Нарастанне ў канцы 19 — пач. 20 ст.эканам. і геапалітычных супярэчнасцей паміж вядучымі дзяржавамі свету прывяло да ўтварэння процілеглых ваен.-паліт. блокаў — Траістага саюза і Антанты. 19.7(1.8).1914 паміж імі ўспыхнула вайна, якая паступова ўцягнула ў сваю арбіту 33 дзяржавы на ўсіх кантынентах з насельніцтвам 1,5 млрд. чалавек (3/4 усяго чалавецтва) і ўпершыню ў гісторыі набыла сусв. характар. Беларусь, не маючы сваёй дзяржаўнасці і ўласнага войска, не з’яўлялася самастойным удзельнікам вайны. Але яна апынулася ў зоне сутыкнення геастратэгічных інтарэсаў Германіі, якая імкнулася адарваць ад Рас. імперыі яе зах. правінцыі, і Расіі, якая разлічвала на зах. напрамку адабраць ад Германіі і Аўстра-Венгрыі ўсе польскія землі і Галіцыю, а на паўд. — авалодаць пралівамі Басфор і Дарданелы. Таму тэр. Беларусі стала адным з эпіцэнтраў сусв. ваеннага канфлікту.
На рас.-ням. фронце вайна пачалася ў жніўні 1914 баямі ва Усх. Прусіі, Польшчы і Галіцыі. Бел. губерні апынуліся паблізу тэатра баявых дзеянняў і ў першыя дні вайны былі аб’яўлены на ваен. становішчы. Уся цывільная адміністрацыя тут падпарадкоўвалася начальнікам Мінскай і Дзвінскай ваен. акруг, утвораных замест скасаванай Віленскай ваен. акругі. У Баранавічах размясцілася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі вял. князя Мікалая Мікалаевіча. Убел. губернях значна павялічылася колькасць паліцыі і жандармерыі, пашырылася сетка ваен. контрразведкі; аднавілася дзейнасць скасаваных у 1907 ваен.-палявых судоў, якія выносілі прысуды па законах ваен. часу. Былі забаронены апазіц. сходы, шэсці і дэманстрацыі, а таксама забастоўкі. За ўдзел у забастоўках (асабліва на чыгунках) пагражала адпраўка ў штрафныя роты. Праца на прадпрыемствах, якія выпускалі ваен. прадукцыю, разглядалася як асобы від вайсковай службы. Працягласць рабочага дня фактычна не рэгламентавалася, адмяняліся выхадныя і святочныя дні, шырока практыкаваліся звышурочныя работы. Жорсткай рэгламентацыі падлягала распаўсюджванне інфармацыі. Друкаваная прадукцыя, паштовыя і тэлеграфныя адпраўленні падвяргаліся ваен. цэнзуры. Папярэдняя цэнзура існавала на лекцыі, канцэрты, спектаклі і інш. відовішчы.
У пачатковы перыяд вайны значная частка насельніцтва Беларусі трапіла пад уплыў афіц. прапаганды, якая ўкараняла ў масавую свядомасць уяўленне аб справядлівым, абарончым характары вайны з боку Расіі і фарміравала вобраз агрэсіўнага, антыгуманнага праціўніка. У Мінску, Магілёве, Пінску, Гомелі, інш. гарадах і мястэчках у першыя дні вайны праведзены патрыят. маніфестацыі з выказваннем вернападданніцкіх пачуццяў, гатоўнасці ахвяраваць сабой у імя цара і Айчыны. Асаблівым патрыят. уздымам былі ахоплены маладыя людзі, многія з якіх добраахвотна запісваліся ў войска. Сялянства ўспрыняло вайну больш стрымана. Вайна несла селяніну не толькі гора і пакуты, але прымусова адрывала яго ад працы на зямлі. Усведамленне гэтага стала прычынай гвалтоўных эксцэсаў учас мабілізацыі прызыўнікоў убел. губернях уліп. 1914. У многіх паветах мабілізаваныя на вайну сяляне ўчынялі разгромы памешчыцкіх маёнткаў, самавольныя высечкі лесу, уступалі ў сутычкі з паліцыяй. Нярэдка такія эксцэсы суправаджаліся пагромамі вінных крам і складоў, што было справакавана забаронай з пачаткам вайны легальнага продажу спіртнога. Улады прымянілі жорсткія пакаранні (у т. л. смяротныя) і ўціхамірылі бясчынствы. Мабілізацыя з бел. губерняў прайшла ў цэлым паспяхова. Паводле наяўных фрагментарных звестак можна меркаваць, што ўсяго за гады вайны ў рас. армію было прызвана прыблізна 0,8—0,9 млн. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі (дакладныя падлікі адсутнічаюць).
Сярод асноўных грамадска-паліт. сіл уступленне Рас. імперыі ў вайну адназначна падтрымалі кансерватыўна-манархічныя партыі і групы. Аналагічную пазіцыю занялі і партыі рас. лібералаў — акцябрысты і кадэты. Свае праграмныя ўстаноўкі пра дэмакратызацыю сац.-паліт. ладу краіны яны адсунулі на другі план, аддаўшы прыярытэт задачы захавання і пашырэння ў ходзе вайны імперскай велічы Расіі. З ліберальна-бурж. колаў зыходзіла ініцыятыва стварэння ўлетку 1914 няўрадавых ваен.-грамадскіх арг-цый — Усерасійскага земскага саюза дапамогі хворым і параненым воінам (УЗС) і Усерасійскага саюза гарадоў (УСГ), праз якія буржуазія наладжвала пастаўкі на фронт абмундзіравання, медыкаментаў, баявога рыштунку, а таксама спрабавала выкарыстаць іх для пашырэння свайго доступу да ўлады. У прыфрантавых бел. губернях адкрываліся падведамасныя УЗС і УСГ рамонтныя майстэрні, харчовыя пункты, шпіталі, для працы ў якіх на Беларусь прыбывалі тысячы рабочых і абслуговага персаналу з унутр. губерняў Расіі.
У асяроддзі агульнарасійскіх сацыяліст. партый сфарміравалася абаронніцкае крыло (пераважна з эсэраў і меншавікоў), якое заклікала прыпыніць рэв. барацьбу да поўнага разгрому праціўніка, і інтэрнацыяналісцкая плынь, што імкнулася захаваць вернасць міратворчым прынцыпам II Інтэрнацыянала. Сярод інтэрнацыяналістаў найбольшым радыкалізмам вызначаліся бальшавікі на чале з У.І.Леніным: яны выставілі лозунг ператварэння імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую. На Беларусі ва ўмовах ваен. становішча разрозненыя групы эсэраў і сацыял-дэмакратаў схіляліся да абаронніцкага крыла, аддавалі перавагу легальнай дзейнасці ва ўстановах УЗС і УСГ, дабрачынных арганізацыях. Аналагічную пазіцыю на пачатку вайны заняў і Бунд, засяродзіўшыся на дабрачыннай дапамозе беспрацоўным, уладкаванні яўрэяў-высяленцаў і бежанцаў.
Убел.нац. руху на пачатку вайны пераважалі пацыфісцкія настроі. Газета «Наша ніва» (пад рэдакцыяй Я.Купалы), а таксама блізкая да бел. руху віленская «Вечерняя газета» ўстрымліваліся ад публікацыі афіц.-патрыятычных матэрыялаў, у падцэнзурных умовах праводзілі думку пра бессэнсоўнасць і катастрафічнасць наступстваў вайны. Разам з тым бел. адраджэнцы ўсведамлялі магчымасць змены ў ходзе вайны геапаліт. становішча Беларусі і заклікалі суродзічаў «гуртаваць свае сілы», каб сцвердзіць сябе ў пасляваен. свеце ў якасці самастойнай нац. супольнасці.
У выніку паражэнняў, панесеных на працягу першага года вайны рас. арміямі Паўн.-Заходняга і Паўд.-Заходняга франтоў ва Усх. Прусіі, Галіцыі і Польшчы, тэатр баявых дзеянняў улетку 1915 наблізіўся непасрэдна да Беларусі. 13(26) жніўня рас. армія пакінула Брэст, 21 жніўня (3 вер.) Гродна. Каб палепшыць кіраванне войскамі, рас. камандаванне ў жніўні 1915 падзяліла Паўн.-Зах. фронт на Паўночны фронт, які павінен быў прыкрываць шляхі на Петраград, і Зах. фронт, каб абараняць шляхі на Маскву. Арміі Зах. фронту [1-я (да крас. 1916), 2-я (жн. 1915 — пач. 1918), 3-я (жн. 1915 — чэрв. 1916; жн. 1916 — пач. 1918), 4-я (да снеж. 1916), 10-я (жн. 1915 — пач. 1918) і Асобая (жнівень—вер. 1916 і ліст. 1916 — ліп. 1917)], а таксама большая частка злучэнняў 5-й арміі Паўн. фронту да выхаду Расіі з вайны дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Штаб Зах. фронту размясціўся ў Мінску.
8(21).8.1915 Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага была пераведзена ў Магілёў. 23.8(5.9).1915 цар Мікалай II адхіліў ад пасады вял. князя Мікалая Мікалаевіча і ўзяў абавязкі Вярх. галоўнакамандуючага на сябе. Начальнікам свайго штаба ён прызначыў ген. М.В.Аляксеева, у руках якога фактычна і сканцэнтравалася стратэгічнае кіраванне войскамі. Аднак арганізацыйныя і кадравыя перамены не прадухілілі далейшага адступлення царскай арміі. Выявілася тэхн.-эканам. непадрыхтаванасць Рас. імперыі да працяглай вайны. Армія дрэнна забяспечвалася артылерыяй, стралк. зброяй і боепрыпасамі. Недастаткова развіты транспарт не спраўляўся з перавозкай жывой сілы і ўзбраенняў. Мелі месца шматлікія выпадкі некампетэнтнасці каманднага складу.
У канцы жніўня 1915 герм. войскі нанеслі з раёна Коўна ўдар у напрамку Свянцян і прарвалі рас. абарону на стыку Паўн. і Зах. франтоў. Ва ўтвораны Свянцянскі прарыў 1915 немцы кінулі моцныя кавалерыйскія злучэнні, якія рушылі ў раён Смаргоні, Вілейкі, Маладзечна і выйшлі ў тыл 10-й рас. арміі. Упач. верасня 1915 перадавыя раз’езды герм. конніцы дасягнулі Смалявіч і перарэзалі чыг. лінію Мінск—Масква. Каб пазбегнуць акружэння ў Літве і зах. Беларусі, 5(18).9.1915 рас. войскі без бою пакінулі Вільню і працягвалі адступленне на ўсход. Пасля складанай перагрупоўкі яны павольна перайшлі ў контрнаступленне і выцеснілі немцаў з раёна Маладзечна, Вілейкі да азёр Свір і Нарач. Упач.кастр. 1915 Свянцянскі прарыў ліквідаваны.
Герм. наступленне выклікала неабходнасць эвакуацыі на ўсход прадпрыемстваў і ўстаноў. Яна праходзіла неарганізавана, з вял. стратамі. З зах. Беларусі ва ўмовах хуткага наступлення немцаў удалося эвакуіраваць толькі асобныя фабрыкі і заводы; з Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. эвакуацыя прадпрыемстваў абароннага значэння была арганізавана лепш. Усяго за гады вайны з Беларусі вывезена або дэманціравана 432 прадпрыемствы, у 1915 таксама эвакуіравана 201 навуч. ўстанова.
Адначасова з перамяшчэннем абсталявання і маёмасці на ўсход рушыў вял. паток бежанцаў. Многія бежанцы, знясіленыя голадам і эпідэміямі, гінулі ў дарозе. Паводле прыблізных звестак, з Беларусі сышлі ў бежанства да 1,5 млн.чал. Больш за ўсё бел. бежанцаў асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Саратаўскай, Калужскай губ., у Петраградзе і Маскве. Для дапамогі ім усак. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, устудз. 1916 — Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Дзейнічалі таксама аналагічныя польскія, літоўскія, яўрэйскія т-вы.
Агульным вынікам наступлення ням. войск у 1915 стала акупацыя імі Царства Польскага, часткі Латвіі, Літвы і зах. Беларусі. Укастр. 1915 рас.-нямецкі фронт надоўга стабілізаваўся па лініі Зах. Дзвіна—Дзвінск—Паставы—Смаргонь—Баранавічы—Пінск, падзяліўшы этнічную тэр. беларусаў на дзве часткі.
З мэтай дамагчыся рэваншу рас. камандаванне правяло ў сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова, а ўлетку 1916 ажыццявіла наступленне сіламі Зах. фронту, якія павінны былі наносіць гал. ўдар (але ў ходзе Баранавіцкай аперацыі 1916 не дасягнулі поспеху) пры падтрымцы войск Паўд.-Зах. фронту, чые дзеянні мелі вынікам прарыў аўстра-венгерскіх пазіцый.
Акупіраваная ўвосень 1915 зах. частка бел. этнічнага абшару была ўключана немцамі ў ваен.-адм. акругі «Літва» (уваходзілі Ковенская, Віленская і Сувалкаўская губ.) і «Беласток—Гродна». Разам з акругай «Курляндыя» яны падпарадкоўваліся Гал. камандаванню Усх. фронту (Обер Ост). На ўсход ад лініі Дукшты—Нова-Свянцяны—Варняны—Медзішкі—Воранава—Ліда—Дзятлава—Ваўкавыск—Свіслач—Белавежа—Высокае—р. Буг да лініі ням.-рас. акопаў праходзіла ваен.-аперацыйная паласа, якая знаходзілася пад кантролем ням. этапных інспекцый. Парадак кіравання акупіраванымі землямі быў нацэлены на першачарговае задавальненне інтарэсаў Германскай імперыі і яе арміі. Нягледзячы на развал эканомікі і абязлюдзенне краю ў выніку баявых дзеянняў, немцы інтэнсіўна эксплуатавалі яго гасп. і працоўныя рэсурсы. Сістэматычна ўчыняліся масавыя рэквізіцыі харч. прадуктаў, жывёлы, футра і г.д. Пад выглядам штрафаў за розныя правіннасці ажыццяўляліся грашовыя паборы. Выпампоўванню сродкаў з мясц. насельніцтва служыла сістэма шматлікіх падаткаў, пошлін, даходаў ад дзярж. манаполій. Дзеля нарыхтоўкі драўніны масава высякаліся лясы, асабліва ў Белавежскай пушчы. На ваен. аб’ектах, у сельскай гаспадарцы і лесанарыхтоўках выкарыстоўвалася прымусовая праца мясц. насельніцтва. Несанкцыянаваная паліт. дзейнасць была забаронена. Выключна строга кантраляваліся перамяшчэнні жыхароў.
