КАРА́НА (Khorana) Хар Гобінд (н. 9.1.1922, г. Райпур, Індыя) амерыканскі біяхімік. Чл.Нац.АН ЗША (1966). Замежны чл.АНСССР (1971). Скончыў Пенджабскі ун-т (1945, г. Лахор),
Ліверпульскі ун-т (1948). З 1950 у Кембрыджскім ун-це, з 1952 ва ун-це Брытанскай Калумбіі ў г. Ванкувер (Канада), з 1960 у Ін-це даследавання ферментаў Вісконсінскага ун-та ў г. Мадысан (ЗША, з 1962 праф.), з 1970 у Масачусецкім тэхнал. ін-це. Навук. працы па сінтэзе каферментаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых кіслот. Зрабіў значны ўклад у расшыфроўванне генет. кода. Сінтэзаваў ген транспартнай РНК. Нобелеўская прэмія 1968 (разам з Р.У.Холі і М.У.Нірэнбергам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНІ́НЫ (ад грэч. kineō рухаю),
фізіялагічна актыўныя поліпептыды: брадыкінін, лізілбрадыкінін і метыяніллізілбрадыкінін. У жывёл утвараюцца ў плазме крыві ці міжклетачных прасторах пры расшчапленні неактыўнага папярэдніка — кінінагена. Рэгулююць мясц. крывацёк, абумоўліваюць скарачэнне гладкай мускулатуры органаў, бронхаў, кішэчніка, маткі, выклікаюць болевую рэакцыю. К. таксама тое, што цытакініны, гармоны раслін, вытворныя 6-амінапурыну (напр., зеацін). Прысутнічаюць у выглядзе свабодных асноў, рыбазідаў і рыбатыдаў. Сінтэзуюцца гал. чынам у мерыстэме кораня, паступаюць у парасткі, удзельнічаюць у рэгуляцыі абмену рэчываў у надземных органах: стымулююць рост клетак, сінтэз РНК і бялку, раскрыццё вусцейкаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў эксперыментах; у практычных мэтах — для атрымання сартавых раслін метадам культуры тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГРА́ЦЫЯ ЭНЕ́РГІІў біялагічных працэсах,
пераход энергіі ад часціцы-донара (малекулы або яе часткі) на другую часціцу-акцэптар; вынік электрамагнітнага ўзаемадзеяння часціц. Прымае ўдзел у працэсах жыццядзейнасці, напр., у фотабіял. працэсах, якія з’яўляюцца асноватворнымі для біял.сістэм. У працэсе фотасінтэзу квант святла пераводзіць малекулу хларафілу або інш. пігменту ў электронна-ўзбуджаны стан. Потым энергія мігрыруе ад адной малекулы пігменту да другой, пакуль не дасягне асобай малекулы, якая служыць цэнтрам пераўтварэння энергіі электроннай узбуджанасці ў хім. энергію (энергію хім. сувязей). Акрамя міжмалекулярнай М.э., магчымы і ўнутрымалекулярны перанос энергіі, напр., паміж асобнымі азоцістымі асновамі ў малекуле ДНК ці РНК, пасля паглынання гэтымі малекуламі кванта ультрафіялетавага выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТАХО́НДРЫЯ (ад грэч. mitos нітка + chondrion зярнятка, крупінка),
арганоід клетак эўкарыётаў, які забяспечвае арганізм энергіяй. Апісана ням. гістолагам Р.Альтманам у 1894. Асн. функцыя — утварэнне энергіі (каля 95% у жывёльнай клетцы і некалькі менш у расліннай і клетцы грыбоў). Складаецца з бялкоў, ліпідаў, РНК і ДНК. Колькасць у клетцы ад 1 да 100 тыс., памеры 1—10 мкм; у некат. клетках бесперапынна рухаюцца і мяняюць форму. Павелічэнне колькасці М. адбываецца ў выніку дзялення шляхам перашнуроўкі. Цыкл жыцця — каля 10 сутак. Ультраструктура М. залежыць ад фізіял. стану арганізма і змяняецца пад уплывам дыхальных ядаў.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Мітахондрыя: электронная мікрафатаграфія зрэзу мітахондрыі падстраўнікавай залозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУТАГЕ́НЫ,
фізічныя і хімічныя фактары, уздзеянне якіх на жывыя арганізмы прыводзіць да паяўлення мутацый з частатой, большай за ўзровень спантанных мутацый. Да фіз. М. адносяць іанізавальныя (гама- і рэнтгенаўскія прамяні, пратоны, нейтроны і інш.) і ультрафіялетавае выпрамяненні, высокія і нізкія т-ры; да хім. — многія алкіліруючыя злучэнні, аналагі азоцістых асноў нуклеінавых к-т, некат. біяпалімеры (чужародныя ДНК ці РНК), алкалоіды і інш. Супермутагенамі наз.М., што павялічваюць частату мутацый у сотні разоў. Часта М. з’яўляюцца канцэрагенамі і тэратагенамі (выклікаюць парушэнні ў развіцці зародка). Выкарыстоўваюцца ў селекцыі с.-г. раслін і карысных мікраарганізмаў для атрымання мутацый, якія служаць матэрыялам для штучнага адбору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮКА́СЛСКАЯ ХВАРО́БА, псеўдачума птушак,
