ПАШКЕ́ВІЧ ((Paszkiewicz) Генрык) (10.3. 1897, г. Лодзь, Польшча — 8.12.1979),
польскі гісторык. Чл.-кар. Польскай АН у Кракаве (1945), д-р габілітаваны (1927), праф. надзвычайны (1939). Вучыўся ў Варшаўскім ун-це, з 1928 выкладаў у ім, адначасова ў 1934—39 выкладчык, паслязаг. кафедры сярэдневяковай гісторыі Вольнага польскага ун-та ў Варшаве. Удзельнік Польскай кампаніі 1939, да 1945 вязень канцлагера Мурнаў. З 1948 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі. У 1948—69 узначальваў кафедру сярэдневяковай гісторыі Польскага ун-та ў замежжы. Працы па гісторыі ВКЛ, палітыцы Польшчы ў адносінах да Літвы, Беларусі, Украіны і Расіі перыяду феадалізму: «Руская палітыка Казіміра Вялікага» (1925), «Ягелоны і Масква. Т. 1. Літва і Масква ў XIII і XIV ст.» (1933), «Утварэнне рускай нацыі» (1963) і інш. Склаў на лац. мове і выдаў «Рэгесты крыніц да гісторыі Літвы са старажытных часоў да уніі з Польшчай. Т. 1. Да 1315 г.» (1930).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВАРО́ТАЎ ДВАРЦО́ВЫХ ЭПО́ХА,
назва перыяду рас. гісторыі з 1725 да 1762, калі змена манархаў і правячых эліт адбывалася звычайна шляхам дварцовых пераваротаў, якія ажыццяўлялі дваранскія групоўкі, што змагаліся за ўладу. Асн. падзеі: у лют. 1725 пасля смерці Пятра I яго ўдава Кацярына I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым у абыход унука Пятра I Пятра Аляксеевіча (імператар Пётр II у 1727—30); у вер. 1727 групоўка старой маскоўскай знаці адхіліла ад рэгенцтва пры малалетнім Пятру II Меншыкава; у ліст. 1740 групоўка ген.-фельдмаршала Б.К.Мініха адхіліла ад рэгенцтва пры імператару-дзіцяці Іване VI Э.І.Бірона і зрабіла рэгенткай маці імператара Ганну Леапольдаўну; у снеж. 1741 Лізавета Пятроўна [1741—62] пры падтрымцы гвардыі скінула Івана VI; 9.7.1762 Кацярына II [1762—96] з дапамогай гвардз. палкоў скінула мужа Пятра III, які 18.7 1762 быў забіты яе прыхільнікамі, і заняла прастол у абыход сына Паўла I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫТАНІ́Т,
запаленне брушыны. Узнікае пераважна як ускладненне запаленчага працэсу ў органах брушной поласці (апендыцыт, халецыстыт, прабадная язва страўніка ці 12-перснай кішкі). Радзей сустракаецца як першаснае захворванне (пнеўмакокавы П. у дзяўчынак). Бывае інфекц. (выклікаецца кішэчнай палачкай, стрэптакокам, стафілакокам і інш.), асептычны (ад пападання ў брушную поласць крыві, жоўці, мачы). Адрозніваюць П. востры і хранічны. Найб. характэрныя прыкметы вострага П.: боль у жываце, напружанне (потым расслабленне) мышцаў брушной сценкі, ірвота. Пры П. адбываецца цяжкая інтаксікацыя. Класіфікуецца паводле гадзінных фактараў: першыя 24 гадзіны, пасля 72 гадзін, тэрмінальная стадыя. У першыя гадзіны ўсмоктванне ў кроў рэзка нарастае, што мае ахоўны характар (асабліва, калі змесціва перытанеальнай поласці не таксічнае, яно нейтралізуецца ў крыві і П. працякае лёгка); калі таксічнае (напр., у абадочнай кішцы), арганізм хутка гіне. Улічваецца таксама пашыранасць працэсу: мясцовы, дыфузны, агульны (пры якім смяротнасць дасягае 60—80%). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ГУРТО́К МО́ЛАДЗІ ПО́ЛЬСКА-ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЙ І МАЛАРУ́СКАЙ (Kolo młodzieży polskiej),
