СЕРАПРАФІЛА́КТЫКА (ад лац. serum сываратка + прафілактыка),

увядзенне ў арганізм антыцел супраць мікраарганізмаў або іх таксінаў для прафілактыкі інфекц. хвароб. Пры С. ўводзяць імунаглабуліны, імунныя сывараткі, у выніку ўзнікае пасіўны імунітэт (да 2—4 тыдняў). Ужываюць пры высокай рызыцы заражэння з мэтай прадухілення батулізму, слупняку, дыфтэрыі, сібірскай язвы і інш. Эфектыўнасць С. тым большая, чым раней яна праведзена. Калі пасля С. чалавек захварэў, хвароба працякае менш цяжка, радзей узнікаюць ускладненні і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

неўспрыма́льны

1. (які дрэнна разумее) únverständlich, únfassbar;

2. (які мае імунітэт да якой-н. хваробы) únempfänglich; immún

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

прыро́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы ад нараджэння. Прыроджаны імунітэт. Прыроджаны парок сэрца. □ У яе быў прыроджаны такт і уменне трымаць сябе сярод школьнікаў. Колас.

2. Які ў найвышэйшай ступені валодае якімі‑н. уласцівасцямі, якасцямі для якой‑н. дзейнасці. Прыроджаны тэхнік. □ [Расолава:] — На маю думку, Іванова — прыроджаны хірург. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГІДРАДЭНІ́Т (ад гідра... + адэн... + ...іт), сучынае вымя,

гнойнае запаленне апакрынных потавых залоз чалавека. Узбуджальнік — залацісты стафілакок, развіваецца ў падпахавых упадзінах, радзей — каля грудных саскоў, палавых органаў, машонкі, задняга праходу. Узнікненню хваробы спрыяюць паніжаны імунітэт, патлівасць, неахайнасць, парушэнне функцыі залоз унутр. сакрэцыі, цукр. дыябет і інш. Прыкметы хваробы: у тоўшчы скуры і падскурнай клятчатцы з’яўляюцца балючыя вузлы (5—15 мм, да 5 см) ружова-чырв. колеру, якія размякчаюцца і ўскрываюцца з гноем. Пасля язвачак застаюцца рубцы. Лячэнне: фізія- і імунатэрапія.

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕУ́ЦКАЯ ХВАРО́БА норак, вірусны плазмацытоз,

хранічная кантагіёзная вірусная хвароба норак і трусоў. Пашырана ў Паўн. Амерыцы і Еўропе. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус, няўстойлівы ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца аліментарным, унутрывантробным шляхам і праз скуру пры ўкусах. Перадаецца праз кармы, прадметы догляду, мяса хворых жывёл. Прыкметы: прагрэсіўнае пахудзенне, крывацёк з носа і рога, смага, запаленне нырак і печані. У халодны перыяд смяротнасць звяроў да 90%. Імунітэт не выпрацоўваецца. Інкубацыйны перыяд ад 10—15 сутак да некалькіх месяцаў.

т. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СПА НАТУРА́ЛЬНАЯ,

вострая інфекц. хвароба чалавека віруснага паходжання. Вірус перадаецца праз паветра (кашаль, пыл) і размнажаецца ў эпітэліяльных клетках скуры, слізістых абалонак. Інкубацыйны перыяд 10—12 дзён. Павышаецца т-ра, моцная інтаксікацыя, пашкоджваюцца сасуды, на скуры і слізістых абалонках з’яўляюцца пухіркі (воспіны) і гнайнічкі. Пухіркі падсыхаюць і адпадаюць, на іх месцы застаюцца рубцы. Часта зыход смяротны. Пакідае пасля сябе імунітэт, папярэджваецца воспапрышчэпліваннем (гл. ў арт. Вакцынапрафілактыка). На Беларусі, як і ў інш. краінах свету, хвароба ліквідавана.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАТЫ́Т ЭПІДЭМІ́ЧНЫ,

хвароба чалавека, пры якой пашкоджваюцца калявушныя (радзей падсківічныя і пад’язычныя) слінныя, палавыя і падстраўнікавая залозы, нерв. сістэма і інш. Узбуджальнік — РНК-змяшчальны вірус. Хварэюць пераважна дзеці і падлеткі. Крыніца інфекцыі — хворы на П.э. Заражэнне звычайна паветрана-кропельным шляхам. П.э. пакідае стойкі імунітэт. Прыкметы: павышаная т-ра цела, боль у вобласці ніжняй сківіцы пры адкрыванні рота і жаванні, напухаюць і баляць пашкоджаныя залозы. Ускладненні: бясплоднасць, глухата, цукр. дыябет і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.​А.​Астапаў.

т. 12, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

імуна-

(лац. immunis = свабодны ад чаго-н., некрануты)

першая састаўная частка складаных слоў, якая выражае паняцце «імунітэт».

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

параімунітэ́т

(ад пара- + імунітэт)

неўспрымальнасць да спадарожнага мікроба, якая ўзнікае паралельна з імунітэтам да асноўнага ўзбуджальніка хваробы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛЕЙКАЦЫ́ТЫ (ад грэч. leukos белы + kytos клетка), белыя крывяныя клеткі,

бясколерныя шарападобныя клеткі крыві і лімфы пазваночных жывёл і чалавека. Маюць ядры, самастойна рухаюцца (могуць і супраць цёку крыві), выконваюць пераважна ахоўную функцыю. Адрозніваюць Л. зярністыя — гранулацыты (базафілы, нейтрафілы, эазінафілы) і незярністыя — агранулацыты (лімфацыты, манацыты). Маюць агульнае паходжанне з эрытрацытамі і трамбацытамі. У 1 л крыві здаровага чалавека 3,8—9 × 10​9 Л. Функцыянуюць у тканках арганізма: знішчаюць мікраарганізмы, змярцвелыя клеткі, прадукты распаду і інш. (гл. Імунітэт).

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)