ПАРА́ДАК РЭА́КЦЫІ па дадзеным рэчыве,

паказчык ступені пры канцэнтрацыі гэтага рэчыва ў кінетычным ураўненні рэакцыі (ураўненне, якое звязвае скорасць рэакцыі з канцэнтрацыяй рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць).

Паводле дзейных мас закону, скорасць v простай (аднастадыйнай) рэакцыі тыпу nAA + nBBpC + qD роўная: v = k C​nA​A C​nB​B, дзе CA і CB — канцэнтрацыі рэчываў A і B, k — канстанта скорасці рэакцыі, nA і nB — асобныя П.р. (па рэчывах A і B адпаведна). Для простай гамагеннай рэакцыі асобныя П.р. адпавядаюць стэхіяметрычным каэф. рэчыва ва ўраўненні хім. рэакцыі. Агульны (сумарны) П.р. роўны суме П.р. па ўсіх рэчывах, канцэнтрацыі якіх уваходзяць у кінетычнае ўраўненне: для простых рэакцый П.р. — цэлы лік (1,2 ці 3), для складаных (напр., паралельных, паслядоўных) рэакцый звычайна не супадае з сумай стэхіяметрычных каэф. (можа быць дробным і нават адмоўным лікам). П.р. залежыць ад механізму рэакцыі і ўмоў, у якіх яна адбываецца (можа змяняцца пры змене т-ры і ціску), і вызначаецца эксперыментальна. Гл. таксама Кінетыка хімічная.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧУ́ЦЦЯЎ О́РГАНЫ,

высокаспецыялізаваныя органы, з дапамогай якіх чалавек і жывёлы атрымліваюць інфармацыю з навакольнага асяроддзя.

Кожны П.о. складаецца з адчувальных (рэцэптарных) нерв. клетак і дапаможных структур; трансфармуе ў працэс нерв. ўзбуджэння толькі пэўны від энергіі, які ўздзейнічае на рэцэптары і перадае інфармацыю ў ц. н. с. Уяўляюць сабой сенсорныя сістэмы, складаюцца з 3 ч.: перыферычнай (рэцэптары), прамежкавай (перадача нерв. імпульсаў па правадных шляхах да падкоркавых цэнтраў), цэнтральнай (кара галаўнога мозга, дзе адбываецца аналіз і сінтэз адчуванняў). У залежнасці ад асаблівасцей развіцця, будовы, функцый нерв. і гліяльных кампанентаў П.о. падзяляюцца на 3 групы. Да 1-й адносяцца зроку органы і нюху органы; рэцэптарныя клеткі органаў зроку і нюху — нерв. (нейрасенсорныя). 2-я група: слыху органы, смаку органы, раўнавагі органы, утрымлівае гліяльныя клеткі (сенсаэпітэліяльныя), якія ўспрымаюць раздражненне і перадаюць узбуджэнне адчувальным нерв. клеткам. 3-я група: рэцэптарныя інкапсуляваныя і неінкапсуляваныя цельцы (перыферычныя ч. аналізатараў дотыку, ціску і інш.). П.о. садзейнічаюць найб. дасканаламу прыстасаванню арганізма да навакольнага асяроддзя.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛАМЛЕ́ННЯ ПАКА́ЗЧЫК абсалютны, адносіны скорасці святла (c) у вакууме да фазавай скорасці святла (v) у дадзеным асяроддзі: n = c/v. Залежыць ад хім. саставу асяроддзя, яго стану (т-ры, ціску і інш.) і частаты святла (гл. Дысперсія хваль). З дыэлектрычнай (ε) і магнітнай пранікальнасцямі (μ) звязаны суадносінамі: n = εμ . Адносны П.п. — адносіны фазавых скарасцей святла (ці хваль інш. прыроды) у 1-м (vi) і ў 2-м (v2) асяроддзях: n 21 = v1 v2 (Снэля закон) і ў той жа час адносіны сінуса вугла падзення (α) да сінуса вугла пераламлення (β): n 21 = sinα sinβ (гл. Пераламленне святла). З абсалютнымі П.п. асяроддзяў звязаны суадносінамі n 21 = n2 n1 . Для анізатропных асяроддзяў П.п. залежыць ад напрамку распаўсюджвання выпрамянення і яго палярызацыі. Паглынальныя асяроддзі апісваюцца камплексным П.п. (гл. Металаоптыка, Паглынанне святла, Паглынанне хваль).

