КО́ЎКАСЦЬ,

здольнасць металаў і сплаваў паддавацца коўцы і інш. відам апрацоўкі ціскам (валачэнню, пракатцы, прасаванню, штампоўцы). Характарызуецца пластычнасцю і супраціўленнем дэфармацыі. У коўкіх металаў адносна высокая пластычнасць спалучаецца з нізкім супраціўленнем дэфармацыі.

т. 8, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДПУСК металу,

тэрмічная апрацоўка загартаваных сплаваў (пераважна сталей) для памяншэння іх крохкасці і павышэння пластычнасці. Заключаецца ў нагрэве металу да пэўнай т-ры, вытрымцы пры гэтай т-ры і наступным ахаладжэнні (у паветры або вадзе) з зададзенай скорасцю. Водпуск каляровых сплаваў звычайна наз. штучным старэннем.

Адрозніваюць водпуск нізкі (120—250 °C, выкарыстоўваецца для зняцця ўнутр. напружанняў у вырабах з інстр. вугляродзістай і нізкалегіраванай сталі), сярэдні (250—450 °C, для апрацоўкі спружынных і рысорных сталей) і высокі (450—650 °C, для апрацоўкі дэталей канструкцый і машын з канструкцыйных сталей). Загартоўка з наступным высокім водпускам наз. паляпшэннем. Выбар рэжыму водпуску вызначаецца патрэбным найлепшым спалучэннем трываласці, цвёрдасці і пластычнасці вырабу.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЫЛІЗА́ЦЫЯ,

тэхналагічны працэс насычэння паверхні сталі ці сплаваў (пераважна гарачатрывалых) берыліем. Надае паверхні больш высокую цвёрдасць, гарачатрываласць пры т-рах 800—1000 °C, каразійную ўстойлівасць. Праводзяць у парашкападобных сумесях ці ў газавым асяроддзі.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ТЭХНАЛО́ГІІ МЕТА́ЛАЎ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1992 у Магілёве на базе Магілёўскага аддзялення Фіз.-тэхн. ін-та АН Беларусі (існавала з 1970). У ін-це (1998): 6 лабараторый, 1 аддзел, аспірантура.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: цеплафізіка і распрацоўка тэарэт. асноў кіравання працэсамі фарміравання структуры і ўласцівасцей металаў і сплаваў пры крышталізацыі і зацвердзяванні з мэтай стварэння новых матэрыялаў і тэхнал. працэсаў іх атрымання і ўмацавання. Распрацаваны тэхнал. працэсы і абсталяванне бесперапыннага гарыз. ліцця профільных загатовак металаў і сплаваў, полых загатовак з розных марак чыгуну метадам накіраванага зацвердзявання, адлівак тыпу крацістых панэлей і палос у ротарна-прахадныя крышталізатары. У ін-це працаваў акад. Нац. АН Беларусі Г.А.Анісовіч (да 1997).

В.​І.​Баранаў.

т. 7, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сілумі́н

[ад сіл(іцый) + (ал)юміній]

група лёгкіх кіслотаўстойлівых процікаразійных алюмініевых сплаваў з дабаўленнем крэмнію; выкарыстоўваецца пераважна ў хімічным машынабудаванні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

стыло́метр

(ад англ. steel = сталь + -метр)

прыбор для колькаснага спектральнага аналізу саставу сталей і сплаваў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЗВАРО́Т МЕТА́ЛАЎ,

працэс частковага аднаўлення структурнай дасканаласці і ўласцівасцей дэфармаваных металаў і сплаваў пры іх награванні ніжэй за т-ру рэкрышталізацыі. З.м. уключае адпачын металаў і поліганізацыю (пач. стадыю рэкрышталізацыі). Выкарыстоўваецца для павышэння пластычнасці накляпаных матэрыялаў і тэрмічнай стабільнасці іх структуры.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАЧЭ́ННЕ,

працягванне металічных загатовак круглага ці фасоннага профілю (пруткоў, катанкі, трубаў) праз спец. прыстасаванне з адтулінай (фільерай) — валоку. Робіцца на валачыльных станах.

Валачэнне пластычных металаў вядуць без награвання, дроту з вальфраму ці малібдэну — з награваннем да т-ры рэкрышталізацыі, вырабаў з хуткарэзных сплаваў — да 600—850 °C. Загатоўкі дыяметрам больш за 0,3 мм працягваюць праз фільеры з цвёрдых сплаваў, больш тонкія — праз алмазныя. Валачэннем можна атрымаць дрот дыяметрам да 0,002 мм, пругкі да 100 мм, трубы любога профілю з таўшчынёй сценкі да 0,1 мм. Валачэнне выкарыстоўваецца таксама для каліброўкі і паляпшэння мех. уласцівасцей вырабаў.

Схема працэсу валачэння: а — пруткоў круглага сячэння; б — труб без патанчэння сценак; в — труб з патанчэннем сценкі; 1 — выраб, які працягваецца; 2 — валока; 3 — апраўка.

т. 3, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІСО́ВІЧ (Генадзь Анатолевіч) (н. 25.8.1932, Мінск),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Акад. АН Беларусі (1984, чл.-кар. 1972), д-р тэхн. н. (1970), праф. (1981). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў БПІ (1955). З 1960 у Фізіка-тэхн. ін-це АН Беларусі, з 1970 дырэктар Магілёўскага аддз. гэтага ін-та, з 1992 — Ін-та тэхналогіі металаў АН Беларусі (Магілёў). Навук. працы па тэхналогіі металаў, цеплафізіцы ліцейных працэсаў, цеплавых асновах тэхналогіі металаў пры фазавых пераўтварэннях. Распрацаваў метады вызначэння тэрмафіз. уласцівасцяў металаў, сплаваў і фармовачных сумесяў, новыя спосабы атрымання адлівак і загатовак з чорных і каляровых сплаваў у спец. відах ліцця (намарожваннем, у какіль і інш.).

Тв.:

Охлаждение отливки в комбинированной форме. М., 1969 (разам з М.​П.​Жмакіным);

Затвердевание отливок. Мн., 1979.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛАРО́ДНАЯ РЭ́ЗКА, аўтагенная рэзка, газавая рэзка,

рэзка матэрыялаў спальваннем іх струменем кіслароду. Награванне матэрыялаў да т-ры ўзгарання робіцца з дапамогай гаручых газаў (ацэтылену, прапану, пароў бензіну). Бывае ручная і машынная.

Для К.р. нізкалегіраваных, нізка- і сярэднявугляродзістых сталей, тытанавых сплаваў выкарыстоўваюць спец. ручныя або машынная разакі і гарэлкі зварачныя; для бетону, жалезабетону, вогнетрывалых матэрыялаў — кіслароднае кап’ё (стальную трубку, па якой прапускаюць кісларод); для хромістых сталей, чыгуну і медных сплаваў — К.р. з дабаўленнем флюсу (садзейнічае выдаленню тугаплаўкіх шлакаў, што ўтвараюцца пры рэзцы). Для К.р. пад вадой ужываюць трубчастыя (метал., вугальныя і інш.) электроды з унутр. каналам для падачы кіслароду. К.р. выкарыстоўваюць таксама для стругання, абточкі, зачысткі дэталей.

Кіслародная рэзка: 1 — сапло разака; 2 — падагравальнае газавае полымя; 3 — струмень рэжучага кіслароду; 4 — дэталь, якая разразаецца.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)