КАМП’Ю́ТЭРНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць узаемадзейных камп’ютэраў, злучаных паміж сабой з дапамогай лініі сувязі (кабельных або тэлеф.) ці радыёканалаў для абмену інфармацыяй. Для забеспячэння функцыянавання К.с. выдзяляецца спец. камп’ютэр (сервер), у запамінальных прыстасаваннях якога размешчаны праграмы супольнага карыстання, базы даных і інш. Бываюць лакальныя і размеркаваныя (рэгіянальныя, глабальныя., напр. Інтэрнет).
Лакальныя аб’ядноўваюць камп’ютэры, якія знаходзяцца ў адным ці некалькіх блізка размешчаных збудаваннях і далучаюцца да ўнутр. кабельнай сеткі непасрэдна ці праз камутатары, канцэнтратары і інш. Размеркаваныя звычайна карыстаюцца паслугамі тэлекамунікацыйных ліній сувязі (напр., тэлефоннай). К.с. выкарыстоўваюцца для рашэння складаных задач навукі, тэхнікі, эканомікі, кіравання, адпрацоўкі інфармацыі і інш., якія патрабуюць размеркаваных баз даных і магутных выліч. рэсурсаў. На Беларусі (1998) найб. магутныя лакальныя К.с. створаны ў ін-тах фізікі, матэматыкі, тэхн. кібернетыкі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, заалогіі, эксперым. батанікі, фотабіялогіі, сацыялогіі, Цэнтр. навук. б-кі Нац. АН. Яны далучаны да рэгіянальнай сеткі БАСНЕТ (англ. BASNET, скарочанае ад Belorussian Academy of Sciences NetWork — сетка Бел. АН; аб’ядноўвае ЭВМ устаноў навукі, адукацыі, культуры і інш.) і да глабальнай сеткі Інтэрнет.
М.П.Савік.
т. 7, с. 539
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дзяржаўная геадэзічная сетка СССР 3/399
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ СЕ́ТКА,
сістэма газаправодаў для транспартавання гаручых газаў і размеркавання іх паміж спажыўцамі; асн. элемент сістэмы газазабеспячэння. Бываюць размеркавальныя, міжпасялковыя і ўнутрыдамавыя; у залежнасці ад колькасці ступеней ціску — адна- (у невялікіх населеных пунктах), двух- (у сярэдніх гарадах), трох- і чатырохступеньчатыя (у вял. гарадах). Гарадскія газавыя сеткі — звычайна кальцавыя (замкнутыя), што забяспечвае бесперабойнасць падачы газу пры адключэнні асобных участкаў. Геагр. становішча Беларусі абумовіла пракладку праз яе тэр. буйных магістральных газаправодаў і, як вынік, паскораную газіфікацыю яе гаспадаркі і высокую шчыльнасць газавых сетак.
т. 4, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТА́КТАВАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць прылад для перадачы эл. энергіі ад цягавых падстанцый электравозам, трамваям, тралейбусам і інш. Перадача энергіі ажыццяўляецца праз слізгальны кантакт паміж кантактавым провадам (ці рэйкай) і токаздымнікам рухомага саставу.
Кантактавы провад размяшчаюць над рэйкамі (напр., трамвайнымі) або ўздоўж трасы бязрэйкавага транспарту (тралейбусаў), кантактавую рэйку — на ўзроўні хадавых частак. напр., метрапалітэна. Кантактавы провад прымацоўваюць да апор з дапамогай гнуткіх элементаў (тросаў ці дратоў), спец арматуры і ізалятараў. Для надзейнай работы К.с. дзеляць на секцыі. Пры рамонтных работах, якія патрабуюць зняцця напружання, адключаюць толькі адну секцыю без парушэння сілкавання астатніх участкаў.
т. 7, с. 603
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГРАФІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць вадацёкаў і вадаёмаў пэўнай тэрыторыі ці ўсёй сушы. Характарызуецца гушчынёй рачной сеткі (даўж. рачной сеткі на 1 км² плошчы), азёрнасцю і забалочанасцю (адносіны плошчы люстра азёр або паверхні балот да плошчы басейна ў працэнтах). Асаблівасці гідраграфічнай сеткі абумоўлены фіз.-геагр. ўмовамі: кліматам, рэльефам, геал. будовай і інш. На Беларусі гідраграфічную сетку складаюць 20,8 тыс. рэк і ручаёў агульнай даўж. 90,6 тыс. км, 11 тыс. азёр, 145 вадасховішчаў, 1600 сажалак, 7 тыс. балот. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,48 км/км², адкрытай асушальнай сеткі 0,75 км/км², азёрнасць каля 1,2%, забалочанасць 12,2%.
