РАПРЫ́НЦАВА (Валерыя Міхайлаўна) (н. 11.1.1932, г. Варонеж, Расія),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі. Д-р мед. н. (1989). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1955). З 1965 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па механізмах рэгуляцыі і выдзялення катэхаламінаў у гангліях, уплыў на гэты працэс розных тэмператур.

Тв.:

Катехоламины в симпатических ганглиях. Мн., 1983 (разам з І.​А.​Булыгіным);

Высвобождение катехоламинов в симпатических ганглиях при антидромном раздражении // Успехи физиол. наук. 1986. Т. 17, № 3.

т. 13, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСА́,

атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады, якія асаджаюцца пры дадатнай тэмпературы на паверхні зямлі, раслін, наземных прадметаў вечарам, ноччу ці раніцай. Утвараецца ў выніку ахаладжэння паветра і кандэнсацыі вадзяной пары на асобных паверхнях, т-ра якіх апускаецца ніжэй пункту расы ў выніку страты цяпла выпраменьваннем. Утварэнню Р. спрыяе яснае надвор’е і слабы вецер. Колькасць ападкаў пры Р. невялікая (каля 0,1—0,3 мм за ноч). На Беларусі за год бывае 80—120 сут з Р. (у крас.ліст.).

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСКА́ТЫ,

у беларусаў чатырохколавы воз без кузава для перавозкі лесу. Пярэднія і заднія ходы з нізкімі падушкамі злучаліся рухома дышлем, на канцы восі задняга ходу насаджваліся дугі-жэрдкі (багулы, палонікі), скрыжаваныя паміж сабою канцамі. Пры пагрузцы лесу Р. разводзілі на даўжыню бярвён, паверх бярвён клалі багулы, якія служылі для трываласці ўкладкі і рэгулявання ходу на паваротах і ўхабах. У сял. гаспадарцы Р. шырока бытавалі ў канцы 19 — пач. 20 ст., пераважна на У Беларусі.

В.​С.​Цітоў.

т. 13, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЭРА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

[ад лац. rudus (ruderis) друз, буд. смецце], смеццевыя расліны, якія растуць каля будынкаў, на пустках, уздоўж шляхоў зносін і на падобных другасных (не палявых) месцах. Пераважна нітрафілы. Часта маюць прыстасаванні, якія дазваляюць ім пазбегнуць знішчэння чалавекам і жывёламі (непрыкметны выгляд, ядавітыя рэчывы, шыпы, жыгучыя валаскі і інш.). На Беларусі больш за 350 відаў з родаў аксамітнік, блёкат, вапнаўка, вярблюдка, герань, дурнап’ян, дурнічнік, крапіва і інш. Разам з сегетальнымі раслінамі складаюць групу пустазелля.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НЗАВЫ ВЕК,

перыяд у гісторыі чалавецтва, калі пашыралася металургія і апрацоўка бронзы, з якой выраблялі ўпрыгожанні, прылады працы, зброю. На некаторых тэрыторыях яму папярэднічаў энеаліт, калі побач з каменнымі ўжываліся медныя прылады. У 4—3-м тыс. да н.э. бронзу пачалі выплаўляць у краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі. У Еўропе пачатак эпохі бронзы прыпадае на мяжу 3-га і 2-га тыс. да н.э. ў Міжземнамор’і, на Пд Балканскага п-ва, Зах. Каўказе. Да канца 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. бронзавы век складваецца на ўскраінах Паўн.-Зах. і Паўн.-Усх. Еўропы. Заключны этап бронзавага веку прыпадае на 1300—700 да н.э. Першыя распрацоўкі медных, алавяных і інш. руд у Еўропе пачаліся на Балканах і Карпатах, з 1700—1500 да н.э. — ва Усх. Альпах. У гэты час усталёўваліся міжрэгіянальныя сувязі па абмене меддзю, бронзаю, золатам і інш., узніклі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, паглыблялася сац. дыферэнцыяцыя грамадства. Вял. значэнне набывалі войны і рабаўнічыя паходы. Важнай крыніцай існавання станавілася земляробства і жывёлагадоўля, распаўсюджваліся культы і вера ў багоў, звязаныя з гэтымі заняткамі. На тэр. Зах. і Цэнтр. Еўропы развіваліся археал. культуры унеціцкая, эльаргарвесекская, палёў пахаванняў і інш.; на тэр. Усх. Еўропы — тшцінецкая, камароўска-сосніцкая, катакомбавая, зрубная. Позні бронзавы век — перыяд буйных перамяшчэнняў народаў, што суправаджалася пашырэннем культуры курганных магіл, палёў пахавальных урнаў культуры, якія ў 12—10 ст. да н.э. ахоплівалі тэр. Цэнтр., а ў 10—8 ст. да н.э. паўшывалі на Зах. і часткова Паўн. і Паўд.-Усх. Еўропу. З культурамі эпохі бронзы звязваюць паходжанне многіх еўрап. народаў (ілірыйцаў, кельтаў, германцаў, балтаў і інш.).

