КАКШАА́Л-ТО́О, Какшалтау,

хрыбет на Пд Цянь-Шаня, на мяжы Кыргызстана і Кітая. Даўж. каля 400 км. Выш. да 7439 м (пік Перамогі). Складзены з гліністых сланцаў, пясчанікаў, вапнякоў, прарваных гранітамі. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі (агульная пл. 983 км²). Рэкі Сары-Джаз, Какшаал, Узенгегуш перасякаюць хрыбет у вузкіх цяснінах. На паўд. схіле стэпы, на паўн. — высакагорныя лугі і лугавыя стэпы.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кок-сагы́з

(рус. кок-сагыз, ад казах. kok sagiz)

травяністая расліна сям. складанакветных, якая паходзіць з Цянь-Шаня; шырока культывуецца як каўчуканосная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мара́л

(цюрк. maral)

алень з вялікімі рагамі, які водзіцца ў горных лясах Цянь-Шаня і Алтая; разводзяць у гадавальніках для атрымання пантаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЛЬПІ́ЙСКАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ,

тып высакагорнай расліннасці, пашыранай у альпійскім поясе. Расліны пераважна нізкарослыя, прысадзістыя, з яркімі кветкамі. Развіваюцца пры нізкіх т-рах, кароткім вегетац. перыядзе, хуткіх зменах цяпла і холаду, дастатковым увільгатненні. Тыповыя фітацэнозы — альпійскія лугі з перавагай злакаў (мятліц і інш.), прымул, гарычак, дубровак, увярэднікаў, астрагалаў, эдэльвейсаў, канюшыны і інш.; на камяністых участках — каменяломнік, крупкі і інш., зараснікі рададэндрану. Альпійская расліннасць характэрна для Альпаў, Карпат, Каўказа, Алтая, паўн., цэнтр. і ўсх. Цянь-Шаня, Гімалаяў і інш.

А.​М.​Матузка.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭЙША́НЬ,

нагор’е ў Цэнтр. Азіі, у Кітаі, паміж пустыняй Алашань і ўсх. краем Цянь-Шаня. Даўж. каля 700 км, шыр. каля 250 км. Выш. да 2791 м (г. Мацзуншань). Складаецца з пераважна нізкагорных, моцна разбураных выветрываннем глыбавых масіваў і хрыбтоў з стараж. метамарфічных і крышт. парод. Міжгорныя паніжэнні запоўнены кайназойскімі грубаабломкавымі адкладамі. Пашырана эолавае выветрыванне. Клімат умераны, вельмі сухі. Ападкаў 40—80 мм за год. Частыя пылавыя буры. Пераважаюць ландшафты камяністых пустыняў, паўпустыні, саланчакі; месцамі тугайныя зараснікі.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАІЛІ́ЙСКІ АЛАТА́У,

горны хрыбет на Пн Цянь-Шаня, у Казахстане, на мяжы з Кіргізіяй. Даўж. каля 350 км. Выш. да 4973 м (пік Талгар). Складзены пераважна з гранітаў, кангламератаў, вапнякоў і сланцаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Агульная пл. зледзянення 484 км². З паўн. схілаў сцякаюць прытокі р. Ілі. Сухія стэпы змяняюцца з вышынёй хмызнякова-стэпавай расліннасцю, лугамі і лясамі. У паўн. перадгор’ях г. Алматы, а таксама зімовы спарт. комплекс Медэо. На зах. схіле З.А. Алма-ацінскі запаведнік.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ВЕРЦАЎ (Мікалай Аляксеевіч) (5.11.1827, г. Варонеж, Расія — 7.2.1885),

расійскі заолаг, зоагеограф і падарожнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1846). У 1857—79 даследаваў Сярэднюю Азію. Вывучаў геалогію, араграфію, клімат, глебы, расліннасць і жывёл цэнтр. ч. Цянь-Шаня, пустыні Кызылкум, Паміра і інш., стварыў першыя комплексна-геагр. характарыстыкі прыроды гэтых тэрыторый. Навук. працы па зоагеагр. раянаванні Палеарктыкі. Яго імем названы пік на Паміры ў хр. Пятра Першага, ледавікі на Паміры і Заілійскім Алатау, некат. віды жывёл і раслін.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ (Канстанцін Канстанцінавіч) (20.5.1905, г. Выбарг Ленінградскай вобл., Расія, — 1980),

расійскі географ, геамарфолаг. Акад. АН СССР (1970). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). Удзельнік экспедыцый на Памір, Цянь-Шань, Д. Усход, у Сібір і тройчы ў Антарктыду (1955—60). Навук. працы па даследаванні чацвярцічнага перыяду на тэр. СССР, геамарфалогіі, палеагеаграфіі, тэорыі фіз. геаграфіі, геаграфіі Антарктыды і Сусветнага ак. Аўтар (разам з І.П.Герасімавым) зводкі «Ледавіковы перыяд на тэрыторыі СССР» (1939). Удзельнік стварэння «Атласа Антарктыкі» (т. 1—2, 1966—69). Дзярж. прэмія СССР 1971.

т. 10, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРГІ́ЗСКІ ХРЫБЕ́Т, Кіргізскі Алатау,

горны хрыбет на Пн Цянь-Шаня, у Кыргызстане і Казахстане.

Даўж. 375 км. Цягнецца ад г. Джамбул да Баамскай цясніны р. Чу. Выш. да 4875 м (пік Зах. Аламедзін). Пераважае высакагорны рэльеф. Паўн. схіл больш спадзісты і доўгі, чым паўд., абмяжоўвае з Пд Чуйскую даліну. Складзены з асадкавых і метамарфічных парод, парфірытаў, гранітаў. Радовішчы поліметал. руд, мінер. крыніцы. На схілах да выш. 2500 м — стэпы, лясы (елка, арча), вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. З выш. 3700 м — ледавікі (агульная пл. 223 км²).

т. 8, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУШКЕ́ТАЎ (Іван Васілевіч) (19.1.1850, ст. Аляксееўская Валгаградскай вобл., Расія — 10.1.1902),

расійскі геолаг і географ. Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1872), дзе выкладаў з 1877. З 1882 у Ін-це інжынераў шляхоў зносін (з 1897 праф.). Навук. працы па тэктоніцы, геамарфалогіі, сейсмалогіі і інш. Вывучаў геалогію Сярэдняй Азіі, Урала, Паволжа і Каўказа. Вызначыў навук. канцэпцыю аб геал. будове Сярэдняй Азіі і склаў геал. карту Туркестана. Імем М. названы хрыбет ў горнай сістэме Наньшань, вяршыня ў вярхоўях р. Віцім, 2 ледавікі на Цянь-Шані і інш.

т. 11, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)