Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ФОНД,
сукупнасць паляўнічых жывёл, што жывуць у стане прыроднай свабоды, таксама выпушчаных у паляўнічыя ўгоддзі з мэтай узбагачэння іх фауны ці развядзення. Выкарыстанне і ахова П.дз.ф. рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету», палажэннямі аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і інш. нарматыўнымі актамі. Здабыча ласёў, аленяў высакародных, дзікоў, казуль, баброў, выдры, глушцоў вядзецца па разавых дазволах з паляўнічымі пуцёўкамі, астатнія віды паляўнічых жывёл — па паляўнічых пуцёўках. Здабычу дзікіх жывёл плануюць на кожны каляндарны год і паляўнічы сезон з улікам рацыянальнага выкарыстання запасаў і захавання матачнага пагалоўя, здольнага забяспечыць макс. аднаўленне статка. Выдаецца таксама дазвол на адлоў ці адстрэл дзікіх жывёл у навук. мэтах. Штогод праводзіцца ўлік колькасці паляўнічых жывёл. Для павелічэння колькасці і відавога складу праводзяцца мерапрыемствы па выпуску ў паляўнічыя ўгоддзі фазанаў, качак і інш. У П.дз.ф. не ўваходзяць дзікія жывёлы, якіх гадуюць на фермах, у гадавальніках, заапарках, вальерах і інш.
П.І.Лабанок.
т. 12, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІКАЛІТО́ЎСКІ (БЕЛАРУ́СКІ) ФОНД ІМЯ́ ЛЬВА САПЕ́ГІ,
прыватны дабрачынны фонд. Засн. ў 1975 у Нью-Йорку Янкам і Марыяй Станкевічамі. Асн. мэты: апрацоўка і публікацыя прац Я.Станкевіча, фін. падтрымка работы даследчыкаў бел. гісторыі, л-ры, мовы, культуры і мастацтва, выданне навук. прац, падручнікаў, слоўнікаў. Фонд устанавіў стыпендыі для бел. студэнтаў, якія паспяхова вучацца ў амер. ВНУ. Выдаў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» Я.Станкевіча (1990).
А.С.Ляднёва.
т. 4, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФОНД КУЛЬТУ́РЫ (БФК),
добраахвотная грамадская арг-цыя. Створана ў крас. 1987 у Мінску з мэтай адраджэння і развіцця нац. традыцый, мовы, краязнаўчага руху. Фінансуе стварэнне помнікаў, выданне беларускамоўных кніг. Арганізуе і фінансуе выстаўкі, дабрачынныя вечарыны, фалькл. святы, навук.-практычныя канферэнцыі па праблемах культуры і гісторыі Беларусі. Аказвае дапамогу суполкам беларусаў за мяжой. Пры фондзе працуюць камісія «Вяртанне», культ.-асв. аб’яднанні, маст. і бібліятэчны саветы. Сумесна з Мін-вам культуры Беларусі выдае час. «Спадчына».
т. 2, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ФОНД СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА РАЗВІЦЦЯ́ (International Fund for Agricultural Development; ІФАД),
спецыялізаваная ўстанова ААН. Засн. ў 1977. Членамі ІФАД з’яўляліся 139 дзяржаў (1985). Мэта ІФАД — мабілізацыя дадатковых сродкаў для развіцця сельскай гаспадаркі ў краінах, якія сталі на шлях развіцця, праз ажыццяўленне праектаў і праграм, прызначаных для бяднейшага сельскага насельніцтва. 55% першапач. капіталу фонду складаюць узносы развітых краін. Вышэйшыя органы ІФАД: Савет кіраўнікоў (прадстаўнікі краін-членаў), Выканаўчы савет на чале з прэзідэнтам. Месцазнаходжанне — Рым.
т. 10, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧЫ ФОНД АРГАНІЗА́ЦЫІ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ,
(United Nations Children’s Fund; ЮНІСЕФ). Засн. Ген. Асамблеяй ААН 11.12.1946 як Надзвычайны міжнар. фонд дапамогі дзецям у Еўропе пасля 2-й сусв. вайны. З кастр. 1953 — Дз. ф. ААН. Кіруючы орган — Выканаўчы савет (36 чл., 1997). Сакратарыят ЮНІСЕФ вядзе работу праз свае бюро больш чым у 140 краінах. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку. Нобелеўская прэмія міру 1965.
Праекты ЮНІСЕФ у Беларусі ажыццяўляюцца з 1994, прадстаўніцтва адкрыта ў маі 1997 у Мінску. Распрацаваны праграмы супрацоўніцтва ЮНІСЕФ з дзярж. і грамадскімі арг-цыямі Беларусі па асн. кірунках: абарона правоў дзіцяці і рэалізацыя Канвенцыі аб правах дзіцяці; развіццё падлеткаў і моладзі; аказанне дапамогі дзецям-інвалідам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў; здароўе дзяцей і жанчын; ліквідацыя адмоўнага ўздзеяння на дзяцей наступстваў, выкліканых катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.
В.У.Радзівіноўскі.
т. 6, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКІ ФОНД ЭКАНАМІ́ЧНАГА І САЦЫЯ́ЛЬНАГА РАЗВІЦЦЯ́ (Arab Fund for Ekonomicand Social Development; АФЭСР),
міжнародная фінансава-крэдытная арг-цыя. Засн. ў 1968. Члены — 21 краіна Блізкага Усходу і Паўн. Афрыкі. Штаб-кватэра ў Кувейце. Мэта: садзейнічаць эканам. і сац. прагрэсу арабскіх краін, даючы ім крэдыты.
т. 1, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДАБРАЧЫ́ННЫ ФОНД «ДЗЕ́ЦЯМ ЧАРНО́БЫЛЯ»,
незалежнае няўрадавае аб’яднанне. Створаны ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 самаст. арг-цыя. Ажыццяўляе доўгатэрміновыя праграмы і праекты сац.-гуманіт. кірунку (больш за 40). Пад яго апекай знаходзяцца многія мед. і дзіцячыя ўстановы Беларусі. З дапамогай фонду пабудаваны «SOS — дзіцячая вёска», рэабілітацыйны цэнтр у Мінску, дамы для перасяленцаў-чарнобыльцаў, дзіцячы хоспіс, цэх экалагічна чыстага харчавання, у Мінску будуецца правасл. храм «Усіх самотных радасці». На аздараўленне ў замежныя краіны накіравана больш за 80 тыс. дзяцей-чарнобыльцаў і 540 — на лячэнне і рэабілітацыю. У клініках зах. краін прайшлі стажыроўку каля 200 медработнікаў. На Беларусь з-за мяжы пастаўлена 6,5 тыс. т гуманіт. грузаў (больш як на 140 млн. ням. марак). Аказана дапамога 240 тыс. ліквідатараў, перасяленцаў, інвалідаў, мнагадзетным і маламаёмным сем’ям. Мае аддзяленні і групы падтрымкі ў 76 раёнах і гарадах Беларусі, супрацоўнічае з 386 замежнымі арг-цыямі. Праводзіць міжнар. кангрэсы «Свет пасля Чарнобыля» (1992, 1994, 1996). Заснавальнік Міжнар. асацыяцыі гуманіт. супрацоўніцтва, час. «Demos» на рус. і ням. мовах.
т. 2, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)