ПРО́СА (Panicum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў тропіках, субтропіках, некат. — ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. Вырошчваюць пераважна П. звычайнае, або пасяўное, сапраўднае, мяцёлчатае (P. miliaceum). У Еўразіі і Паўн. Афрыцы вядома ў культуры за 3 тыс. гадоў да н.э. На Беларусі рэшткі насення знойдзены пры раскопках гарадзішчаў 5 ст. да н.э.

П. звычайнае — аднагадовая травяністая расліна з валасніковістымі каранямі выш. 70—100 см. Лісце лінейна-ланцэтнае, апушанае. Суквецце — раскідзістая, радзей сціснутая мяцёлка. Плод — зярняўка. Зерне выкарыстоўваецца як крупы (проса), разам з адходамі яго перапрацоўкі ідзе на корм жывёле і птушкам. Прасяная салома па якасці блізкая да сена. Пад назвай «П.» культывуюць расліны інш. родаў сям. метлюжковых, напр., магар, чуміза, брыца звычайная (курынае П., японскае П.), мяшэй італьянскі (італьянскае П.). Харч., кармавая расліна.

Проса звычайнае: 1 — агульны выгляд; 2 — мяцёлкі падвідаў.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

kolonia

koloni|a

ж.

1. калонія;

~e angielskie w Afryce — англійскія калоніі ў Афрыцы;

2. калонія; зямляцтва; дыяспара;

3. ~e мн. дзіцячы лагер;

~e letnie — летні лагер для дзяцей;

4. пасёлак, ускраіна, перыферыя; ваколіца;

mieszkać na ~i — жыць на выселках

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

марсі́лея, марсі́лія

(н.-лац. marsilea)

водная папараць сям. марсілеевых з паўзучым карэнішчам і доўгачаранковым плаваючым лісцем, пашыраная ў розных кліматычных зонах, асабліва ў Аўстраліі і Паўд. Афрыцы; на Беларусі культывуецца ў акварыумах, аранжарэях.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

панкра́цыум

(н.-лац. pancratium)

вечназялёная травяністая расліна сям. амарылісавых з бліскучым лісцем і буйнымі белымі пахучымі кветкамі ў парасоніках, пашыраная ў Міжземнамор’і, Малой Азіі, трапічнай Азіі і Афрыцы; на Беларусі вырошчваецца як пакаёвая.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

само́люс

(н.-лац. samolus)

травяністая расліна сям. першакветных з прадаўгаватым лісцем і дробнымі белымі кветкамі ў гронках, пашыраная пераважна ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Аўстраліі і Паўд. Афрыцы; на Беларусі трапляецца вельмі рэдка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эспа́рта

(ісп. esparto)

1) травяністая расліна з роду кавылю сям. злакаў, пашыраная ў Паўд. Зах. Еўропе і Паўн. Афрыцы;

2) валакністы матэрыял з лістоў гэтай расліны;

3) сорт паперы, выраблены з гэтага матэрыялу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАДАСХО́ВІШЧА,

штучны вадаём для збору і назапашвання вады. Звычайна вадасховішчы ствараюцца ў далінах рэк вышэй ад водападпорнага збудавання. Пад В. выкарыстоўваюцца таксама азёры, узровень якіх падымаюць плацінай на рацэ, якая пачынаецца з возера. Наліўныя вадасховішчы ў лагчынах, ярах і кар’ерах запаўняюцца вадой пры дапамозе падвадных каналаў і труб помпавымі станцыямі. Бываюць вадасховішчы ў марскіх залівах, адгароджаных дамбай. Аб’ём вады ў вадасховішчы звычайна больш за 1 млн. м³, пл. больш за 1 км² (меншыя вадасховішчы часцей наз. сажалкамі). Вадасховішчы выкарыстоўваюць для рэгулявання сцёку рэк, водазабеспячэння, рэкрэацыі, патрэб рыбаводства, лясной гаспадаркі, прам-сці, энергетыкі, воднага транспарту, у экалагічных мэтах. Адрозніваюць вадасховішчы шматгадовага, сезоннага (пераважаюць на Беларусі), тыднёвага і сутачнага рэгулявання сцёку. Вадасховішчы робяць уплыў на навакольнае асяроддзе, мяняюць гідралагічны рэжым вадацёкаў і вадаёмаў, узровень грунтавых водаў, расліннасць, мікраклімат і клімат у паласе ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У выніку буд-ва вадасховішчаў затапляюцца і падтапляюцца значныя плошчы зямель, існуе небяспека аварый і катастроф (нават антрапагенных землетрасенняў) пры прарыве вады праз плаціну ці дамбу. Патрабуецца пастаянны нагляд за берагамі і катлавінай вадасховішча, правядзенне работ супраць заглейвання, абмялення, зарастання воднай расліннасцю, замору рыбы і інш.

