ЕГІЯЗАРА́Н Рыгор Егіязаравіч (21.12.1908, с. Блур Сурмалінскага пав., цяпер Турцыя — 4.11.1988),
армянскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Арменіі (1961), нар. арт. СССР (1977). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1935, клас М.Мяскоўскага). З 1938 выкладаў у Ерэванскай кансерваторыі (з 1959 праф., у 1954—60 рэктар). У 1952—56 старшыня Саюза кампазітараў Арменіі. Сярод твораў: балеты «Севан» (1956), «Возера мрояў» (1968), «Ара Прыгожы і Семіраміда» (1972); для сімф. аркестра — сімфонія «Раздан» (1960), «Рапсодыя» (1939), паэма «Арменія» (1942), сімф. карціна «Да ўзыходу сонца» (1952); канцэрт для скрыпкі з арк. (1943); хары, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Сярод вучняў Э.Аганесян. Дзярж. прэмія Арменіі 1970.
т. 6, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІНЕ́СКУ (Constantinescu) Пауль (30.6.1909, г. Плаешці, Румынія — 20.12.1963),
румынскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Румыніі (1955). Чл.-кар. АН Румыніі (1962). Вучыўся ў Бухарэсцкай кансерваторыі (1928—33), выкладаў у ёй (праф. з 1941). Праф. Акадэміі духоўнай музыкі (1937—41) і ваен. муз. ліцэя (1941—44) у Бухарэсце. Нац. класікай сталі яго канцэрты для інструментаў з аркестрам (для фп., 1952; для скрыпкі, 1957; для скрыпкі, віяланчэлі і фп., 1963). Аўтар лепшай рум. камічнай оперы «Бурная ноч» (паст. 1935). Сярод інш. твораў: муз. драма «Панэ Лесня Русалім» (паст. 1956), 2 араторыі, 2 сімфоніі, сімф. танцы; камерна-інстр. творы; хары, тэатр. і кінамузыка. Дзярж. прэміі Румыніі 1951, 1954.
т. 7, с. 594
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЬЯ́НАЎ Аляксандр Аляксандравіч (29 8.1891, с. Балабонава Пільнінскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 13.2.1982),
рускі кампазітар, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас М.Сакалова). У 1924—49 заг. муз. часткі Ніжагародскага драм. т-ра. У 1918—21 выкладаў у Ніжагародскай нар. кансерваторыі, з 1951 у Горкаўскай кансерваторыі (з 1957 праф.). Сярод твораў: 5 опер, у т. л. «Сцяпан Разін» (паст. 1953), «Фама Гардзееў» (паст. 1966), «Ярмак» (паст. 1957); кантата «Валерый Чкалаў» (1952); творы для аркестра, фп.; 3 хары a cappella «Песні пра Сценьку Разіна» (1972); рамансы; апрацоўкі рус. і чув. нар. песень; музыка да драм. спектакляў.
Літ.:
Елисеев И.В. Александр Касьянов. М., 1989.
т. 8, с. 167
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́РСАН (Larsson) Ларс Эрык Вільнер (н. 15.5.1908, Окарп, Швецыя),
шведскі кампазітар, педагог; адзін з прадстаўнікоў швед. муз. неакласіцызму. Чл. Каралеўскай муз. акадэміі (1943). Вучыўся ў Стакгольмскай кансерваторыі (1925—29). У 1947—59 праф. Вышэйшай муз. школы ў Стакгольме. Сярод твораў: опера «Царыца Кіпрская» (паст. 1937), балет «Ліпы» (паст. 1958); 3 сімфоніі (1928—45), 3 канцэртныя уверцюры, «Пастаральная сюіта» і інш. для аркестра; сімфаньеты для стр. аркестра (1932), 12 канцэрціна для саліруючых інструментаў і стр. аркестра (1953—57), канцэртаў для скрыпкі (1952), віяланчэлі (1947), саксафона (1934) з аркестрам; камерна-інстр. ансамблі, у т. л. 2 стр. квартэты; хары, рамансы, песні; музыка да кінафільмаў.
т. 9, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́НСКІ (Lisinski) Ватрослаў [сапр. Фукс
(Fuchs) Ігнац; 8.7.1819, г. Заграб — 31.5.1854], харвацкі кампазітар; буйнейшы прадстаўнік харвацкай музыкі, звязаны з рухам «ілірызму» (уздым грамадска-паліт. і культ. жыцця Харватыі ў 1830—40-я г.). Музыцы вучыўся ў Заграбе і Празе (1847—50). У творчасці апіраўся на нац. нар.-песенную аснову. Аўтар першай нац. рамантычнай оперы «Любоў і злосць» (паст. 1846). Сярод інш. твораў: опера «Порын» (1851, паст. 1897),
7 уверцюр, у т. л. «Югаславенская» (1848) і «Белона» (1849), п’есы для аркестра, для фп., вак. творы, у т. л. хары a capplla, песні, апрацоўкі нар. мелодый.
Літ.:
Марковац П. В.Лисинский // Из прошлого югославской музыки. М., 1970.
