СІЛІКА́ТНЫ БЕТО́Н,
сумесь вапнава-крэменязёмістага вяжучага рэчыва, неарган. запаўняльнікаў і вады; тып бетону. Атрымліваюць тэрмаапрацоўкай у аўтаклаве пры т-ры 175—200 °C. Па ўласцівасцях набліжаны да бетону на партландцэменце (гідраўл. вяжучае рэчыва, найб. распаўсюджаны від цэменту).
У якасці вяжучага рэчыва ў С.б. выкарыстоўваюць танкамолатыя сумесі паветр. (гідраўл.) вапны з матэрыяламі, што маюць крэменязём; запаўняльнікі — прыродныя або штучныя пяскі. Адрозніваюць цяжкія С.б. (шчыльнасць 1800—2200 кг/м³) для вырабу сценавых панэлей і блокаў, элементаў перакрыццяў, лесвічных маршаў і лёгкія (шчыльнасць 300—1800 кг/м³) для буд-ва агараджальных канструкцый, у якасці ўцяпляльніка.
І.І.Леановіч.
т. 14, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
баратро́пнасць
(ад бара- + гр. trope = змена)
стан атмасферы, пры якім яе шчыльнасць вызначаецца толькі ціскам (параўн. баракліннасць).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ПАТО́К ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ, прамяністы паток,
паток энергіі, якая пераносіцца эл.-магн. хвалямі. Шчыльнасць П.в. вызначаецца Пойнтынга вектарам. Адзінка П.в. ў СІ — ват. Гл. таксама Светлавы паток.
т. 12, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць метадаў для якаснага выяўлення і колькаснага вызначэння кампанентаў газавых сумесей. Уключае храматаграфію, спектральны аналіз, мас-спектраметрыю, электрахім. метады і інш. Праводзяць з дапамогай спец. прылад — газааналізатараў.
Заснаваны на вымярэнні фіз. параметраў асяроддзя (электра- і цеплаправоднасць, аптычная шчыльнасць, каэф. рассеяння і інш.). Пры выбіральным газавым аналізе вымяраюць фіз. параметры, што залежаць ад канцэнтрацыі кампанента, які вызначаюць, пры невыбіральным — ад адноснай колькасці ўсіх кампанентаў (напр., шчыльнасць, цеплаправоднасць). Выбіральнасць метадаў дасягаецца папярэдняй апрацоўкай сумесі газаў (напр., фракцыяніраванне, канцэнтраванне, канверсія) пераважна з дапамогай мембранных матэрыялаў і тэхналогій. Выкарыстоўваюць для даследавання прыродных і прамысл. газаў, паветра; у хім., нафтаперапрацоўчай, газавай прам-сці.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 4, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНСІТАМЕ́ТРЫЯ (ад лац. densitas шчыльнасць + ...метрыя),
раздзел фатаграфічнай сенсітаметрыі, у якім вывучаюцца і распрацоўваюцца метады вымярэння аптычнай шчыльнасці праяўленых фатагр. матэрыялаў. Асобны раздзел Д. складае вымярэнне колерных палёў у мнагаслойных каляровых фатагр. матэрыялах. Прылады Д.: дэнсітометр і мікрафатометр.
Метады Д. дазваляюць па аптычнай шчыльнасці колькасна ацаніць канчатковы фатагр. эфект (напр., канцэнтрацыю серабра ў пачарненні святлоадчувальнага слоя). Аптычная шчыльнасць павялічваецца з ростам дысперснасці зерняў серабра ў пачарненні; ступень аптычна карыснага выкарыстання серабра тым вышэй, чым большая дысперснасць галоіднага серабра ў зыходным фотаслоі і чым большая была экспазіцыя пры здымцы. Паглынанне святла суправаджаецца яго рассейваннем, таму вынік вымярэння залежыць ад геам. будовы (апертуры) і спектральнага складу пучка.
т. 6, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯ́ЖКІЯ МІНЕРА́ЛЫ,
мінералы, якія маюць шчыльнасць больш за 2,8 г/см³. Складаюць невял. частку абломкавых горных парод, але вельмі разнастайныя (некалькі дзесяткаў мінер. відаў) і маюць рознае паходжанне. Асн. маса Ц.м. мае шчыльнасць 2,8—5 г/см³.
Паводле распаўсюджанасці ў зямной кары падзяляюцца на 3 групы: вельмі пашыраныя (амфіболы, гранаты, ільменіт, цыркон, эпідот — доля кожнага з іх 10—20% ад цяжкай фракцыі абломкавых парод); умерана пашыраныя (біятыт, ліманіт, магнетыт, турмалін, апатыт, піраксены, рутыл, стаўраліт, 1—10%); рэдкія — менш за 1% і ў выглядзе адзінкавых зерняў (дыстэн, сфен, лейкаксен, сіліманіт, мускавіт, тапаз, манацыт, глаўканіт і інш.). Аналіз колькасці Ц.м. у пародах праводзіцца пры пошукавых работах і палеарэканструкцыях.
У.Я.Бардон.
т. 17, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дэнсітаме́трыя
(ад лац. densitas = гушчыня, шчыльнасць + -метрыя)
раздзел сенсітаметрыі, які займаецца вымярэннем паглынання і рассейвання святла праяўленымі фотаматэрыяламі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
бараклі́ннасць
(ад бара- + гр. klino = нахіляю)
стан атмасферы, пры якім яе шчыльнасць вызначаецца ціскам і тэмпературай (параўн. баратропнасць).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АДНАРО́ДНАСЦЬ СУСВЕ́ТУ,
аднароднае размеркаванне рэчыва, што назіраецца ў межах Метагалактыкі. Лічыцца, што ў прасторы, маштабы якой у трох вымярэннях перавышаюць адлегласць у 50 Мпк і якая ўключае каля 6000 галактык, шчыльнасць рэчыва прыблізна аднолькавая.
т. 1, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУ́ФЫ (ад лац. tofus),
група горных парод асадкавага і вулканагеннага паходжання. Маюць порыстую структуру, невысокую шчыльнасць, добра апрацоўваюцца. Адрозніваюць Т. вапнавы (траверцін), туф вулканічны і Т. крамяністы (апалавыя адклады з крыніц). Выкарыстоўваюцца як буд. матэрыялы.
т. 16, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)