На тэр. Беларусі аддаленасць ад стараж. цэнтраў металургіі стала прычынай захавання тут на больш працяглы час каменных прылад працы, але апрацоўваліся яны лепш, ужываліся шліфаванне, свідраванне, пілаванне, апрацоўка крэменю струменістай рэтушшу. Распаўсюдзілася здабыча крэменю шахтавым спосабам (гл. Шахты крэменездабыўныя). Бронзавых рэчаў на тэр. Беларусі мала — шылы, сякеры, наканечнікі коп’яў, упрыгожанні. Мясц. вытворчасць некаторых бронз. рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачаліся з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. Пашырыўся пласкадонны посуд разнастайнага асартыменту, што было выклікана паяўленнем агнішчаў з роўнай чарэнню, сталоў са шчапаных і часаных дошак і больш разнастайнай ежы. З Прыбалтыкі ў абмен на крэмень трапляў бурштын, з Прычарнамор’я і Каўказа — упрыгожанні са шклопадобнай масы і бронз. вырабы, з Карпата-Альпійскай вобл. і Скандынавіі — некаторыя метал. вырабы. Ужо ў пач. Бронзавага веку на тэр. Беларусі распаўсюдзіліся пахаванні нябожчыкаў на бескурганных і курганных могільніках, паявіўся пахавальны абрад трупаспалення. На заселеную аўтахтонным познанеаліт. насельніцтвам тэрыторыю праніклі плямёны розных культур шнуравой керамікі. Тэр. паўд.-ўсх. Беларусі занялі плямёны сярэднедняпроўскай, на зах. Палессі жылі плямёны шнуравой керамікі Палесся, у Панямонні — прыбалтыйскай культур (пра кожную культуру гл. асобны арт.), у Паазер’і — паўночнабеларускай культуры. Узаемаадносіны прышлых плямён і абарыгенаў у бронзавым веку характарызаваліся рознымі формамі ўзаемаўплыву і асіміляцыі. Гэтыя працэсы прывялі да фарміравання да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. тшцінецкай культуры ў бас. Прыпяці і на Паўд. Панямонні і роднаснай ёй сосніцкай культуры ў Падняпроўі. У канцы бронзавага веку пачалі складвацца пач. этапы мілаградскай, штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай культур. Трапляюцца сляды шматвалікавай керамікі культуры і лебядоўскай культуры, на ПдЗ Беларусілужыцкай культуры.

Літ.:

Артеменко И.И. Племена Верхнего и Среднего Поднепронья в эпоху бронзы. М., 1967;

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1972;

Исаенко В.Ф. Археологическая карта Белоруссии. Вып. 3. Памятники бронзового века. Мн., 1976;

История Европы: В 8 т. Т. 1. Древняя Европа. М., 1988.

М.​М.​Крывальцэвіч, М.​М.​Чарняўскі.

