ПРУ́СІЯ (Preußen),

дзяржава, потым зямля (адм. адзінка) у Германіі (да 1945). Асн. гіст. ядро П. — Брандэнбург, які аб’яднаўся ў 1618 з анклаўнай тэрыторыяй — герцагствам Прусія (у далейшым — Усходняя П.), што ўзнікла ў 1525 на ч. зямель Тэўтонскага ордэна, захопленых ім у прусаў (адсюль назва). Брандэнбургска-Пруская дзяржава ў 1701 стала каралеўствам П. (сталіца — Берлін). Кіруючую ролю ў эканам. і паліт. жыцці П. адыгрывала юнкерства. Прускія каралі з дынастыі Гогенцолернаў (Фрыдрых II, Фрыдрых Вільгельм II, Фрыдрых Вільгельм III) у 18—1-й пал. 19 ст. значна пашырылі тэр. дзяржавы, у т. л. ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. З часоў каралявання Фрыдрыха Вільгельма 1 [1713—40] аформіўся ваен.-бюракратычны лад прускай дзяржавы. У час напалеонаўскіх войнаў тут праведзены Штайна-Гардэнберга рэформы. Пасля франка-прускай вайны 1870—71 прускае юнкерства на чале з О.Бісмаркам завяршыла аб’яднанне Германіі на пруска-мілітарысцкай аснове; прускі кароль стаў і герм. імператарам. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі ліквідавана манархія, П. стала адной з герм. зямель (найбуйнейшая, у 1939 мела пл. 294 159 км², 41,8 млн. жыхароў). У 2-ю сусв. вайну фаш. ўлады аб’явілі аб уключэнні ў склад Усходняй П. паўн.-зах. раёнаў Брэсцкай і Беластоцкай абласцей Беларусі з гарадамі Гродна, Ваўкавыск і інш. (акруга Беласток); у Берліне дзейнічалі Беларускае прадстаўніцтва і Беларускі нацыянальны цэнтр, выдавалася газ. «Раніца». Пасля разгрому нацысцкай Германіі ў 2-й сусв. вайне П. падзелена на асобныя землі (1945), тэр. Усходняй П. перададзена СССР [каля ​1/3 усёй тэрыторыі з г. Кёнігсберг (цяпер Калінінград), у 1946 тут створана Калінінградская вобласць] і Польшчы. У 1947 Кантрольны савет у Германіі прыняў закон № 46 аб ліквідацыі прускай дзяржавы як апоры мілітарызму і рэакцыі.

Літ.:

Лависс Э. Очерки по истории Пруссии: Пер. с фр. Калининград, 1990 [рэпр. выд.: М., 1915];

Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;

Кони Ф.А. Фридрих Великий. Ростов н/Д, 1997;

Яго ж. История Фридриха Великого. М., 1997.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЧЫ́МАСЦЬ І РЭЧАІ́СНАСЦЬ,

узаемазвязаныя катэгорыі дыялектыкі, якія характарызуюць працэс станаўлення і развіцця ўсіх прадметаў і з’яў з пункту гледжання неабходнай паслядоўнасці яго пэўных момантаў (стадый, узроўняў). Магчымасць — такі ідэальны стан прадмета ці з’явы, калі ўласцівыя ім унутр. тэндэнцыі ў сваім руху яшчэ не дасягнулі дастаткова яснай акрэсленасці і форм яе знешняга выражэння, каб самастойна існаваць у якасці новых прадметаў і з’яў, г.зн. не пераўтварыліся ў элементы існуючай рэчаіснасці. Пераход з ідэальнага стану ў рэчаіснасць адбываецца згодна з логікай развіцця кожнага прадмета ці з’явы і залежыць ад наступлення пэўных умоў. Рэчаіснасць — тое, што ўжо існуе Усё існуючае ў кожны дадзены момант у вобразе пэўнай рэчаіснасці ў свой час прадстаўляла сабою магчымасць. Таму магчымасць з’яўляецца перадумовай рэчаіснасці, а працэс развіцця прадметаў і з’яў набывае выгляд бясконцых пераходаў магчымасці ў рэчаіснасць і адначасова ўзнікнення ў рэчаіснасці новых магчымасцей, якія пракладваюць шлях да фарміравання новай рэчаіснасці. Філас. класіфікацыя магчымасці ўключае абстрактныя (фармальныя) і рэальныя (канкрэтныя) магчымасці. Абстрактная магчымасць не супярэчыць сутнасці прадмета або з’явы і не адмаўляе аб’ектыўнай логікі іх развіцця, але ў дадзены час не можа пераўтварыцца ў рэальнасць, таму што адсутнічаюць неабходныя і дастатковыя ўмовы для такога пераходу. Рэальная магчымасць ужо ў дадзены момант абапіраецца на неабходную колькасць умоў, каб стаць элементам існуючай рэчаіснасці. Але фактычны пераход гэтай магчымасці ў рэчаіснасць часта залежыць ад наяўнасці некаторых дадатковых фактараў (напр., у грамадскім жыцці — ведаў, волі і г.д.). Абстрактная і рэальная магчымасць звязаны паміж сабой узаемапераходамі, г.зн., што абстрактная магчымасць дзякуючы змене ўмоў становіцца рэальнай магчымасцю, а апошняя можа перайсці ў разрад абстрактнай магчымасці (напр., у гісторыі, палітыцы).