Да арт. Пераламлення паказчык: n−sinα/sinβ — паказчык пераламлення; α і β — вуглы падзення і пераламлення адпаведна.

т. 12, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

прылады для вымярэння эл., магн., эл.магн. велічынь, якія характарызуюць параметры фіз. палёў, работу элементаў, прылад, прыстасаванняў радыёсувязі, радыёлакацыі, аўтаматыкі, тэлебачання і выліч. тэхнікі.

З дапамогай Р.п. ацэньваюць інтэнсіўнасць эл.-магн. палёў і выпрамяненняў, вызначаюць параметры элементаў радыёэлектронных схем (рэзістараў, кандэнсатараў, шпуль індуктыўнасцей, электронных, іонных і паўправадніковых прылад), аналізуюць від і параметры радыёсігналаў і перашкод, рэжымы работы і эксплуатацыйныя характарыстыкі электроннай і радыёапаратуры. У спалучэнні з рознымі вымяральнымі пераўтваральнікамі выкарыстоўваюцца таксама для вымярэння неэл. велічынь (т-ры, ціску і інш.). Р.п. працуюць у межах ад інфранізкіх да звышвысокіх частот пры напружаннях ад дзесятых доляў мікравольта да кілавольтаў. Шырока выкарыстоўваюцца лічбавыя метады вымярэнняў. Да Р.п. адносяцца асцылографы, вальтметры, генератары вымяральныя (у т. л. стандартных сігналаў), частатамеры, спектрааналізатары (гл. Спектральныя прылады), карэлометры і інш. аналагавыя і лічбавыя прылады.

На Беларусі выпускаюцца асцылографы, лічбавыя вальтметры, вымяральнікі частотных характарыстык, дыхтоўнасці вымяральнікі і інш.

Літ.:

Справочник по радиоизмерительным приборам. Т. 1—3. М., 1976—79;

Мирский Г.Я. Радиоэлектронные измерения. 3 изд. М., 1975.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 13, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗУВА́ЕЎ (Рыгор Аляксеевіч) (23.8.1895, Масква — 12.2.1989),

расійскі хімік-арганік. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1958). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). З 1927 у Ін-це высокага ціску АН СССР, адначасова ў Ленінградскім тэхнал. ін-це. З 1946 у Горкаўскім ун-це, адначасова ў 1956—62 дырэктар НДІ хіміі пры гэтым ун-це. З 1963 дырэктар-арганізатар Лабараторыі стабілізацыі палімераў, у 1969—88 дырэктар Ін-та хіміі АН СССР (г. Горкі). Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў, арган. пераксідаў, радыкальных рэакцый. Адкрыў спосаб генерыравання свабодных аліфатычных радыкалаў раскладаннем металаалкілаў (1931—35, разам з М.​М.​Катонам), рэакцыю ініцыіраванага дэкарбаксіліравання дыацылатаў ртуці (1954, разам з Ю.А.Альдэкопам, М.А.Майерам), прамую рэакцыю свабодных радыкалаў з ртуццю. Распрацаваў метады сінтэзу новых тыпаў металаарган. злучэнняў.

Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1971, 1985.

Тв.:

Металлоорганические соединения в электронике. М., 1972 (у сааўт.).

Літ.:

Воспоминания об академике Г.​А.​Разуваеве. М., 1992.

Р.А.Разуваеў.

т. 13, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тэрмабарака́мера

(ад тэрма- + баракамера)

герметычная камера, у якой можна змяняць тэмпературу і ціск паветра; выкарыстоўваецца пры вывучэнні ўплыву тэмпературы і ціску на чалавека, жывёл і раслін, для лячэння людзей, трэніроўкі касманаўтаў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПРЫЛІ́ВЫ І АДЛІ́ВЫ,

