АНТЫДЭТАНА́ТАР,

хімічнае злучэнне, якое дабаўляюць у маторнае паліва для прадухілення яго дэтанацыі ў цыліндрах рухавікоў. Найб. пашыраны тэтраэтылсвінец (ТЭС — «этылавая вадкасць»), яго канцэнтрацыя ў паліве менш за 1%. Маторнае паліва з ТЭС (этыліраванае) таксічнае, пры рабоце з ім патрэбны меры перасцярогі.

т. 1, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТНАЕ ПА́ЛІВА,

паліва для ракетных рухавікоў рэчыва ці сукупнасць рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў ракетных рухавіках у якасці крыніцы энергіі і рабочага цела для стварэння рухальнай сілы.

Паводле прызначэння і тыпу рухавікоў адрозніваюць вадкае, гелепадобнае, цвёрдае, гібрыднае (двухкампанентнае Р.п., у якім адзін кампанент цвёрды, другі — вадкі). Найб. пашырана Р.п. вадкае і цвёрдае. Вадкае Р.п. бывае адна-. двух- і шматкампанентнае. Двухкампанентнае мае гаручае (вадкі вадарод, газу, дыметылгідразін і інш.) і акісляльнік (вадкія кісларод, фтор, хлор, тэтрааксід дыазоту і інш.). Цвёрдае Р.п. падзяляюць на балістычнае (гл. Балістыты) і сумесевыя цвёрдыя Р.п. (гл. Порах). Цвёрдае Р.п., у адрозненне ад вадкага, можа захоўвацца доўгі час (не патрабуецца папярэдняя запраўка рухавіка перад стартам). Выкарыстоўваюць Р.п. ў касм., авіяц., ваен. і інш. галінах тэхнікі.

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«А́ЛЬФА РАМЭ́О»

(Alfa Romeo),

назва легкавых аўтамабіляў аднайменнай італьян. фірмы. Выпускаюцца з 1930. З 1986 фірма выпускала аўтамабілі малога і сярэдняга класаў з павышанымі дынамічнымі якасцямі. Рабочы аб’ём рухавікоў 1,2—2,5 л, магутнасць 46—118 кВт, макс. скорасць 150—210 км/гадз.

Аўтамабіль «Альфа Рамэо».

т. 1, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІ́НКАЛЬН»

(Lincoln),

назва легкавых аўтамабіляў павышанай камфартабельнасці. Выпускаюцца аднайм. фірмай (ЗША) з 1908 (з 1920 у складзе канцэрна «Форд мотар»). Вырабляюцца ў адпаведнасці з нормамі бяспекі з кузавам седан або купэ. Рабочы аб’ём рухавікоў да 4,6 л, магутнасць да 209 кВт, найб. скорасць да 220 км/гадз.

т. 9, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАБЕ́ЛІНСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1815—73 у маёнтку Ізабелін (цяпер вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл.). У 1815 вырабляла байку, з 1827 — рознакаляровыя сукны. Мела 8 вадзяных рухавікоў. У 1873 дзейнічалі паравы рухавік, 50 ткацкіх станкоў, 2 валюшныя, 10 прадзільных і 31 інш. машына, працаваў 51 рабочы.

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЭФІЦЫЕ́НТ КАРЫ́СНАГА ДЗЕ́ЯННЯ (ккдз),

характарыстыка эфектыўнасці сістэмы (устройства, машыны) у адносінах да працэсу пераўтварэння або перадачы энергіі, які адбываецца ў гэтай сістэме. Ккдз — безразмерная велічыня η, якая вызначаецца адносінамі карысна выкарыстанай энергіі (Wк), пераўтворанай у работу пры цыклічным працэсе, да сумарнай колькасці энергіі (W), перададзенай сістэме: η = Wк/W.

Для эл. рухавіка Wк — работа на вале рухавіка, якая выконваецца за кошт спажываемай ім эл. энергіі; для рухавіка ўнутр. згарання Wк — работа на вале рухавіка, а W — энергія, якая вылучылася пры поўным згаранні паліва. У выніку розных страт энергіі (з-за вылучэння джоўлевай цеплыні, з-за гістэрэзіса, трэння, непаўнаты згарання паліва і інш.), а для цеплавых рухавікоў таксама з-за другога закону тэрмадынамікі ккдз любой рэальнай устаноўкі заўсёды меншы за 1. Ккдз цеплавых электрастанцый дасягае 0,4, рухавікоў унутр. згарання 0,4—0,5, эл. генератараў 0,95, трансфарматараў 0,98.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прапа́н

[(ад прап(іл) + (мет)ан]

арганічнае злучэнне, насычаны вуглевадарод аліфатычнага рада, бясколерны гаручы газ; выкарыстоўваецца як паліва для рухавікоў унутранага згарання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АКТЫ́ЎНЫ ЎЧА́СТАК у касманаўтыцы,

адрэзак траекторыі палёту касм. лятальнага апарата, калі працуюць ракетныя рухавікі. Заканчваецца звычайна ў месцы, дзе касм. аб’ект аддзяляецца ад ракеты-носьбіта і выходзіць на зададзеную траекторыю руху. У залежнасці ад месца старту палёт касм. апарата можа складацца з чаргавання актыўнага ўчастка з пасіўнымі (без работы ракетных рухавікоў).

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАПА́ЎЛАЎСК,

горад у Казахстане, цэнтр Паўн.-Казахстанскай вобл., на р. Ішым. Засн. ў 1752. 247 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (з-ды: маш.-буд., малалітражных рухавікоў, ізаляцыйных матэрыялаў і інш.), харч. і лёгкая прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. ДРЭС. Пед. ін-т. Тэатр, філармонія. Краязн. музей.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д АГРЭГА́ТАЎ.

Створаны ў 1958 у г. Барысаў як філіял Мінскага трактарнага з-да. З 1961 з-д гідраапаратуры, з 1970 — агрэгатаў. З 1983 у ВА «Мінскі маторны завод». Асн. прадукцыя (1995): вузлы да рухавікоў, запасныя часткі да трактароў, турбакампрэсары. Выпускае тавары нар. ўжытку (помпы вадзяныя, тэлеантэны, мэблю для кухні і турысцкую).

т. 2, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)