ГРО́ДЗЕНСКАЯ ТЫТУНЁВАЯ ФА́БРЫКА.

Засн. ў 1861 (паводле інш. звестак у 1859) у Гродне акц. кампаніяй Шарашэўскага і інш. Вырабляла тытунь, цыгарэты і папяросы. Сыравіну прывозілі з Расіі, Крыма, Украіны, Амерыкі. У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1945—49. У 1964—87 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання «Нёман». З 1988 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1997): папяросы і цыгарэты, у т. л. вышэйшага гатунку («Мінск», «Космас», «Пушча», «Арбіта», «Гродна», «Фільтр» і інш.). Супрацоўнічае з фірмамі краін СНД, Англіі, Германіі, Швейцарыі.

т. 5, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРА́ДЧЫ ПАКО́Й у Рэспубліцы Беларусь і краінах СНД, ізаляванае памяшканне, у якім адбываецца нарада суда і дзе прымаецца рашэнне ці вызначэнне па разгледжанай справе; адна з гарантый незалежнасці суддзяў і тайны іх нарады перад вынясеннем прысуду. У час нарады ў Д.п. могуць знаходзіцца толькі суддзі, якія ўваходзяць у склад суда па дадзенай справе. Прысутнасць інш. асоб не дапускаецца. Суддзі не маюць права выдаваць меркаванні, якія мелі месца ў час нарады. Парушэнне тайны Д.п. з’яўляецца парушэннем закону і цягне адмену суд. пастановы.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 6, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Уведзены ў эксплуатацыю ў 1933. Размешчаны за 9 км ад Гомеля ў р.п. Касцюкоўка. У Вял. Айч. вайну часткова эвакуіраваны ў Башкірыю. Адноўлены ў 1943—45. Пазней рэканструяваны. З 1994 Гомельскае акц. т-ва «Гомельшкло». Адно з буйнейшых прадпрыемстваў па выпуску аконнага паліраванага шкла, пенашкла, шкляных тэрмаўстойлівых труб, загартаванага шкла для аўтатрактарнай прам-сці і інш. 75% паліраванага шкла ідзе на экспарт у Галандыю, Італію, Францыю, Вялікабрытанію, краіны СНД. Працуе цэх прамысл. перапрацоўкі і вытв-сці бутэлек еўрап. стандарту.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЗНА́ННЕ,

адна з формаў папярэдняга расследавання крымін. злачынстваў і правапарушэнняў. У праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД ажыццяўляецца міліцыяй і інш. правамоцнымі органамі (дзярж. бяспекі, пажарнага нагляду, пагранічнай аховы, мытні і інш.). Адрозніваюць 2 віды Д.: па справах, папярэдняе следства па якіх абавязковае, і па справах, дзе яно не абавязковае. У першым выпадку орган дазнання ўзбуджае крымін. справу, праводзіць неадкладныя следчыя дзеянні па выяўленні слядоў злачынства і перадае справу следчаму. У другім Д. ўключае поўнае расследаванне справы; пры гэтым матэрыялы Д. з’яўляюцца падставай для разгляду справы ў судзе.

С.У.Скаруліс.

т. 6, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЧАЯ КАМІ́СІЯ,

калегіяльны орган у некаторых краінах СНД, які складаецца з прадстаўнікоў прац. калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, паліт. партый, сходаў выбаршчыкаў і інш. У Рэспубліцы Беларусь выбарчыя камісіі ствараюцца для падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дэпутатаў у прадстаўнічыя органы дзярж. улады. Яны ажыццяўляюць кантроль за выкананнем заканадаўства аб выбарах, ствараюць выбарчыя акругі і выбарчыя ўчасткі, забяспечваюць складанне спісаў выбаршчыкаў, назіраюць за дакладным выкананнем парадку галасавання, вызначаюць яго вынікі і інш. Ствараюцца Цэнтр., тэрытарыяльныя, акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі, парадак іх дзеяння і кампетэнцыя вызначаюцца законам. Гл. таксама Выбарчая сістэма.