Нац.-культ. палітыка акупантаў мела на мэце, з аднаго боку, як мага больш выразнае адасабленне краю ад Расіі, з другога — нейтралізацыю тут польскіх уплываў, якія ўзмацніліся пасля сыходу ў бежанства значнай часткі бел. праваслаўнага насельніцтва. Акупац. ўлады ўзялі курс на пераважную падтрымку літ., бел., яўр. культуры. У школах краю навучанне па-руску забаранялася, як абавязковы прадмет уводзілася ням. мова. Выкладанне навуч. дысцыплін магло ажыццяўляцца на ням. або роднай мове вучняў. Падкрэслівалася, што бел. мова не ідэнтычная рускай і дапускаецца без абмежаванняў. Поруч з інш. мовамі бел. мова пачала ўжывацца ў зваротах улад да насельніцтва, друкаваліся нямецка-бел. пашпарты, дазвалялася адчыняць бел. школы. Першая бел. пачатковая школа пачала працаваць у Вільні ў ліст. 1915. Восенню 1916 рэарганізавана ў беларускую Свіслацкая настаўніцкая семінарыя, адкрыты бел. настаўніцкія курсы ў Вільні. Паводле афіц. нямецкіх звестак, у снежні 1917 на тэр. Обер Осту налічвалася 50, усак. 1918—89 бел. школ. З лютага 1916 да канца 1918 у Вільні выходзіла бел. грамадска-паліт. і літ. газета «Гоман».
Змяненне ў ходзе вайны геапалітычнай сітуацыі паставіла на парадак дня і праблему дзярж.-паліт. самавызначэння беларусаў. У першыя гады вайны бел.нац. актывісты, што дзейнічалі ў Вільні, спрабавалі рэалізаваць ідэю самавызначэння шляхам аднаўлення шматнацыянальнай дзяржавы на ўзор Вялікага княства Літоўскага. Для дасягнення гэтай мэты ў канцы 1915 арганізаваны блок літоўскіх, беларускіх, польскіх і яўрэйскіх палітыкаў — Канфедэрацыя Вялікага княства Літоўскага. Але кіраўнікі літ. руху неўзабаве адышлі ад гэтага праекта, асцерагаючыся колькаснай перавагі беларусаў і верагоднага культ.-паліт. дамінавання палякаў у мяркуемай супольнай дзяржаве. Вылучыўшы на першы план мэту стварэння ўласнай этнанацыянальнай дзяржавы, літоўцы з санкцыі акупац. улад правялі ў вер. 1917 у Вільні Літоўскую канферэнцыю, на якой сфарміравалі Раду Літоўскай зямлі (Тарыбу). У процівагу гэтаму бел. дзеячы склікалі ў студз. ў Вільні Беларускую канферэнцыю 1918, якая ўтварыла орган бел. прадстаўніцтва — Віленскую беларускую раду. Гэта быў крок на шляху да стварэння бел. дзяржавы ў межах рассялення бел. этнасу.
Тэр. Беларусі на ўсход ад лініі ням.-рас. акопаў служыла тылавой зонай рас.Зах. фронту. Ва ўмовах вайны тут хуткімі тэмпамі развіваліся галіны прам-сці, якія працавалі на патрэбы арміі (хлебапякарная, тэкстыльная, абутковая, металаапрацоўчая), астатнія апынуліся ў заняпадзе. У 1916 вытворчасць мірнай прадукцыі ва ўсх. Беларусі складала ўсяго 15—16% ад даваен. ўзроўню. На стан сельскай гаспадаркі згубна паўплывала скарачэнне рабочай сілы ў выніку мабілізацыі і прыцягнення сялян на абарончыя работы. Многія сял. гаспадаркі засталіся без работнікаў-мужчын. Рэквізіцыі коней пакінулі шмат гаспадарак і без цяглавай сілы. У выніку пасяўныя плошчы пад асн. культурамі скараціліся ў 1917 (у параўнанні з 1914) на 15,6%, пагалоўе жывёлы ў 1916 — на 11,4%. За гады вайны адбылося істотнае абясцэньванне рубля: да пач. 1917 яго рэальная пакупная здольнасць знізілася да 27 капеек (паводле інш. падлікаў — да 14 кап.). Усё гэта значна пагоршыла становішча шырокіх мас народа. Ва ўсх. Беларусі ў сувязі з наплывам вайскоўцаў і бежанцаў вострыя формы набыў харчовы крызіс, дэфіцыт прадметаў першай неабходнасці, жыллёвая праблема. У 1916 над гарадамі навісла пагроза голаду. З-за недаядання рэзка вырасла захваральнасць людзей.
Эканам. бязладдзе, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, згасанне надзей на хуткую перамогу развейвалі вернападданніцкі энтузіязм. З 1915 заўважалася ажыўленне рабочага руху, нарастала колькасць сял. хваляванняў. Гібель соцень тысяч людзей на фронце, недастатковае забеспячэнне войска ўзбраеннем, харчаваннем і амуніцыяй паглыблялі незадаволенасць з боку вайскоўцаў. Шматтысячнае выступленне салдат і матросаў на Гомельскім размеркавальным пункце ў кастр. 1916 стала адным з сімптомаў разлажэння арміі — гал.узбр. апоры царскага рэжыму. Адначасова нарасталі апазіцыйныя настроі ў асяроддзі паліт. і інтэлектуальнай эліты. У 1916 актывізавалася антыўрадавая апазіцыя ў Дзярж. думе Расіі. Цэнтрам апазіцыі стала фракцыя кадэтаў на чале з П.М.Мілюковым. Сярод насельніцтва распаўсюджваліся чуткі пра здрадніцтва ва ўрадзе, у вярхах арміі і нават у царскай сям’і. Уцягнуўшыся ў 1-ю сусв. вайну, Рас. імперыя паставіла сябе на грань усёабдымнага, сістэмнага крызісу.
Літ.:
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Савицкий Э.М. Революционное движение в Белоруссии (август 1914 — февраль 1917 гг.). Мн., 1981;
Первая мировая война: Указ. лит. 1914—1993 / Сост. В.И.Бабенко, Т.М.Демина. М., 1994;
Весялкоўскі Ю. Беларусь у першай сусветнай вайне: (Гіст. нарыс). Беласток; Лондан, 1996;
Первая мировая война: Пролог XX в М., 1998;
Россия и первая мировая война: (Материалы науч. колоквиума). СПб., 1999;
Зайончковский А.М. Первая мировая война. СПб., 2000;
Бежанства 1915 года. Беласток, 2000;
Мировые войны XX века: В 4 кн. Кн. 1. Первая мировая война: Ист. очерк; Кн. 2. Первая мировая война: Док. и материалы. М., 2002.
С.С.Рудовіч.
Рускія акопы на Заходнім фронце 1915.Лагер бежанцаў у Слуцку. 1915.Лістоўка, выдадзеная Беларускім таварыствам у Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. 1916.Першая сусветная вайна. Гарыць беларуская вёска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТР У 1920—80-я гады.
Адметная асаблівасць пач. 1920-х г. — арганізацыя дзярж. тэатраў. 14.9.1920 спектаклем «Рысь» паводле апавядання Э.Ажэшкі адкрыўся Бел.дзярж. тэатр, якому ў 1926 нададзена найменне Першага (БДТ-1). 17.9.1920 калектыў паказаў другі спектакль — «Паўлінку» Я.Купалы. Тэатр стаў наследнікам Першага таварыства бел. драмы і камедыі. Яго арганізатарам і кіраўніком стаў Ф.Ждановіч, большасць акцёраў перайшла ў нанова пераўтвораны калектыў. На сцэну былога Мінскага гар. тэатра перанесена ў дапрацаваным выглядзе большасць спектакляў Першага таварыства. У канцы 1921 калектыў узначаліў Е.Міровіч. Тэатр папоўніўся маладымі акцёрамі, з якімі вялася вучэбна-студыйная праца. У калектыў прыйшлі В.Галіна, Г.Глебаў, У.Крыловіч, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі, якія разам з Г.Грыгонісам, І.Ждановіч, Л.Ржэцкай і інш. склалі выдатнае першае пакаленне тэатра, выхаванае Е.Міровічам. Сярод яго найб. значных пастановак: «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода», «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (усе п’есы Е.Міровіча), «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Р.Кобеца. Асабліва вылучыўся акцёр магутнага драм. тэмпераменту У.Крыловіч, які выконваў цэнтр. ролі. Тэатр у 1920-я г. прайшоў складаны шлях развіцця: ад жыццёвага праўдападабенства, побытавага рэалізму (пастаноўкі Ф.Ждановіча), праз канструктывізм («Мешчанін у дваранах» Мальера, «Перамога» Е.Міровіча) і рамантычна-ўзнёслую плынь да паглыбленага псіхалагізму (пастаноўкі Е.Міровіча).
10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» У.Галубка пачала працу Трупа беларускіх артыстаў пад загадам У.Галубка, якая з 1924 называлася Другая бел.дзярж. трупа, з 1926 — Бел.дзярж. вандроўны тэатр, з 1932 — Трэці бел.дзярж. тэатр (БДТ-3). Напачатку акцёрамі ў ім працавалі члены сям’і У.Галубка: жонка Ядвіга Аляксандраўна, дочкі Багуся, Міла і Люся; бел. пісьменнікі І.Барашка, А.Дудар, В.Сташэўскі, М.Чарот і інш. Пазней у калектыў прыйшлі С.Бірыла, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш., якія набылі шырокую вядомасць і прызнанне. Тэатр наследаваў традыцыі бел.фалькл.сцэн. мастацтва. У рэпертуары пераважалі меладрамы — спектаклі моцных страсцей, адкрытага, бурнага ўсплёску акцёрскага тэмпераменту, яркіх сцэн. фарбаў і эфектаў, і камедыі з узбуйненым і падкрэсленым камізмам, фарсавасцю плошчавага характару. У.Галубок пісаў п’есы спецыяльна для тэатра, ставіў і афармляў іх, а таксама выконваў адказныя ролі. Сярод яго спектакляў меладрамы «Праменьчык шчасця» («Госць з катаргі»), «Бязвінная кроў», «Акрываўлены падатак» («Белы вянок»), «Ганка» («Ні тая, ні другая»), «Апошняе спатканне», «Пан Сурынта»; камедыі «Пісаравы імяніны» («Залёты дзяка»), «Жаніхі» («Марцовыя кавалеры»), «Культурная цешча», «Ветрагоны» («Дваяжэнцы»), Сярод пастановак У.Галубка твораў інш. аўтараў «Паўлінка» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Птушка шчасця», «Чорт і Баба», «Манька», «Цені», «Страхі жыцця» і «Калісь» Ф.Аляхновіча, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча. Напачатку тэатр абслугоўваў рабочыя ўскраіны Мінска, а потым гарады, мястэчкі, вёскі ўсёй Беларусі. Вёў вялікую культ.-асветную працу. Спектаклі, разлічаныя на нар. масы, карысталіся вялікай папулярнасцю і любоўю: У.Галубок стаў першым нар. артыстам Беларусі (1928).
З выпускнікоў Бел.драм. студыі ў Маскве (1921—26, маст. кіраўнік В.Смышляеў) быў створаны ў Віцебску Другі бел.дзярж. тэатр (адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.Бэна). У яго рэпертуар увайшлі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «Вакханкі» Эўрыпіда, «Вечар студыйных пастановак» («Гавань» паводле Г. дэ Мапасана, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля і «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Спектаклі вызначаліся эксперыментальнасцю, эстэт. вытанчанасцю, тэатр. кідкасцю. Але гэта ў той час не было належным чынам ацэнена, калектыў крытыкавалі за адрыў ад жыцця і скіроўвалі яго на ўвасабленне твораў на сучасную і героіка-рэв. тэматыку. З найб. прыкметных спектакляў пра рэв. мінулае «Каля тэрасы» М.Грамыкі і «Разлом» Б.Лаўранёва.
У 1920-я г. створаны шэраг тэатраў. У агітацыйным кірунку працавалі тэатры рэв. сатыры ў Віцебску (1919—20) і Мінску (1921—22). У 1-й пал. 1920-х г. выступалі паказальныя армейскія тэатры. У 1926 у Мінску з яўр. аддзялення Бел.драм. студыі ў Маскве створаны Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР (маст. кіраўнік М.Рафальскі), які ўвайшоў у лік вядучых калектываў Беларусі. У 1928 пачаў дзейнасць у Бабруйску, з 1935 пераведзены ў Магілёў Дзярж. рускі тэатр БССР (маст. кіраўнік У.Кумельскі, з 1939 Дз.Арлоў). У 1929—36 працаваў Польскі дзярж. вандроўны тэатр БССР і інш.У рэпертуары тэатраў 1930-х г. пераважалі творы савецкіх аўтараў, у большасці схематычныя, невысокай маст. вартасці. Сярод лепшых спектакляў: «Неспакойная старасць» Л.Рахманава (БДТ-1), «Мой сябар» (БДТ-3) і «Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна (БДТ-2; у ім П.Малчанаў упершыню на бел. сцэне ўвасобіў вобраз Леніна). Найб. поспех тэатры мелі ў пастаноўках бел. аўтараў, а таксама ў класічнай рускай і заходнееўрапейскай драматургіі. Найб. значныя дасягненні былі ў БДТ-1. У спектаклі «Бацькаўшчына» К.Чорнага глыбока раскрыты акцёрскія дараванні У.Уладамірскага, І.Ждановіч, Г.Глебава. Паэтычнасць праз этнагр. верагоднасць дасягнута ў «Салаўі» З.Бядулі. Асабліва плённым было супрацоўніцтва тэатра з К.Крапівой. У спектаклі паводле яго п’есы «Канец дружбы» грамадзянскай пафаснасцю выканання вылучаўся У.Крыловіч (Карнейчык). «Партызанам» былі ўласцівы шырокі подых, маштабнасць, напоўненасць і шматколернасць масавых сцэн. Класічным стала ўвасабленне сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» (рэжысёры І.Раеўскі, Л.Рахленка). Узоры акцёрскага майстэрства паказаны ў цэнтр. ролях Г.Глебавым, Л.Рахленкам, Б.Платонавым і ў эпізадычных Л.Ржэцкай, Г.Грыгонісам. К.Крапіва і Г.Глебаў адзначаны Дзярж. прэміяй СССР 1941. Падзеяй стала пастаноўка драмы М.Горкага «Апошнія» (рэж. М.Зораў, дапрацоўка І.Раеўскага). Спектакль вызначаўся глыбокім спасціжэннем драм. твора, ансамблевасцю; для кожнага выканаўцы ён стаў этапным у творчасці. Выдатныя акцёрскія вобразы стварылі У.Уладамірскі, В.Галіна, І.Ждановіч, Б.Платонаў. Бліскучым акцёрскім дуэтам вызначыўся спектакль «Скупы» Мальера: Г.Глебаў (Гарпагон) — Л.Ржэцкая (Фразіна). У БДТ-2 найб. значнымі былі пастаноўкі класічных твораў. З 1936 паспяхова ўвасаблялася драматургія А.Астроўскага, першая з іх «Беспасажніца» (угал. ролі Р.Кашэльнікава). Сац. змястоўнасць уласціва спектаклю «Мяшчане» М.Горкага. Глыбокім драматызмам адзначана пастаноўка «Зданяў» Г.Ібсена (у ролі Освальда — П.Малчанаў), камед. бляскам — «Лекар паняволі» Мальера (у ролі Сганарэля — А.Ільінскі). Плённым у творчасці тэатра быў зварот да бел. драматургіі. Ажыццёўлена пастаноўка «Вечара беларускіх вадэвіляў», куды ўвайшлі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы. Упершыню ўвасоблены п’есы Я.Коласа «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» (у ролі Талаша — А.Ільінскі). Буйны поспех меў спектакль «Несцерка» В.Вольскага (1941, рэж. Н.Лойтар, муз. І.Любана, акцёры А.Ільінскі, Ц.Сяргейчык, А.Трус, Я.Глебаўская, З.Канапелька; Дзярж. прэмія СССР 1946), які на дзесяцігоддзі стаў своеасаблівай візіткай тэатра. У БДТ-3 сярод пастановак бел. твораў вылучаліся «Контратака» Дз.Курдзіна і «Сяржант Дроб» Э.Самуйлёнка (рэж. абодвух К.Саннікаў). Аднак у 1937 тэатр быў закрыты.