Сістэматычнае навук. асэнсаванне М. і р. пачалося ў Стараж. Грэцыі прадстаўнікамі элейскай і мегарскай школ. Дыялектыку М. і р. распрацоўваў Арыстоцель, погляды якога панавалі ў філасофіі сярэдневякоўя. Развіццё філас. ідэй аб М. і р. звязана з імёнамі Т.​Гобса, Ж.Б Ламарка, І.​Канта, Г.​Гегеля, К.​Маркса, Ф.​Энгельса, У.​І.​Леніна, Б.​Расела, С.​А.​Крыпке, Я.​Хінцікі.

Літ.:

Маковка Н.М. Проблема выбора в диалектике возможности и действительности. Ростов н/Д, 1978;

Материалистическая диалектика: Краткий очерк теории. 2 изд. М., 1985;

Методологические функции философских категорий. Саратов, 1985.

В.​І.​Боўш.

т. 9, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

працэс стварэння матэрыяльных і духоўных даброт, прызначэннем якіх з’яўляецца максімальнае задавальненне людскіх патрэб. Адрозніваюць вытворчасць індывідуальную (у межах прадпрыемства, фірмы) і грамадскую (як сістэму вытв. сувязей паміж прадпрыемствамі ў межах грамадства). Грамадская вытворчасць акрамя ўласна вытворчасці ўключае спажыванне, размеркаванне і абмен. На функцыянаванне вытворчасці ўплываюць яе аб’ём, цана, грашовая маса, попыт, прапанова, выручка, альтэрнатыўная вартасць, выдаткі, занятасць, інвестыцыі, экспарт, імпарт, валютны курс, схільнасць да спажывання і ашчаджання і інш. З боку паводзін суб’екта гаспадарання ў эканам. сістэме вытворчасць разглядаецца як аб’ект жаданняў, чаканняў, рызыкі, выбару і прыняцця рашэння, з боку функцыянавання — як працэс узаемадзеяння фактараў вытворчасці і іх трансфармацыі ў прадукты. Асн. фактары вытворчасці — зямля, праца, капітал і прадпрымальніцкі талент. Кожнаму з іх адпавядае свая форма даходу (рэнта, заработная плата, працэнт і прадпрымальніцкі прыбытак). Для вытворчасці характэрны падзел працы, які мае 2 бакі — спецыялізацыю і кааперацыю. Вылучаюць 3 узроўні падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства), асобны (паміж прадпрыемствамі), агульны (у межах грамадства).

