згра́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Прапарцыянальна і прыгожа складзены; спрытны. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. Волька .. цяпер стаіць перад сотнямі вачэй красуняй дзяўчынай, высокай, зграбнай, бы маладая вішня. Нікановіч. // Прыгожы па форме; далікатны. Белая кофта з адкінутым каўнерчыкам прыемна паказвае яе [Веры Ігнатаўны] зграбную шыю. Пестрак. // Зроблены з мастацкім густам. Зграбная ваза. Зграбная статуэтка. / Пра дрэвы, калоны і пад. Усюды тонкія зграбныя калоны, высокія скляпенні, лёгкія аркі. В. Вольскі.
2. Грацыёзны ў позах і рухах. Зграбная паходка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зава́ла, ‑ы, ж.
1. Прыстасаванне ў форме металічнага стрыжня або палкі для запірання дзвярэй. Жудро і Макарэнка зачыніліся на замок і завалу. Новікаў. Баніфацый імгненна зачыніў дзверы і наклаў завалу. Чарнышэвіч. У сенцах зноў заскрыпелі дзверы, грукнула адкінутая завала знадворных дзвярэй. Краўчанка.
2. Тое, што і завал (у 1 знач.). У гэту ноч яму [Грысю] з Модарам загадана зрабіць завалу на адной важнай дарозе. Кулакоўскі.
3. перан. Лянівы чалавек; лежабок. — Ну і народ, каб ён апрогся! Так запусціць зямлю нядбала? Не гаспадар быў, а завала! — Антось стаіць, штось разважае. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падму́рак, ‑рка, м.
1. Каменная або цагляная кладка пад што‑н.; фундамент. А вунь відзён і падмурак нейкай стадолы: значыць, і тут, у гэтай баравой глушэчы, распачалі нешта будаваць. Сабаленка. Домік стаіць на высокім, складзеным з камення падмурку і зухавата пазірае да бляску прамытымі акенцамі на пасёлак. Бяганская.
2. перан. Апора, аснова чаго‑н. Падмурак сацыялістычнай эканомікі. □ Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч. Кірыла Тураўскі быў першы пасля Іларыёна сярод тых, хто закладваў падмурак старажытнай рускай эстэтыкі. Майхровіч.
•••
Закласці падмурак гл. закласці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перастая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапсавацца, змяніцца якасна ад доўгага стаяння. Жыта перастаяла і асыпалася. Смятана перастаяла.
2. што. Перачакаць што‑н. стоячы. Перастаяць дождж пад страхой.
3. што. Захавацца ў якім‑н. становішчы нейкі час; праіснаваць даўжэй за што‑н. Вякі перастаіць сцяна, Усё стрывае цэгла. Бураўкін. Скрыпучае дрэва перастаіць здаровае. Прыказка. // Пастаяць больш чым трэба. Стаўшы каля машыны ў адзін рад — пагранічнік пасярэдзіне, Віктар з шафёрам па баках, дачакаліся шасці гадзін і на ўсялякі выпадак хвілін дзесяць перастаялі. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгажу́н, ‑а, м.
1. Прыгожы мужчына. Невядома адкуль прыблукаў у нашу вёску Сашка Трой. Чорны, як смоль, прыгажун і весяльчак. Пянкрат. [Сатараў] выдатнік вучобы і паэт, жыццярадасны і дасціпны прыгажун, высокі і тонкі, як чарацінка. Лось.
2. Аб кім‑, чым‑н. прыгожым. Па падаконніку апынуўся чырвоны, як полымя, прыгажун-певень. Шамякін. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі. Стаіць такі прыгажун [паравоз] ля дэпо, калёсы высокія, чырвоныя, не раўнуючы, як ногі ў бусла балотнага. Лынькоў.
•••
Пісаны прыгажун — вельмі прыгожы, такі, як на малюнку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́менькі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.
