бурт, ‑а, М ‑рце, м.

Доўгі капец бульбы, агародніны, сіласу і пад. Метраў за трыста ад балота калгаснікі склалі тры бурты, відаць, насенкі, з якіх адзін быў толькі прыкрыты саломай. Паслядовіч. Яны ўдвух [Курловіч і Парфёнчык] скублі салому, уціскалі вяроўкамі вязкі, насілі на гарод і ўкрывалі бурты бручкі. Дуброўскі. // Доўгая спецыяльна складзеная на захоўванне куча, скірда якога‑н. угнаення, торфу і пад. Бурт кампосту. Бурт торфу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апёк, ‑у, м.

1. Пашкоджанне цела агнём, сонцам, радыяцыяй ці чым‑н. іншым гарачым, пякучым. Тэрмічны, хімічны, электрычны апёк. □ [Доктар:] — На твары слядоў ад апёку ўжо і цяпер амаль не відаць. Мележ.

2. Месца на целе, пашкоджанае агнём ці чым‑н. гарачым, пякучым. [Доктар:] — Наш хворы ў цяжкім стане — На твары адны апёкі, На ногі ён скора ўстане, А вось ці залечым шчокі. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асфа́льт, ‑у, М ‑льце, м.

1. Прыродная або штучная чорная смалістая маса, якая выкарыстоўваецца ў некаторых галінах прамысловасць і якой пакрываюць дарогі, тратуары. Тхнула смалістым вод[а]рам, ішлі дымы... Людзі мяшалі кіпучы асфальт. Чорны. [Хлопцы] падняліся на ўзвышша, адтуль была відаць пакрытая асфальтам дарога. Гурскі.

2. Дарога, тратуар, пакрытыя такой масай. Ледзь чутна шасцяць па асфальце таксі. Навуменка. Асфальт скончыўся. Далей пайшла брукаваная шаша. Корбан.

[Ад грэч. ásphaltos — горная смала.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

задарма́, прысл.

Разм.

1. Бясплатна, дарма. Адразу кідалася ў вочы, што чалавек, які жыве тут [у шалашы], любіць парадак і не задарма есць панскі хлеб. Колас. // Вельмі танна, за малую плату. Як ні шкада было, прадаў скрыпку, амаль што задарма. Сяргейчык.

2. Без падставы, дарэмна. Ніякавата, відаць, стала [жанчыне], што задарма ўпікнула чалавека. Скрыган. // Дарэмна, без патрэбы. — Пераапраніцеся, таварыш камісар.. Навошта задарма жыццём рызыкаваць? Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. Задрамаць, заснуць на адно імгненне. Лежачы дагары і ўзіраючыся ў чорную цемрадзь, .. [Ігнась] марыў, — смела і прыгожа, пакуль не замгнуў. Мурашка. — Мы, відаць, трохі былі замгнулі, — пазяхнуўшы, адказаў Ладуцька. Кулакоўскі.

2. што. Засынаючы, заплюшчыць, сплюшчыць (вочы, павекі). Здаецца ж, і не спаў зусім, толькі на хвіліначку замгнуў вочы, а прахапіўся — белая раніца. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маёўка, ‑і, ДМ маёўцы; Р мн. маёвак; ж.

1. Нелегальны сход рабочых у дарэвалюцыйнай Расіі ў дзень 1‑га Мая (звычайна за горадам). На сярэдзіне маёўкі прыбег вартаўнік шляху і сказаў, што ўперадзе відаць поўна сялянскіх фурманак. Мурашка.

2. Вясенняя загарадная прагулка, гулянне на ўлонні прыроды. Кожны год у дзень Перамогі ўвесь калектыў завода выязджаў на маёўку на паўвостраў Самшытавы. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мура́шнік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Надземная частка жылля мурашак у выглядзе кучы, капца зямлі, лісцяў і г. д. То тут, то там былі відаць шэрыя стажкі мурашнікаў. Сіняўскі.

2. ‑у. Мурашкі, якія жывуць у такім жыллі. // перан. Разм. Аб мностве людзей, якія рухаюцца, мітусяцца. З мільённага людскога мурашніку, што трапятаў перад Ганнінымі вачыма, рэльефна выступала фігура Рыгора. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неарганізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены арганізаванасці; бязладны, непланамерны. [Слаўна:] — [Атрады] ёсць, але, відаць, яшчэ малыя, неарганізаваныя. Новікаў.

2. Які не можа дзейнічаць дакладна і планамерна, правільна арганізаваць жыццё; недысцыплінаваны. Андрэйка Казакевіч запісаўся ў калгас не самы першы. А чаму не першы? На гэта сам ён цяпер кажа: «Неарганізаваны я быў хлопец». Чорны.

3. Які не ўваходзіць у склад якой‑н. арганізацыі. Неарганізаваная моладзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастухо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пастуха, уласцівы яму. Большую ўвагу сярод свайго пастухоўскага брата аддаваў Цімох Яхімаву Юзіку. Колас. Любіць яшчэ пісьменнік вечарамі раскласці на двары вогнішча, прысесці ля яго пакурыць. Гэта, відаць, звычка далёкага пастухоўскага маленства. С. Александровіч. Сярод песень, сабраных М. Федароўскім, — любоўныя, сямейныя, вясельныя, радзінныя, купальскія, жніўныя, дзіцячыя, пастухоўскія, рэкруцкія, балады, прыпеўкі і г. д. Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перастара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Паказаць празмерную стараннасць у чым‑н., залішне пастарацца. І Анюта перастаралася. Карычневы пухір вырас значна большы, чым ён вырастаў кожны раз, калі яго надзімалі раней. А гэта прывяло да бяды — цацка лопнула. Корбан. [Цімохін:] — А капец той сам старшыня завяршаў .. Прыбег на поле, схапіў рыдлёўку і засыпаў капец зямлёй. Ды, відаць, перастараўся, зашмат зямлі накінуў. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)