Эканам. суб’ектам вытворчасці з’яўляецца прадпрымальнік або калектыў. Яго гал. сац. функцыя — арганізацыя высокадаходнай і высокаэфектыўнай вытворчасці. Па меры максімізацыі вытворчасці пэўнага прадукту эфектыўнасць яго выкарыстання зніжаецца. Максімальная велічыня выпуску прадукцыі пры дадзеным аб’ёме выкарыстання фактараў вытворчасць вызначаецца вытв. функцыяй. На развіццё вытворчасці ўплываюць прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны. Развіццё прадукц. сіл ідзе па шляху зніжэння матэрыялаёмістасці (уратоўванне прыроды) і працаёмістасці (уратоўванне чалавека). Чалавек усё больш вызваляецца ад непасрэднага працэсу вытворчасці і становіцца яго рэгуліроўшчыкам. Для развіцця вытв. адносін характэрны кансерватызм, адставанне ад развіцця прадукц. сіл. Гістарычна вядомы 3 формы вытворчасці: натуральная, таварная і планавая. Таварная вытворчасць узнікла з натуральнай, прайшла стадыю простай таварнай вытворчасці і зараз знаходзіцца на стадыі капіталістычнай, якая развіваецца ў планавую. Планамерна грамадская вытворчасць развіваецца толькі там, дзе створаны адпаведныя ўмовы: грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, інфарм. інфраструктура, высокая вытворча-працоўная і эканам. культура ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Звычайна вытворчасць выступае як бесперапынны працэс, г.зн. як узнаўленне вытв-сці. Адрозніваюць 2 асн. тыпы вытворчасці: экстэнсіўны (колькасны прырост сродкаў вытворчасці і рабочай сілы) і інтэнсіўны (якаснае абнаўленне сродкаў вытворчасці і рабочай сілы пры скарачэнні яе колькасці). Для Беларусі апошняга 50-годдзя характэрна пераважна экстэнсіўная вытворчасць. Валавы ўнутр. прадукт краіны ў 1995 склаў 10 304,4 млн. дол. ЗША (Расіі — 364 295 млн. дол.).

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1. Мн., 1952;

Хико Дж.Р. Стоимость и капитал: Пер. с англ. М., 1993;

Современная экономика. Ростов н/Д, 1995;

Рыночное реформирование экономики Беларуси: Темат. сб. Мн., 1996.

Т.​І.​Адамовіч.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБЕСП’Е́Р ((Robespierre) Максімільен Франсуа Мары Ізідор дэ) (6.5.1758, г. Арас, Францыя — 28.7.1794),

дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99. Вучыўся ў Калежы Людовіка Вялікага ў Парыжы, скончыў юрыд. факультэт Сарбоны (1780). З 1781 адвакат у Арасе. З 1783 чл. Араскай акадэміі навук і мастацтваў, з 1788 яе прэзідэнт. У 1789 дэпутат Генеральных штатаў ад трэцяга саслоўя. Актыўна ўдзельнічаў у іх працы і ў дзейнасці створанага на іх аснове Нац. сходу, з ліп. 1790 яго сакратар. Абараняў інтарэсы шырокіх нар. мас, насуперак ліберальнай большасці сходу, выступаў супраць замацаваных канстытуцыяй 1791 каралеўскага права вета, падзелу грамадзян на актыўных і пасіўных, маёмаснага цэнзу на выбарах, захавання рабства ў калоніях і г.д. У 1791—92 працаваў у секцыях камуны Парыжа, выдаваў штотыднёвік «Défenseur de la constitution» («Абаронца канстытуцыі»), на старонках якога выказваў свае погляды. Меў падтрымку шэрагу дэмакр. арг-цый: Якабінскага клуба, Клуба кардэльераў, паліт. клубаў Марселя, Версаля, Тулона і інш. гарадоў. Асуджаў агітацыю жырандыстаў за рэв. вайну супраць феад.-абсалютысцкіх манархій Еўропы. Пасля пачатку вайны Францыі з Аўстрыяй і Прусіяй (крас. 1792) агітаваў за рэв. метады вядзення вайны. Р. не прыняў непасрэднага ўдзелу ў паўстанні 10.8.1792, якое скінула караля, але на наступны дзень быў абраны чл. камуны Парыжа. У вер. 1792 абраны дэпутатам ад Парыжа ў Нац. Канвент, дзе стаў адным з найб. уплывовых дзеячаў якабінцаў. Узначаліў барацьбу супраць панавання жырандыстаў, быў сярод рашучых прыхільнікаў смяротнага пакарання караля Людовіка XVI. Як і Ж.П.Марат, быў адным з паліт. кіраўнікоў нар. выступлення 31.5—2.6.1793, якое скончылася арыштам дэпутатаў-жырандыстаў і пераходам улады да якабінцаў. Р. — адзін з ініцыятараў рэв. палітыкі якабінскага ўрада (агр. заканадаўства, якое ліквідавала феад. землеўладанне, прыняцце радыкальнай канстытуцыі 1793 і інш.). 27.7.1793 Р. абраны чл. К-та грамадз. выратавання (КГВ), фактычна кіраваў ім. Пры Р. КГВ ператварыўся ў гал. орган рэв. дыктатуры, якая змяніла канстытуцыйнае кіраванне (гл. Якабінская дыктатура). Канцэнтрацыя ўлады і ўсіх сіл спрыяла перамозе франц. армій да лета 1794 над унутр. і знешняй контррэвалюцыяй. Ў гэты час абвастрылася барацьба ў рэв. кіраўніцтве. Пачаліся рэпрэсіі супраць б. паплечнікаў Р., не згодных з яго палітыкай — прыхільнікаў Ж.Ж.Дантона, Ж.Р.Эбера і інш. Гэта прывяло да змовы супраць Р. ў Канвенце і Тэрмідарыянскага перавароту 27.7.1794. Р. быў арыштаваны і без суда пакараны смерцю разам з групай сваіх бліжэйшых паплечнікаў.

