СУ́СЛІКІ (Citellus),

род грызуноў сям. вавёркавых. Вядомы з міяцэну (каля 10—5 млн. г. назад). 36 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Насяляюць лугі, стэпы, лесастэпы, пустыні і інш. Жывуць у норах. На зіму ўпадаюць у спячку. Многія віды — пераносчыкі і носьбіты ўзбуджальнікаў чумы і інш. На Беларусі (пераважна ў паўд. ч.) трапляецца С. рабы (C. suslicus). У выкапнёвым стане ў Чачэрскім р-не знойдзены рэшткі С. вял. (C. major), інш. відаў — у Віцебскім і Гродзенскім р-нах.

Даўж. цела да 40 см, хваста да 25 см. Афарбоўка ад пясчана-вохрыстай да буравата-шэрай. Вушныя ракавіны малыя. Ногі кароткія. Расліннаедныя. Нараджаюць да 17 дзіцянят. Аб’ект промыслу.

Э.​Р.​Самусенка.

Суслікі: 1 — шэры; 2 — рабы.

т. 15, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́НГА (ісп. tango),

старадаўні іспанскі нар. танец, блізкі да цыганскіх танцаў т.зв. стылю фламенка. Муз. памер ​2/4. Тэмп павольны. Мелодыя кубінскага паходжання. У 20 ст. ў змененым выглядзе атрымаў пашырэнне ў Амерыцы (пад назвай «аргенцінскае Т.») і Еўропе як салонны і эстр. парны танец. У яго харэаграфіі зліліся рысы ісп. і аргенцінскіх танцаў. Асн. рух (слізготны крок з раптоўнымі секунднымі прыпынкамі і рэзкай зменай становішча корпуса) свабодна вар’іруецца танцоўшчыкамі. На Беларусі Т. — папулярны бальны танец, уваходзіць у конкурсы па спарт. танцах, рэпертуар прафес. выканальніцкіх пар і самадз. студый бальнага танца.

Літ.:

Вега К. Аргентинское танго: Пер. с исп. // Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.

Ю.​М.​Чурко.

т. 15, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАФТ (Taft) Уільям Хоўард (15.9.1857, г. Цынцынаты, ЗША —8.3.1930),

дзяржаўны дзеяч ЗША. Юрыст. Бацька сенатара Р.​А.​Тафта, аднаго з ініцыятараў Тафта-Хартлі закона (1947). Вучыўся ў Іельскім каледжы (1874—78) і юрыд. школе ў Цынцынаты (1878—80). Быў адвакатам, суддзёй, з 1901 губернатар Філіпінаў, з 1904 ваен. міністр ва ўрадзе Т.Рузвельта. У 1909—13 прэзідэнт ЗША (27-ы) ад Рэсп. партыі. Выступаў за абмежаванне эканам. дыктату вял. трэстаў, за пашырэнне амер. ўплыву ў Кітаі і Цэнтр Амерыцы («Дыпламатыя долара»). З 1913 праф. права ў Іельскім ун-це, з кастр. 1921 старшыня Вярх. суда ЗША.

Літ.:

Американские президенты: 41 ист. портрет от Джорджа Вашингтона до Билла Клинтона: Пер. с нем. Ростов н/Д;

М., 1997.

т. 15, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫФАЛІЯ́ТА, панцырус (Poncirus trifoliata),

кветкавая расліна сям. рутавых. Радзіма — Паўн. Кітай. Трапляецца ў зарасніках, па абочынах дарог. У культуры ў Паўн. Амерыцы, на Каўказе, у Японіі.

Лістападныя кусты выш. да 3 м. Сцёблы зеленавата-шэрыя, маюць буйныя (даўж. да 7 см) пазушныя калючкі. Лісце чаргаванае, трайчастае, з зубчастым краем. Кветкі амаль сядзячыя, дыяметрам 3—8 см, белыя. Плод — гесперыдый (ягадападобны), дыяметрам 4—6 см, шматнасенны, залаціста-жоўты, аксамітна-апушаны, з горка-кіслай мякаццю, неядомы. З пладоў атрымліваюць сок, які мае да 5% лімоннай к-ты. У селекцыі Т. выкарыстоўваюць як карлікавую, марозаўстойлівую прышчэпу для цытрусавых. Вядомы гібрыды (у т. л. прыродныя) Т. з апельсінам (цытранж), кумкватам (цытрумкват), мандарынам (цытрандарын) і інш. Харч., дэкар. расліны.

Трыфаліята.

т. 16, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́Я (Thuja),

род хвойных раслін сям. кіпарысавых. 5 відаў. Пашыраны ва Усх. Кітаі, Японіі. Паўн. Амерыцы. Культывуюць, у т. л. на Беларусі, Т. гіганцкую, або складкаватую (T. plicata), і заходнюю (T. occidentalis).

Вечназялёныя дрэвы выш. 12—18, рэдка 45—60 (75) м або кусты. Непатрабавальныя да ўмоў росту, добра пераносяць задымленасць гарадоў. Крона пірамідальная ці канічная, галіны гарыз. або ўзыходныя. Парасткі ападаюць разам з лісцем. Лісце лускападобнае (у маладых раслін іголкападобнае), па 4 у кальчаках. Насенне плоскае, крылатае, са смалянымі залозкамі. Эфірны алей Т. заходняй выкарыстоўваецца ў медыцыне (асабліва ў гамеапатыі) і парфумерыі. Драўніна мяккая, шчыльная. Выкарыстоўваецца ў прам-сці, суднабудаванні. Лек., тэхн., дэкар. расліны.

