ЗЕ́ЕБЕК ((Seebeck) Томас Іаган) (9.4.1770, Талін — 10.12.1831),
нямецкі фізік. Чл. Берлінскай (1818) і Парыжскай (1825) АН. Вучыўся ў Берлінскім і Гётынгенскім ун-тах. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме і оптыцы. Адкрыў з’яву тэрмаэлектрычнасці (гл.Зеебека з’ява), пабудаваў тэрмапару і выкарыстаў яе для вызначэння т-ры. Даследаваў форму сілавых ліній магн. поля, вывучаў магн. дзеянне эл. току, палярызацыю святла, выявіў палярызацыйныя ўласцівасці крышталёў турмаліну.
Літ.:
Льоцци М. История физики. Пер. с итал. М., 1970. С. 263—264.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ВАЧ (Леанід Мікалаевіч) (н. 1.7.1945, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н., праф. (1993). Скончыў БДУ (1966). З 1970 у Гродзенскім ун-це (з 1993 прарэктар, у 1994—97 рэктар). Навук. працы па спектраскапіі складаных біяарган. сістэм. Развіў метады флюарэсцэнцыі і камбінацыйнага рассеяння святла ў дачыненні да даследавання біяарган. малекул.
Тв.:
ГКР-активные субстраты на основе тонких серебряных пленок, отожженных при высоких температурах (у сааўт.). // Оптика и спектроскопия 1996. Т. 81, № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫНІ́ЦА»,
бел. выдавецкая суполка, што існавала ў 1946—48 у лагеры для перамешчаных асоб у г. Мігельсдорф (Германія). Узначальвалі А.Марговіч і А.Бута. Выдавала чытанкі для вучняў пачатковых класаў М.Міцкевіча, падручнікі А.Верасеня («Паэтычная стылістыка»), М.Кунцэвіча («Лацінская мова»), творы Я.Купалы («Магіла льва»), М.Сяднёва («На край святла»), А.Кавалеўскага («Шапка-няўглядка»), зборнікі апавяданняў («Толькі сон»), а таксама «Скаўцкія гульні», «Скаўцкі спадарожнік», «Рэгулямін скаўцкіх спраўнасьцяў», часопісы «Напагатове», «У вырай» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫЁТ ((Mariotte) Эдм) (1620, г. Дыжон, Францыя — 12.5.1684),
французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1666) і адзін з яе заснавальнікаў. Навук. працы па механіцы, тэорыі цеплавых з’яў і оптыцы. Незалежна ад Р.Бойля адкрыў адзін з газавых законаў (гл.Бойля—Марыёта закон). Выявіў сляпую пляму на сятчатцы вока (1666), даследаваў рух вадкасцей і дыфракцыю святла. Напісаў трактат аб мех. сутыкненнях цел, сканструяваў шэраг розных фіз. прылад.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 107—109.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ́ТАНА КО́ЛЬЦЫ,
канцэнтрычныя светлыя і цёмныя кольцы, што назіраюцца вакол пункта судатыкнення сферычных паверхняў дзвюх лінз або выпуклай сферычнай лінзы з плоскай пласцінкай пры асвятленні іх монахраматычным святлом. Апісаны І.Ньютанам у 1675. Узнікаюць у выніку інтэрферэнцыі святла ў тонкім паветр. зазоры паміж судатыкнёнымі паверхнямі. Пры асвятленні немонахраматычным (напр., белым) святлом Н.к. становяцца каляровымі. Назіранне формы кольцаў з’яўляецца зручным метадам кантролю якасці шліфоўкі пласцінак і лінз, а таксама праверкі дакладнасці формы плоскай і сферычнай паверхняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНСПЕРМІ́Я (ад пан... + сперма),
гіпотэза пераносу жывых істот у касм. прасторы з аднаго цела на другое (напр., на Зямлю з космасу). Прапанавана ням. вучоным Г.Рыхтэрам (1865). Паводле гіпотэзы, жывыя зародкі занесены на Зямлю метэарытамі, касм. пылам або пад уздзеяннем ціску святла. Гіпотэза абапіраецца на звесткі пра высокую ўстойлівасць некат. мікраарганізмаў і іх спор да радыяцыі, глыбокага вакууму і інш. уздзеянняў. Аднак няма дакладных фактаў, якія б пацвярджалі пазаземнае паходжанне мікраарганізмаў, знойдзеных у метэарытах. Гл. таксама Абіягенез, Біягенез, Экзабіялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРНІ́К,
адзін з відаў ахаванага грунту для вырошчвання агародніны, кветкавых культур і іх расады. Тыпы П.: аднасхільны, двухсхільны; паглыблены, наземны (стацыянарны і пераносны). Найб. пашыраны паглыблены П., які размяшчаюць з У на З для лепшага выкарыстоўвання сонечнага святла. Укрываюць зашклёнымі рамамі, шырока выкарыстоўваюць празрыстую плёнку. Крыніцы абагрэву П.: сонца, біяпаліва (часцей конскі гной), падагрэтая вада, электраэнергія і інш. П. дае магчымасць атрымліваць ураджай на 7—25 сут раней і некалькі разоў за сезон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭТРО́ІДЫ,
група сінт. інсектыцыдаў аналагаў пірэтрынаў паводле характару і механізму фізіял. ўздзеяння. Хім. будовай некаторыя П. істотна адрозніваюцца ад прыродных. Найб. даследаваны эфіры хрызантэмавай к-ты (т.зв. П. першага пакалення), якія, як і пірэтрыны, лёгка акісляюцца на святле. П. новых пакаленняў маюць больш шырокі спектр дзеяння, эфектыўныя пры вельмі нязначных нормах расходу (напр., для найб. актыўнага з сучасных інсектыцыдаў дэльтаметрыну — 5—20 г/га), устойлівыя да ўздзеяння святла. Іх выкарыстоўваюць для апрацоўкі пасеваў многіх с.-г. культур, садоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАПСІ́Н,
зрокавы пурпур, пігмент палачак сятчаткі вока жывёл і чалавека, які адказвае за чорна-белы або змрочны зрок. Уяўляе сабой складаны бялок (хромаглікапратэід), які наскрозь «прашывае» мембрану фотарэцэптараў. У Р. уваходзяць бялок апсін, 2 алігацукрыдныя ланцугі і храмафорная група караціноіду рэтыналю (альдэгіду вітаміну А). У зрокавым акце пры паглынанні малекулай Р. кванта святла адбываецца абарачальная рэакцыя фотаізамерызацыі, канфармацыйныя перабудовы малекулы Р. Узнікае нерв. імпульс, які перадаецца ў патылічную долю галаўнога мозга, дзе фарміруецца зрокавы вобраз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФЛЕ́КС (ад лац. reflexus павернуты назад, адлюстраваны) у жывапісе і графіцы, водсвет, адлюстраванае святло і колер на якой-н. паверхні ад крыніцы святла, у т. л. неба, або суседніх прадметаў, што выклікае змены тону і колеру. Р. — з’ява ў прыродзе і здаўна вядомая мастакам (апісана Леанарда да Вінчы). Разнастайнасць Р. выявілася ў жывапісе ў 19 ст. з пачаткам работы мастакоў на адкрытым паветры і набыла сістэматычны характар у імпрэсіяністаў і творах мастакоў, якія працавалі на пленэры.