Літ.:

Манфред А.З. Максимилиан Робеспьер... М., 1958;

Левандовский А.П. Робеспьер Максимилиан. Ростов н/Д, 1998.

П.​А.​Тупік.

М.Рабесп’ер.

т. 13, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛІТАРЫ́ЗМ (ад лац. militaris ваенны),

сістэма палітычных, эканамічных і ідэалагічных сродкаў, арыентаваных на нарошчванне ваен. моцы дзяржавы, стварэнне ваен.-паліт. блокаў, узмацненне ў грамадстве ролі ўзбр. сіл, ваен.-прамысл. комплексаў (ВПК) і звязаных з імі ін-таў і арг-цый.

Як сацыяльная з’ява М. узнік ва ўмовах пераходу першабытнаабшчыннага ладу ў рабаўладальніцкі. З цягам часу паліт., эканам. і інш. грамадскія адносіны ўсё больш замацоўваліся насіллем, у т. л. ўзброеным, расло значэнне мілітарысцкай палітыкі ў міжнар. адносінах (тэрмін «М.» з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст.). Мілітарысцкая палітыка шэрагу дзяржаў прывяла ў 20 ст. да 2 сусв. і больш як 300 лакальных войнаў, у час якіх загінула каля 100 млн. чал. Да 1970-х г. у выніку гонкі ўзбраенняў ядзерныя арсеналы вядучых дзяржаў свету шматразова перасягнулі т.зв. ўзровень «непрымальнай шкоды» (сукупная ядзерная магутнасць 400 Мт дастатковая для знішчэння ​1/3 насельніцтва і ​1/2 прамысл. патэнцыялу буйной краіны). Новая стратэг. сітуацыя, якая атрымала назву «ўзаемнага гарантаванага знішчэння», а таксама шэраг інш. вынікаў мілітарызацыі, звязаных гал. чынам з узмацненнем яе негатыўных сац. бакоў (разбурэнне эканомікі, ускладненне экалагічных праблем, пагроза псіхіцы чалавека і інш.) прымусілі найб. моцныя ядзерныя дзяржавы да заключэння шэрагу пагадненняў (дагавораў) пра абмежаванне стратэг. наступальных узбраенняў, сістэм проціракетнай абароны і інш., а таксама па папярэджванні развіцця М. ў грамадстве. У сучасных умовах ядро М. ў большасці дзяржаў складаюць іх узбр. сілы з адпаведнай інфраструктурай, базай камплектавання, сістэмай кіравання і ідэалаг. забеспячэння. Суб’ектамі мілітарызацыі з’яўляюцца таксама ваен.-паліт. блокі і іх органы кіравання. Важным звяном М. з’яўляюцца навук. і даследчыя цэнтры, грамадскія арг-цыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах ВПК, і інш. М. ўласціва гонка ўзбраенняў, рост ваен. бюджэтаў, нарошчванне ваен. прысутнасці па-за межамі сваіх краін, стварэнне і пашырэнне ваен.-паліт. блокаў, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да інш. дзяржаў, а таксама ўзмацненне ўплыву ВПК на эканоміку, палітыку, ідэалогію, выкарыстанне ўзбр. сіл у інтарэсах груповак, якім належыць улада, і інш. М. з’яўляецца апорнай базай аўтарытарных і таталітарных паліт. рэжымаў.

