КАЛЬМА́РСКАЯ ВАЙНА́ 1611—13,

вайна паміж Даніяй і Швецыяй за панаванне на Балтыйскім м., у паўд. ч. Скандынаўскага п-ва і паўн. узбярэжжы Нарвегіі (належала Даніі). Вялася пераважна на швед. землях. Швецыя страціла крэпасць Кальмар (жн. 1611, адсюль назва вайны) і адзіны на той час швед. порт Эльфсбарг у прал. Катэгат (май 1612). Паводле Кнерэдскага мірнага дагавора (20.1.1613) захоўваліся ўмовы Штэцінскага міру, заключанага ў 1570 (завяршыў дацка-швед. вайну 1563—70); шведы адмовіліся ад прэтэнзій на Фінмаркен, абавязаліся выплаціць кантрыбуцыю ў 1 млн. талераў, да канчатковай выплаты Данія атрымала правы на Эльфсбарг з прылеглай тэр.; не была адноўлена дацка-швед. (Кальмарская) унія.

В.​В.​Варановіч.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЛСАН ((Carlsson) Інгвар Гёста) (н. 9.11.1934, г. Бурас, Швецыя),

шведскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Лундскі ун-т (1958). У 1961—67 старшыня Саюза с.-д. моладзі Швецыі. З 1965 дэп. рыксдага. У 1969—73 міністр асветы, у 1973—76 міністр жыллёвага буд-ва. У 1971—74 старшыня Стакгольмскай арг-цыі, з 1972 чл. выканкома праўлення, у 1986—96 старшыня С.-д. рабочай партыі Швецыі (СДРПШ). Кіраваў распрацоўкай праграмы партыі «Будучыня для Швецыі», якая забяспечыла перамогу СДРПШ на выбарах 1982. У 1982—86 нам. прэм’ер-міністра, у 1986—91 і 1994—96 прэм’ер-міністр Швецыі. Садзейнічаў уступленню Швецыі ў Еўрап. Саюз (1995).

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РСАН ((Larsson) Ларс Эрык Вільнер) (н. 15.5.1908, Окарп, Швецыя),

шведскі кампазітар, педагог; адзін з прадстаўнікоў швед. муз. неакласіцызму. Чл. Каралеўскай муз. акадэміі (1943). Вучыўся ў Стакгольмскай кансерваторыі (1925—29). У 1947—59 праф. Вышэйшай муз. школы ў Стакгольме. Сярод твораў: опера «Царыца Кіпрская» (паст. 1937), балет «Ліпы» (паст. 1958); 3 сімфоніі (1928—45), 3 канцэртныя уверцюры, «Пастаральная сюіта» і інш. для аркестра; сімфаньеты для стр. аркестра (1932), 12 канцэрціна для саліруючых інструментаў і стр. аркестра (1953—57), канцэртаў для скрыпкі (1952), віяланчэлі (1947), саксафона (1934) з аркестрам; камерна-інстр. ансамблі, у т. л. 2 стр. квартэты; хары, рамансы, песні; музыка да кінафільмаў.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́РДАЛЬ ((Myrdal) Альва) (31.1.1902, г. Упсала, Швецыя — 1.2.1986),

шведскі грамадскі дзеяч, сацыёлаг. Скончыла Стакгольмскі ун-т (1924). З 1932 член С.-д. партыі. У 1936—48 дырэктар засн. ёю сац.-пед. семінара (Пед. ін-та дашкольнага навучання) у Стакгольме. З 1956 пасол у Індыі, Бірме і на Цэйлоне. У 1962—72 кіраўнік швед. дэлегацыі на Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні. У 1966—72 міністр па пытаннях раззбраення. Аўтар прац «Крызіс у праблеме насельніцтва» (1934; у сааўт. з мужам Г.Мюрдалем), «Гульня ў раззбраенне: як Злучаныя Штаты і Расія раздуваюць гонку ўзбраенняў» (1977) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1982 (разам з А.Гарсія Роблесам).

А.Мюрдаль.

т. 11, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЛЬСАН ((Nilsson) Біргіт) (н. 17.5.1918, Каруп, Швецыя),

шведская спявачка (драм. сапрана); прадстаўніца школы бельканта. Вучылася ў Стакгольме (1941—46). У 1948—51 салістка Каралеўскай оперы ў Стакгольме. У 1953—86 у т-рах «Ковент-Гардэн», «Ла Скала», «Метраполітэн-опера» і інш. Валодала надзвычай моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, драм. выразнасцю. Вядомая выканальніца партый у операх Р.​Вагнера: Ізольда, Брунгільда, Эльза, Лізавета («Трыстан і Ізольда», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер). Інш. партыі; Агата («Вольны стралок» К.​М.​Вебера), Алена («Мефістофель» А.​Бойта), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Тоска, Турандот (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Саламея («Саламея» Р.​Штрауса), Донна Ганна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Урсула («Мастак Матыс» П.​Хіндэміта).