У 1930-я г. колькасць тэатраў павялічылася. У 1931 адкрыты Тэатр юнага гледача БССР (арганізатар і маст. кіраўнік М.Кавязін). У 1937 калектыў узначаліў Е.Міровіч, папоўнена яго акцёрская трупа, павысіўся маст. ўзровень спектакляў. Найб. значны з іх — «Цудоўная дудка» В.Вольскага. З канца 1920-х г. і да сярэдзіны 1930-х г. на Беларусі быў пашыраны т. зв. трамаўскі рух: стварэнне тэатраў рабочай моладзі — напаўпрафесійных агіт.-прапагандысцкіх калектываў. Асноўны з іх — Бел. трам, які працаваў у Мінску з 1929. У 1934 ён перарос упрафес. калектыў, у 1937 расфарміраваны. Трамы таксама існавалі ў Віцебску, Гомелі, Барысаве, Бабруйску, Полацку, Мазыры. Для абслугоўвання пераважна сельскіх гледачоў з 2-й пал. 1930-х г. ствараліся калгасна-саўгасныя тэатры. Яны працавалі ў Барысаве, Мазыры, Слуцку, Полацку, Рагачове, Бабруйску, Лепелі, Заслаўі, Рэчыцы, Дзяржынску. Былі адкрыты абласныя бел. тэатры — Палескі імя Я.Купалы ў Мазыры (1938) і Пінскі (1939), рускія — у Гомелі (1939), Брэсце (1940) і Баранавічах (1940). У 1939 у Гомелі пачаў працу Дзярж. тэатр лялек БССР. УЗах. Беларусі існавалі аматарскія калектывы, якія ставілі драм. творы Я.Купалы, У.Галубка, Ф.Аляхновіча і інш. Аматарскія і паўпрафесійныя бел. тэатры таксама працавалі ў Літве (Вільня) і Латвіі (Рыга і Даўгаўпілс). Акцёрскія кадры перыядычна рыхтавалі ў студыях пры тэатрах БДТ-1, БДТ-2 і інш.У 1931—32 працаваў Бел. тэхнікум сцэн. мастацтва. У 1939 пад кіраўніцтвам Е.Міровіча арганізавана Тэатр. вучылішча.
З пачаткам Вял.Айч. вайны буйнейшыя тэатр. калектывы эвакуіраваны ў далёкі тыл: БДТ-1 — у Томск, БДТ-2 — ва Уральск, з 1943 у Арэхава-Зуева, Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР — у Новасібірск. У 1943 аднавіў дзейнасць Дзярж. рускі тэатр БССР як франтавы калектыў з базай у Маскве. Іншыя драм. тэатры распаліся. У складаных ваенных умовах эвакуацыі тэатры працягвалі плённую дзейнасць. БДТ-1 адкрыў сезон у Томску спектаклем «Партызаны», які выконваўся на бел. мове і гучаў вельмі надзённа. Сярод новых пастановак аб сучасных ваенных падзеях — «Фронт» А.Карнейчука і «Рускія людзі» К.Сіманава. Паспяхова ўвасоблены класічны твор А.Астроўскага «Позняе каханне». Падзеяй стаў спектакль «Паўлінка» Я.Купалы (першапачаткова ішоў пад назвай «Вечар камедый», непрацяглы час разам выконваліся і «Прымакі» Я.Купалы), прэм’ера якога адбылася 23.5.1944. Спектакль, пастаўлены Л.Літвінавым, стаў своеасаблівай візіткай тэатра. Праз яго прайшлі многія славутыя выканаўцы: Б.Платонаў, Г.Глебаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Р.Кашэльнікава, І.Шаціла. БДТ-2 ва Уральску адкрыў сезон 1941—42 спектаклем «Несцерка». За ваенны час стварыў шэраг значных спектакляў: «Проба агнём» К.Крапівы, «Нашэсце» Л.Лявонава, «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага. Тэатры праводзілі гастролі: БДТ-1 па Нарымскім краі, БДТ-2 у Маскве. Артысты выступалі з канцэртамі, чытаннем маст. твораў перад салдатамі, якія накіроўваліся на фронт, перад параненымі ў шпіталях, на фабрыках і заводах. Арганізоўваліся франтавыя тэатр. брыгады (ад БДТ-1 у 1943 пад кіраўніцтвам Г.Глебава і ў 1944 пад кіраўніцтвам У.Уладамірскага, ад БДТ-2 у 1944 пад кіраўніцтвам П.Малчанава, ад Дзярж. яўрэйскага тэатра БССРу 1943), якія выступалі са спектаклямі і канцэртамі на пярэдніх рубяжах баёў. З тэатр. дзеячаў, якія не эвакуіраваліся, у 1941 быў арганізаваны Менскі бел. гарадскі тэатр (дзейнічаў з перапынкамі да лета 1944). Тэатр працаваў у складаных умовах акупацыйнага рэжыму. Ставіліся оперы, балеты, драм. спектаклі [«Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Міхалка» Далецкіх, «Шчаслівы муж», «На Антокалі» і «Пан міністар» Ф.Аляхновіча, «Загубленае жыццё» Т.Лебяды, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана, «Карчмарка» К.Гальдоні, «Лялечны дом» («Нора») І.Ібсена і інш.]. Упартыз. атрадах і злучэннях наладжваліся канцэртныя выступленні. Пасля вызвалення Беларусі ад фаш. акупацыі з эвакуацыі вярнуліся БДТ-1 і БДТ-2, якім 21.12.1944 нададзена адпаведна імя Я.Купалы і Я.Коласа. Дзярж. рускі тэатр БССРу 1944 распачаў працу ў Магілёве, з 1945 — у Гродне, з 1947 — у Мінску. У 1944 аднавіў дзейнасць абласны тэатр у Пінску, у 1954 ён пераведзены ў Магілёў. З 1947 у Гродне працуе абласны тэатр (пераведзены з Бабруйска), з 1950 у Мінску Дзярж. тэатр лялек БССР (у 1956—86 гал. рэжысёр Ан.Ляляўскі). Створаны новыя тэатры: абласныя Брэсцкі (1944) і Гомельскі (1954), Бел. рэспубліканскі юнага гледача (1956), Бабруйскі (1956, меў розныя назвы). З 1946 аднавіў працу ў Мінску Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР, у якім выкананнем вылучаліся акцёры Ю.Арончык, М.Моін, М.Сокал, А.Трэпель. У 1949 у выніку вострай афіц. крытыкі тэатр закрыты. У 1945 адкрыты Бел.тэатр. інстытут (з 1953 тэатр.-маст., з 1999 Бел.АМ), які рыхтуе акцёраў, з 1958 — і рэжысёраў, з 1962 — і тэатразнаўцаў. Уклад у падрыхтоўку тэатр. кадраў зрабілі Е.Міровіч, К.Саннікаў, Дз.Арлоў, В.Галіна, І.Ждановіч, У.Маланкін, У.Няфёд. Пры Бел. тэатры імя Я.Купалы і Бел. тэатры імя Я.Коласа з 1945 да 1960-х г. перыядычна набіраліся акцёрскія студыі.
У 1940—50-я г. тэатры працягвалі распрацоўваць тэматыку Вял.Айч. вайны. Буйнейшы спектакль — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона ў Бел. тэатры імя Я.Купалы (рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, Г.Глебаў, І.Ждановіч; Дзярж. прэмія СССР 1948). Значнымі дасягненнямі адзначаны пастаноўкі «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча ў Брэсцкім абл., Дзярж.рус. тэатры, «Глыбокая плынь» паводле І.Шамякіна ў Гомельскім тэатры, «Людзі і д’яблы» К.Крапівы ў тэатрах імя Я.Купалы і імя Я.Коласа. Сярод спектакляў на тагачасную тэматыку паэтычнасцю, лірызмам вылучаліся «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэміяй СССР 1952 адзначаны рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Л.Драздова) і «Шчасце паэта» В.Віткі (у ролі Я.Купалы — І.Шаціла) у тэатры імя Я.Купалы, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага (рэж. М.Міцкевіч) у тэатры імя Я.Коласа. Падзеяй стаў прыход у драматургію А.Макаёнка і яго супрацоўніцтва з тэатрамі, асабліва з калектывам тэатра Я.Купалы: спектакль «Выбачайце, калі ласка!», скіраваны супраць паказухі, кар’ерызму, вызначаўся баявітасцю, грамадзянскай страснасцю. Фалькл. насычанасцю, нар. самабытнасцю вылучаліся спектаклі «Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела ў тэатры юнага гледача (рэж. абодвух Л.Мазалеўская). Адметныя набыткі дасягнуты ва ўвасабленні твораў У.Шэкспіра: «Рамэо і Джульета» ў тэатры імя Я.Купалы, «Гамлет» у тэатры імя Я.Коласа, «Кароль Лір» уДзярж.рус. тэатры. З інш. значных спектакляў: «Даходнае месца» А.Астроўскага і «Нора» Г.Ібсена ў тэатры імя Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля ў тэатры імя Я.Коласа, «Варвары» М.Горкага, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага ў Дзярж.рус. тэатры, «Ветрык, вей!» Я.Райніса ў Брэсцкім тэатры. Новае сцэн. жыццё далі акцёры тэатра Я.Коласа драме Я.Купалы «Раскіданае гняздо» (рэж. А.Скібнеўскі), маштабнасцю, шырокім дыханнем вызначаўся спектакль «Навальніца будзе» А.Звонака паводле «На ростанях» Я.Коласа. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе тэатры прытрымліваліся стылістыкі, якая сцвердзілася на сцэне ў 1930-я г.: перадача жыццёвай верагоднасці падзей і ўчынкаў герояў, іх псіхалагічная і побытавая апраўданасць, дзе тэатр. формы максімальна набліжаліся да рэалій. У 2-й пал. 1950-х г. пачаліся пошукі новай стылістыкі, выяўленчых тэатр. сродкаў. Гэта найперш звязана са спектаклямі на купалаўскай сцэне рэжысёра Б.Эрына: «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, «Трэцяя, патэтычная» М.Пагодзіна, вырашанымі ва ўмоўна-сцэнаграфічнай, метафарычна ўзбуйненай форме, з гранічна абвостраным, экспрэсіўным выяўленнем пачуццяў герояў. У 1960—80-я г. пошукі выразных сцэн. сродкаў і форм працягвалі рэжысёры новага пакалення — В.Раеўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, М.Пінігін, Р.Баравік, В.Маслюк, У.Караткевіч. У 1960-я г. высокага майстэрства дасягнулі акцёры ў спектаклях тэатра імя Я.Купалы — «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (Б.Платонаў, З.Стома, Г.Макарава, П.Малчанаў), «Жывы труп» Л.Талстога (Б.Платонаў), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага (Г.Глебаў), «У мяцеліцу» Л.Лявонава (Л.Рахленка, І.Шаціла, Л.Ржэцкая), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе (С.Станюта, А.Мілаванаў, П.Кармунін, У.Дзядзюшка), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (Л.Давідовіч, Г.Гарбук); тэатра імя Я.Коласа — «Клоп» У.Маякоўскага (Ф.Шмакаў, З.Канапелька), «Улада цемры» Л.Талстога (Г.Маркіна, Г.Бальчэўская, С.Акружная, Л.Трушко, Ф.Шмакаў, Т.Кокштыс, Я.Глебаўская, Л.Пісарава, А.Трус); тэатра юнага гледача — «На ўсіх адна бяда» П.Макаля (М.Пятроў), «З любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна (В.Лебедзеў). Упач. 1960-х г. тэатр імя Я.Купалы перажываў складаны працэс змены акцёрскіх пакаленняў. У тэатры імя Я.Коласа такі працэс адбываўся пазней — з 2-й пал. 1960-х г. Але паступова склаліся новыя пакаленні: Г.Аўсяннікаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, В.Тарасаў, М.Яроменка і інш. ў тэатры імя Я.Купалы; С.Акружная, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, У.Куляшоў, Г.Маркіна, Л.Трушко і інш. ў тэатры імя Я.Коласа.