Да пач. 1990-х г. у сувязі з шэрагам геапалітычных фактараў (ваен.-паліт. процістаянне СССР і ЗША і інш.), а таксама з прычыны вываду шэрагу часцей, злучэнняў і аб’яднанняў Узбр. Сіл СССР з Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі ў зах. рэгіёны СССР мілітарызацыя тэр. Беларусі значна павялічылася. Пасля атрымання незалежнасці Рэспубліка Беларусь пачала раззбраенне, канверсію, рэфармаванне Узбр. Сіл і ваенна-прамысл. комплексу. Упершыню ў сусв. гісторыі бяз’ядзерны статус атрымала краіна, на тэр. якой знаходзіўся вял. ядзерны арсенал і значны патэнцыял М.

Літ.:

Рыбкин Е.И. Война и политика в современную эпоху. М., 1973;

Денисов В.В. Социология насилия. М., 1975;

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;

История войн. Т. 1—3. Ростов н/Д, 1997;

Каурин М.И. Наш ориентир — профессионалы // Армия. 1996. № 1.

Р.​Ч.​Лянькевіч, В.​М.​Пташнік.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙНЫ (264—146 да н.э., з перапынкамі; назва ад пунійцаў),

войны паміж Стараж. Рымам і Карфагенам за панаванне ў Зах. Міжземнамор’і. Выгаднае месцазнаходжанне Карфагена спрыяла яго хуткаму эканам. развіццю і ператварэнню ў магутную краіну, якая падначаліла зах. ўзбярэжжа Паўн. Афрыкі і большасць Сіцыліі, мела ўплыў на Пірэнейскім п-ве, на Корсіцы і Сардзініі. Рым да 265 да н.э. заваяваў усю Італію і стварыў адзіную дзяржаву — рымска-італійскую канфедэрацыю. Ён не прызнаваў гегемоніі Карфагена ў Зах. Міжземнамор’і і імкнуўся завалодаць багатай Сіцыліяй. Гэтыя супярэчнасці вырашаліся ў 3 П.в., якія былі з абодвух бакоў захопніцкімі.

1-я Пунічная вайна (264—241 да н.э.) вялася за Сіцылію. Рымляне мелі моцную толькі сухапутную армію. Вымушаныя ваяваць на моры, яны стварылі ваен. флот, які перамог у бітвах пры Мілах (260), мысе Экном (256) і пры Эгадскіх а-вах (241). Паводле мірнага дагавора ўладанні Карфагена ў Сіцыліі і а-вы паміж Сіцыліяй і Італіяй перайшлі да Рыма. У 237 Рым захапіў а-вы Корсіку і Сардзінію. Карфаген хутка аднавіў эканам. і ваен. магутнасць і нават кампенсаваў страчаныя ўладанні захопам значнай тэр. на Пірэнейскім п-ве, якія ператварыў у плацдарм для наступлення на Рым.

2-я Пунічная вайна (218—201 да н.э.) пачалася з аблогі і разбурэння саюзнага рымлянам г. Сагунта ў Іспаніі і паходу на Італію праз Альпы (218) карфагенскай арміі на чале з Ганібалам, які разлічваў на падтрымку заваяваных Рымам галаў. Ужо ў першых сутычках з рымлянамі на рэках Тыцына і Трэбія (218), каля Тразіменскага возера (217) рымлянам былі нанесены значныя паражэнні. Рымляне перайшлі да тактыкі зацяжной вайны, каб змучыць праціўніка на сваёй тэрыторыі. 2.8.216 пры Канах адбылася бітва, у якой рым. армія была акружана і знішчана (гл. ў арт. Каны). Каб працягваць вайну, рымляне папоўнілі армію рабамі, злачынцамі, выпушчанымі з турмаў, і знізілі маёмасны цэнз пры камплектаванні новых легіёнаў. Такія захады ўмацавалі армію і прынеслі першыя перамогі. У 211 рымляне захапілі Сіракузы і вярнулі г. Капуя. У Іспаніі Сцыпіён Афрыканскі Старэйшы заняў Новы Карфаген. Вайна была перанесена ў Афрыку. У 202 Сцыпіён разбіў карфагенскую армію на чале з Ганібалам каля г. Зама. Паводле мірнага дагавора 201 Карфаген страціў флот, абавязваўся выплаціць кантрыбуцыю. страціў права без згоды Рыма весці войны ў Афрыцы. Усе ісп. ўладанні перайшлі да Рыма.