Да арт. Бронзавы век. Посуд сярэднедняпроўскай культуры з Беларускага Падняпроўя.

т. 3, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І МУ́ЗЫКІ.

Створаны 1.10.1944 з выпускнікоў Маскоўскага гар. тэатр. вучылішча (курс У.​Гатоўцава). З кастр. 1945 у Брэсце як абл. драм. т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі, у 1992—94 т-р драмы. Сучасная назва з 1995.

Творчае аблічча т-ра ў 1940—50-я г. вызначалі спектаклі героіка-рамантычнага кірунку, сярод якіх «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча (1953, прэмія Ленінскага камсамола 1967), «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Юнацтва бацькоў» Б.​Гарбатава, «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева, «Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага, «Авадзень» паводле Э.​Л.​Войніч, «Любоў Яравая» К.​Транёва, «Сапраўдны чалавек» паводле Б.​Палявога, «Людзі, якіх я бачыў» Б.​Смірнова. Гал. тэма творчасці т-ра на працягу ўсяго існавання — станаўленне і фарміраванне асобы сучасніка. Вызначальныя ў розныя перыяды творчасці былі спектаклі маральна-этычнай праблематыкі: «Машачка» А.​Афінагенава, «Старонка жыцця», «У добры час» і «У пошуках радасці» В.​Розава, «Фабрычнае дзяўчо» А.​Валодзіна, «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава, «Ленінградскі праспект» І.​Штока, «Арганаўты» Ю.​Эдліса, «Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева, «Характары» паводле В.​Шукшына і інш.

Значнае месца ў рэпертуары займае бел. драматургія: «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Ірынка» К.​Чорнага, «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Хамуціус» паводле А.​Куляшова, «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна і яго п’еса «І змоўклі птушкі», «Апраўданне крыві» паводле І.​Чыгрынава, «Салаўі спяваюць на волі» Я.​Рамановіча паводле аповесці З.​Бядулі «Салавей», «Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага, «Папараць-кветка» І.​Козела, «Людзі і камяні» і «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Выбачайце, калі ласка», «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Верачка», «Таблетку пад язык» і «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.​Макаёнка, «Разумная дачка» У.​Караткевіча паводле бел. нар. казак, «Апошняя інстанцыя», «Нашчадак», «Махляр паняволі» М.​Матукоўскага, «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча, «Парог» і «Вечар» А.​Дударава, «Чатыры крыжы на сонцы» («Выклік багам»), «Грэшнае каханне», «Аукцыён» («Прадаецца муж») А.​Дзялендзіка, «Ціхі прыстанак» А.​Паповай, «Лейтэнанты» і «Самы шчаслівы чалавек» А.​Пінчука, «Добрая памяць па сходнай цане» («Добрая памяць — за наяўныя») В.​Іпатавай, «Машэка» М.​Арахоўскага і інш. Прыкметнае месца ў творчасці калектыву займаюць пастаноўкі класічных рус. і замежных твораў: «Не ўсё кату масленіца», «Беспасажніца» і «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага, «Дваранскае гняздо» паводле І.​Тургенева, «Жывы труп» Л.​Талстога, «Чайка» і «Тры сястры» А.​Чэхава, «Звычайная гісторыя» паводле І.​Ганчарова, «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, «Дон Сезар дэ Базан» Ф.​Дзюмануара і А.​Дэнеры, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Пігмаліён» Б.​Шоу, «Атэла» У.​Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі — «Дрэвы паміраюць стоячы» А.​Касоны, «Від з моста» А.​Мілера, «Лаліта» Э.​Олбі (паводле У.​Набокава), «Гісторыя кахання» Э.​Сігла, «Маркіза дэ Сад» Ю.​Місіма, «Калі конь траціць прытомнасць» Ф.​Саган. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Ю.Арынянскага, А.Міронскага, І.Папова.