А.​Д.​Антанюк.

Туя заходняя.

т. 16, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛІ́ТЫ (Tringa),

род птушак сям. бакасавых атр. сеўцападобных. 10 (13) відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць на балотах, па берагах вадаёмаў ад тундры да стэпаў; пералётныя. На Беларусі найб. трапляюцца: паручайнік, траўнік, чарныш, фіфі (T. glareola), перавозчык (T., або Actitis, hypoleucos, — часам вылучаюць у асобны род). У. ахоцкі (T. guttifer) занесены ў Чырв. кнігу МСАП, паручайнік і У. вялікі (T. nebularia) — у Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 37 см, маса да 200 г. У афарбоўцы апярэння спалучаюцца белы, шэры, чарнаваты колеры. Цела верацёнападобнае. Дзюба прамая або крыху загнутая ўверх. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Нясуць да 4 яец.

Э.​Р.​Самусенка.

Уліты: 1 — вялікі; 2 — фіфі; 3 — перавозчык.

т. 16, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРУГВА́Й (Uruguay),

рака ў Паўд. Амерыцы, вярхоўі ў Бразіліі, у сярэднім і ніжнім цячэнні служыць мяжой паміж Бразіліяй, Аргенцінай і Уругваем. Утвараецца ад сутокаў рэк Каноас і Пелотас, якія пачынаюцца на зах. схілах хр. Сера-ду-Мар. Даўж. (ад вытоку р. Пелотас) 2200 км, пл. бас. 307 тыс. км². Верхняе і сярэдняе цячэнне па Бразільскім пласкагор’і. Парожыстая, шмат вадаспадаў. Упадае ў Атлантычны ак., утварае агульнае з р. Парана вусце — эстуарый Ла-Плата. Гал. прытокі: Ібікуі, Рыо-Негра (злева). Паводкі вясной і восенню. Сярэдні гадавы расход вады 5500 м³/с. ГЭС Сальта-Грандэ. Суднаходная для марскіх суднаў да г. Пайсанду, для рачных — да вадаспадаў Сальта і Канкордыя. Гал. парты; Канкордыя (Аргенціна), Сальта, Пайсанду, Фрай-Бентас (Уругвай).

т. 16, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЁРН, сліва калючая (Prunus spinosa),

кветкавая расліна сям. ружавых. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца на палянах, узлесках і ярах; занесены ў Чырв. кнігу.

Калючы куст, радзей дрэўца выш. 4—8 м. Лісце прадаўгавата-авальнае, зубчаста-пальчатае, цёмна-зялёнае, матавае, скурыстае. Кветкі белыя, дыям. да 2 см, адзіночныя, распускаюцца да паяўлення лісця. Плод — чорна-сіняя, з шызым налётам касцянка. Плады з глыбокай старажытнасці ўжываліся ў ежу, маюць 5,5—8,8% цукроў (глюкоза і фруктоза), 0,8—2,8% арган. к-т. Выкарыстоўваюцца ў сушаным і перапрацаваным (варэнне) выглядзе, з іх атрымліваюць (як і з каранёў) фарбу. Драўніна прыдатная для дробных вырабаў. Культывуюць як прышчэпу (зіма- і засухаўстойлівы). Меданосная, дэкар. расліна.

т. 17, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФЕ́ДРА хвойнік

(Ephedra),

род кветкавых раслін сям. эфедравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы. Растуць у пустынях, стэпах і рэдкалессях. На Беларусі інтрадукавана Э. хвашчовая (E. equisetina).

Вечназялёныя кусты выш. да 8 м, радзей дрэўцы. Парасткі і галінкі членістыя, прутападобныя, шараватыя або ярка-зялёныя. Лісце супраціўнае ці ў кальчаках. рэдукаванае ў лускі. Стробілы (каласкі) сабраны па 2—4 у пазухах лісця. Плод — несапраўдная ягада, аранжавая, чырв. або жоўтая. Сакаўныя плады некат. відаў ядомыя. Зялёныя галінкі Э. двухкаласковай, або кузьмічовай травы (E. distachys), атрутныя для авечак. Э. хвашчовая мае алкалоід эфедрын, які выкарыстоўваецца ў медыцыне. Лек. і дэкар. расліны.

І.​М.​Гарановіч.

Эфедра двухкаласковая.

т. 18, кн. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́КА (Jucca),

род кветкавых раслін сям. агававых. Каля 40 відаў. Пашыраны на Пд Паўн. Амерыкі і ў Цэнтр. Амерыцы; элемент кактусава-акацыевых саваннаў. Культывуецца.

Дрэвападобныя вечназялёныя расліны. Сцёблы выш. да 6(12) м. дыям. да 30 см. Бессцябловыя віды ўтвараюць шчыльныя дзярнінкі. Лісце мечападобнае, цвёрдае, даўж. больш за 1 м, скучанае на верхавінцы сцябла або ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі (да 300) буйныя, белыя. у верхавінкавых мяцёлках даўж. 0.5—2 м. Плод — сухая каробачка ці сакаўная ягада. у некат. — ядомая. Лісце Ю. — прамысл. сыравіна для атрымання стэроідных сапанінаў, што выкарыстоўваюцца для сінтэзу гарманальных прэпаратаў; з лісця Ю. ніткаватай (J. filamentosa) вырабляюць тэхн. валокны. Лек., тэхн., харч., дэкар. расліны.

Юка павіслая і яе суквецце.

т. 18, кн. 1, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)