т. 9, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЛІ́ЦІНАЎ Канстанцін Іракліевіч (3.6.1905, г. Варонеж, Расія — 24.1.1979),
расійскі харавы дырыжор, кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1955). Нар. арт. Расіі (1959). Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Варонежскі муз. тэхнікум (1929). Адзін з арганізатараў (1942) і маст. кіраўнік (да 1964) Варонежскага рус. нар. хору. Збіраў сял. фальклор, запісаў больш як 500 нар. песень Варонежскай вобл. Майстар хар. кампазіцый і апрацовак. Сярод твораў: опера-песня «Зямля спявае» (1960), араторыя «Зямля мая» (1970), 3 кантаты, хары, рамансы, песні, апрацоўкі рус. нар. песень. Аўтар кн. «З рускай песняй — па жыцці» (1975), артыкулаў пра нар. творчасць. Дзярж. прэмія СССР 1949.
Літ.:
Емельянова Н.Н. Композитор К.И.Массалитинов. М., 1976.
т. 10, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫГРАНЯ́Н Армен Тыгранавіч (26.12.1879, г. Гюмры, Арменія — 10.2.1950),
армянскі і грузінскі кампазітар, харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Арменіі (1935). Засл. дз. маст. Грузіі (1936). Скончыў Тбіліскае муз. вучылішча (1902). У 1902 арганізаваў у Александропалі нар. хары, з якімі вёў канцэртную дзейнасць. З 1913 у Тбілісі. Аўтар першай арм. нар.-быт. оперы «Ануш» (паст. 1912), якая адкрыла новы стылістычны кірунак у арм. муз. т-ры. Сярод інш. твораў: опера «Давід-бек» (паст. 1950), песенная драма «Лейлі і Меджнун» (паст. 1918), кантаты, у т. л. «Крывавая ноч» (1936), танц. сюіта для арк. (1946), маршы для духавога арк., п’есы для фп., песні, музыка да драм. спектакляў і інш.
т. 16, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РНІ (Czerny) Карл (Карэл; 20 ці 21.2.1791, Вена — 15.7.1857),
аўстрыйскі піяніст, кампазітар, педагог. Паводле паходжання чэх. Вучыўся ў свайго бацькі Венцэля Ч., у Л.Бетховена (1800—03). З 1800 выступаў як піяніст. Аўтар больш як 1000 твораў розных жанраў і для рознага складу выканаўцаў (оперы, месы, рэквіемы, інш. арк. і камерна-інстр. творы, хары, песні, музыка да драм. спектакляў). Зрабіў значны ўклад у развіццё інструктыўнай л-ры для фартэпіяна. Ажыццявіў рэдакцыі «Добра тэмпераванага клавіра» І.С.Баха, фп. санат Дж.Скарлаці, пералажыў шэраг опер і сімф. твораў для фп. Сярод вучняў Ф.Ліст, С.Тальберг.
Літ.:
Терентьева Н.К.Черни и его этюды. Л., 1978.
т. 17, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯФІ́МАЎ Васіль Аляксандравіч (23.11. 1881, в. Брудна Мазавецкага ваяв., Польшча — 25.5.1955),
бел. кампазітар, хар. дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, кл. В.Залатарова), у 1937—41 і з 1944 выкладаў у ёй (з 1947 дац., заг. кафедры, у 1948—54 нам. дырэктара). Арганізатар і кіраўнік хору Галоўпалітасветы (1921), польскага вак. ансамбля Бел. радыё (1928). Сярод твораў: 2 стр. квартэты, хары, вак. дуэты, рамансы, песні на вершы А.Астрэйкі, П.Броўкі, М.Клімковіча, Я.Купалы і інш., апрацоўкі бел. нар. песень. Аўтар падручніка «Элементарная тэорыя музыкі» (1947).
Літ.:
Журавлев Д.Н. Композитор Василий Ефимов. Мн., 1967.
т. 18, кн. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЕРН (Webern) Антон Фрыдрых Вільгельм фон (3.12.1883, Вена — 15.9.1945),
аўстрыйскі кампазітар і дырыжор; адзін з прадстаўнікоў новай венскай школы. Вучыўся ў Венскім ун-це (1902—06), у А.Шонберга (1904—08). Творчасць кампазітара фарміравалася пад уплывам эстэтыкі экспрэсіянізму. Манера яго муз. пісьма вызначаецца гранічным лаканізмам і эканомнасцю гукавых сродкаў, якія ствараюць уражанне «бесцялеснасці», ірэальнасці вобразаў. Метад дадэкафоніі, распрацаваны Шонбергам, Веберн развіў у строгую сістэму. Адзін з найб. відных прадстаўнікоў серыйнай тэхнікі і пуантылізму ў музыцы 20 ст.
Тв.:
3 кантаты (1935, 1939, 1943), сімфонія (1928), канцэрт для 9 інструментаў сола (1934), стр. квартэт (1938), хары і сольныя вак. творы на вершы паэтаў, кананічныя і нар. рэліг. тэксты.
Літ.:
A. Webern. Bd. 1. München, 1983.
т. 4, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)