У розны час у т-ры працавалі: акцёры — нар. арт СССР Я.​Палосін; нар. артысты Беларусі Т.​Заранок, А.​Логінаў, Г.​Маркіна; засл. артысты Беларусі М.​Абрамаў, Т.​Аляксеева, А.​Асторына, Н.​Ганчарэнка, Л.​Весніна, У.​Говар-Бандарэнка, В.​Захарава, Т.​Канавалава, Г.​Качаткова, З.​Курдзянок, П.​Маркін, А.​Самараў, Л.​Сторажава, Б.​Уксусаў, Б.​Уладамірскі, Ю.​Уласаў, С.​Юркевіч; засл. дз. культуры Беларусі Л.Валчэцкі (дырэктар т-ра). У трупе т-ра (1996): засл. артысты Беларусі С.​Яўдошанка, К.​Перапяліца, Г.​Токараў. Гал. рэжысёр Я.​Натапаў (з 1996), гал. мастак В.​Лесін (з 1980). У 1963—67 пры т-ры дзейнічала лялечная група, на базе якой створаны Брэсцкі абласны тэатр лялек. У 1995 у склад т-ра ўключаны сімфанічны аркестр.

Літ.:

Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.

Р.​М.​Бакіевіч.

Да арт. Брэсцкі тэатр драмы і музыкі. Сцэна са спектакля «Хамуціус» паводле А.​Куляшова.

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВА,

асноўны інстытут сістэмы грамадства, які з’яўляецца гал. сродкам паліт. улады, арганізоўвае, накіроўвае і кантралюе сумесную дзейнасць і ўзаемаадносіны людзей, сац. суполак, слаёў, класаў і асацыяцый. Першапачаткова азначала супольнасць людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі, аб’ядноўваюцца і кіруюцца органамі ўлады, утворанымі з мэтай абароны жыцця, свабоды і маёмасці грамадзян, забеспячэння дзярж. суверэнітэту краіны. У такім сэнсе Дз. трактавалася да 17 ст., калі Н.​Макіявелі, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо абгрунтавалі дакладную размежаванасць Дз. і грамадства.

Асн. адзнакі Дз.: адасабленне публічнай улады ад грамадства, яе несупадзенне з арганізацыяй усяго насельніцтва, з’яўленне слоя прафес. кіраўнікоў; наяўнасць пэўнай тэрыторыі, суверэнітэту, г. зн. вярхоўнай улады над пэўнай тэрыторыяй, якая мае права выдаваць законы і ўтвараць нормы, абавязковыя для ўсяго насельніцтва; функцыянаванне асобай сістэмы органаў і ўстаноў, што складаюць механізм Дз., спецыфічнае месца ў якім займаюць праваахоўныя ін-ты (суд, пракуратура, а таксама армія, міліцыя і інш.); наяўнасць права, г. зн. абавязковых правіл паводзін, якія ўстанаўліваюцца і санкцыянуюцца, кантралююцца Дз.; існаванне падаткаў, якія неабходны для матэрыяльнага забеспячэння дзярж. палітыкі: эканам., сац., абароннай і інш.; абавязковасць членства ў Дз., грамадзянства. якое чалавек атрымлівае з моманту нараджэння ці па адпаведнай просьбе (у выніку эміграцыі і інш.).

Істотнае значэнне мае тыпалогія Дз. з пункту гледжання класавай прыроды дзярж. улады (якому сац. класу яна служыць). Існуе падзел (гал. чынам у марксісцка-ленінскай тэорыі) на рабаўладальніцкую, феад., бурж., пралетарскую Дз. Паводле формы праўлення адрозніваюць Дз. манархічную (абсалютную ў Саудаўскай Аравіі, Амане ці канстытуцыйную ў Англіі, Швецыі, Іспаніі) і рэспубліканскую (прэзідэнцкую ў ЗША, Расіі, Беларусі, Францыі і інш. ці парламенцкую ў Германіі, Ізраілі, Турцыі і інш.); паводле формы дзярж. ўладкавання — унітарную (Беларусь), канфедэратыўную (Швейцарыя), федэратыўную (Расія, ЗША, Мексіка); паводле паліт. рэжыму — дэмакратычную, аўтарытарную, таталітарную.