На развіццё акцёрскага і рэжысёрскага мастацтва 1970—80-х г. станоўча паўплывала бел. драматургія: п’есы Я.Купалы «Раскіданае гняздо» і К.Крапівы «Брама неўміручасці» (тэатр імя Я.Купалы), А.Макаёнка «Трыбунал» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Магілёўскі драмы і камедыі ў Бабруйску, Брэсцкі, Гродзенскі), «Зацюканы апостал» і «Таблетку пад язык» (тэатры імя Я.Купалы і імя Я.Коласа), «Пагарэльцы» (тэатр імя Я.Купалы), М.Матукоўскага «Амністыя» (тэатры Я.Купалы і Я.Коласа, Гродзенскі, Магілёўскі), «Мудрамер» (тэатр імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1987), А.Петрашкевіча «Напісанае застанецца» («Францыск Скарына») (тэатры імя Я.Купалы, Гродзенскі), «Трывога» (тэатры імя Я.Коласа, Гродзенскі), «Соль» (Дзярж.рус. тэатр Беларусі), У.Караткевіча «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» (тэатр імя Я.Коласа), «Калыска чатырох чараўніц» (Тэатр юнага гледача), І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» (тэатр імя Я.Купалы), А.Дударава «Парог» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Брэсцкі), «Вечар» (тэатры імя Я.Коласа, Дзярж. прэмія Беларусі 1986; імя Я.Купалы, Брэсцкі, Гомельскі), «Радавыя» (тэатры імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія СССР 1985; імя Я.Коласа), «Апошні шанц» В.Быкава і «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева (тэатр імя Я.Купалы). У 1960—80-я г. створаны новыя тэатры. У 1970 адкрыты Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, у 1982 — Тэатр-студыя кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм», у 1984 — Дзярж. маладзёжны тэатр у Мінску, у 1989 Слонімскі бел.драм.тэатр.У абласных гарадах арганізаваны лялечныя калектывы: у Брэсце і Гомелі (абодва 1968), Магілёве (1976), Гродне (1981), Бел. тэатр «Лялька» ў Віцебску (1985). З 2-й пал. 1980-х г. пачаўся студыйны рух, які ўтварыў новую плынь утэатр. мастацтве. У студыях працавалі рэжысёры В.Баркоўскі, В.Грыгалюнас, У.Савіцкі, Р.Таліпаў, М.Трухан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У МІЖНАРОДНЫХ АДНОСІНАХ 1939—41
Напярэдадні і ў пачатку 2-й сусв. вайны тэр. Беларусі (БССР і Зах. Беларусь, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы) стала аб’ектам актыўнай дыпламатычнай і ваенна-паліт. дзейнасці з боку найб. моцных дзяржаў усх.-еўрап. рэгіёна. 23.8.1939 нарком замежных спраў СССР В.М.Молатаў і міністр замежных спраў Германіі І.Рыбентроп падпісалі ў Маскве сав.-герм. дагавор аб ненападзе тэрмінам на 10 гадоў. Да дагавора быў прыкладзены «Дадатковы сакрэтны пратакол», які размяжоўваў сферы ўзаемных інтарэсаў СССР і Германіі ва Усх. Еўропе. Бакі дамовіліся, што ў выпадку тэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, што ўваходзілі ў склад Прыбалт. дзяржаў (Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі, Літвы), паўн. граніца Літвы будзе адначасова граніцай сфер інтарэсаў СССР і Германіі. Абодва бакі прызналі інтарэсы Літвы адносна Віленскай вобл., адзначалі, што ў выпадку тэр.-паліт. пераўладкавання абласцей, якія ўваходзілі ў склад Польскай дзяржавы, граніца сфер інтарэсаў СССР і Германіі будзе прыблізна праходзіць па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан. Гэта азначала, што ў сферу інтарэсаў СССР пераходзілі Зах. Беларусь і Зах. Украіна. Пытанне аб захаванні незалежнасці Польшчы і яе граніцах бакі пакідалі для вырашэння ў будучым «у адпаведнасці з дружалюбнай узаемнай згодай». Пасля нападу Германіі на Польшчу і пачатку 2-й сусв. вайны ням. пасол уСССР Ф.Шуленбург паставіў 3.9.1939 перад наркомам замежных спраў СССР Молатавым пытанне аб магчымасці для СССР «у зручны момант» заняць частку Польшчы, аднесеную да «рускай сферы ўплыву». Для націску на сав. кіраўніцтва герм. войскі 9.9.1939 перайшлі дэмаркацыйную лінію, устаноўленую сакрэтным пратаколам, занялі Брэст і сталі рухацца далей на У. 14 верасня газ. «Праўда» апублікавала арт. «Аб унутраных прычынах ваеннага паражэння Польшчы», у якім канстатавалася, што прыгнёт і нераўнапраўнае становішча нац. меншасцей сталі крыніцай слабасці польскай дзяржавы і ўнутр. прычынай яе паражэння. Асаблівая ўвага звярталася на бяспраўнае становішча 11 млн. украінцаў і беларусаў.
17.9.1939 войскі Чырв. Арміі перайшлі сав.-польскую граніцу і да 25 верасня цалкам вызвалілі тэр.Зах. Беларусі. У ноце ўрада СССР ад 17 верасня гаварылася, што, паколькі Польская дзяржава фактычна спыніла сваё існаванне, сав. ўрад аддаў распараджэнне Чырв. Арміі перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Большасць бел. насельніцтва шчыра вітала «вызваленчы паход» Чырв. Арміі, звязваючы з ім надзеі на вызваленне ад польскага нац. ўціску і лепшае жыццё. Польская армія практычна не аказвала супраціўлення сав. войскам, атрымаўшы адпаведны загад ад вярх. галоўнакамандуючага. Сав. войскі спынілі прасоўванне прыкладна на «лініі Керзана».
28.9.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй. Ён усталяваў граніцу паміж абедзвюма дзяржавамі па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Украіны і Зах. Беларусі. Паводле сакрэтнага пратакола Літва ўключалася ў сферу інтарэсаў СССР, а Германія ўзамен атрымлівала частку Польшчы (Люблінскае і частку Варшаўскага ваяв.). Даверны пратакол урэгуляваў пытанне аб перасяленні немцаў, якія пражывалі на тэр.СССР, на З, а беларусаў і ўкраінцаў, што пражывалі на З ад усталяванай граніцы, уСССР. 16.11.1939 падпісана сав.-германскае пагадненне аб узаемным перасяленні з СССР асоб ням. нацыянальнасці, а з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы) — асоб укр., бел. і літ. нацыянальнасцей. Каля 25 тыс. немцаў выехала ў Германію з Зах. Беларусі, а з Польшчы ў Беларусь вярнулася каля 15 тыс. беларусаў. Праз слаба абсталяваную сав.-германскую граніцу ў 1939—40 уцяклі з Польшчы ў Зах. Украіну і Зах. Беларусь каля 200 тыс. яўрэяў, у т. л. каля 120 тыс. апынулася ў Зах. Беларусі. Дагавор аб «сяброўскіх» адносінах паміж СССР і фаш. Германіяй меў негатыўныя наступствы. Але важнейшым вынікам сав.-германскага дагавора аб ненападзе і сакрэтнага пратакола да яго для Беларусі стала гістарычна справядлівая для бел. народа падзея — ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Аднак нац. ўз’яднанне было дасягнута экстрэмальнымі сродкамі ў надзвычай складаных міжнар. абставінах з парушэннем Рыжскага мірнага дагавора 1921 і ліквідацыяй Польскай дзяржавы.
10.10.1939 у Маскве падпісаны Дагавор аб перадачы г. Вільня і Віленскага краю і аб узаемадапамозе паміж Сав. Саюзам і Літвой. Горад Вільня і Віленская вобл. (тэр. 7129 км² з насельніцтвам 457 тыс. жыхароў) адлучаліся ад Зах. Беларусі і перадаваліся Сав. Саюзам Літ. Рэспубліцы. Супраць далучэння Вільні і Віленшчыны да Літвы выступіў урад Польшчы, не падтрымалі дагавор Англія і Францыя. Германія яшчэ да пачатку ваен. кампаніі супраць Польшчы падбухторвала Літву на захоп Віленшчыны, аб чым літоўскі ўрад інфармаваў Лондан. Берлін абяцаў Літве ваен. дапамогу ў выпадку паходу на Вільню. Пасля ратыфікацыі дагавора (17.10.1939) Літва паставіла перад Масквой пытанне аб унясенні карэктываў у вызначэнне граніцы, каб далучыць да яе тэрыторыі, што былі «заселены літоўцамі» (гаворка ішла пра тэр.БССР). Сав. ўрад выказаў гатоўнасць да нязначных карэктываў граніцы паміж Літвой і БССР, не мяняючы яе асн. напрамку. У прыватнасці, ён пярэчыў супраць таго, каб літоўцы, што жадаюць выехаць з Зах. Беларусі ў Літву, маглі зрабіць гэта. Між тым літоўская грамадскасць распаўсюджвала думку, што, калі Сав. Саюз «дадаткова перадасць Літве некалькі літоўскіх воласцей, якія засталіся ў яго» (гаворка ішла пра памежныя тэр.БССР), сімпатыі да СССР яшчэ больш узрастуць. Пазіцыя літоўскага ўрада характарызавалася замоўчваннем факта добраахвотнай перадачы Сав. Саюзам Вільні. Уснеж. 1939 прэм’ер-міністр Літвы нават заявіў, што «Вільня і Віленскі край, хоць ускосна, заваяваны нашай арміяй». На 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (жн. 1940) 1-ы сакратар ЦККП(б)Б П.К.Панамарэнка ад імя ўрада і Прэзідыума Вярх. Савета БССР унёс прапанову «аб далучэнні да Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Свянцянскага раёна і часткі тэрыторыі з пераважным літоўскім насельніцтвам Відзскага, Гадуцішскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў». У той час яны знаходзіліся ў складзе Вілейскай і Баранавіцкай абл.БССР. Гэтыя тэрыторыі былі далучаны да Літвы паводле закона аб прыняцці Літ. ССР у склад СССР ад 3.8.1940. Старшыня Рады БНР В.І.Захарка 12.10.1939 накіраваў пратэст прэзідэнту Літвы А.Сметане супраць падпісання дагавора «аб пераходзе да Літвы беларускага горада Вільні і беларускіх зямель Віленскай вобласці», у якой указаў на адказнасць Літвы перад бел. народам за гэты незаконны акт.
Бел. пытанне не набыло ў Германіі колькі-небудзь істотнага значэння пасля прыходу нацыстаў да ўлады ў 1933. Да 1940 тут не было распрацавана ніякіх праграм расчлянення СССР. Пасля заняцця Чэхіі ням. войскамі лідэры бел. дыяспары ў Празе І.А.Ермачэнка і Захарка накіравалі Гітлеру 20.4.1939 мемарыял з просьбай прыняць пад увагу бел. пытанне ў планаваным разгроме і расчляненні СССР. Бел. дзеячаў запэўнілі, што Германія супраць канцэпцыі «адзінай і непадзельнай Расіі». Паліт. мэты адносна зах.сав. рэспублік Гітлер упершыню сфармуляваў 21.7.1940, калі паведаміў герм. генералітэту аб рашэнні напасці на СССР. На яго думку, на зах. абшарах СССР павінны былі ўтварыцца 3 асобныя дзярж. арганізмы — Украіна, Беларусь і федэрацыя Прыбалт. рэспублік. У наступных выказваннях Гітлер акрэсліваў іх ролю як залежных ад Германіі і «вольных ад Сталіна рэспублік», як буфераў Трэцяга Рэйха. Усак. 1941 ён гаварыў пра Украіну, Беларусь і балтыйскія краіны як дзяржавы-пратэктараты. Пазіцыя А.Розенберга, прызначанага міністрам акупіраваных усх. земляў, адносна Беларусі была больш скептычная. Ён не планаваў прызнання незалежнага дзярж. статуса Беларусі, як, напр., Украіны. У маі 1941 Розенберг выказаўся за злучэнне Беларусі з прыбалт. краінамі ў адным Рэйхскамісарыяце Остланд, што потым і было рэалізавана ў час акупацыі. Паліт. планы рэйха ў сувязі з патэнцыяльным ваен. канфліктам з СССР выклаў Рэйхсляйтэр Розенберг у гутарцы з кіраўніком абвера В.Канарысам 31.5.1941.
Прадугледжвалася расчляненне рус. прасторы на 4 дзяржавы: пашыраная на ўсход Фінляндыя; пашыраная за кошт бел. зямель Прыбалтыка (у якасці ням. пратэктарата, з перспектывай наступнай германізацыі); самастойная Украіна; Каўказ як федэратыўная дзяржава пад герм. кіраўніцтвам.
Літ.:
За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы. Лёндан, 1960;
«Совершенно секретно! Только для командования!» Стратегия фашистской Германии в войне против СССР: Док. и материалы. М., 1967;
СССР—Германия 1939—1941: Док. и материалы о сов-герман. отношениях. Т. 1—2. Вильнюс, 1989;
Семиряга М.И. Тайны сталинской дипломатии (1939—1941). М., 1992;
Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел.гіст.часоп. 1994. № 1.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
БЕЛАРУСЬ У ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЕ 1941—45
Напярэдадні вайны. З канца 1940 пагроза нападу фаш. Германіі на СССР усё больш нарастала. Міжнар. адносіны, а таксама сітуацыя на сав.-герм. мяжы былі напружанымі і нават пагражальнымі. Вясной 1941 Ген. штабам Чырв. Арміі сумесна са штабамі ваен. акруг і флатоў быў распрацаваны план абароны дзярж. граніцы. Асаблівая ўвага аддавалася ўмацаванню новай граніцы ў Зах. Беларусі і Зах. Украіне. Вырашана пабудаваць там новыя ўмацаваныя раёны; на працягу 470 км пагранічнай паласы Беларусі прадугледжвалася буд-ва 550 дотаў і 990 умацаванняў палявога тыпу, новых і мадэрнізацыя старых аэрадромаў. На Брэсцкім напрамку пачалося буд-ва 15, на Беластоцкім — 12 аэрадромаў. Пашыраліся і мадэрнізаваліся стратэг. важныя чыг. вузлы і лініі. Дапамогу ваен. будаўнікам аказвалі дзярж. органы БССР, мясц. ўлады. Для буд-ва Брэсцкага ўмацаванага раёна ў сак.—крас. 1941 было накіравана 10 тыс.чал. цывільнага насельніцтва і 4 тыс. падвод, на буд-ве ваен. аэрадромаў, якое вялося сіламі Беларусі пад кіраўніцтвам ваен. інжынераў, працавалі 160 тыс. рабочых. Насельніцтва прыгранічных раёнаў рэспублікі сабрала і даставіла на буд. пляцоўкі ваен. аб’ектаў 707 тыс.м³ камянёў. 14.5.1941 ЦККП(б)Б заслухаў і абмеркаваў даклад каманд. войскамі Зах. асобай (Беларускай) ваен. акругі ген. арміі Дз.Р.Паўлава «Аб абставінах на граніцы і стане войск акругі» і прыняў рашэнне аб найхутчэйшым завяршэнні буд-ва 100 аэрадромаў, умацаваных раёнаў, устараненні недахопаў у справе прывядзення ў стан мабілізацыйнай гатоўнасці прадпрыемстваў і ўстаноў, калгасаў, МТС і насельніцтва, павышэнні ўвагі да патрэб войск.