т. 4, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ДАЧА ЗЛАЧЫ́НЦА,

экстрадыцыя, у міжнародным праве перадача злачынца дзяржавай, дзе ён знаходзіцца, дзяржаве, грамадзянінам якой ён з’яўляецца або на тэрыторыі якой ён учыніў злачынства, для аддачы пад суд ці для выканання адносна яго суд. прыгавору. Умовы і парадак выдачы злачынца рэгламентуюцца міжнар. дагаворамі і нац. заканадаўствам. Паміж дзяржавамі СНД 22.1.1993 заключана Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па цывільных, сямейных і крымін. справах. Рэспубліка Беларусь мае таксама пагадненне аб выдачы злачынца з Кітаем, Латвіяй, Літвой і Польшчай. Асобы, якія праследуюцца па паліт. матывах, выдачы не падлягаюць.

С.У.Скаруліс.

т. 4, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д СТАНО́ЧНЫХ ВУЗЛО́Ў.

Арганізаваны ў 1961 на базе шклатарнага з-да як з-д нармалізаваных вузлоў. З 1976 сучасная назва. Да 1972 выпускаў нармалі, электрамех. сілавыя сталы і рэдуктары да іх, прыстасаванні да заточных станкоў. У 1972 і 1978 уведзены ў эксплуатацыю магутнасці для вырабу дэталей такарных і радыяльна-свідравальных станкоў, загатовак па вырабе тавараў нар. ўжытку. У 1993 дадаткова арганізавана вытв-сць мэблі. Асн. прадукцыя (1997): радыяльна-свідравальныя і такарныя станкі, свідравальна-фрэзерныя прыстасаванні, мэбля, тавары нар. ўжытку. Экспарт прадукцыі ў краіны СНД, Турцыю, Іран, Аўстралію, ЗША і інш.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «АЗО́Т» імя С.В. Прытыцкага. Адно з найбольшых прадпрыемстваў Беларусі. Засн. ў 1963 як Гродзенскі азотна-тукавы з-д. З 1970 хім. камбінат, з 1975 сучасная назва. У складзе Бел. дзяржканцэрна «Белхімнафтапрам». Супрацоўнічае з шэрагам буйнейшых фірмаў і НДІ. Мае ўласныя навук. падраздзяленні. Асн. Прадукцыя (1997): аміяк, мінер. ўгнаенні, капралактам, тавары нар. ўжытку. Асн. сыравіна: прыродны газ з газаправода Таржок—Мінск—Івацэвічы, сера з Польшчы і Украіны, бензол з Наваполацка і г. Тальяці. Экспарт прадукцыі ў Кітай, Індыю, Канаду, Францыю, Англію, ЗША, краіны СНД, Міжземнаморскага рэгіёна і Скандынавіі.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНІКАЎ Сяргей Яўгенавіч

(н. 7.11.1961, Мінск),

бел. спартсмен (футбол). Скончыў Бел. ін-т фіз. Культуры (1983). З 1981 у складзе мінскага «Дынама». Чэмпіён (1982) і бронзавы прызёр (1983) першынства СССР. Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1988). З 1989 у італьян. прафес. футбольных клубах «Ювентус» (у складзе яго — уладальнік Кубкаў Італіі і УЕФА, 1990), «Леча», з 1993 у яп. клубе «Гамба». Удзельнік чэмпіянатаў свету (1986, 1990), Еўропы (1988, 1992) у складзе зборных СССР і СНД, правёў за іх (з 1984) 77 гульняў. Выступаў за зборную свету (1990). Аўтар кн. «І жыццё, і слёзы, і футбол...» (1992, разам з Дз.Беленькім).

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА МАШЫНАБУДАВА́ННЯ,

«Гомсельмаш». Пачаў дзейнасць у 1930. Выпускаў 18 найменняў прадукцыі на экспарт. У 1941 эвакуіраваны ў г. Курган, дзе выпускаў ваенную прадукцыю. Аднавіў дзейнасць у Гомелі ў 1944. З 1977 ВА «Гомсельмаш». Асн. Прадукцыя (1996): самаходныя кормаўборачныя (розных серый) і буракаўборачныя комплексы і камбайны, кормаўборачныя прычапныя і паўнавясныя камбайны «Палессе», касілкі (здрабняльнікі, прычапныя і ратацыйныя плюшчыльнікі), сеялкі дакладнага высеву, тавары нар. ўжытку (міні-трактары, кормаздрабняльнікі, механізмы трансфармацыі мэблі і інш. Акрамя краін СНД і Прыбалтыкі прадукцыя экспартуецца ў 14 краін свету, у т. л. ў Англію, Францыю, Бельгію, Аўстралію, Аргенціну, Нарвегію, Ізраіль.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)