агані́стыкі
(гр. agonistikos = здольны да барацьбы)
дэмакратычная хрысціянская секта ў рымскай Афрыцы ў 4—5 ст., левае крыло данатыстаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДАРБІ́СТЫ, евангельскія хрысціяне дарбісты, плімуцкія браты,
рэлігійная пратэстанцкая секта. Створана ў 1820—30-я г. ў г. Плімут (Англія) святаром Дж.Н.Дарбі (адсюль назва) як абшчына, апазіцыйная афіц. англіканскай царкве. Веравучэннем блізкія да баптыстаў і евангельскіх хрысціян. Вялі прапаганду сярод хрысціян і іудзеяў. Абраднасць больш спрошчаная. Д. поўнасцю адмаўляюць духавенства як асобную прафесійную групу і надаюць вял. значэнне асабістаму тлумачэнню Бібліі. Найб. распаўсюджаны ў Англіі і яе б. калоніях і дамініёнах, Зах. Еўропе. У пач. 20 ст. з’явіліся ў Беларусі (Мінск). У 1920—30-я г. ў Зах.
Беларусі склаліся 3 цэнтры Д.: у Брэсце, Кобрыне, Пінску, якія праводзілі місіянерскую работу сярод мясц. сялян, а таксама яўрэяў. Пасля Вял. Айч. вайны дзейнасць секты заняпала.
Б.І.Камейша.
т. 6, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
секта́нт
(ад секта)
1) паслядоўнік якой-н. рэлігійнай секты;
2) перан. чалавек, які вылучаецца вузкімі інтарэсамі якой-н. замкнутай групы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
сікхі́зм
(ад сікхі)
адна з рэлігій у Індыі, што ўзнікла ў пач. 16 ст. як секта індуізму, вызнае адзінабожжа, каставую роўнасць сікхаў перад богам, адмаўляе ідалапаклонства.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
назарэ́і
(лац. nazaraeus, ад лац. Nazoraios)
1) назва хрысціян у першапачатковы перыяд пашырэння хрысціянства;
2) рэлігійная секта, што існавала ў Расіі з сярэдзіны 19 да пач. 20 ст.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
СЕКТА́НЦТВА (ад секта),
рэлігійныя аб’яднанні, што ўзнікаюць як апазіцыя да пэўнай царквы. У царк. практыцы С. наз. ерасямі. Падставай для ўзнікнення С. з’яўляецца інш. тлумачэнне пэўных прынцыпаў веравызнання або элементаў культавай практыкі. Вытокі С. караняцца ў канфесіянальным асяроддзі (пратэст супраць кіраўніцтва царквы, амбіцыёзнасць нефармальных лідэраў і інш.) ці ў грамадскай рэчаіснасці (незадаволенасць сац. становішчам, дзярж. уладай, якую падтрымлівае царква). Істотнымі рысамі С. з’яўляюцца паглыблены містыцызм, імкненне выключным чынам тлумачыць рэліг. дактрыны, спрашчэнне абраднасці, тэндэнцыя ізаляцыі ад грамадства, наяўнасць настрою абранасці, актыўная місіянерская дзейнасць і інш. У практыцы С. назіраюцца 2 процілеглыя тэндэнцыі: працэс далейшай дыферэнцыяцыі, драблення на новыя секты і пераўтварэнне сект у цэрквы з рэгенерацыяй інстытута святароў, цэнтралізаванай сістэмай кіравання. Рэліг. аб’яднанні пераходнага тыпу, якія ўзніклі як секты і знаходзяцца на стадыі пераўтварэння ў самаст. царкву, наз. дэнамінацыямі. Некат. секты эвалюцыяніравалі ў самаст. цэрквы (гл. Пратэстантызм). Рэліг. аб’яднанні, якія характарызуюцца антысац. дзеяннямі (чалавечыя ахвярапрынашэнні, тэрарызм і інш.), поўнай падпарадкаванасцю паводзін і свядомасці вернікаў кіраўніцтву наз. дэструктыўнымі, таталітарнымі сектамі. Дзейнасць такіх сект забаронена ў большасці краін свету. У Рэспубліцы Беларусь забаронены рэліг. аб’яднанні сатаністаў, шайва-шактыстаў, «Аум Сенрыкё», «Саенталагічная царква», «Белае брацтва» і інш.
А.А.Цітавец.
т. 14, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ра́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да раю. Кожная секта, хвалячы свайго бога, лезла з ім да інтэрніраваных, абяцаючы райскае жыццё на небе. Машара. // перан. Прыгожы, чароўны. Аддаў бы я край самы райскі і дзіўны За цень ад сасны на далёкай радзіме. Панчанка. — Ды і то ж: райская яна кветка, гэты самы ландыш серабрысты! Васілёнак. // перан. Які дае многа радасці, задавальнення. Райскае жыццё. Райскае надвор’е.