Пачатак вайны. Вайна, якую развязала фаш. Германія супраць Сав. Саюза, працягвалася з 22.6.1941 да 9.5.1945, на тэр. Беларусі — з 22.6.1941 да 28.7.1944. У адпаведнасці з планам «Барбароса» Германія выставіла супраць СССР 153 дывізіі, яе саюзнікі Італія, Румынія, Фінляндыя і Венгрыя — 37 дывізій; іх падтрымлівалі 4 ням. паветраныя флаты, авіяцыя Фінляндыі і Румыніі. Усё гэта разам складала 5,5 млн.чал., 47,2 тыс. гармат і мінамётаў, каля 4300 танкаў і штурмавых гармат, 4980 баявых самалётаў і інш.СССРу 5 зах.ваен. акругах меў 170 дывізій і 2 брыгады (каля 2,6 млн.чал.), 37,5 тыс. гармат і мінамётаў, 1457 новых танкаў КВ і Т-34, 1570 баявых самалётаў новых тыпаў.
Вял. шкоду абараназдольнасці краіны нанеслі рэпрэсіі 1937—38, калі загінула ці была зняволена значная колькасць вопытных камандзіраў Чырв. Арміі, выдатныя канструктары ваен. тэхнікі, кіраўнікі ваен. прам-сці, інж.-тэхн. работнікі. Замест рэпрэсіраваных на высокія ваен. пасады прызначаліся маладыя камандзіры, у якіх не было неабходных ведаў і вопыту. Былі дапушчаны і стратэг. пралікі: найб. небяспечным напрамкам лічыўся паўд.-зах. — Украіна, а не зах. — Беларусь, на якім гітлераўскае камандаванне ў чэрв. 1941 увяло ў дзеянне самыя магутныя сухапутныя і ваен.-паветр. сілы. Напярэдадні і ў пачатку вайны на тэр. Беларусі былі размешчаны 44 сав. дывізіі (з іх 18 танк. і матарызаваных), а на Украіне 80 дывізій (з іх 30 танк. і матарызаваных). Пры гэтым у кожнай ням. дывізіі налічвалася па 14—16 тыс.чал., а ў сав. дывізіях — па 8 і менш тыс. чалавек.
На досвітку 22.6.1941 фаш. Германія без абвяшчэння вайны напала на Сав. Саюз. Камандаванне яе ўзбр. сіл (вермахта) разлічвала магутнымі рассякальнымі ўдарамі буйных танкавых і матарызаваных злучэнняў акружыць і знішчыць гал. сілы Чырв. Арміі і выйсці на лінію Архангельск—Волга, каб такім чынам за 1,5—2 мес закончыць вайну.
На тэр. Беларусі наступала самая магутная групоўка ням.-фаш. войск — група армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршал Ф. фон Бок) у складзе 4-й і 9-й палявых (ген.-фельдмаршал Г.Клюге, ген.-палк. А.Штраус), 2-й і 3-й танк. груп (ген.-палк. Г.Гудэрыян, ген.-палк. Г.Гот) і 2 матарызаваных брыгад. Яе падтрымліваў 2-і паветр. флот — 1600 самалётаў. Разам з пагранічнікамі ўдар гэтых сіл прынялі на сябе размешчаныя каля граніцы сав. арміі: 3-я (каманд.ген.-лейт. В.І.Кузняцоў) каля г. Гродна, 10-я (ген.-маёр К.Дз.Голубеў) у Беластоцкім выступе, 4-я (ген.-маёр А.А.Карабкоў) каля Брэста. На напрамках гал. удараў (Гродна і Брэст) праціўнік меў перавагу ў сілах і сродках у 3—5 разоў. Авіяцыя Германіі 22.6.1941 нанесла раптоўныя масіраваныя ўдары па аэрадромах, чыг. вузлах, гарадах Баранавічы, Беласток, Брэст, Ваўкавыск, Гродна і інш., гэтым прычыніла цяжкія страты сав. войскам. ВПСЗах. акругі, якія знаходзіліся ў стадыі рэарганізацыі і пераўзбраення, не здолелі даць належны адпор ворагу, адбіць яго паветраныя налёты. У выніку масіраваных удараў па 26 аэрадромах на тэр. Беларусі ням. авіяцыі ўдалося знішчыць у першыя гадзіны вайны на зямлі 528 самалётаў. Яшчэ 210 сав. самалётаў былі за той жа дзень збіты ў паветр. баях над Беларуссю. Т.ч. 22.6.1941 сав.ВПС, размешчаныя на тэр. Беларусі, страцілі 41% сваіх самалётаў, у т. л. 408 з 500 самалётаў навейшых канструкцый, якія не саступалі нямецкім. Войскі Зах. фронту (утвораны 22.6.1941 на базе Зах. асобай ваен. акругі) з першых гадзін вайны і на доўгі час адступлення засталіся практычна без паветр. прыкрыцця. Становішча ўскладнялася тым, што камандаванне фронту на чале з ген. арміі Дз.Р.Паўлавым страціла кіраванне войскамі і яны не здолелі затрымаць ворага ў прыгранічнай паласе, ліквідаваць яго глыбокія прарывы.
Танкавыя злучэнні ворага 22—23 чэрв. прарвалі абарону сав. войск на абодвух флангах Зах. фронту (каля Гродна і Брэста) і да канца дня 25 чэрв. прасунуліся ў напрамку Вільнюс—Мінск на 180 км, у напрамку Баранавічы—Мінск — да 250 км. У выніку больш як 60 акруговых (франтавых) складоў і баз забеспячэння і ўзбраення былі знішчаны ці захоплены ворагам, страчана да 90% нарыхтаваных у мірны час гаручага, боепрыпасаў, аўтабранятанкавай маёмасці, харчавання.
З першага дня вайны Беларусь стала арэнай найвялікшых бітваў. Першымі ўдар прынялі дывізіі, якія размяшчаліся паблізу граніцы, і пагранічнікі. Бессмяротны подзвіг здзейснілі абаронцы Брэсцкай крэпасці (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). Мужна змагаліся з ворагам сав. лётчыкі. У першыя гадзіны вайны лейтэнант Рабцаў тараніў варожы самалёт над Брэстам, малодшы лейтэнант Дз.В.Кокараў — у раёне г. Замбраў Беластоцкай вобл., старшы палітрук А.С.Данілаў — каля Гродна. 22 чэрв. маёр Б.М.Сурын збіў 4 самалёты праціўніка, старшы палітрук Сіроцін — 5, капітан М.Ф.Саўчанка — 9 самалётаў. За першы дзень вайны 235-ы артыл. полк 75-й стралк. дывізіі 4-й арміі каля г.п. Дамачава Брэсцкай вобл. знішчыў 21 танк і бронетранспарцёр ворага, каля 600 гітлераўцаў. У выключна цяжкіх умовах вялі баі ў раёнах Гродна і Беластока войскі 10-й і 3-й армій. Каля г. Ліда артылерысты 8-й асобнай артыл. процітанк. брыгады пад камандаваннем палк. І.С.Стральбіцкага на некалькі дзён затрымалі рух 12-й ням.танк. дывізіі і знішчылі каля 60 танкаў. З 25 чэрв. цяжкія баі разгарнуліся ў раёне Мінска, дзе трымалі абарону 2-і і 44-ы стралк. карпусы 13-й арміі (ген.-лейт. П.М.Філатаў). Сілы былі няроўныя, і 28 чэрв.танк. групы ням.-фаш. генералаў Гота і Гудэрыяна захапілі Мінск (гл.Мінска абарона 1941). У выніку ў раёнах на З ад сталіцы Беларусі трапілі ў варожае акружэнне войскі 3-й, 10-й і часткова 13-й сав. армій (гл.Навагрудскі «кацёл»).
Мабілізацыя сіл на адпор ворагу. У складаных умовах, калі Чырв. Армія вымушана была адступаць, на Беларусі разгарнулася вял. работа па мабілізацыі сіл на адпор агрэсару. Усё жыццё ў рэспубліцы перабудоўвалася ў адпаведнасці з задачамі ваен. часу. Учэрв.—ліп. 1941 уЧырв. Армію з Беларусі мабілізавана больш за 500 тыс.чал.Чырв. Арміі было перададзена каля 30 тыс. аўтамашын і трактароў, 18 тыс.т мяса, шмат жывёлы, 10 350 т збожжапрадуктаў, 10 тыс.т сена. На працягу першага тыдня вайны для арміі на Беларусі былі разгорнуты эвакашпіталі на 12 800 ложкаў, тысячы месцаў у бальніцах, арганізоўваліся медсанатрады. Для барацьбы з варожымі дыверсантамі і парашутыстамі з непадлеглых прызыву добраахвотнікаў да 15 ліп. сфарміравана 78 (больш за 13 тыс.чал.) знішчальных батальёнаў. Ва ўсх. абласцях рэспублікі ў ліп.—жн. 1941 створана больш за 200 фарміраванняў нар. апалчэння (больш як 33 тыс.чал.). На патрэбы фронту пачалі працаваць прамысл. прадпрыемствы. Гомельскія з-ды «Рухавік рэвалюцыі» і с.-г. машынабудавання наладзілі рамонт баявой тэхнікі і вытв-сць мінамётаў, з-д імя Кірава, Гомельскі і Навабеліцкі лесакамбінаты асвоілі вытв-сць процітанк. мін, Гомельская запалкавая фабрыка «Везувій» — выраб гранат. Чыгуначнікі Гомеля стварылі 30 перасовачных майстэрань для рамонту танкаў і трактароў, бабруйская прамысл. арцель «Чырвоны металіст», мазырская арцель «Молат», віцебскія арцелі «Молат» і «Металіст» асвоілі вытв-сць карпусоў ручных гранат. Неабходную фронту прадукцыю выпускалі таксама мех. майстэрня ў Магілёве, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Шклоўскі льнозавод, многія абутковыя і швейныя прадпрыемствы. Вял. дапамогу Чырв. Арміі аказвалі бел. сяляне.
Адной з найважнейшых задач з’яўлялася эвакуацыя людзей і матэрыяльна-вытв. каштоўнасцей ва ўсх. раёны СССР. Да канца жн. 1941 з Беларусі было вывезена больш за 1,5 млн.чал., звыш 190 дзіцячых устаноў (каля 16,5 тыс. дзяцей), 124 буйныя прадпрыемствы саюзна-рэсп. падпарадкавання, больш як 17 тыс. адзінак каштоўнага тэхнал. абсталявання, а таксама шмат с.-г. тэхнікі, жывёлы, збожжа. Былі эвакуіраваны ўстановы навукі і культуры, у т. л.АН Беларусі, БДУ, тэатры і інш. (гл.Эвакуацыя).
Насельніцтва прыфрантавых раёнаў паўсюдна ўдзельнічала ў буд-ве абарончых умацаванняў. Толькі на рубяжы р. Дняпро на гэтых работах было занята больш як 500 тыс.чал., а ўсяго на абарончых збудаваннях на тэр. Беларусі — каля 2 млн. чал.
Абарончыя баі Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі ў ліпені—жніўні 1941. Упач.ліп. 1941 сав. камандаванне прыняло меры па стварэнні лініі абароны па рэках Зах. Дзвіна і Дняпро. Каб спыніць ворага і не даць магчымасці яго арміям прарвацца на Маскоўскім напрамку, сюды былі кінуты з рэзерву 19-я, 20-я, 21-я і 22-я арміі. На р. Бярэзіна ў раёне г. Барысаў цяжкія баі з гітлераўцамі вялі часці 1-й Маскоўскай мотастралк. дывізіі (палк. Я.Р.Крэйзер), курсанты Барысаўскага танк. вучылішча і зводная дывізія з воінаў, якія адышлі з-пад Мінска. У трохдзённых баях за Барысаў (захоплены ворагам 2 ліп.) і наваколле з абодвух бакоў удзельнічала да 300 танкаў. Абаронцы Барысава знішчылі каля 70 варожых танкаў, больш за 2000 гітлераўцаў. Адыходзячы ўздоўж Маскоўскай шашы, 1-я Маскоўская мотастралк. дывізія ўпарта змагалася з ворагам на рубяжах рэк Нача, Бобр, Адроў і ў інш. месцах. Раённы цэнтр Талачын 8—9 ліп. двойчы пераходзіў з рук у рукі. Воіны Маскоўскай дывізіі захапілі тут каля 800 палонных і сцяг 47-га Берлінскага танк. корпуса. 14.7.1941 пад Оршай свой першы ўдар па ворагу нанёс дывізіён рэактыўных мінамётаў пад камандаваннем капітана І.А.Флёрава. Так упершыню ў баі былі выкарыстаны легендарныя «Кацюшы». Упартыя баі адбываліся за пераправу цераз Бярэзіну ў раёне г. Бабруйск (канец чэрв. — пач.ліп. 1941).
Упач. ліпеня 1941 баі разгарнуліся на Віцебскім напрамку. 20-я армія сіламі 2 механізаваных карпусоў 6—10 ліп. нанесла контрудар па 3-й танк. групе праціўніка і адкінула яго на 30—40 кму напрамку г. Лепель (гл.Лепельскі контрудар 1941). Прыкрываючы Віцебск, 153-я стралк. дывізія палк. М.А.Гагена падбіла каля 50 варожых танкаў і знішчыла каля 500 гітлераўцаў (гл.Віцебска абарона 1941). Разам з Чырв. Арміяй Віцебск да 11 ліп. мужна абаранялі батальёны нар. апалчэння (гл.Віцебскае народнае апалчэнне 1941).
Выключна напружаныя баі адбываліся на р. Дняпро, асабліва ў раёне г. Магілёў, дзе абарону трымалі злучэнні і часці 61-га стралк. корпуса (ген.-маёр Ф.А.Бакунін) 13-й арміі. Непасрэдна Магілёў да 26 ліп. (апошнія 10 дзён у акружэнні) абаранялі 172-я стралк. дывізія (ген.-маёр М.Ц.Раманаў) і атрады нар. апалчэння (гл.Магілёва абарона 1941, Магілёўскае народнае апалчэнне 1941, Буйніцкае поле).