У сучасным грамадстве шырока абмяркоўваюцца праблемы станаўлення і развіцця прававой і сацыяльнай Дз. Для прававой Дз. характэрны: наяўнасць грамадз. супольнасці; абарона правоў і свабод асобы, грамадз. парадку, стварэнне прававых умоў для гасп. дзейнасці ўсім яе суб’ектам; прававая роўнасць усіх грамадзян, прыярытэт правоў чалавека над законамі Дз.; усеагульнасць права, яго распаўсюджанне на ўсіх грамадзян, усе арганізацыі і ўстановы, у т. л. і органы дзярж. улады; раздзяленне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад; суверэнітэт народа як канчатковага вытоку ўлады, падначаленасць яму дзярж. суверэнітэту. Сацыяльная Дз. — гэта такі сац.-паліт. ін-т, які забяспечвае кожнаму грамадзяніну дастойныя ўмовы існавання, сац. абароненасці, аднолькавыя магчымасці для самарэалізацыі кожнага чалавека ў грамадстве, саўдзельніцтва ў кіраванні вытв-сцю і інш. сферамі грамадскага жыцця, у т. л. палітычнага.

На тэр. Беларусі першыя дзярж. ўтварэнні існавалі ў 9—13 ст. у выглядзе буйных княстваў — Полацкага, Тураўскага, Мінскага (Менскага), Гродзенскага (Гарадзенскага), Навагрудскага (гл. адпаведныя арг.). Далейшае развіццё дзяржаўнасць набыла ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1569 ВКЛ уступіла ў канфедэратыўны саюз з Польшчай і стварыла разам з ёй адзіную Дз. Рэч Паспалітую. У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі былі далучаны да Расійскай імперыі. Адраджэнне бел. дзяржаўнасці адбылося ў пач. 20 ст. з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) і ўтварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919). 27.7.1990 прынята Дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце БССР. На сесіі Вярхоўнага Савета БССР 19.9.1991 зацверджана назва Дз. — Рэспубліка Беларусь. Паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994, зацверджанай рэферэндумам 1996, Рэспубліка Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакр. сацыяльна-прававой Дз.

Літ.:

Доўнар-Запольскі М.В. Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі. Мн., 1994;

Пугачев В.П., Соловьев А.И. Введение в политологию. 3 изд. М., 1997;

Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНА́Я ГАСПАДА́РКА,

галіна нар. гаспадаркі, якая займаецца зберажэннем, выкарыстаннем і аднаўленнем лесу. Прадугледжвае ўлік (гл. Лясны кадастр), лесаўпарадкаванне, своечасовае аднаўленне лесу і лесаразвядзенне (гл. Лясныя культуры), ахову лясоў ад пажараў, шкоднікаў і хвароб, найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў і зямель ляснога фонду, усебаковае выкарыстанне вода-, глеба- і полеахоўных, сан.-гігіенічных і інш. функцый лесу. Асн. палажэнні вядзення Л.г. і лесакарыстання закладзены ў Лясным кодэксе Рэспублікі Беларусь, а юрыд. нормы лясных адносін, зберажэння і аховы лесу — ў лясным заканадаўстве. Л.г. стварае базу для развіцця лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Асн. работы лесагаспадарчай вытв-сці: высечкі догляду лесу, сяўба і пасадка лесу, догляд лясных культур, асушэнне лясных зямель, збор насення, вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу і інш. Л.г. займаецца прамысл. вытв-сцю (перапрацоўка дробнатаварнай, нізкасартавой драўніны і адходаў Л.г.), а таксама зборам дзікарослых пладоў, ягад, грыбоў, лек. і тэхн. сыравіны. На Беларусі землі ляснога фонду займаюць 9,2 млн. га, або 44,3% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,4 млн. га (35,4%). Асн. дрэвавыя пароды: хвойныя (хвоя, елка) — 65%, цвердалістыя (граб, дуб, ясень, клён) — 4% і мяккалістыя (бяроза, асіна, вольха і інш.) — 31%. Агульны запас драўніны на корані складае 1,1 млрд. м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн. м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 75 млн. м³. Кіруе Л.г. Міністэрства лясной гаспадаркі, якому падпарадкавана 74% зямель ляснога фонду. Астатнія замацаваны за с.-г. прадпрыемствамі і інш. карыстальнікамі. Асн. адм.-гасп. адзінка — лясгас (у 1998 было 88 лясгасаў). Выконваюць усе лесагасп. работы і ажыццяўляюць кантроль за выкарыстаннем лесасыравінных рэсурсаў лясніцтвы. Штогод высечка лесу праводзіцца на пл. 26 тыс. га. Значная ч. драўніны ідзе на перапрацоўку. У 1997 нарыхтавана 11,6 млн. м³ драўніны. Экспартуецца дробнатаварная драўніна (дыяметрам 6—13 см): балансы для цэлюлознапапяровай прам-сці, руднічная стойка для шахтаў. Доля экспарту піламатэрыялаў у 1997 склала 38%, або 115,7 тыс. м³.