маладзёжная арг-цыя выхадцаў з Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны ў С.-Пецярбургу ў 1889—93. Аб’ядноўвала пераважна студэнтаў тэхнал. ін-та; усяго каля 25 чал., з якіх выбіраліся старшыня і касір. Старшынямі ў розны час былі К.Дабкевіч, І.Вілейшыс, М.Дамашэвіч, з крас. 1893 бел. паэт-дэмакрат А.Гурыновіч. У сваёй працы гурток эвалюцыяніраваў ад легальнай асветніцкай дзейнасці сярод рабочых да паліт. дзейнасці (прапаганда ў рабочых гуртках рэв. ідэй, кантакты з с.-д. арг-цыямі, спробы наладзіць сувязь з групай «Вызваленне працы», захады па набыцці рэв. л-ры і інш.). Спыніў існаванне пасля арышту, пачынаючы з чэрв. 1893, актыву. 3 чал. адміністрацыйна прыгавораны (без суда) да турэмнага зняволення; Гурыновіч у час папярэдняга зняволення цяжка захварэў і быў адпраўлены пад нагляд паліцыі ў фальварак бацькоў (Віленская губ.), дзе неўзабаве памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІК ((Pieck) Вільгельм) (3.1.1876, г. Губен, Германія — 7.9.1960),
германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1895 чл.С.-д. партыі Германіі (СДПГ). Адзін з заснавальнікаў «Спартака саюза» (1918) і Камуніст. партыі Германіі (КПГ; 1919), чл.ЦК КПГ. З 1921 дэп. ландтага Прусіі, у 1928—33 дэп. рэйхстага, у 1930—32 чл. прускага Дзярж. савета. Пасля прыходу да ўлады нацыстаў эмігрыраваў у Францыю (1933), потым у СССР, дзе з 1935 быў старшынёй КПГ у выгнанні. У 1928—43 чл. Выканкома Камуністычнага інтэрнацыянала. У 2-ю сусв. вайну адзін з заснавальнікаў (1943) і кіраўнікоў антыфаш. Нацыянальнага камітэта «Свабодная Германія». У 1945 вярнуўся ў Германію (сав.акупац. зона). У 1946—54 сустаршыня (разам з О.Гротэвалем) Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (створана ў выніку аб’яднання ва Усх. Германіі КПГ і СДПГ). З 11.10.1949 першы прэзідэнт Герм.Дэмакр. Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ЛЕ́ШЧАНСКІ МАНАСТЫ́Р Нараджэння Багародзіцы. Існаваў у 13 ст. — 1839 у прыгарадзе г. Пінск Лешча. Упершыню згадваецца ў летапісах у сувязі з уцёкамі сюды кн.Войшалкапасля забойства яго бацькі Міндоўга. У 14 ст. пінскі кн. Юрый Нарымунтавіч даў манастыру востраў паміж рэкамі Піна, Струмень і Орліца. Манастыр быў рэліг. і культ. цэнтрам Палесся, у ім жылі епіскапы Пінскай праваслаўнай епархіі, якія лічыліся архімандрытамі манастыра; тут, верагодна, вялося летапісанне, перапісваліся кнігі. У манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Успення Багародзіцы (верагодна, перанесены сюды ў 15 ст. з Турава). У 1580—84 замест царквы Нараджэння Багародзіцы пабудаваны новы драўляны храм Успення Багародзіцы. У 1668 манастыр стаў уніяцкім. Новы драўляны крыжова-купальны храм пабудаваны ў 1746 (у і.м лічылася цудатворнай разьбяная фігура Ісуса Хрыста). У 1839 манастыр скасаваны, царква згарэла ў канцы 19 ст.
А.А.Ярашэвіч.
Пінскі Лешчанскі манастыр. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́БАЛАВА,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабасна, каля аўтадарогі Бабруйск—Жлобін. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдЗ ад г. Рагачоў, 145 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Чырвоны Бераг. 705 ж., 263 двары (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква Пятра і Паўла (1990). Брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1918. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.