перыядычныя ваганні ўзроўню акіяна (мора), абумоўленыя сіламі прыцяжэння Месяца і Сонца ў спалучэнні з цэнтрабежнымі сіламі. Пад дзеяннем сіл, што ўзнікаюць пры абарачэнні Месяца вакол Зямлі і Зямлі вакол Сонца адбываецца дэфармацыя цвёрдага цела Зямлі і ваганні атм. ціску. Зямля пад дзеяннем прыліваўтваральных сіл Месяца і Сонца набывае форму эліпсоіда вярчэння. Водная абалонка Зямлі расцягваецца ўздоўж лініі, накіраванай да Месяца. Прыліваўтваральная сіла Сонца амаль у 2,2 раза меншая, чым Месяца, таму П. і а. ў большай ступені залежаць ад Месяца. Пры сутачным абарачэнні Зямлі П. і а. паслядоўна абыходзяць зямны шар; за месячныя суткі (24 гадз 50 мін) назіраюцца 2 прылівы і 2 адлівы. Іх велічыня і характар залежаць ад узаемнага размяшчэння Зямлі, Месяца і Сонца, ад геагр. шыраты, глыб. мора, формы берагавой лініі і інш. умоў. Прыліў найб., калі Зямля, Месяц і Сонца размяшчаюцца на адной прамой (сізігія), найменшы, калі Месяц, Зямля і Сонца ўтвараюць вугал 90° (квадратура). Найвышэйшы ўзровень у час П. і а. наз. поўнай вадой, ніжэйшы — малой вадой. У залежнасці ад перыяду адрозніваюць П. і а. паўсутачныя, сутачныя і мяшаныя (няправільныя). Пры паўсутачных П. і а. назіраюцца 2 поўныя вады і 2 малыя, пры сутачных — 1 поўная і 1 малая вада. Пры мяшаных П. і а. найб. пашыраны няправільныя паўсутачныя і няправільныя сутачныя прылівы. Велічыня П. і а. ў адкрытым акіяне да 1 м, у залівах і бухтах, берагі якіх паступова звужаюцца, пад’ём вады дасягае 18 м (зал. Фанды ў Атлантычным ак. каля берагоў Канады). Звычайна выш. прыліваў каля берагоў акіянаў 2—4 м, ва ўнутр. морах (Чорнае, Балтыйскае) некалькі сантыметраў. Энергія прыліваў можа выкарыстоўвацца на прыліўных электрастанцыях. У выніку зямных прыліваў адбываюцца верт. плаўныя зрушэнні паверхні да 50 см, змены сілы цяжару да 0,25-10​−5 м/с2 на экватары і інш. з’явы, вывучэнне якіх дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі і асаблівасці будовы зямной кары. Атм. прылівы выклікаюць паўсутачныя змены атм. ціску і адыгрываюць вял. ролю ў дынаміцы верхняй атмасферы.

Сілы, якія ўтвараюць прылівы і адлівы: 1 — цэнтрабежная сіла; 2 — прыцягненне Месяца; 3 — прыліваўтваральная сіла; Z — зеніт; C — цэнтр Зямлі; N — надзір.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гомайасматы́чны

(ад гр. homoios = падобны + асматычны)

які мае пастаянны ціск;

г-ыя жывёлы — водныя жывёлы, здольныя захоўваць прыблізна аднолькавы асматычны ціск крыві і тканкавай вадкасці, які не адпавядае асматычнаму ціску знешняга асяроддзя (параўн. пайкіласматычны).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

штамп

(ням. Stampfe, ад іт. stampa = пячатка)

1) форма для вырабу вялікай колькасці аднолькавых прадметаў спосабам ціску або чаканкі;

2) прамавугольная пячатка з назвай і адрасам установы, прадпрыемства, арганізацыі;

3) перан. збіты моўны выраз.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

паду́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Пасцельная рэч — напханы пухам, пер’ем, сенам і пад. мяшок (звычайна чатырохвугольны), які падкладваюць пад галаву. Люба прачнулася, прыжмурыўшыся, паглядзела на вокны, пазяхнула і зноў навалілася тварам у цёплую падушку. Шамякін. Пачуўшы брэх сабакі, .. [Ігнат] падняў з падушкі галаву і прыслухаўся. Капыловіч. // Што‑н. мяккае, пухкае. Гэта тр[а]сянка, відаць, каторы год пласт за пластам адкладвалася і ўтварыла цэлую падушку. Лобан.

2. Спец. Назва падкладак у аснове механізмаў, збудаваннаў, якія змякчаюць штуршкі, гасяць вібрацыю, засцерагаюць ад ціску, а рання. Падушка падмурка.

•••

Кіслародная падушка — медыцынскі прыбор для ўдыхання кіслароду.

Паветраная падушка — слой сціснутага паветра, здольны прыўзняць што‑н. над вадой, зямлёй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)