За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўлення павялічылася з 21% да 36%. На 1 жыхара рэспублікі прыпадае 0,73 га і 108 м³ лесу, што ў 2 разы вышэй за сярэднееўрап. ўзровень. Спецыфічнымі асаблівасцямі лясоў Беларусі з’яўляюцца: перавага маладых і сярэднеўзроставых насаджэнняў (81%), забалочанасць (15%) і радыеактыўнае забруджванне (23,3%). На землях, забруджаных радыенуклідамі, агульнай пл. 1723,3 тыс. га (на 1.1.1998) штогод праводзіцца лесааднаўленне і залясенне. У цэлым па рэспубліцы лесааднаўленне і залясенне ў 1997 праведзена на пл. 24,3 тыс. га, у т. л. 5,5 тыс. га на тэрыторыі забруджанай радыенуклідамі. Лесапасадачны матэрыял вырошчваецца ў 180 лясных гадавальніках. Штогод нарыхтоўваецца каля 140 т насення дрэвавых і хмызняковых парод. У 1997 лясгасамі нарыхтавана 1550 т ягад (журавіны, брусніцы, чарніцы), 203 т грыбоў, 37 т лек. сыравіны і 38 т мёду. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца лось, алень, дзік, казуля, вавёрка, заяц, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, барсук, рысь, выдра, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, курапатка, качка і інш. У 301 паляўнічай гаспадарцы працуе 131 спецыяліст-паляўніцтвазнавец і 986 штатных егераў. З 1991 у лясных угоддзях Беларусі арганізуюцца туры для замежных паляўнічых.

Навук.-даследчую работу па пытаннях Л.г. праводзяць у Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це і інш. Даследуюцца праблемы гібелі лясных насаджэнняў ад пажараў, уздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я, пашкоджання дзікімі жывёламі, хвароб лесу і інш. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове лесу ад шкоднікаў і хвароб. У 1997 біял. метад аховы выкарыстаны на пл. 16,1 тыс. га лясных насаджэнняў, хім. — 3,4 тыс. га. Гл. таксама Лесаводства, Лесазнаўства.

Літ.:

Рублевский С.А. Управление лесами и лесным хозяйством Белорусской ССР. Мн., 1979;

Янушко А. Д., Желибо Б. Н. Интенсификация лесного хозяйства Белоруссии и ее эффективность. Мн., 1975.

Р.​Р.​Паўлавец.

Да арт. Лясная гаспадарка. Сярэднеўзроставае клянова-асінавае насаджэнне.

т. 9, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

through

[Өru:]

1.

prep.