высоказаразная інфекц. хвароба птушак, якая пашкоджвае пераважна ц. н. с., органы стрававання і дыхання. Выклікаецца РНК-змяшчальным вірусам з роду параміксавірусаў. Хварэюць пераважна курападобныя (часцей куры), таксама галубы, вераб’і, шпакі і некат. інш., найб. — маладняк. Крыніца інфекцыі — хворыя і вірусаносьбіты. Заражэнне праз слізістыя абалонкі вачэй, дыхальных шляхоў, страўнікава-кішачнага тракту з паветрам, кормам, вадой. Цячэнне маланкавае (без выяўленых сімптомаў), вострае, падвострае ці хранічнае. Праяўляецца прыгнечанасцю, высокай т-рай, паносам, паралічамі, запаленнем, множнымі дробнымі кровазліццямі ва ўнутр. органах і інш., птушкі часта гінуць. Апісана і ў чалавека (з катарам верхніх дыхальных шляхоў, кан’юнктывітам, ацёкам павекаў і твару).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́МІН (Temin) Хоўард Марцін (10.12.1934, г. Філадэльфія, ЗША — 1994),
амерыканскі вучоны ў галіне вірусалогіі. Чл.Нац.АН ЗША (1974), Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў каледж у Суартмарэ (1955). З 1959 д-р філасофіі ў Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. З 1969 праф. анкалогіі ва ун-це г. Мадысан. Навук. працы па механізмах узаемадзеяння анкагенных вірусаў з клеткай. Адкрыў вірусны фермент (зваротную транскрыптазу), які забяспечвае сінтэз ДНК на матрыцы РНК у працэсе перадачы генет. інфармацыі (1970). Даказаў, што ўключэнне вірусных геномаў у клетачны генатып прыводзіць да ператварэння нармальнай клеткі ў ракавую. Сфармуляваў тэорыю правіруса (1970). Нобелеўская прэмія 1975 (з Д.Балтымарам і Р.Дульбека).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫТАЗІ́Н, 2-оксі-4-амінапірымідзін,
пірымідзінавая азоцістая аснова. Змяшчаецца ва ўсіх жывых арганізмах у саставе нуклеінавых кіслот (ДНК і РНК).
Крышт. рэчыва белага колеру, tпл ~ 320 °C, добра раствараецца ў шчолачах, дрэнна ў халоднай вадзе; слабая аснова. Малекула Ц. мае плоскую канфігурацыю У ДНК утварае за кошт 3 вадародных сувязей камплементарную пару з гуанінам. Вядомы мінорныя асновы Ц. — 5-метылцытазін (выяўлены ў саставе ДНК вышэйшых раслін і некаторых бактэрый) і 5-оксіметылцытазін (у некаторых штамах фагаў кішэчнай палачкі). Зыходныя рэчывы для біясінтэзу Ц. — аспарагінавая к-та і карбамаілфасфат, які сінтэзуецца з двухвокісу вугляроду і аміяку з удзелам АТФ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕН (ад грэч. genos род, паходжанне), спадчынны фактар,
структурна-функцыянальная адзінка генетычнага матэрыялу, адказная за фарміраванне якой-небудзь элементарнай прыкметы. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малекулы РНК), які ўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам. У вышэйшых арганізмаў (эўкарыёт) ген знаходзіцца ў храмасомах і ў арганелах цытаплазмы (мітахондрыях, хларапластах і інш.); кожны з іх займае ў храмасоме дакладнае месца — локус. Сукупнасць усіх генаў арганізма складае яго генатып. Кожны ген, які ўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хім. рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы (гл.Генетычны код).
Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 Г.Мендэль, у 1909 В.Іагансен назваў іх генам. У 1911 Т.Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з’яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах (гл.Генетычная карта храмасом). Адрозніваюць гены: структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе, і рэгулятарныя (кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў); алельныя і неалельныя (гл.Алелі); паводле лакалізацыі на храмасоме аўтасомныя (гл.Аўтасомы) і счэпленыя з полам (гл.Палавыя храмасомы). Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавека зрэдку прыводзіць да генных хвароб (гл.Спадчынныя хваробы). Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕБАКТЭ́РЫІ,
мікраарганізмы пракарыётнага тыпу. Адкрыты ў 1970-я г. Ад іншых пракарыётаў адрозніваюцца хім. будовай макрамалекул, напр. нуклеатыднымі паслядоўнасцямі 16S рыбасамальнай РНК, саставам мембранных ліпідаў, клетачных сценак і інш., і здольнасцю ажыццяўляць унікальныя біяхім. працэсы. Поруч з эўкарыётамі і эўбактэрыямі (сапраўдныя бактэрыі) складаюць адзін з кірункаў клетачнай эвалюцыі. Уключаюць бактэрыі, якія існуюць у экстрэмальных умовах: метанаўтваральныя архебактэрыі, экстрэмальныя галафілы (існуюць пры высокіх канцэнтрацыях хларыду натрыю), архебактэрыі без клетачнай сценкі, архебактэрыі, што аднаўляюць сульфаты, і экстрэмальныя тэрмафілы, якія метабалізуюць малекулярную серу. Хемалітатрофныя віды архебактэрый перспектыўныя для выкарыстання ў біягідраметалургіі, а таксама для абяссервання некандыцыйнага каменнага вугалю; метанаўтваральныя архебактэрыі могуць быць карысныя як прадуцэнты вітаміну B12 і метану.