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Б’ЁРЛІНГ ((Björling) Юхан Юнатан) (Юсі; 2.2.1911, Стура-Туна, лен Копарберг, Швецыя — 9.9.1960),

шведскі спявак (лірыка-драм. тэнар); адзін з буйнейшых спевакоў 20 ст., прадстаўнік бельканта. Вучыўся ў бацькі — Давіда Б’ёрлінга (тэнар), у кансерваторыі (1928—30) і Каралеўскай опернай школе (1930—31) у Стакгольме. У 1930—38 саліст Шведскай каралеўскай оперы, з 1938 спяваў у т-ры «Метраполітэн-опера» і інш. т-рах Амерыкі і Еўропы. Сярод партый: Фларэстан («Фідэліо» Л.​Бетховена), Герцаг, Альфрэд («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Матс («Нявеста» Т.​Рангстрэма), Марцін Скарп («Фаналь» К.​Атэрберга). Выконваў швед. нар. песні і сольныя партыі ў араторыях пад кіраўніцтвам А.Тасканіні.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСПА́РАЎ (Гары Кімавіч) (н. 13.4.1963, Баку),

расійскі спартсмен (шахматы). Міжнар. гросмайстар (1980), засл. майстар спорту СССР (1985). Скончыў Азерб. пед. ін-т замежных моў (1986). Чэмпіён свету (1980), СССР (1975—77) сярод юнакоў. Чэмпіён свету (1985—97), па версіі ПША (Прафес. Шахматная Асацыяцыя), СССР (1981, 1988), шахматных Алімпіяд (1980, 1982, 1986). Уладальнік Кубка свету (1989, г. Шэлефтэо, Швецыя), прыза «Шахматны Оскар» (1982—83, 1985—88, 1995—96). Пераможца міжнар. турніраў (1980, Баку; 1982, г. Бугойна і 1983, г. Нікшыч, Югаславія; 1986—87, Брусель; 1990, г. Тылбург, Нідэрланды). З 1986 прэзідэнт ПША, прэзідэнт дзіцячага клуба «Камп’ютэр».

Тв.:

Два матча. М., 1987;

Безлимитный поединок. 2 изд. М., 1990;

The child of change. London, 1987.

т. 8, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКА (ням. Mark, фін. markka),

1) вагавая адзінка для серабра і золата да сярэдзіны 11 ст. 2) Сярэбраная манета, упершыню выпушчаная ў 1506 наміналамі 1/4, 1/2 і 1 М. У 16—18 ст. яе чаканілі Данія і Швецыя.

3) Грашовая адзінка Германіі, роўная 100 пфенігам. Уведзена ў 1871 як адзіная валюта Германскай імперыі замест сярэбраных талера і гульдэна і залатога талера. У 1923 уведзена рэнтная М., у 1924 — рэйхсмарка; у абарачэнні да 1948. У 1871—1914 залатая манета (0,358 г золата).

4) Грашовая адзінка Польшчы ў 1919—24. Абарачалася на тэр. Зах. Беларусі ў 1921—24.

5) Грашовая адзінка Фінляндыі, роўная 100 пені. Уведзена ў 1860.

т. 10, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДЭАКЛІ́П,

жанр мастацтва, які аб’ядноўвае ігравое кіно, мультыплікацыю, музыку, рэкламу, запісаныя на відэастужку. Выяўленчыя сродкі грунтуюцца вакол сюжэтнай фабулы або каскаду спецэфектаў, падпарадкаваных рытмічнай канструкцыі муз. асновы. Пачаткам жанру лічыцца відэакліп «Багемская рапсодыя», створаны ў 1975 рэжысёрам Б.​Говерсам як рэкламны ролік аднаго з новых альбомаў гурта «Куін» (Вялікабрытанія). Сярод найб. вядомых стваральнікаў кліпаў: П.​Кэры (ЗША), М.​Вейш (Германія), Э.​Дыянісіюш (Аўстралія), С.​Джонсан (Вялікабрытанія), М.​Джоджэган (Швецыя) і інш. На Беларусі відэакліп з’явіўся ў сярэдзіне 1980-х г. у сувязі з узнікненнем нац. плыні ў маскультуры. У гэтым жанры вызначыліся рэжысёры Э.​Гатоўскі, Г.​Шувагін, С.​Шынкарэнка, якія стварылі кліпы з удзелам гуртоў «Рэй», «Бонда», «Крама», «Рокіс». Яны выкарыстоўваюць сюжэтныя і мазаічныя канструкцыі будовы відэакліпа і іх сінтэз.

В.​М.​Мартыненка.

т. 4, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІШТА́ЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1721,

дагавор паміж Расіяй і Швецыяй, які завяршыў Паўночную вайну 1700—21. Падпісаны 10.9.1721 у г. Ніштат (цяпер Уусікаўпункі, Фінляндыя). Паводле Н.м.д. да Расіі адыходзілі Ліфляндыя з Рыгай, Эстляндыя з Рэвелем (цяпер Талін) і Нарвай, ч. Карэліі з Кексгольмам (цяпер Прыазёрск), Інгерманландыя (Іжорская зямля, дзе на р. Нява пабудаваны С.-Пецярбург), Маандзунскія а-вы і інш. прыбалтыйскія землі да мяжы Курляндскага герцагства. Расія вяртала Швецыі занятую рас. войскамі Фінляндыю і выплачвала ёй у якасці кампенсацыі за страчаныя землі 2 млн. яфімкаў (сярэбраных рублёў). Аднаўляўся гандаль паміж дзвюма краінамі; Швецыя атрымлівала права штогод бяспошлінна купляць у Расіі і вывозіць з яе на 50 тыс. руб. хлеба. Н.м.д. замацаваў за Расіяй выхад да Балтыйскага м.

т. 11, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)