Гомельскі напрамак прыкрывала 21-я армія (каманд. ў чэрв.—жн. 1941: ген.-лейт. В.П.Герасіменка, ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў, ген.-лейт. М.Р.Яфрэмаў, ген.-маёр В.М.Гардоў). У ліпені ў яе размяшчэнне выйшлі з акружэння часці 3-й арміі, якая потым да канца жніўня абараняла Палессе. 24.7.1941 для прыкрыцця Гомельскага напрамку ўтвораны асобны Цэнтральны фронт (каманд.ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў, потым ген.-лейт. Яфрэмаў), у склад якога ўвайшлі 21-я і 13-я, а з 1 жніўня і 3-я арміі. 13 ліп. 63-і стралк. корпус (камкор, потым ген.-лейт. Л.Р.Пятроўскі) нанёс контрудар на Бабруйскім напрамку, у ходзе якога фарсіраваў Дняпро, вызваліў гарады Жлобін і Рагачоў (гл.Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941). Цяжкія баі адбываліся 12—19.8.1941 пад Гомелем, праз які 2-я ням.-фаш.танк. група прарывалася на Украіну (гл.Гомеля абарона 1941, Гомельскі полк народнага апалчэння). 5 разоў пераходзіў з рук у рукі ў ліп.—жн. 1941 палескі раённы цэнтр Тураў.
Баявыя дзеянні на Беларусі з 10.7.1941 з’яўляліся часткай Смаленскай бітвы 1941, у ходзе якой сав. войскі на 3 мес затрымалі прасоўванне ням.-фаш. армій на Маскоўскім напрамку, але да пач.вер. 1941 былі вымушаны пакінуць усю тэр. Беларусі. 19 жніўня гітлераўскія войскі захапілі Гомель, 22 жн. — апошні абл. цэнтр рэспублікі г. Мазыр, 4 вер. (канчаткова 23 вер.) — апошні раённы цэнтр г.п. Лельчыцы. Беларусь на 3 гады апынулася пад ярмом ням.-фаш. акупацыі.
Падзеі на франтах вайны. Летам і восенню 1941 войскі ням. фашыстаў акупіравалі значную частку тэр.СССР, блакіравалі г. Ленінград, выйшлі на подступы да Масквы, захапілі Растоўна-Доне. Але ім не ўдалося ажыццявіць асн.стратэг. план — разбіць Чырв. Армію і захапіць Маскву. У цяжкіх баях сав.ўзбр. сілы нанеслі ням. арміі і ВПСвял. страты і захавалі сваю баяздольнасць. 5—6.12.1941 пад Масквой яны перайшлі ў контрнаступленне (гл.Маскоўская бітва 1941—42), якое перарасло ў агульнае наступленне Чырв. Арміі на фронце ад Ленінграда да Чорнага мора. У выніку вораг быў адкінуты на 150—400 км. Упач.лют. 1942 у ходзе наступлення 4-й ударнай арміі на Віцебскім напрамку 249-я стралк. дывізія ген.-маёра Г.Ф.Тарасава здзейсніла баявы рэйд па тэр. Суражскага і Віцебскага р-наў Беларусі, вызваліла шэраг населеных пунктаў. У выніку гэтых дзеянняў паміж ням.-фаш. групамі армій «Цэнтр» і «Поўнач» утварыўся разрыў (Чырв. Армія замацавалася непадалёк ад паўн.-ўсх. граніцы Беларусі), праз які было наладжана ўзаемадзеянне паміж бел. партызанамі і сав. камандаваннем (гл.Віцебскія «вароты»).
У бітве пад Масквой сав. войскі ўпершыню ў 2-й сусв. вайне нанеслі цяжкае паражэнне ням.-фаш. арміі (разграмілі 38 яе дывізій) і развеялі міф аб непераможнасці вермахта. Фаш. план «Барбароса», у аснову якога была пакладзена ідэя «бліцкрыгу» («маланкавай вайны»), праваліўся. Але і сав. Стаўка Вярх. галоўнакамандавання пераацаніла свае сілы і магчымасці, паставіўшы перад сав. войскамі задачу за зіму—вясну 1942 акружыць і знішчыць асн. сілы ням.-фаш. груп армій «Поўнач» і «Цэнтр», каб у далейшым «забяспечыць... поўны разгром гітлераўскіх войск у 1942». Спробы здзейсніць гэты план (пад Вязьмай і на р. Волхаў) скончыліся няўдачай і суправаджаліся вял. стратамі. Былі заўчасна выкарыстаны сабраныя Стаўкай з вял. цяжкасцямі стратэг. рэзервы. У той жа час не спраўдзілася надзея сав. камандавання і парт.-дзярж. кіраўніцтва, што Германія вычарпае свае рэзервы да вясны 1942.
У маі 1942 становішча на сав.-герм. фронце зноў пачало змяняцца на карысць Германіі. 8.5.1942 ням. войскі пачалі наступленне на поўдні. Да 20 мая яны захапілі Керчанскі п-аў, у канцы чэрв.—пач.ліп. — Севастопаль. Катастрофай скончылася наступленне сав. войск у раёне Харкава ў маі 1942. У канцы чэрв.—пач.ліп. 1942 разгарнулася агульнае наступленне вермахта на Варонежскім, Сталінградскім і Каўказскім напрамках, якое ўдалося спыніць толькі позняй восенню. Гітлераўскія войскі выйшлі да Волгі і Дона, перавалаў Гал.Каўк. хрыбта, уварваліся ў Варонеж і Сталінград, але з-за ўпартага супраціўлення сав. войск не здолелі іх захапіць цалкам. Цяжкія абставіны абумовілі з’яўленне загада наркома абароны СССР №227 ад 28.7.1942, вядомага пад назвай «Ні кроку назад», які прадугледжваў жорсткія рэпрэсіі да чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія адступалі без загаду. Пасля шматтыднёвай гераічнай абароны 19.11.1942 сав. войскі пад Сталінградам перайшлі ў магутнае контрнаступленне, акружылі і да 2.2.1943 цалкам разграмілі 330-тысячную групоўку ням.-фаш. войск (гл.Сталінградская бітва 1942—43). Гэта перамога стала пачаткам карэннага пералому ў ходзе вайны. Зімой 1942—43 сав. войскі адкінулі праціўніка на 600—700 км, вызвалілі Паўн. Каўказ, Варонежскую, Сталінградскую, Растоўскую вобл., часткі Данбаса, Харкаўскай, Курскай, Арлоўскай, Смаленскай абласцей, прарвалі блакаду Ленінграда, разграмілі больш за 100 варожых дывізій. Спадзеючыся вярнуць страчаную стратэг. ініцыятыву, выратаваць ад развалу фаш. блок, ням. камандаванне вырашыла летам 1943 правесці буйную наступальную аперацыю «Цытадэль» у раёне Курскага выступу (гл.Курская бітва 1943). Але і тут вораг быў разгромлены, страціў 30 дывізій, каля 500 тыс. чалавек.
Пачатак вызвалення Беларусі. Перамога ў Курскай бітве дазволіла Чырв. Арміі перайсці ў агульнае летне-асенняе наступленне 1943 на фронце шырынёй у 2 тыс.км, у ходзе якога пачалося вызваленне Беларусі. 23.9.1943 войскі 13-й арміі (ген.-лейт. М.П.Пухаў) Цэнтр фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) учас Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі вызвалілі першы раённы цэнтр Беларусі г.п. Камарын. Ужн.—вер. 1943 Калінінскі і Зах. франты правялі Смаленскую аперацыю, у выніку якой вызвалілі Смаленскую вобл., некаторыя раёны Віцебскай і Магілёўскай абл., выйшлі на подступы да Віцебска і Магілёва. Войскі Бранскага фронту пасля вызвалення Бранска (17 вер.) таксама ўступілі на бел. зямлю і выйшлі да р. Сож. У ходзе наступнай асенне-зімовай кампаніі 1943—44 Чырв. Армія вызваліла яшчэ шэраг мясцовасцей і буйных населеных пунктаў Беларусі, у т. л.абл. цэнтры Гомель і Мазыр, гарады Гарадок, Рагачоў, Калінкавічы і інш. (гл.Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943, Гарадоцкая аперацыя 1943, Кіеўская наступальная аперацыя 1943, Калінкавіцка-Мазырская аперацыя 1944, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1944). Са снеж. 1943 у вызваленым Гомелі працавалі ЦККП(б)Б і СНКБССР. Усяго да вясны 1944 Чырв. Армія поўнасцю ці часткова вызваліла ад ням.-фаш. захопнікаў 36 раёнаў Беларусі са 188.
Беларусы на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У складзе ўзбр. сіл СССР супраць гітлераўцаў разам з прадстаўнікамі інш.сав. народаў змагалася больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. У баях пад Масквой вызначыліся Л.М.Даватар, А.І.Лізюкоў, Г.А.Палаўчэня, П.Ф.Сычэнка і інш.; у Сталінградскай бітве — А.Я.Вашчанка, які закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, Ф.Я.Макавецкі, А.І.Пастрэвіч, М.П.Сыдзько, І.Я.Сяржантаў і інш. Пад Ленінградам снайпер Ф.А.Смалячкоў знішчыў 125 фашыстаў. Учас Курскай бітвы 1943 лётчык-знішчальнік А.К.Гаравецу адным баі збіў 9 варожых самалётаў (дагэтуль не перасягнуты вынік). Беларусь дала шмат праслаўленых палкаводцаў і флатаводцаў, сярод якіх контр.-адм. В.Е.Ананьіч, ген. арміі А.З.Антонаў, ген.-лейт. Е.У.Дабравольскі, віцэ-адм. В.П.Дрозд, ген.-палк. І.П.Камера, маршал авіяцыі С.А.Красоўскі, Маршал Сав. Саюза В.Д.Сакалоўскі, ген.-лейт. А.Дз.Церашкоў і інш. Усяго больш за 400 генералаў і адміралаў — беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў час вайны камандавалі вайск. злучэннямі сухап. войск, авіяцыі і флоту. За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў Вял.Айч. вайну, 300 тыс. воінаў-беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 441 чал. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, 66 чал. сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Лётчыку П.Я.Галавачову, камандзірам танк. злучэнняў І.І.Гусакоўскаму, С.Ф.Шутаву, І.І.Якубоўскаму званне Героя Сав. Саюза прысвоена двойчы.
Гітлераўскі акупацыйны рэжым. З першых дзён фаш. акупацыі на тэр. Беларусі быў устаноўлены крывавы акупац. рэжым, які ажыццяўляўся войскамі вермахта, ням.-фаш.акупац. адміністрацыяй, службамі СД і СС, ваен.-палявымі і мясц. камендатурамі, паліцыяй і жандармерыяй. Маючы на мэце ліквідацыю нац. дзяржаўнасці Беларусі і ператварэнне яе ў калонію Германіі, фашысты расчлянілі тэр. Беларускай ССР: паўн.-зах. раёны Брэсцкай вобл. і Беластоцкую вобл. з гарадамі Гродна і Ваўкавыск далучылі да Усх. Прусіі (бецырк Беласток); паўд. раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абл. — да рэйхскамісарыята «Украіна»; паўн.-зах. раёны Вілейскай вобл. ўключылі ў генеральную акругу Літвы, Віцебскую, Магілёўскую, б.ч. Гомельскай і ўсх. раёны Мінскай абласцей — у зону армейскага тылу. У склад генеральнай акругі Беларусі («Генеральбецырк Беларутэнія») увайшлі Баранавіцкая, Вілейская, Мінская (без усх. раёнаў), паўн. раёны Брэсцкай, Пінскай і Палескай абласцей, што складала 1/3тэр. Беларускай ССР. Гэтая тэр. была ўключана ў склад рэйхскамісарыята «Остланд» (цэнтр — г. Рыга) і падзелена на 10 акруг (гебітаў): Баранавіцкую, Барысаўскую, Вілейскую, Ганцавіцкую, Глыбоцкую, Лідскую, Мінскую, Навагрудскую, Слонімскую, Слуцкую. Каб узмацніць уплыў на насельніцтва, акупанты стварылі з асобных яго прадстаўнікоў і эмігрантаў дапаможныя адм. ўстановы — раённыя, гар., валасныя ўправы, а пазней — шэраг беларускіх па назве, але калабарацыянісцкіх па сутнасці ваен.-паліцэйскіх фарміраванняў (гл.Беларускі корпус самааховы, Беларуская краёвая абарона), «грамадскіх арг-цый» (гл.Беларуская народная самапомач, Саюз беларускай моладзі), «дзярж. устаноў» (гл.Беларуская рада даверу, Беларуская цэнтральная рада).
Мэтай акупац. палітыкі гітлераўцаў было планамернае знішчэнне бел. народа. Паводле плана «Ост» на Беларусі планавалася знішчыць ці выселіць у Сібір 75% насельніцтва, 25% беларусаў падлягалі анямечванню і выкарыстанню ў якасці с.-г. рабоў. Каб скараціць 30-гадовы тэрмін выканання гэтага плана, фашысты імкнуліся знішчыць як мага болей людзей яшчэ ў час вайны. На тэр. Беларусі гітлераўцы стварылі 260 лагераў смерці, правялі больш як 140 буйных карных экспедыцый, у ходзе якіх знішчалі вёскі і пасёлкі разам з жыхарамі, ператвараючы цэлыя раёны ў «зоны пустыні» (гл.Карныя аперацыі). За час акупацыі захопнікі знішчылі на тэр. Беларусі каля 3 млн.чал., 380 тыс.чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію, спалілі і разбурылі 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак.