•••
Райскія птушкі — сямейства птушак атрада вераб’іных, якія вылучаюцца вельмі яркім, прыгожым апярэннем.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛАМАІ́ЗМ,
адна з плыняў будызму. Узнік у 7 ст. ў Тыбеце, куды будызм пранік з Індыі ў форме махаяны. Да канца 8 ст. будызм стаў дзярж. рэлігіяй Тыбета. Тут пабудаваны першы манастыр Сам’е, з’явіліся манахі-тыбетцы, узнікла манастырскае землеўладанне; у пач. 9 ст. склалася духоўная іерархія. У перыяд т. зв. позняга распаўсюджвання будызму ў Тыбеце (10—14 ст.) узнікла мноства ламаісцкіх сект, сярод якіх найб. значнымі былі Кадампа, Сак’япа, Каджупа, Кармапа; у канцы 14 — пач. 15 ст. утварылася найб. буйная ламаісцкая секта Гэлуг-ба, заснаваная Цзанкабам (1357—1419). З 16 ст. кіраўнікі гэтай секты сталі насіць тытул Далайламы. Да сярэдзіны 17 ст. 5-му далай-ламе Агван Лабзан Джамцо (1617—82) удалося падпарадкаваць сваёй уладзе (духоўнай і свецкай) усе асн. раёны Тыбета, які т. ч. ператварыўся ў тэакратычную дзяржаву; узнік ін-т панчэн-лам — другіх (пасля далай-лам) іерархаў ламаісцкай царквы. У 16—17 ст. Л. стаў пануючай рэлігіяй у Манголіі, атрымаў пашырэнне ў Тыве, Бураціі, сярод калмыкаў Паволжа. Асн. ідэі Л. выкладзены ў свяшчэнных тэкстах «Ганджур» (пераклад адкравенняў, 108 тамоў), «Танджур» (пераклад тлумачэнняў, 225 тамоў). Важнае месца ў Л. займаюць магія, вера ў шматлікія мясц. божаствы, развіты рытуальнасць і поўнае падпарадкаванне вучня настаўніку—ламе. Састаўной часткай Л. з’яўляецца тэорыя ўвасабленняў буд, бадхісатваў, божастваў у пэўных асоб — «трулку», якія лічацца зямнымі вобразамі Буды і Бадхісатвы. Цэнтрамі культавай дзейнасці прыхільнікаў Л. з’яўляюцца манастыры (дацаны), дзе адбываюцца богаслужэнні, якія складаюцца з малітваў, ахвярапрынашэнняў, музыкі (выконваецца на традыц. інструментах). Пры манастырах існавалі ламаісцкія школы.
В.В. Краснова.
т. 9, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖЫДО́ЎСТВУЮЧЫХ» Е́РАСЬ, наўгародска-маскоўская ерась,
рэлігійнае вучэнне апошняй трэці 15 — пач. 16 ст. ў Ноўгарадзе (потым і Маскве), прыхільнікі якога былі абвінавачаны правасл. духавенствам у далучэнні да іудаізму (адсюль назва). Узнікла ва ўмовах барацьбы ВКЛ і Вял. княства Маскоўскага за ўплыў на Ноўгарад у апошні перыяд яго самастойнасці. У 1470—71 намеснікам вял. князя ВКЛ у Ноўгарадзе быў М.А.Алелькавіч (гл. ў арт. Алелькавічы), у свіце якога былі вучоныя яўрэі: лейб-медык Схарыя, Майсей Хануш і Іосіф Шмойла Скарабей. Прынесеныя імі ідэі ахапілі частку мясц. духавенства і гараджан прамаскоўскай арыентацыі (пратапопы Дзяніс і Аляксей. пратапоп Сафійскага сабора Гаўрыіл). Створаная секта мела тайны характар. У 1479 вял. кн. маскоўскі Іван III перавёў у Маскву ў прыдворныя цэрквы Дзяніса і Аляксея, якія распаўсюдзілі ерась сярод баярства і пры двары. Сярод ерэтыкоў былі дзяк Пасольскага прыказа Ф.Курыцын, нявестка Івана III Алена, баяры І.Патрыкееў, С.Рапалоўскі і інш. «Жыдоўствуючыя» крытыкавалі царк. іерархію, падвяргалі сумненню боскасць Хрыста, траістасць Бога, існаванне замагільнага жыцця, адмаўлялі ўсе прадметы рэліг. культу, ін-т манаства і інш. Ерась была выкрыта ў 1487 і асуджана царк. саборамі 1488, 1490, 1503 і 1504. Наўгародскі архіепіскап Генадзь і настаяцель Валакаламскага манастыра Іосіф Валоцкі абвінавацілі ерэтыкоў у схіленні ў іудаізм (што аспрэчваецца шэрагам гісторыкаў) і дамагліся ад Івана III санкцыянавання ў 1504 смяротных прысудаў іх кіраўнікам. Пасля гэтага ерась заняпала, некат. «жыдоўствуючыя» ўцяклі ў ВКЛ. Крыніцамі вывучэння «Ж.» е. з’яўляюцца пасланні Генадзя, праца Іосіфа Валоцкага «Асветнік», матэрыялы царк. сабора 1490, літ. помнікі саміх «жыдоўствуючых» (пераклады кніг Старога Запавету на царк.-слав. мову рус. рэдакцыі з дамешкам беларусізмаў).
С.В.Марозаеа.
т. 6, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
вальдэ́нсы
(п.-лац. valdenses, ад фр. P. Valdo = прозвішча ліёнскага купца 12 ст.)
рэлігійная секта, якая ўзнікла ў канцы 12 ст. на поўдні Францыі і прапаведавала адмаўленне ад прыватнай уласнасці, вяртанне да ранняга хрысціянства; некаторыя абшчыны захаваліся (пераважна ў Італіі) і зараз.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)