КАРЭЛЯЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае практычныя метады даследавання карэляцыйнай сувязі (гл. Карэляцыя ў матэм. статыстыцы) паміж дзвюма ці болей выпадковымі адзнакамі або фактарамі. Асн. прыёмы: пабудова карэляцыйнага поля і састаўленне карэляцыйнай табліцы, вылічэнне выбарачных каэфіцыентаў карэляцыі або карэляцыйных адносін, праверка стат. гіпотэзы значнасці сувязі. Метады К.а. шырока выкарыстоўваюцца ў эканоміцы (напр., пры распрацоўцы розных нарматываў на прадпрыемствах, у аналізе попыту і спажывання), у сацыялогіі і інш.

т. 8, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́НТЭ-КА́РЛА МЕ́ТАД (назва ад г. Монтэ-Карла, які вядомы сваім ігральным домам), метад статыстычных выпрабаванняў,

лікавы метад прыбліжанага рашэння задач з дапамогаю мадэліравання выпадковых працэсаў.

Для рашэння задачы М.-К.м. выбіраецца працэс, у якім некат. імавернасная характарыстыка роўная шуканаму рашэнню. Потым працэс мадэліруецца і эксперыментальна знаходзіцца стат. ацэнка характарыстыкі. Гэтая ацэнка і бярэцца за прыбліжанае рашэнне. Выкарыстоўваецца пры рашэнні задач фізікі, радыётэхнікі, тэорыі масавага абслугоўвання, выліч. матэматыкі і інш. Найб. пашырыўся пасля стварэння ЭВМ.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНЗ ПРАМЫСЛО́ВАГА ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

пералік прыкмет, на падставе якіх прадпрыемства ўлічвалася як самаст. гасп. арганізацыя пры стат. перапісах прам-сці ў некаторых краінах, дарэв. Расіі і ў першыя гады сав. улады.

У планавай гаспадарцы СССР на ўлік браліся прадпрыемствы, якім быў даведзены план. З сярэдзіны 1930-х г. замест падзелу прам-сці на цэнзавую і няцэнзавую прыняты падзел на буйную і дробную; з пач. 1960-х г. улічваліся прадпрыемствы, якія знаходзіліся на самаст. балансе, і падсобныя.

т. 17, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІДАРО́ВІЧ Яўгеній Мечыслававіч (н. 24.8.1939, Мінск),

бел. вучоны ў галіне буд. механікі. Д-р тэхн. н. (2001). Скончыў Бел. нац. тэхн. ун-т (1962), дзе і працуе (з 2001 праф.). Навук. працы па тэорыі нелінейна дэфармуемых сістэм, па стат. і дынамічнай устойлівасці збудаванняў.

Тв.:

Нелинейное деформирование, статическая и динамическая устойчивость пространственных стержневых систем. Мн., 1999;

Работа деформируемых систем при следящих, ветровых и гидростатических нагрузках // Механика разрушения композиционных материалов. Мн., 1997.

т. 18, кн. 1, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРЫ́ ЗАКО́Н,

тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці χ некаторых парамагнетыкаў. Мае выгляд χ = C/T, дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры). Адкрыты ў 1895 П.Кюры. К.з. падпарадкоўваюцца газы, пара шчолачных металаў, разбаўленыя растворы парамагн. солей і інш. Класічная тэорыя К.з. грунтуецца на стат. разглядзе ўласцівасцей сістэмы («газу») слаба ўзаемадзейных атамаў, малекул ці іонаў, якія маюць магн. дыпольны момант. У знешнім магн. полі адбываецца арыентацыя гэтых момантаў уздоўж поля, якой перашкаджае цеплавы рух часціц. Гл. таксама Кюры—Вейса закон.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНТО́ВІЧ Міхаіл Аляксандравіч (7.3.1903, Масква — 30.3.1981),

расійскі фізік-тэарэтык, стваральнік навук. школы па радыёфізіцы і фізіцы плазмы. Акад. АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1923), дзе і працаваў. У 1934—41 і 1946—52 у Фіз. ін-це, з 1951 у Ін-це атамнай энергіі АН СССР. Навук. працы па электрадынаміцы, оптыцы, стат. фізіцы, тэрмадынаміцы, радыёфізіцы, фізіцы плазмы і інш. З 1951 узначальваў даследаванні па праблемах кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу і фізіцы плазмы. Ленінская прэмія 1958.

М.А.Леантовіч.

т. 9, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГА СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ,

стан замкнутай макраскапічнай сістэмы, у якім сярэднія значэнні фіз. велічынь, што характарызуюць гэтую сістэму, не залежаць ад часу; адно з асн. паняццяў статыстычнай фізікі.

Р.с. не з’яўляецца раўнавагай у мех. сэнсе (у сістэме пастаянна ўзнікаюць флуктуацыі фіз. велічынь каля іх сярэдніх значэнняў). Тэорыя Р.с. апісваецца ў стат. фізіцы з дапамогай Гібса размеркавання для мікракананічнага, кананічнага ці вял. кананічнага статыстычнага ансамбля ў залежнасці ад тыпу кантактаў сістэмы з навакольным асяроддзем, якія дазваляюць ці забараняюць абмен энергіяй і часціцамі.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛІКАЎ Уладзімір Фёдаравіч (н. 30.7.1947, г. Янаул, Башкортастан),

бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі і тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н., праф. (1986). Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча ППА (1970), дзе і працаваў з 1975. З 1994 прарэктар Ін-та сучасных ведаў, з 1996 дырэктар Дзярж. НДІ праблем аховы інфармацыі. Навук. працы па стат. тэорыі выпрабаванняў складаных радыётэхн. комплексаў на безадмоўнасць і інфармацыйным забеспячэнні аптымальнага працэсу іх эксплуатацыі.

Тв.:

Учет априорной информации при оценке надежности. Мн., 1979 (разам з У.​А.​Прахарэнкам).

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ТЧЭЛ (Mitchell) Уэслі Клэр (5.8.1874, г. Рашвіл, штат Ілінойс, ЗША — 29.10.1948),

амерыканскі эканаміст і статыстык, прадстаўнік гарвардскай школы. Скончыў Чыкагскі ун-т. Праф. Каліфарнійскага (1909—12) і Калумбійскага (1914—19, 1922—44) ун-таў. У 1920—45 узначальваў Нац. бюро эканам. даследаванняў. Навук. працы і даследаванні ў галіне аналізу эканам. цыклаў і кан’юнктуры, па стат. даследаваннях, гісторыі грашовага абарачэння і інш. Спрабаваў выкарыстоўваць статыстыку для доказу палажэнняў інстытуцыяналізму. Пасля эканам. крызісу 1929—33 адзін з тэарэтыкаў «рэгулюемага капіталізму». Асн. праца «Эканамічныя цыклы» (1913).

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРАЎНАВА́ЖНЫ СТАН у тэрмадынаміцы,

стан сістэмы, выведзенай з раўнавагі тэрмадынамічнай (у стат. фізіцы — з стану статыстычнай раўнавагі). Вывучаецца ў тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў і фіз. кінетыцы.

У сістэме, што знаходзіцца ў Н.с., адбываюцца неабарачальныя працэсы пераносу, якія імкнуцца вярнуць яе ў стан раўнавагі пры адсутнасці перашкаджальных фактараў, напр., адвядзення (ці падвядзення) энергіі або рэчыва з сістэмы. У процілеглым выпадку магчымы стацыянарны стан, калі павелічэнне энтрапіі ў сістэме кампенсуецца яе адвядзеннем ад сістэмы. Н.с. з часам існавання, многа большым за час рэлаксацыі, наз. метастабільным станам.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)