Разм. У спалучэнні з назоўнікамі з прасторамі або часавым значэннем выражае гранічную акрэсленасць месца, часу дзеяння. У саменькі поўдзень. □ Тут каза — як скокне ўбок, А Вавёрка — на дубок, Аж на саменькі вяршок. Муравейка. На саменькім ранку дэпутатка сельсавета, не адчыняючы веснічак, крыкнула ў двор: — Волька, ты дома? Скрыган. // Паказвае на непасрэдную блізкасць да каго‑, чаго‑н. За акном, каля саменькае сцяны, дзе стаіць круглаверхі клён, цяпер халодны і аголены, густа-густа збіраецца мрок, нібы гэтая цёмная ноч паставіла тут свайго вартаўніка. Колас. Наша хата стаяла пры саменькай дарозе. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
трэ́ска, ‑і, ДМ ‑сцы; Р мн. ‑сак; ж.
Тонкі кусок дрэва, адчасаны ад бервяна, палена і пад.; шчэпка. Доўгая белая трэска круцілася з-пад сякеры. Дуброўскі. Пахне свежымі трэскамі, стружкамі, пілавіннем, смалою — мусіць, кожны зможа ўявіць, які водар дрэва стаіць навокал, калі адразу ставіцца столькі новых зрубаў! Сіпакоў. Паволі, роўна чахкае яго бывалая сякера, плазуючы бервяно, і не трэскі ляцяць, а адганяецца ад бервяна суцэльная і доўгая, як дошка, трэска. Брыль. От яна [дзяўчына] спынілася, разаслала на зямлю дзяругу і пачала выбіраць і класці на яе большыя трэскі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уяві́цца, уявіцца; зак., каму.
Узнікнуць, з’явіцца ва ўяўленні. Дзеці засмяяліся. Ім уявілася, як конь будзе есці траву ў цуглях. Васілевіч. Яму [студэнту Івану] уявілася, як праз год ці два яго прыбор, удасканалены ім самім або кім-небудзь іншым, будзе ўжо ў заводскім цэху. Шахавец. Гарачуну на нейкі міг уявілася, што паравоз адарваўся ад рэек і павіс у паветры... Васілёнак. // і безас. Здацца, паказацца. Не спаў [Якаў], здаецца, а ўявілася, нібы стаіць ён з мяшком пад пахай каля панскага свірна, чакае, можа пані ўбачыць з пакояў ды пашле пакаёўку загадаць усыпаць яму, беднаму чалавеку, пуд-другі мукі. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Глядзець на каго‑, што‑н. з пэўнай мэтай; сачыць за кім‑, чым‑н. Раздражняе Тарэнту пудзіла, бо заўжды здаецца яму, што нехта жывы стаіць там, сярод канапель, і цікуе за яго дваром. Галавач. Усе прывыклі цікаваць тут за бусламі: то як сядзяць, то як ляцяць. Кулакоўскі. Надумаў я падпільнаваць [хто забірае вуды]. Увечары крадком у лазняках завёў і цікую. Савіцкі. // каго-што і з дадан. сказам. Выглядаць, падпільноўваць каго‑, што‑н. [Пастушкі] пачалі з-за кустоў цікаваць, што чалавек будзе рабіць далей. Крапіва. Удвух з бацькам, закапаўшыся ў стог сена, яны цікавалі зайцоў. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.
1. Паслядоўна, па чарзе заменьваць адно другім. Мы вывучылі .. кожны крок [вартавых], ведалі, як яны чаргуюцца на пастах: ведалі, хто калі патрулюе за агароджай, калі стаіць ля ўваходу, калі адпачывае. С. Александровіч. Непаўторныя ап’яняючыя часіны шчасця чаргаваліся з часінамі роспачы і душэўнага болю. Краўчанка. // Перыядычна паўтарацца. Шорганне чаргавалася размерна і рытмічна — раз-два! раз-два! Колас. // Размяшчацца паслядоўна адно за другім. Сасновыя бары чаргаваліся з забалочанымі хмызнякамі. Няхай.
2. У лінгвістыцы — заканамерна замяняцца адзін другім (пра гукі) у каранях або афіксах роднасных слоў або форм.
3. Зал. да чаргаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)