Народная барацьба ў тыле ворага. Злачынны акупац. рэжым не зламаў волі бел. народа. Ён узняўся на сапраўдную вайну супраць захопнікаў. У ліку першых супраць акупантаў разгарнула барацьбу Мінскае падполле (гл.Мінскае патрыятычнае падполле). Актыўна дзейнічала патрыят. падполле ў Віцебску, Оршы, Гомелі, Магілёве, Барысаве, Бабруйску і інш. гарадах і пасёлках. Вял. ролю ў барацьбе супраць акупантаў адыгрывалі антыфаш. арг-цыі ў зах. абласцях Беларусі (гл.Антыфашысцкія арганізацыі):у Брэсцкім, Ваўкавыскім, Гродзенскім, Докшыцкім, Міёрскім, Мядзельскім, Астравецкім, Смаргонскім і інш. раёнах. Шырокая сетка падп. арг-цый і груп ахапіла практычна ўсю Беларусь. Падп.парт., камсамольскія, антыфаш. органы і арг-цыі адыгралі гал. ролю ў разгортванні масавага партыз. руху. У ліку першых на Беларусі пачалі дзейнічаць партыз. атрады пад камандаваннем В.З.Каржа, Ц.П.Бумажкова і Ф.Л.Паўлоўскага, М.П.Шмырова, А.І.Далідовіча, В.Ц.Меркуля, А.Дз.Сяргеева і інш. Бумажкову і Паўлоўскаму 6.8.1941 першым з сав. партызан прысвоена званне Героя Сав. Саюза. Вял. ўплыў на развіццё партыз. руху зрабіла гіст. перамога Чырв. Арміі пад Масквой. Адразу пасля яе была наладжана пастаянная сувязь паміж бел. партызанамі і сав. тылам праз Віцебскія «вароты» і з дапамогай авіяцыі. З вясны 1942 партыз. рух станавіўся ўсё больш масавым. У маі 1942 створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з 1-м сакратаром ЦККП(б)Б П.К.Панамарэнкам, увер. 1942 — Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) на чале з 2-м сакратаром ЦККП(б)Б П.З.Калініным. Цэнтралізацыя кіраўніцтва партыз. рухам дала магчымасць накіроўваць барацьбу партызан на максімальнае аказанне дапамогі Чырв. Арміі (гл.Дрысенская аперацыя 1942, Пціцкая аперацыя 1942, Слаўненская аперацыя 1942). Вял. размах набыла барацьба партызан Беларусі ў 1943. Яна вялася мэтанакіравана, актыўна і арганізавана, мела наступальны характар. Асн. ўдары партызаны наносілі па варожых камунікацыях, пераважна па чыгунках. Грандыёзныя маштабы набылі баявыя дзеянні партызан у «рэйкавай вайне» — адначасовым масавым разбурэнні чыг. камунікацый ворага ў час наступлення Чырв. Арміі 1943—44 (гл.«Рэйкавая вайна»), У іх выніку ў час Курскай бітвы (ліп.—жн. 1943) перавозкі праціўніка па чыгунках Беларусі скараціліся на 40%. Партызаны кантралявалі многія шашэйныя і амаль усе грунтавыя дарогі. Яны сарвалі спробы акупантаў выкарыстаць для ваен. перавозак суднаходныя рэкі, паралізавалі рух параходаў і баржаў па Зах. Дзвіне, Сажы, Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Дняпроўска-Бугскім канале. Найважнейшым відам барацьбы з акупантамі было знішчэнне варожых гарнізонаў. Да канца 1943 партызаны ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. Беларусі. Тут існавала больш за 20 партыз. зон — апорных плацдармаў, з якіх нар. мсціўцы наносілі ўдары па ворагу, дзе яны рыхтавалі свае рэзервы, прымалі самалёты з сав. тылу (гл.Партызанская зона, Партызанскі гарнізон). Вял. значэнне мелі партыз. рэйды, якія праводзіліся для дэзарганізацыі тылу ворага, актывізацыі і ўзмацнення антыфаш. барацьбы ва ўсіх раёнах рэспублікі.
Партыз. рух на Беларусі падрываў і разладжваў тыл ням.-фаш. войск, трымаў акупантаў у страху і напружанні. Гітлераўцы рабілі ўсё, каб знішчыць партызан. Толькі ў 1943 яны правялі дзесяткі буйных карных аперацый. Пад выглядам барацьбы з партызанамі карнікі знішчалі цывільнае насельніцтва — старых, жанчын і дзяцей, рабавалі і палілі вёскі.
Партыз. барацьба з новай сілай разгарнулася восенню 1943, калі Чырв. Армія ўступіла на тэр. Беларусі. Многія партыз. брыгады і атрады непасрэдна ўзаемадзейнічалі з часцямі сав. войск пры вызваленні гарадоў і вёсак рэспублікі. Каб ліквідаваць пагрозу для сваіх войск з тылу, гітлераўцы зімой і вясной 1944 правялі супраць бел. партызан буйныя карныя экспедыцыі (гл.Полацка-Лепельская бітва 1944, Дняпроўска-Бугскага канала абарона 1944 і інш.). Загінула шмат партызан і мірнага насельніцтва, але вораг не дасягнуў сваёй стратэг. мэты: партызаны захавалі баяздольнасць і працягвалі актыўна дзейнічаць.
Партызаны і падпольшчыкі карысталіся шырокай падтрымкай і дапамогай бел. народа. Мясц. жыхары складалі пераважную большасць партызан (амаль 90%). Насельніцтва давала партызанам прытулак і ежу, перадавала ім зброю, якую знаходзіла на месцах баёў 1941, інфармавала пра кожны крок ворага, удзельнічала разам з партызанамі ў баявых аперацыях. Барацьба насельніцтва супраць паліт., эканам. і ваен. мерапрыемстваў акупантаў насіла масавы характар. Разам з беларусамі (71,1%) у радах бел. партызан і падпольшчыкаў змагаліся рускія (19,29%), украінцы (3,89%), літоўцы, латышы, грузіны, армяне, казахі, узбекі, азербайджанцы, малдаване, прадстаўнікі інш. народаў СССР, а таксама каля 4 тыс. замежных антыфашыстаў, у т. л. 3 тыс. палякаў, 400 славакаў і чэхаў, 235 югаславаў, 70 венграў, 60 французаў, каля 100 немцаў, прадстаўнікі многіх інш.еўрап. народаў. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі змагаліся ў радах партызан Расіі, Украіны, Малдавіі, Літвы, Латвіі, актыўна ўдзельнічалі ў руху Супраціўлення народаў Францыі, Італіі, Бельгіі, Грэцыі і інш.еўрап. краін.
За 3 гады барацьбы ў тыле ворага з чэрв. 1941 да ліп. 1944 нар. мсціўцы Беларусі (больш за 374 тыс.чал., аб’яднаных у 213 партыз. брыгад і 258 асобных атрадаў; больш за 400 тыс.чал. скрытага партыз. рэзерву) знішчылі і паранілі сотні тысяч гітлераўцаў і іх памагатых, падарвалі і пусцілі пад адхон 11 128 вайск. эшалонаў і 34 бронепаязды, разграмілі 29 чыг. станцый, 948 штабоў і гарнізонаў, падарвалі і знішчылі больш за 18 700 аўтамашын, узарвалі і разбурылі 819 чыг. і 4710 інш. мастоў, перабілі больш за 300 тыс.чыг. рэек, разбурылі больш за 7300 км тэлефонна-тэлегр. ліній, збілі ў паветры і знішчылі на аэрадромах 305 самалётаў, вывелі са строю 1355 танкаў і бронемашын, знішчылі 438 гармат і 939 варожых складоў. Захапілі вял. трафеі: 363 гарматы і мінамёты, 1874 кулямёты, каля 21 тыс. вінтовак і аўтаматаў. Страты партызан склалі 44 791 чал. За гераізм і адвагу ў барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў больш за 140 тыс.бел. партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 88 з іх прысвоена званне Героя Сав. Саюза.
Працоўныя Беларусі ў савецкім тыле. Значны ўклад у перамогу над ворагам зрабілі працоўныя Беларусі, эвакуіраваныя ва ўсх. раёны СССР. Эвакуіраваныя з Беларусі прадпрыемствы размясціліся гал. чынам у Паволжы (40 з-даў і фабрык), на Урале (24), у сярэдняй паласе Расіі (18), Зах. Сібіры (8). Яны ў сваёй масе зліваліся з мясц. прадпрыемствамі, аднароднымі па спецыялізацыі. Каля 20 бел. прадпрыемстваў захавалі ў эвакуацыі поўную самастойнасць. Сярод іх «Гомсельмаш», гомельская ф-ка «8 Сакавіка», віцебская аптычная фабрыка і інш. Рабочыя, інж.-тэхн. работнікі манціравалі абсталяванне прадпрыемстваў на новых месцах у самыя сціслыя тэрміны. Ужн.—вер. 1941 уведзены ў дзеянне 15 бел. з-даў і фабрык, укастр.—ліст. — яшчэ 20. Да лета 1942 абаронную прадукцыю ўжо давалі калектывы больш як 60 эвакуіраваных бел. прадпрыемстваў. Іх аднаўленне і ўвод у дзеянне станоўча паўплывалі на стан эканомікі СССР.
Вял. ролю ў гады вайны адыграў транспарт, у першую чаргу чыгуначны. Эвакуіраваныя чыгуначнікі Беларусі працавалі больш як на 40 Магістралях СССР. Званне Героя Сац. Працы ў ваен. гады прысвоена бел. чыгуначнікам А.В.Глебаву, М.А.Макараву, І.П.Петрушкевічу, А.М.Чухнюк, А.А.Янкоўскаму; многія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. У гады вайны ў сав. тыле працавалі тысячы дзеячаў бел. навукі і культуры. На ўсход СССР эвакуіраваны калектывы 60 н.-д. ін-таў і лабараторый, больш як 20 бел.ВНУ і сярэдніх навуч. устаноў, 6 буйнейшых тэатраў Беларусі. У розных раёнах сав. тылу працавала каля 100 акадэмікаў і чл.-карэспандэнтаў АН Беларусі, дактароў і кандыдатаў навук, больш як 400 артыстаў, каля 50 мастакоў, 22 кампазітары з Беларусі. Вучоныя АНБССР удасканальвалі тэхналогію вытв. працэсаў, вялі пошукі рэсурсаў сыравіны, распрацоўвалі эфектыўныя метады лячэння параненых, важнейшыя праблемы, звязаныя і з патрэбамі фронту, і з далейшым развіццём нар. гаспадаркі.
Супраць фашызму з першых дзён вайны сваім словам змагаліся бел. паэты, празаікі, драматургі. Баявым гімнам прагучаў верш нар. паэта Беларусі Я.Купалы «Беларускім партызанам». У газетах і часопісах «Савецкая Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Чырвоная звязда», «Звязда», «За Савецкую Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка» актыўна супрацоўнічалі К.Крапіва, М.Лынькоў, К.Чорны, І.Гурскі, М.Танк, П.Панчанка і інш. Кампазітары Я.Цікоцкі, А.Багатыроў, М.Аладаў, Р.Пукст і інш. стварылі шэраг муз. твораў. Творы бел. майстроў выяўл. мастацтва, створаныя ў ваен.час, экспанаваліся на выстаўках. «Мастакі Куйбышава ў дні Вялікай Айчыннай вайны» (1941), «Мастакі Сібіры» (1942), «Мастакі Свярдлоўска» (1942), «Тыл і фронт» (1942—44, у залах Траццякоўскай галерэі ў Маскве). Перад воінамі Чырв. Арміі на франтах і параненымі ў шпіталях выступалі брыгады бел. артыстаў. Працоўныя Беларусі збіралі грошы і каштоўнасці на патрэбы абароны.
Поўнае вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да лета 1944 большая частка Беларусі была яшчэ акупіравана гітлераўцамі, якія надавалі вял. значэнне ўтрыманню гэтай тэр., бо праз яе пралягаў прамы шлях да Усх. Прусіі і Берліна. Разумеючы гэта, сав. камандаванне рыхтавала тут магутнае наступленне. Менавіта гэтай задачы было ў значнай ступені падначалена аднаўленне гаспадаркі, якое пачалося ў вызваленых раёнах рэспублікі ў канцы 1943 — пач. 1944. Найперш аднаўляліся пры ўдзеле мясц. насельніцтва неабходныя для Чырв. Арміі шляхі зносін. Да 1.6.1944 былі адноўлены 1247 кмчыг. пуцей, 239 чыг. мастоў, 87 станцый і раз’ездаў, на шашэйных і грунтавых дарогах пабудаваны 554 масты, у т. л. цераз р. Сож у Гомелі і р. Дняпро ў Рэчыцы.
Стварыўшы вял. колькасную і тэхн. перавагу над ворагам, Чырв. Армія 23—24.6.1944 пачала ў Беларусі найбуйнейшую наступальную аперацыю пад кодавай назвай «Баграціён» (гл.Беларуская аперацыя 1944). Для яе правядзення Вярх. Галоўнакамандаванне выдзеліла больш за 2 млн.чал., больш за 31 тыс. гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных гармат, каля 5 тыс. самалётаў. Гэтыя сілы былі аб’яднаны ў 4 франты: 1-ы Прыбалт. (ген. арміі І.Х.Баграмян), 3-і, 2-і і 1-ы Беларускія (ген.-палк. І.Д.Чарняхоўскі, ген.-палк. Г.Ф.Захараў, ген. арміі К.К.Ракасоўскі) франты. У складзе 1-га Бел. фронту дзейнічала Дняпроўская ваен. флатылія (каманд. контр-адм. В.В.Грыгор’еў). Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі і Г.К.Жукаў.
У першыя дні аперацыі войскі 1-га Прыбалт. і 3-га Бел. франтоў акружылі і знішчылі варожую групоўку ў раёне Віцебска, 26 чэрв. вызвалілі Віцебск, 27 — Оршу (гл.Віцебска-Аршанская аперацыя 1944). Войскі 2-га Бел. фронту 28 чэрв. штурмам авалодалі Магілёвам. Адначасова правае крыло 1-га Бел. фронту акружыла і разграміла бабруйскую групоўку ворага, 29 чэрв. вызваліла Бабруйск (гл.Бабруйская аперацыя 1944). Развіваючы наступленне ў сустрэчных напрамках, войскі 1-га і 3-га Бел. франтоў пры ўдзеле 2-га Бел. фронту 3 ліп. вызвалілі сталіцу Беларусі г. Мінск (3 ліп. святкуецца ў Рэспубліцы Беларусь як Дзень Незалежнасці), 4—11 ліп. на ўсход ад Мінска акружылі і знішчылі 105-тысячную групоўку праціўніка (гл.Мінская аперацыя 1944, Мінскі «кацёл»). Войскі 1-га Прыбалт. фронту разграмілі полацкую групоўку гітлераўцаў і 4 ліп. вызвалілі Полацк (гл.Полацкая аперацыя 1944), надзейна забяспечылі з Пн наступленне гал.стратэг. групоўкі сав. войск на Беларусі. 5 ліп. вызвалены гарады Маладзечна і Смаргонь, 8 ліп. — Баранавічы, 9 — Навагрудак, 10 — Слонім, 14 — Пінск і Ваўкавыск, 16 — Гродна. 28 ліп.сав. войскі штурмам авалодалі Брэстам і на гэтым закончылі выгнанне ням.-фаш. захопнікаў з тэр. Беларусі.