У час 3-й Пунічнай вайны (149—146 да н.э.) ваенныя дзеянні вяліся на тэр. Карфагена. Рым. саюзнік нумідыйскі цар Масініса сваімі дзеяннямі вымусіў карфагенян узяцца за зброю. Гэта дало падставу рым. сенату для вайны за канчатковае знішчэнне Карфагена. Пасля трохгадовай аблогі рым. армія ўварвалася ў горад, разбурыла яго, а насельніцтва ператварыла ў рабоў. Ч. карфагенскай тэр. рымляне перадалі Нумідыі за дапамогу ў вайне. Астатняя тэр. ператворана ў рым. правінцыю Афрыка. Ў выніку П.в. Рым стаў магутнай рабаўладальніцкай дзяржавай у 3 частках свету: Еўропе, Афрыцы і Азіі.

Літ.:

Ревяко К.А. Пунические войны. Мн., 1988;

Яго ж. Войны Рима с Карфагеном: основные тенденции и направления историогр. Мн., 2000;

Кораблев И.Ш. Ганнибал. Ростов н/Д., 1997.

К.​А.​Рэвяка.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДЭРЛА́НДСКАЯ БУРЖУА́ЗНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 16 ст.

Адбывалася ў 1566—1609 на тэр. гіст. Нідэрландаў, спалучала антыфеад. барацьбу рэв. сіл і нац.-вызв. вайну супраць Іспаніі, якой належалі Нідэрланды. Гал. прычына — бурнае развіццё ў 16 ст. капіталіст. адносін у Нідэрландах, якому перашкаджаў нац., рэліг. і феад. прыгнёт з боку ісп. абсалютызму і каталіцкай царквы. Адносіны паміж Нідэрландамі і Іспаніяй моцна пагоршыліся пры ісп. каралю Філіпе II [1556—98], калі была ўзмоцнена эканам. эксплуатацыя Нідэрландаў, жорстка праследаваліся кальвіністы (іх абшчыны-кансісторыі на чале з прадстаўнікамі буржуазіі карысталіся вял. уплывам), рабіліся замахі на старадаўнія правы і прывілеі нідэрл. гарадоў і правінцый і інш. На чале антыісп. апазіцыі сталі нідэрл. буржуазія, дваране і асобныя арыстакраты, у т. л. прынц Вільгельм I Аранскі. Вясной 1566 дэлегацыя дваран запатрабавала ад намесніцы караля Маргарыты Пармскай змякчэння рэліг. законаў, склікання Генеральных штатаў і аднаўлення былых вольнасцей. За сціплае адзенне дэпутатаў назвалі гёзамі (жабракамі). Тым часам падзеі ў Нідэрландах набылі характар нар. рэвалюцыі. Яе 1-м этапам стала антыкаталіцкае Іканаборскае паўстанне 1566, якое было жорстка задушана. Новы намеснік герцаг Ф.Альба ўстанавіў у краіне тэрарыст. рэжым, але антыісп. барацьба працягвалася ў форме партыз. руху лясных гёзаў, якія забівалі ісп. салдат, каталіцкіх святароў і суддзяў; у Паўн. моры дзейнічалі флатыліі марскіх гёзаў. Прынц Аранскі, які апіраўся на падтрымку ням. пратэстанцкіх князёў, франц. гугенотаў, англ. каралевы Лізаветы I і атрады наёмнікаў, ажыццявіў няўдалыя ўварванні ў Нідэрланды з тэр. Германіі (1567, 1572). 1.4.1572 марскія гёзы захапілі порт Брыл, што стала сігналам для ўсеагульнага паўстання ў паўн. правінцыях. У выніку 2-га этапа рэвалюцыі правінцыі Галандыя і Зеландыя фактычна выйшлі з-пад улады Іспаніі і заклікалі на пасаду штатгальтара (кіраўніка выканаўчай улады) Вільгельма I Аранскага. Антыісп. паўстанне ў Бруселі 4.9.1576, якое перакінулася на інш. гарады паўд. правінцый, паклала пачатак 3-му этапу рэвалюцыі. Скліканыя ў кастр. 1576 у г. Гент Ген. штаты абвясцілі сябе вярх. уладай. Яны распрацавалі пагадненне паміж паўд. і паўн. правінцыямі, якое прадугледжвала вывад ісп. войск, адмену ўказаў супраць ератыкоў, але захаванне каталіцкай царквы і суверэнітэту над Нідэрландамі ісп. караля. Галандыя і Зеландыя захавалі свае аўт. правы і кальвінісцкую царкву. У пач. 1579 па-праіспанску настроеныя сілы паўд. правінцый заключылі ў г. Арас т.зв. Араскую унію з чарговым ісп. намеснікам Аляксандрам Фарнезе (захаванне каталіцызму, аднаўленне некаторых дарэв. парадкаў). У адказ паўн. правінцыі Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт і Фрысландыя 23.1.1579 заключылі Утрэхцкую унію — саюз для сумеснай барацьбы супраць Іспаніі. Пазней да іх далучыліся прав. Аверэйсел і Гронінген. Утрэхцкая унія юрыдычна аформіла стварэнне Рэспублікі Злучаных правінцый. 26.7.1581 Ген. штаты Злучаных правінцый абвясцілі пра звяржэнне Філіпа II і поўную незалежнасць Паўн. Нідэрландаў. У паўд. правінцыях рэвалюцыя і вызв. вайна да 1585 скончылася паражэннем, і яны засталіся пад уладай Іспаніі. Вайна Рэспублікі Злучаных правінцый з Іспаніяй працягвалася да 1609, калі было падпісана перамір’е, якое фактычна азначала прызнанне ісп. каралём яе незалежнасці. Фармальнае прызнанне рэспубліка атрымала пасля падпісання Іспаніяй Вестфальскага міру 1648. Гал. вынікам Н.б.р. было ўтварэнне незалежнай дзяржавы на Пн Нідэрландаў, дзе былі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця капіталізму.