Вядома з 16 ст. як вёска Рэчыцкага пав.ВКЛ. З 1595 мястэчка, мела каралеўскі прывілей на гандаль і кірмашы, пацверджаны ў 1788. Належала Зяньковічам, Варанецкім, Жукоўскім, Маліноўскім. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 у Бабруйскім пав. Мінскай губ., з 1865 належала Кутаеву. У 1880-я г. каля 300 ж., 50 двароў, царква, млын, 4 крамы. З 1924 цэнтр сельсавета Рагачоўскага раёна. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі, разбурана. Адноўлена пасля вайны.
форма кантролю за паводзінамі вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. Праводзіцца з мэтай папярэджання з іх боку злачынстваў і аказання на іх неабходнага прафілактычнага ўздзеяння. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь устанаўліваецца судом паводле прадстаўлення адміністрацыі папраўчай установы і ажыццяўляецца крымін.-выканаўчай інспекцыяй па месцы жыхарства асуджанага. П.н. за асобай, якая дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў, устанаўліваецца да зняцця судзімасці. П.н. можа быць устаноўлены таксама за раней судзімымі за цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы або судзімымі 2 і больш разоў да пазбаўлення волі за любыя наўмысныя злачынствы, калі іх паводзіны ў час адбыцця пакарання і пасля вызвалення сведчаць пра нежаданне станавіцца на шлях выпраўлення. П.н. і звязаныя з ім абмежаванні ўстанаўліваюцца і спыняюцца судом у парадку, прадугледжаным заканадаўствам. Ажыццяўленне П.н. не павінна мець на мэце знявагу чалавечай годнасці і кампраметацыю паднагляднага па месцы яго работы і жыхарства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІЯ ПЕ́СНІ, пятроўкі,
песні летняга цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі. Вядомы беларусам і інш. славян. народам. Спявалі іх у час стараж. земляробчага свята Пятра (праз 5 дзён пасляКупалля). Сюжэтам яны блізкія да купальскіх песень і часам іх цяжка адрозніць. Аднак у П.п. мала абрадавых элементаў, дамінуюць сямейна-бытавыя, сямейныя матывы. На Беларусі ў некат. мясцовасцях пятроўкамі называюць усе купальскія песні, а таксама жніўныя песні (Столінскі, Жабінкаўскі р-ны). Ва ўсх. раёнах Магілёўшчыны да П.п. адносілі і траецкія песні. Таму жанравыя характарыстыкі П.п. даволі ўмоўныя. Найб. цікавыя П.п. з арыгінальнымі «пятроўскімі» напевамі. Вядомы ў Брэсцкім, Бешанковіцкім, Крупскім, Магілёўскім, Слаўгарадскім, Чавускім, Быхаўскім і інш. раёнах. Яны ўключаюць песні з больш ці менш выразнай секундавай пераменнасцю ніжняга апорнага тону і характэрнай заключнай 6-складовай фігурай мелодыка-тэкставага рытму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́МЦАЎ (Аляксандр Ільіч) (8.3.1905, в. Шарлык Арэнбургскай вобл., Расія — 13.4.1977),
савецкі военачальнік. Ген.-палкоўнік (1961). Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1945). Скончыў Ваен. школу ВЦВК (1932), Ваенную акадэмію імя М.В.Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы пры Акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1927. У 1936—37 удзельнік нац.-вызв. вайны ісп. народа 1936—39. З мая 1939 пам. камандзіра дывізіі, удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939. У Вял.Айч. вайну камандаваў брыгадай, дывізіяй, якая вызначылася ў Сталінградскай бітве 1942—43, з мая 1943 камандзір гвардз. корпуса. Ваяваў на Паўд.Зах., Данскім, Сталінградскім, Сцяпным, Варонежскім, 2-м і 1-м Украінскіх франтах. Пасля вайны камандаваў армейскімі злучэннямі, працаваў на розных адказных пасадах у Сав. Арміі.
Тв.:
На последнем рубеже: Зап.командира дивизии. Волгоград, 1964;