры. Музей. Акварыум-дэльфінарый. Кліматычны курорт. Каля горада Батумскі батанічны сад.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎЭР (Таццяна Стафанаўна) (13.4.1924, Масква — 13.6.1944),

удзельніца партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Дачка венг. камуніста, удзельніка венг. рэвалюцыі 1919. У 1941 добраахвотна пайшла на фронт, разведчыца, медсястра. З жн. 1942 на тэр. Беларусі: вяла разведвальную і дыверсійную работу, распаўсюджвала сав. газеты, лістоўкі ў Мінску, здабывала зброю, боепрыпасы, медыкаменты для партызанаў. З 1943 у складзе спец. групы ў Мінскай вобласці. Загінула ў баі з карнікамі каля в. Макаўе Барысаўскага р-на.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХМУ́ЦІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 5—8 ст. у міжрэччы Уфы, Камы і Белай. Назва ад могільніка каля в. Бахмуціна Благавешчанскага р-на (Башкортастан). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, жыло на селішчах і гарадзішчах у паўзямлянкавых жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых магілах. У пахаваннях шмат упрыгожанняў (падвескі, накладкі, паясы, фібулы), зброя (мячы, стрэлы, сякеры), прылады працы (сярпы, долаты, скоблі) і інш. Большасць керамікі — кругладонныя пасудзіны, арнаментаваныя па ўсёй паверхні дробнымі ямкамі. Носьбітамі Бахмуцінскай культуры былі угры.

т. 2, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯДЖЫ́ЕЎ (Злацю) (22.10.1903, в. Брэзава каля Плоўдзіва, Балгарыя — 2.2.1976),

балгарскі жывапісец. Нар. мастак Балгарыі (1962). Скончыў АМ у Сафіі (1932). Ствараў кампазіцыі, прысвечаныя вясковаму побыту, пісаў партрэты («Аўтапартрэт», 1941). Яго пейзажы Плоўдзіва і наваколля вылучаюцца дэкаратыўнасцю і гучнасцю каларыту: «Зіма ў старым Плоўдзіве», «Брэзаўскія чабаны», «Касец точыць касу», «Адпачынак», «Аколіца Брэзава», «Свінарка» (усе 1940-я г.), «Царква Святой Багародзіцы ў Плоўдзіве» (1959) і інш. Прэмія імя Дзімітрова 1962.

Я.​Ф.​Шунейка.

З.Баяджыеў. Аўтапартрэт. 1941.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВУ́ША,

вёска ў Беларусі, у Столінскім раёне Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад Століна, 253 км ад Брэста, 15 км ад чыг. ст. Гарынь. 3135 ж., 1023 двары (1995). Малое прадпрыемства па вырабе скур. Сярэдняя школа, 2 б-кі, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Арх. помнік — Троіцкая царква (1905). Каля вёскі — гарадзішча-сховішча 10—11 ст.

т. 2, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ДРЭС, Беларуская дзяржаўная раённая электрастанцыя (БелДРЭС). Пабудавана паводле плана ГОЭЛРО ў 1927—30 каля в. Арэхі (цяпер г.п. Арэхаўск) Аршанскага р-на Віцебскай вобласці як Асінаўская ДРЭС. Працавала на торфе, які здабываўся на Асінаўскім балоце. З 1931 БелДРЭС. Праектнай магутнасці ў 32 тыс. кВт дасягнула з пускам 2-й чаргі ў 1939. У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946, даваеннай магутнасці (34,5 тыс. кВт) дасягнула ў 1951. З 1986 працуе на мазуце.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЛАКІ́ТНЫ ПАТРУ́ЛЬ»,

добраахвотныя аб’яднанні (атрады і групы) школьнікаў, навучэнцаў, аматараў прыроды, якія арганізоўваюцца для ўдзелу ў грамадскай прыродаахоўнай дзейнасці пры адначасовым удасканаленні ведаў па біялогіі і ахове прыроды. Ствараюцца з мэтай вывучэння і аховы рыбных багаццяў краіны на базе сярэдніх школ, станцый юннатаў, летніх лагераў адпачынку. Працуюць пад кіраўніцтвам выкладчыкаў і работнікаў прыродаахоўных арг-цый. На Беларусі «блакітныя патрулі» існуюць з 1965. На 1.1.1996 у 120 атрадах было каля 1500 чал.

Г.​П.​Прышчэпаў.

т. 3, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)