Літ.:

Чистозвонов А.Н. Нидерландская буржуазная революция XVI в. М., 1958;

Люди эпохи завоеваний: [Сб.]: Пер. с нем. Ростов н/Д., 1998.

В.​І.​Сініца.

т. 11, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ,

рэлігійныя войны заходнееўрап. феадалаў супраць мусульм. дзяржаў, язычнікаў, ерэтычных рухаў, прыбалт. і слав. народаў у 11—15 ст. Вяліся пад патранажам каталіцкай царквы. Былі выкліканы ростам матэрыяльных патрэб знаці ў сувязі з развіццём гарадоў і таварна-грашовых адносін у Зах. Еўропе, спрыяльнымі міжнар. абставінамі (паліт. раздробленасць мусульм. свету ў канцы 11 ст.; Візантыя перажывала вял. цяжкасці ў сувязі з нападамі сельджукаў, печанегаў, нарманаў). Іх удзельнікі, падкрэсліваючы свае рэліг. памкненні, нашывалі на адзенне крыжы (адсюль — крыжакі, крыжаносцы). У 1096—1270 адбылося 8 вял. паходаў на Усход. У 1-м К.п. (1096—99), абвешчаным рым. папам Урбанам II у 1095 на Клермонскім саборы дзеля вызвалення труны Гасподняй у Іерусаліме, удзельнічала каля 100 тыс. чал. Выступленню крыжацкага войска папярэднічаў паход незаможных сялян на чале з прапаведнікам Пятром Ам’енскім, якія былі разбіты туркамі-сельджукамі пад Нікеяй. Крыжацкія атрады пераправіліся ў М. Азію, захапілі Нікею (1097), Эдэсу (1098), Антыёхію (1098) і Іерусалім (1099), стварылі на заваяваных землях Іерусалімскае каралеўства (кароль Готфрыд Бульёнскі). Узніклі таксама духоўна-рыцарскія ордэны. Пасля захопу сельджукамі Эдэсы (1144) адбыўся 2-і К.п. (1147—49), ініцыіраваны і арганізаваны абатам Бернарам Клервоскім. Узначалілі яго франц. кароль Людовік VII і герм. імператар Конрад III. Удзельнічала каля 140 тыс. воінаў. Ням. рыцары былі разбіты мусульманамі каля Дарылея (1147). Няўдалая аблога Дамаска, дрэнная арг-цыя прывялі да правалу паходу. 3-і К.п. (1189—92) ажыццёўлены, каб адваяваць Іерусалім, захоплены ў 1187 егіп. султанам Салах-ад-дзінам. Яго ўзначалілі герм. імператар Фрыдрых I Барбароса, франц. кароль Філіп II і англ. кароль Рычард I Львінае Сэрца. Ням. войска, якое першым рушыла (1189) пасля нечаканай гібелі імператара пры пераправе цераз р. Салефа (М. Азія), было фактычна дэзарганізавана. У 1190 выступілі англічане і французы. У 1191 крыжакі авалодалі Акрай, Рычард I захапіў в-аў Кіпр, дзе было заснавана каралеўства. У 1192 Рычард I заключыў з Салах-ад-дзінам мір, паводле якога за крыжакамі засталося ўзбярэжжа ад Тыра да Яфы. 4-ы К.