Першыя вадасховішчы ўзніклі да н.э. ў Стараж. Егіпце, на Б. Усходзе, у Кітаі, Японіі, Індыі і інш. краінах Усх. і Паўд. Азіі пераважна для арашэння. Самыя буйныя вадасховішчы створаны ў Афрыцы, Азіі і Амерыцы. Паводле аб’ёму вады найб. Брацкае вадасховішча ў Азіі (каля 169 км³), па плошчы — Вольта ў Афрыцы (8480 км²). На Беларусі ў пач. 19 ст. невялікія вадасховішчы ўваходзілі ў воднатрансп. шляхі, што злучалі Балтыйскае і Чорнае моры. Інтэнсіўнае буд-ва іх пачалося ў 1950-я г, пабудавана 145 вадасховішчаў агульным аб’ёмам вады 3,1 км³ і пл. воднага люстра 814 км² (1995). Найб. Вілейскае вадасховішча і Заслаўскае вадасховішча, якія ўваходзяць у Вілейска-Мінскую водную сістэму.

Літ.:

Авакян А.Б., Салтанкин В.П., Шарапов В.А. Водохранилища. М., 1987.

В.​В.​Дрозд.

Да арт. Вадасховішча. Возера-вадасховішча Люнерзе ў басейне р. Іль (Аўстрыя).
Да арт. Вадасховішча. Заслаўскае вадасховішча — адно з найбольшых у Беларусі.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛЫ́ (Aquila),

род птушак атр. сокалападобных. 9 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн. Амерыцы. Насяляюць гарыстыя, стэпавыя, пустынныя і лясныя мясцовасці. Ёсць рэдкія арлы, напр. стэпавы (арол чарах) і вельмі рэдкія, напр. іспанскі падвід арла-магільніка (A. heliaca adalberti), які ўключаны ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 5 відаў: падворлікі (вялікі і малы), беркут, арол-карлік, арол-магільнік. Найб. пашыраны малы падворлік. Іншыя трапляюцца абмежавана і ў невял. колькасці. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. цела да 1 м, размах крылаў да 2,4 м. Апярэнне звычайна бурае. Хвост даволі кароткі. Ногі апераны да пальцаў. Гняздуюцца на зямлі, скалах ці дрэвах. Нясуць 1—3 яйцы. Кормяцца звярамі малой і сярэдняй велічыні, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, зрэдку мярцвячынай. Здабычу высочваюць у палёце або падпільноўваюць, седзячы на ўзвышаным месцы. Знішчаюць шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі. Арламі часам наз. і прадстаўнікоў інш. родаў драпежных птушак.

Арлы: 1 — стэпавы; 2 — іспанскі магільнік.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУСІ́НАЯ ЦЫБУ́ЛЯ (Gagea),

род кветкавых раслін сям. лілейных. Больш за 130 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, а таксама ў Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляюцца 8 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя гусіная цыбуля жоўтая (G. lutea) і малая (G. minima). Растуць пераважна ў вільготных лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках, садах і парках. Рэдка трапляюцца: гусіная цыбуля зярністая (G. granulosa), пакрывальцавая (G. spathacea), Пачоскага (G. paczoskii). Толькі па звестках навук. л-ры вядомы гусіная цыбуля лугавая (G. pratensis), нізенькая (G. pusilla) і чырванеючая (G. erubescens).

Невысокія шматгадовыя травяністыя расліны, ранаквітучыя цыбульныя эфемероіды (улетку надземныя часткі адміраюць) з 1—3 цыбулінамі (іншы раз каля асновы гал. цыбулін развіваецца шмат дробных цыбулінак). Прыкаранёвы ліст 1, зрэдку 2. Кветкі дробныя, жоўтыя (рознага адцення), радзей белаватыя, зеленаватыя ці чырванаватыя, у раскідзістых гронка-парасонападобных суквеццях. Плод — трохгнездавая каробачка. Лек., харч., кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Гусіная цыбуля жоўтая.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНО́ВЕЦ (Chamaecytisus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўропы (пераважна ў Міжземнамор’і), у Зах. Азіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі ў цэнтр. і ўсх. раёнах Палесся часцей трапляецца З. рускі (Ch. ruthenicus), у зах. — рэгенсбургскі (Ch. ratisbonensis). Растуць у хваёвых лясах, на ўзлесках, пясчаных месцах. 12 відаў — З. аўстрыйскі (Ch. austriacus), голы (Ch. glaber), пурпуровы (Ch. purpureus), падоўжаны (Ch. elongatus), чарнеючы (Ch. nigricans) і інш. інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН. Некат. з іх выкарыстоўваюцца ў зялёным буд-ве.

Лістападныя, радзей шматгадовазялёныя кусты і кусцікі з апушанымі прамастойнымі парасткамі выш. да 3 м. Лісце трайчастае, рэдка простае, цэласнае, чаранковае, апушанае; лісцікі адваротна-яйцападобныя, на канцы з шыпікамі. Кветкі двухполыя, матыльковага тыпу, жоўтыя, белыя, радзей пурпуровыя ці ружаватыя, размешчаны ў пазухах лісця, утвараюць суквецці. Плод — струк. Лек., меданосныя, фарбавальныя і дэкар. расліны; ёсць ядавітыя.

Г.​У.​Вынаеў.

Зяновец чарнеючы.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)