1) праз

а) The soldiers marched through the town — Жаўне́ры прамаршырава́лі празь ме́ста

б) to cut a tunnel through a mountain — прабі́ць тунэ́ль праз гару́

2) па

We travelled through Belarus — Мы падаро́жнічалі па Белару́сі

3) пры дапамо́зе чаго́, дзя́куючы чаму́

He became rich through hard work — Ён разбагаце́ў дзя́куючы цяжко́й пра́цы

4) на працягу, праз

through the year — на працягу́ го́ду

through entire life — праз усё жыцьцё

2.

adv.

1) навылёт, наскро́зь

The bullet hit the wall and went through — Ку́ля ўды́рыла ў сьцяну́ і прайшла́ навылёт

2) ца́лкам, зусі́м

He was wet through — Ён зусі́м прамо́к

3) ад пача́тку да канца́

She read the book through — Яна́ прачыта́ла ўсю́ кні́гу

4) аж да

The train goes through to Miensk — Цягні́к ідзе́ да са́мага Ме́нску

3.

adj.

скразны́

a through train — скразны́ цягні́к

through traffic — скразны́ прае́зд

- Are you through?

- through and through

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

БУКВА́Р, азбука,

падручнік для пач. навучання чытанню і пісьму. Прызначаны для выхавання дзяцей, развіцця іх мовы і лагічнага мыслення. Традыцыйна з’яўляецца крыніцай першых звестак пра краіну, народ, яго культуру. Уключае матэрыял, які фарміруе ў выхаванцаў нормы паводзін і ўзаемаадносін паміж старэйшымі і малодшымі. Асн. структурны склад буквара — літары, літараспалучэнні, склады, лічбы, граматычныя звесткі, павучанні, тэкставыя і ілюстрацыйныя матэрыялы, схемы, табліцы. Навуч.-выхаваўчую работу з букваром звычайна падзяляюць на 3 перыяды: падрыхтоўчы, букварны і паслябукварны.

Доўгі час грамату асвойвалі па царк. кнігах (псалтырах, часаслоўцах, апосталах). З 16 ст. пачалі ствараць і выдаваць спец. дапаможнікі. Першы друкаваны буквар на царк.-слав. мове ў рус. рэдакцыі — «Азбука» І.​Фёдарава (Львоў, 1574). На Беларусі адзін з першых буквароў выдалі ў 1593 у Вільні браты Л. і К.​Мамонічы. У 1596 у Вільні выйшаў буквар Л.​Зізанія. Па іх вучыліся чытаць і пісаць на Беларусі, Украіне, у Расіі і Літве. З 1590-х г. да 1653 на Беларусі выйшла 16 буквароў — больш за палавіну падобных выданняў на ўсх.-слав. землях. Тэрмін «Азбука» ў загалоўку кнігі ўпершыню з’явіўся ў віленскім (1596), «Буквар» — у еўеўскім (1618) брацкіх выданнях. У 17—19 ст. буквары друкавалі ў Вільні, Куцейне, Магілёве, Супраслі, Варшаве. У 1906 выдадзены «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (ананімна) і «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 побач з вучэбнымі дапаможнікамі для дзяцей у БССР друкаваліся буквары для лікбеза «Наша сіла — ніва ды машына: Лемантар для дарослых» М.​Байкова, С.​Некрашэвіча, М.​Багдановіча, 1925; «Наша сіла — Саюз. Лемантар для сельскагаспадарчых і лясных рабочых», 1926 і інш. Беларускія буквары выдавалі таксама А.​Федасенка, М.​Пігулеўскі і І.​Пісарчык, С.​Паўловіч і інш. У 1929—69 карысталіся букваром, складзеным Н.​Сіўко (1929—32 з Л.​Лукіной, 1937—41 з З.​Ліхачовай). З 1969 выйшла 18 выданняў буквара А.​Клышкі, у т. л. «Разразная азбука».

Літ.:

Голенченко Г.Я. Источники по истории белорусской культуры: (Старопечатные учебные книги XVI—первой половины XVII вв.) // Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1979;

Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983.

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)