п. (1199—1204), арганізаваны рым. папам Інакенціем III, меў на мэце заваёву Егіпта. Аднак Венецыя, якой крыжакі завінавацілі частку сумы за прадастаўлены ім флот, дамаглася захопу хрысц. гарадоў (Задара ў Далмацыі ў 1202, Канстанцінопаля ў 1204). На захопленых землях Візант. імперыі ўзнік шэраг дзяржаў, у т. л. Лацінская імперыя. У 1212 адбыліся т.зв. дзіцячыя К.п. (сярод удзельнікаў было шмат дзяцей і падлеткаў). Большасць з іх загінула ад голаду і хвароб. У 5-м К.п. (1217—21), арганізаваным Інакенціем III супраць Егіпта, удзельнічалі франц., англ., ням. і італьян. рыцары. Яго кульмінацыяй была паўтарагадовая аблога і захоп у 1219 г. Дам’ета (Егіпет). 6-ы К.п. (1228—29) узначаліў герм. імператар Фрыдрых II Гогенштаўфен. У 1229 у Яфе падпісаны мір тэрмінам на 10 гадоў, паводле якога Іерусалім (акрамя 2 кварталаў) і некат. інш. землі (у т. л. Віфлеем і Назарэт) адыходзілі пад уладу Фрыдрыха II. У 1244 Іерусалім канчаткова заваяваны мусульманамі. У 7-м К.п. (1248—54), арганізаваным франц. каралём Людовікам IX, удзельнічала 12—25 тыс. чал. У 1249 захоплены г. Дам’ета, у лют. 1250 — крэпасць Мансура, дзе крыжакі былі абложаны і прымушаны да здачы. У палон трапіў і Людовік IX (выпушчаны ў 1250 за 200 тыс. ліўраў). 8-ы К.п. (1270), арганізаваны Людовікам IX у Туніс, спыніўся пасля яго смерці, не дасягнуўшы мэты. Неўзабаве былі страчаны апошнія ўладанні крыжаносцаў у Сірыі і Палесціне (у 1289 Трыпалі, у 1291 Акра). Пад іх уладай застаўся толькі Кіпр (да 1489). К.п. прывялі да значных чалавечых і эканам. страт як на З, так і на У, аднак яны пашырылі кантакты паміж дзвюма цывілізацыямі, далучылі зах. свет да дасягненняў араб. і інш. усх. культур. У 12—15 ст. К.п. былі накіраваны супраць славян, ліваў, эстаў, прусаў і інш. (гл. Крыжовы паход супраць славян 1147, Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.), альбігойцаў (гл. Альбігойскія войны 1209—29), у 15 ст. — супраць гусітаў (гл. Гусіцкія войны). Экспансія крыжакоў ва Усх. Еўропу (у т. л. на бел. землі) спынена ў выніку барацьбы слав. і прыбалтыйскіх народаў (гл. Лядовае пабоішча 1242, Грунвальдская бітва 1410, Трынаццацігадовая вайна 1454—66).

Літ.:

Заборов М.А. История крестовых походов в документах и материалах. М., 1977;

Яго ж. Крестоносцы на Востоке: Пер, с нем. М., 1980;

Куглер Б. История крестовых походов. Ростов н/Д, 1995.

Дз.​М.​Чаркасаў.

Да арт. Крыжовыя паходы. Адбыццё войска Людовіка IX у восьмы крыжовы паход у 1270. Мініяцюра невядомага майстра 15 ст. з «Вялікіх французскіх хронік».

т. 8, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)