А.А.Макарэвіч.
т. 5, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРО́ННАЯ СЕ́ТКА,
сукупнасць штучных нейронных элементаў і сувязей паміж імі. Структура Н.с. запазычана ў біял. аб’ектаў, мае здольнасць да навучання і дазваляе мадэліраваць разумовыя працэсы жывой матэрыі. З Н.с. звязваюць перспектывы развіцця выліч. тэхнікі, сістэм кіравання і інш.
Складаецца з штучных нейронных элементаў (гл. Нейрон), якія злучаны сінаптычнымі сувязямі і выконваюць аперацыю нелінейнага пераўтварэння сумы здабыткаў уваходных сігналаў на іх вагавыя каэфіцыенты. Самаарганізацыя і прыстасавальнасць Н.с. дасягаецца ў працэсе яе навучання, у выніку чаго ўдакладняюцца сінаптычныя сувязі паміж яе элементамі. Правілы навучання вызначаюць залежнасці вагавых каэфіцыентаў ад уваходных уздзеянняў. Асаблівасць Н.с. — здольнасць карэктна функцыянаваць пры паступленні даных, якія не ўваходзілі ў навуч. выбарку (здольнасць да абагульнення).
На Беларусі даследаванні па праблемах Н.с. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш. Для каардынацыі работы ў гэтай галіне створана бел. аддзяленне Міжнар. т-ва Н.с. (г. Брэст).
Літ.:
Головко В.А. Нейроинтеллект теория и применение. Кн. 1—2. Брест, 1999.
У.А.Галаўко, А.А.Дудкін.
т. 11, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́НАМА-ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,
сістэма звязаных паміж сабою астронама-геадэзічных пунктаў, якія размешчаны адзін ад аднаго на адлегласці 70—100 км. Утворана з радоў і сетак трыянгуляцыі і паліганаметрыі. Служыць для вызначэння фігуры і памераў Зямлі, складання тапаграфічных картаў. Гл. Апорная геадэзічная сетка.
т. 2, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДУСНАЯ СЕ́ТКА ЗЯМЛІ́,
сістэма геагр. мерыдыянаў і паралелей, нанесеных на адлюстраванне зямной паверхні ў выглядзе картаў і глобусаў. Выкарыстоўваецца для вызначэння геагр. каардынат зямной паверхні, а таксама вуглоў арыентавання (азімутаў і румбаў) і адлегласцей. Кожнаму мерыдыяну адпавядае свая даўгата (L), а паралелі — шырата (B). Азімут напрамку па мерыдыяне роўны нулю, па паралелі адпаведна — 90° і 270°. Градусная сетка наносіцца праз інтэрвалы: некалькі градусаў 1°; 30′; 10′; 1′. Для Беларусі геагр. сетка абмежавана даўготамі Lз = 23°11′03″; Ly, = 32°45′36″ і шыротамі Bпд = 51°15′35″; Bпн = 56°10′22″. У межах Беларусі адной мінуце адпавядае на плоскасці ў праекцыі Гаўса—Кругера: па шыраце на Пн 1034,4 м, на Пд 1164,3 м; па даўгаце на Пн 1855,6 м, на Пд 1855,2 м. Гарызантальная праекцыя ліній на фіз. паверхні Зямлі будзе карацей за прыведзеныя на велічыню
, дзе ym — сярэдняя ардыната лініі (сярэдняя адлегласць ад асявога мерыдыяна 6-градуснай каардынатнай зоны), Rm — сярэдні радыус Зямлі (6371,11 км).
А.А.Саламонаў.
т. 5, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РНАЯ ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,
сістэма замацаваных на мясцовасці арыенціраў, якія служаць апорнымі пунктамі пры здымках і геад. вымярэннях. Вылучаюць апорную геадэзічную сістэму планавую і вышынную. Планавая складаецца пераважна метадамі трыянгуляцыі і паліганаметрыі, узаемнае размяшчэнне яе пунктаў вызначаецца прамавугольнымі каардынатамі (X і Y); вышынная — метадам геам. нівеліравання. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні формы Зямлі, складанні тапаграфічных картаў, інж. пошуках, у буд-ве і г.д., дзе неабходны дакладныя разлікі на мясцовасці.
А.В.Саломка.
т. 1, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тари́фный тары́фны;
тари́фная се́тка тары́фная се́тка.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)