ВАЛЬФРА́МАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання вальфраму. Гал. мінералы: вальфраміт (74—76% WO3), шэеліт (80% WO3), гюбнерыт. Мінім. колькасць WO3 у рудзе 0,4—0,5%. Асн. прымесі: малібдэн, волава, берылій, золата, медзь, свінец, цынк і інш. Радовішчы вальфрамавых руд эндагенныя (пегматытавыя, скарнавыя, грэйзенавыя, гідратэрмальныя) і экзагенныя (дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы). Буйныя радовішчы ў Расіі, ЗША, Паўд. Карэі, КНР, Аўстраліі, Балівіі, Канадзе, Турцыі.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЯ ФА́БРЫКА ПІЯНІ́НА.

Створана ў 1935 у г. Барысаў на базе лесазавода. У Вял. Айч. вайну разбурана, адноўлена ў 1944. У 1944—65 рэканструявана і расшырана (пабудаваны гал. вытворчы корпус, цэхі металадэталяў, лесапільны, сушыльны і інш.). З 1976 галаўное прадпрыемства ВА «Белмузпрам». Асн. прадукцыя (1995): піяніна, цымбалы, акустычныя гітары, электрагітары, дзіцячыя цацкі, шахматы і інш.

Барысаўская фабрыка піяніна. Цэх зборкі піяніна.

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІМПІ́ЙСКАЯ ХА́РТЫЯ,

збор статутных дакументаў па пытаннях алімпійскага руху. Зацверджана ў 1894 Міжнар. спарт. кангрэсам у Парыжы. Вызначае асн. мэты, прынцыпы, палажэнні і правілы арганізацыі і правядзення Алімпійскіх гульняў. Гал. палажэнні алімпійскай хартыі распрацаваны П. дэ Кубертэнам. Складаецца з 5 раздзелаў, афіц. тлумачэнняў і інструкцый, якія маюць абавязковы характар. Да Алімпійскай хартыі прыкладаюцца правілы правядзення рэгіянальных гульняў, якія апякуе Міжнародны алімпійскі камітэт.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯ́СКА (Alaska),

адкрыты заліў Ціхага ак., каля берагоў Паўн. Амерыкі, паміж п-вам Аляска і в-вам Ванкувер. Пл. 384 тыс. км², шыр. каля ўвахода больш за 2200 км, глыб. да 4929 м. Прылівы паўсутачныя (да 12 м) і мяшаныя (да 6,8 м). У заліве Аляска — архіпелагі Кадзьяк, Аляксандра і а-вы Каралевы Шарлоты. Гал. парты: Сьюард (ЗША), Прынс-Руперт (Канада).

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНЫЯ СІСТЭ́МЫ АДЗІ́НАК,

сістэмы адзінак, у якіх вытворныя адзінкі вызначаюцца праз абмежаваную колькасць асноўных. У лік асн. выбіраюцца гал. чынам адзінкі даўжыні, масы і часу. Ідэя стварэння абсалютных сістэм адзінак належыць К.Ф.Гаўсу (за асн. адзінкі прыняў міліметр, міліграм і секунду). Да абсалютных сістэм адзінак адносяцца сістэма адзінак СГС (сантыметр, грам, секунда) і натуральныя сістэмы адзінак. Гл. таксама Адзінкі фізічных велічынь, Сістэмы адзінак.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТЛАНД (Gotland),

самы вял. востраў у Балтыйскім м., тэр. Швецыі. Утварае самастойную адм. адзінку (лен). Пл. 2960 км². Нас. 57,6 тыс. чал. (1993). Паверхня — плато (выш. да 83 м), складзенае з вапнякоў і пясчанікаў; пашыраны карставыя формы рэльефу. Клімат умераны, марскі. Хвойныя і шыракалістыя лясы. Тарфянікі. Рэзерват Хал-Хангвар. Пасевы збожжавых, бульбы. Жывёлагадоўля. Распрацоўкі вапняку. Адм. цэнтр і гал. порт — г. Вісбю.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ (Аляксей Іосіфавіч) (4.4.1935, в. Горадна Крупскага р-на Мінскай вобл. — 31.5.1993),

бел. матэматык. Скончыў БДУ (1959). З 1960 на Мінскім з-дзе ЭВМ, з 1975 гал. матэматык Мінскага ВА выліч. тэхнікі. Навук. распрацоўкі і вынаходствы ў галіне матэм. забеспячэння ЭВМ серыі «Мінск», ЕС ЭВМ і спец. вырабаў выліч. тэхнікі, аўтаматызацыі праектавання і вытв. працэсаў. Дзярж. прэмія СССР 1978.

А.​П.​Савік.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗУМРУ́Д, смарагд,

мінерал, рэдкая празрыстая разнавіднасць берылу, афарбаваная прымессю хрому (Cr​3+ да 2%) у яркі густа-зялёны колер. Бездэфектныя крышталі масай больш за 5 каратаў цэняць вышэй, чым алмазы такіх жа памераў. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе як каштоўны камень 1-га класа. Гал. радовішчы І. ў Расіі, ПАР, Бразіліі, Індыі, Замбіі, Зімбабве і інш. Сінтэтычныя І. выкарыстоўваюць у квантавай электроніцы.

т. 7, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́РА 1) гаспадарчая пабудова або памяшканне для захоўвання збожжа, прадуктаў харчавання; сховішча найб. каштоўнай маёмасці.

2) У ВКЛ і Рэчы Паспалітай у канцы 15—18 ст. — мытня, дом, дзе ацэньваўся тавар, які правозілі купцы і інш. гандляры, і спаганялася мыта. К. ставілі на ўсіх гал. гандлёвых шляхах, а іх аддзяленні (прыкаморкі) — на другарадных дарогах.

3) У 19 — пач. 20 ст. — кантора пры лясніцтве.

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАРК ((Clarke) Франк Уіглсуарт) (19.3.1847, г. Бостан, ЗША — 23.5.1931),

амерыканскі геахімік. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1911). Скончыў Гарвардскі ун-т (1867). З 1874 праф. ун-та ў г. Цынцынаты. У 1883—1924 гал. хімік Геал. камітэта ЗША. Навук. працы па вызначэнні складу розных неарганічных прыродных утварэнняў і зямной кары. Распрацаваў метад і правёў падлікі сярэдняга хім. складу зямной кары (гл. Кларкі).

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)