Пры правядзенні Бел. аперацыі Чырв. Арміі вял. дапамогу аказвалі партызаны і насельніцтва Беларусі. Да лета 1944 на акупіраванай тэр. рэспублікі дзейнічала 149 партыз. брыгад і больш за 80 асобных атрадаў. Іх удзел у аперацыі быў прадугледжаны Стаўкай і ўзгоднены з дзеяннямі франтоў. Напярэдадні наступлення сав. войск у ноч на 20.6.1944 партызаны метадам «рэйкавай вайны» нанеслі масіраваны ўдар па чыг. камунікацыях ворага, узарвалі 40 тыс. рэек, усяго да поўнага вызвалення рэспублікі — 61 тыс. рэек, 8 чыг. мастоў. У выніку гітлераўцы не змаглі выкарыстаць чыгунку для падвозу рэзерваў, эвакуацыі тылоў і вывазу нарабаванай маёмасці. Партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніка, не давалі яму рабаваць і паліць вёскі, ратавалі насельніцтва, захоплівалі і ўтрымлівалі да падыходу сав. войск масты, пераправы і плацдармы, удзельнічалі ў баях за вызваленне гарадоў, пасёлкаў, вёсак, у ліквідацыі акружаных груповак ворага. Партызанамі былі захоплены і ўтрыманы да падыходу часцей Чырв. Арміі дзеючыя пераправы і пабудаваны новыя цераз рэкі Пціч, Случ, Друць, Ольса, Бярэзіна, Эса, Вілія, Шчара, Нёман, Котра. Ва ўмовах адступлення гітлераўцаў партызаны вызвалілі і ўтрымалі да падыходу Чырв. Арміі многія раённыя цэнтры — Узду, Старобін, Куранец, Астравец і інш. Разам з часцямі Чырв. Арміі яны ўдзельнічалі ў вызваленні гарадоў і гар. пасёлкаў Мінск, Вілейка, Барысаў, Докшыцы, Дунілавічы, Івацэвічы, Клічаў, Слуцк, Ліда, Лагойск, Любань, Маладзечна, Нясвіж, Навагрудак, Смалявічы, Асіповічы, Пінск, Плешчаніцы, Стоўбцы і інш. Усяго ў ходзе баявога ўзаемадзеяння з Чырв. Арміяй партызаны Беларусі знішчылі больш за 15 тыс. і ўзялі ў палон больш за 17 тыс. гітлераўцаў. Падпольшчыкі і інш.мясц. жыхары перадавалі сав. воінам звесткі пра варожую абарону, паказвалі замініраваныя будынкі, масты, мінныя палі, папярэджвалі пра варожыя засады, праводзілі праз водныя перашкоды і балоты, вылоўлівалі варожых салдат і дыверсантаў. Насельніцтва вызваленых раёнаў клапацілася аб параненых сав. воінах, збірала сродкі ў фонд Чырв. Арміі, у фонд дапамогі шпіталям інвалідаў вайны, сем’ям франтавікоў і партызан. З вызваленай тэр. Беларусі ў Чырв. Армію мабілізавана больш за 600 тыс.чал., у т. л. каля 180 тыс.б. партызан. Паўсюдна ў гарадах і вёсках Беларусі адбываліся мітынгі, прысвечаныя вызваленню, гал. з іх адбыўся 16.7.1944 у Мінску з удзелам вышэйшага кіраўніцтва БССР і завяршыўся вял.партыз. парадам (гл.Партызанскі парад 1944).
У выніку Бел. аперацыі была поўнасцю вызвалена Беларусь, б.ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёны Польшчы. Чырв. Армія падышла да граніц Усх. Прусіі. У ходзе аперацыі сав. войскі разграмілі ням.-фаш. групу армій «Цэнтр»: 17 дывізій і 3 брыгады знішчаны поўнасцю, 50 дывізій страцілі больш за палову асабістага складу. За вызваленне Беларусі больш як 1600 сав. генералаў, афіцэраў і салдат удастоены звання Героя Сав. Саюза, больш за 402 тыс. ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. 747 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні вызваленых імі бел. гарадоў.
УБел. аперацыі (23.6—29.8.1944) вял. страты панеслі і сав. войскі. 3 Беларускія і 1 Прыбалт. франты страцілі 765 815 салдат і афіцэраў, з іх незваротныя страты склалі 178 507 чал. Непасрэдна пры вызваленні бел. зямлі з 23 чэрв. і да канца ліп. 1944 усе 4 франты страцілі 440 879 чал., з іх 97 232 чал. забітымі.
Завяршальны этап Вялікай Айчыннай вайны. Разгром ням.-фаш. войск на тэр. Беларусі стварыў спрыяльныя ўмовы для інш. наступальных аперацый, у выніку якіх Чырв. Армія ў 2-й пал. 1944 выгнала ворага з тэр.СССР (акрамя ч. Латвіі, вызваленай у маі 1945) і пачала вызваленне народаў Еўропы ад фаш. няволі. Устудз. 1945 сав. войскі перайшлі ў наступленне на фронце ад Балтыйскага мора да Карпат, каб канчаткова разграміць ням.-фаш. армію і разам з саюзнікамі прымусіць фаш. Германію да капітуляцыі. 16.4.1945 яны пачалі Берлінскую аперацыю — адну з найбуйнейшых уВял.Айч. вайне, якая мела вырашальнае значэнне для перамогі над Германіяй і вызвалення самога ням. народа ад гітлераўскай тыраніі. 26.4.1945 сав. войскі пачалі агульны штурм Берліна, 30 крас. авалодалі будынкам рэйхстага, над якім быў узняты чырв. Сцяг Перамогі (гл.Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у берлінскім прадмесці Карлсхорст прадстаўнікі вышэйшага ням.-фаш. камандавання падпісалі акт пра безагаворачную капітуляцыю Германіі.
Ва ўсіх бітвах завяршальнага перыяду Вял.Айч. вайны актыўны ўдзел прымалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да падзей жн. 1945 на Д. Усходзе. Чырв. Армія з удзелам войск Манголіі разграміла тут яп. Квантунскую армію ў паўн.-ўсх. Кітаі і Паўн. Карэі (гл.Савецка-японская вайна 1945).
Вынікі вайны. Вял. Айч. вайна была для сав. народа і яго ўзбр. сіл самым цяжкім і разам з тым гераічным перыядам. Яна сфарміравала аблічча цэлай эпохі. Перамога над фаш. Германіяй і яе саюзнікамі была атрымана сумеснымі намаганнямі краін антыгітлераўскай кааліцыі, барацьбітоў руху Супраціўлення ў акупіраваных краінах. Але сав. народ і яго ўзбр. сілы на сваіх плячах вынеслі асн. цяжар вайны, адыгралі вырашальную ролю ў барацьбе з агрэсарам. Яны не толькі адстаялі сваю Айчыну, але выратавалі народы свету ад пагрозы фашызму. Дарагой цаной — 27 млн. чалавечых жыццяў — заплацілі народы СССР за перамогу. Больш за палову з гэтых ахвяр складалі мірныя жыхары. З былых саюзных рэспублік найбольшыя страты (адносна агульнай колькасці насельніцтва) панесла Беларусь: загінуў амаль кожны трэці яе жыхар. Сума матэрыяльных страт Беларусі склала 75 млрд.руб. (у цэнах 1941). Перамога над фашызмам — гэта нац. і ваен. гордасць бел. народа, як і ўсіх народаў былога СССР.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—45: Энцыкл.Мн., 1990;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) Мн., 1987;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;
Гриф секретности снят: Потери Вооруженных Сил СССР в войнах, боевых действиях и военных конфликтах: Стат. исслед. М., 1993;
История второй мировой войны, 1939—45. Т. 1—12. М., 1973—82;
Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996;
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—44). Мн., 1995;
Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Краткие сведения об орг. структуре партиз. соединений, бригад (полков), отрядов (батальонов) и их личном составе. Мн., 1983;
Памяти павших: Великая Отечественная война, 1941—1945. М., 1995;
Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;
Беларуская ССР у Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза (1941—1945 г.): Бібліягр. паказ. [Ч. 1—2]. Мн., 1980—90.
У.І.Лемяшонак.
Вызначэнне савецка-польскай мяжы ў 1944—45. З пачаткам вайны пытанне «вольных ад Сталіна рэспублік» было знята з парадку дня берлінскай палітыкі. Дэкрэт Гітлера ад 17.7.1941 прадугледжваў стварэнне рэйсхкамісарыятаў, што азначала адмову фюрэра ад ідэі пераўтварэння гэтых абшараў у васальныя тэрыторыі і пераход на пазіцыі поўнай іх каланізацыі. 27.6.1944 Бел.цэнтр. рада з дазволу фаш. улад склікала ў Мінску 2-і Усебел. з’езд. Дэлегаты заявілі аб непрызнанні бел. дзяржаўнасці ў форме БССР, абвясцілі аб канчатковым разрыве з Расіяй, падкрэсліўшы, што «голас Масквы і СССРу беларускіх справах не мае ніякай праўнай сілы». З’езд аб’явіў несапраўднымі дагаворы і аднабаковыя рашэнні СССР і Польшчы адносна тэр. Беларусі.
Польскі эміграцыйны ўрад, створаны ў кастр. 1939 у Францыі, не прызнаваў законнасць дагавораў паміж Германіяй і СССР адносна Польшчы, у т. л. ўключэння тэр.Зах. Украіны і Зах. Беларусі (разам з Віленшчынай) у склад СССР. Вялікабрытанія і ЗША, хоць і не прызнавалі законнасць уключэння Зах. Беларусі і Зах. Украіны ў склад СССР і новай граніцы паміж СССР і Польшчай, але схіляліся да прызнання «лініі Керзана» ў якасці сав.-польскай граніцы. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 кіраўнікі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі прызналі «лінію Керзана» ў якасці будучай сав.-польскай граніцы. У заяве сав. ўрада ад 11.1.1944 выказвалася гатоўнасць унесці змены ў граніцы 1939 на карысць Польшчы ў раёнах з перавагай польскага насельніцтва. Усак. 1944 на 6-й сесіі Вярх. Савета БССР Старшыня яго Прэзідыума Н.Я.Наталевіч папрасіў сав. ўрад пры вызначэнні граніцы паміж СССР і Польшчай улічыць законнае і справядлівае жаданне бел. народа аб’яднаць усе спрадвечныя бел. землі ў адзіную Бел.сав. дзяржаву. Але гэтыя просьбы не былі ўлічаны сав. кіраўніцтвам. 27.7.1944 у Маскве падпісана сакрэтнае пагадненне паміж СССР і Польскім к-там нац. вызвалення (ПКНВ) аб сав.-польскай граніцы. У яго аснову была пакладзена «лінія Керзана» з адступленнямі на карысць Польшчы на бел. участку граніцы Беластоцкай вобл. і часткі Белавежскай пушчы. Польскі эмігранцкі ўрад па-ранейшаму адмаўляўся прызнаваць «лінію Керзана» і заключанае ПКНВ з СССР пагадненне аб граніцы. Аб гэтым сведчылі перагаворы ў Маскве прадстаўнікоў СССР з дэлегацыяй польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане на чале з прэм’ер-міністрам С.Мікалайчыкам, якія адбыліся ў жн. і кастр. 1944. У мемарандуме польскага ўрада ад 29.8.1944 гаварылася, што канчатковае ўрэгуляванне польска-сав. граніцы павінен зацвердзіць канстытуцыйны сейм, што неабходна таксама правесці добраахвотны абмен насельніцтвам (польскім, беларускім і ўкраінскім). Лонданскі польскі ўрад не прызнаваў пагадненняў аб абмене насельніцтвам, заключаных Украінай, Беларуссю і Літвой з ПКНВ, падкрэсліваючы, што ўрады сав. рэспублік робяць спробы змяніць на сваю карысць этнічны склад тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Канчаткова пытанне аб сав.-польскай граніцы было вырашана ў 1945.
Літ.:
Ленхард Х. «Жизненное прострачство на Востоке»: Немцы в Беларуси, 1941—1944 // Нёман. 1993. №5;
Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй Мн., 1993;
Яго ж. Беларускае пытанне ў палітыцы лонданскага лагеру (1941—1944) // Спадчына. 1997. №3;
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;
Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі ў 1944—1953 гг.Мн., 1997;
Яго ж. Беларусь у геапалітыцы і дыпламатыі перыяду Другой сусветнай вайны // Бел. журн. междунар. права і междунар. отношений. 2000. №1;
Праблемы уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць. Мн., 2000;
Знешняя палітыка Беларусі. Зб. дакументаў і матэрыялаў Т. 3—4. Мн., 2000—01.
У.Е.Снапкоўскі.
Гараць фашысцкія танкі, падбітыя савецкімі воінамі каля в. Паперня Мінскага раёна Чэрвень 1941.Савецкія артылерысты адбіваюць атаку фашысцкіх танкаў. Наваколле Мінска. Чэрвень 1941Аб’явы нямецка-фашысцкіх акупацыйных улад.Вёска Хорастаў Ленінскага раёна Пінскай вобл., спаленая гітлераўцамі.Нямецка-фашысцкія карнікі паляць вёску ў партызанскай зоне.Разбураны гітлераўскімі захопнікамі раён Мінска. 1944.Партызаны брыгады імя С.М.Кірава Пінскай вобл. на баявой аперацыі. 1943.Партызаны брыгады імя С.М.Будзённага Пінскай вобл. ідуць на баявое заданне. 1943.Прарыў. Карціна П.С.Крахалёва. 1975.Наступленне савецкіх танкаў і пяхоты на Мінск. 1944.Партызанская сям’я: селянін Чашніцкага раёна Віцебскай вобл. Н.Ц.Рыдлеўскі з дочкамі.Фарсіраванне войскамі 3-га Беларускага фронту р. Лучоса каля Віцебска. Чэрвень 1944.Салют савецкіх воінаў—вызваліцеляў Віцебска. 26.6.1944.Узняцце чырвонага сцяга над Домам урада ў вызваленым Мінску. 3.7.1944.Мінск. 3 ліпеня 1944 года. Карціна В.Волкава. 1954—55.