ПЕРЫСТАШЧЭ́ЛЕПНЫЯ, крылашчэлепныя (Pterobranchia),

клас другаснаротых жывёл тыпу паўхордавых. 2 атр., 3 роды: атубарыі — Athubaria (пашыраны каля берагоў Японіі), рабдаплеўры — Rhabdopleura (ва ўсіх акіянах) і цэфаладыскусы — Cephalodiscus (у Антарктыцы), 22 віды. Трапляюцца на глыб. 100—650 м. Жывуць прымацаванымі да субстрату, утвараюць калоніі (акрамя атубарый).

Цела даўж. да 1,4 см. Змяшчаецца ў доміку або трубцы, па паверхні якіх жывёлы могуць перамяшчацца. Расшыраны залозісты галаўны шчыток на пярэднім канцы цела (хабаток) служыць для поўзання і выдзяляе рэчыва для пабудовы доміка. На сярэднім аддзеле цела — каўнерыку 1—8 пар перыстых шчупальцаў, пакрытых раснічкамі, якія выконваюць функцыю дыхання (адсюль назва) і збірання кармавых часцінак. Рот на брушным баку цела. Кішэчнік петлепадобны. Кормяцца фіта- і зоапланктонам. Раздзельнаполыя, размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне), ёсць гермафрадыты. Лічынкі свабоднаплаваючыя і поўзаючыя.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бала́каць (Нас., БРС, Бір. Дзярж., ДАБМ, 915). Рус. бала́кать, укр. бала́кати, польск. bałakać. Аснова *bal‑, мабыць, расшыраны і.-е. корань *bhā‑ ’гаварыць’ (гл. ба́іць, ба́яць). Але не выключаецца і гукапераймальнае яе паходжанне (параўн. балабо́ніць, балабо́ліць). Гл. Праабражэнскі, 1, 13; Махэк₁, 33. Вельмі няпэўная этымалогія Смаль–Стоцкага (< *ba‑kati, ад выклічніка ба!), Slavia, 5, 10. Сюды і бала́ка ’гаварун’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

расши́ренный

1. пашы́раны, расшы́раны;

расши́ренное воспроизво́дство расшы́ранае ўзнаўле́нне;

2. пашы́раны;

расши́ренный пле́нум пашы́раны пле́нум;

3. пашы́раны, залі́шне шыро́кі;

расши́ренное толкова́ние те́кста пашы́ранае (залі́шне шыро́кае) тлумачэ́нне тэ́ксту;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Гла́дзіць ’гладзіць’ (БРС, Касп., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). Рус. гла́дить, укр. гла́дити, польск. gładzić, чэш. hladiti, серб.-харв. гла̏дити, ст.-слав. гладити ’тс’. Прасл. *gladiti ’тс’. Гэты дзеяслоў з’яўляецца вытворным ад прыметніка прасл. *gladъ‑kъ (гл. гла́дкі) яшчэ да таго, калі гэты прыметнік быў расшыраны суфіксам *‑kъ > (< ‑*kŭ). Дакладная паралель у літ. glósti, glódžiu пладзіць’. Гл. Слаўскі, 1, 287–288; Фасмер, 1, 409; Бернекер, 1, 300, Траўтман, 90–91.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

раско́п Паглыблены і расшыраны вадаём; расшыраная частка канавы, дзе мыюць бялізну, пояць жывёлу, мочаць каноплі; паглыбленне, кар'ер, глінішча (Слаўг.). Тое ж раскоп'е, раскопінне, раскопішча, раскапані́чча (Слаўг.).

□ ур. Раскоп'е каля в. Урэчча Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ІНСТЫТУ́Т БІЯХІ́МІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1985 у Гродне на базе Аддзела рэгуляцыі абмену рэчываў АН Беларусі (з 1970). Лабараторыі (1998): біяхіміі каферментаў, біяхіміі эндакрынных залоз, біяфізікі, эксперым. гепаталогіі, аналіт. біяхіміі, экалагічнай біяхіміі, энзімалогіі і біятэхналогіі, марфалогіі і нейрахіміі, біяхім. фармакалогіі, біяхіміі спіртоў і альдэгідаў. Аспірантура (з 1970).

Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне механізмаў абмену рэчываў на ўзроўні цэлага арганізма, асобных органаў, тканак, клеткі і ферментатыўных рэакцый; карэкцыя парушэнняў абмену рэчываў з дапамогай прыродных біялагічна актыўных злучэнняў і іх вытворных. Вынікі даследаванняў: на арганізмавым, клетачным і малекулярным узроўнях вывучаны метабалізм вітаміну B, ва ўмовах гіпер- і гіпавітамінозу; даследаваны фіз.-хім. ўласцівасці і структура ізаляваных вітаміназалежных ферментаў; вывучана морфабіялогія кары наднырачнікаў жывёл пры стрэсе, расшыфраваны малекулярныя механізмы функцыян. цыкла картыкацытаў; вызначаны метабалічныя перадумовы і наступствы ўжывання алкаголю, расшыраны ўяўленні пра біяхім. механізмы патагенезу алкагалізму і прапанаваны новыя падыходы ў прафілактыцы і лячэнні захворвання; атрыманы даныя аб біяхім. механізмах рэалізацыі біял. актыўнасці і накіраванай рэгуляцыі метабалічнага балансу ў ц. н. с., печані і злаякасных новаўтварэннях амінакіслотамі і іх вытворнымі; на іх аснове створаны новыя эфектыўныя лек. прэпараты; высветлена роля біясінтэзу каферменту A у фарміраванні ўнутрыклетачнага фонду каферменту і яго ацыліраваных форм; даследаваны біятрансфармацыя і фармакалагічная актыўнасць вытворных пантатэнавай к-ты, распрацаваны на іх аснове сродкі метабалічнай тэрапіі. У Ін-це працаваў акад. АН Беларусі Ю.М.Астроўскі, працуюць 12 дактароў навук.

В.​А.​Аверын.

т. 7, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗНАЎЛЕ́ННЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

сукупнасць працэсаў нараджальнасці, смяротнасці і натуральнага прыросту, што забяспечвае аднаўленне і змену людскіх рэсурсаў. На характар У.н. ўплываюць сац.-эканам. фактары (узровень дабрабыту насельніцтва, развіццё аховы здароўя, адукац. і культ. ўзровень, грамадскае становішча жанчын, рэлігія і інш.); прыродна-біял. (прыстасавальнасць жан. і мужч. арганізмаў да ўмоў навакольнага асяроддзя, наступленне палавой спеласці ў раёнах з цёплым і халодным кліматам, хваробы і інш.) і дэмаграфічныя (полаваўзроставая структура насельніцтва, шлюбнасць, разводнасць). Вылучаюць гіст. тыпы У.н.: архетып — высокая смяротнасць, кампенсаваная высокай нараджальнасцю, нізкі і няўстойлівы натуральны прырост; традыцыйны тып — павелічэнне колькасці насельніцтва і тэмпаў яго росту пры захаванні стыхійнай нараджальнасці; сучасны, або рацыянальны тып — зніжэнне смяротнасці ва ўсіх узростах, невысокая нараджальнасць ва ўмовах унутрысямейнага планавання, невысокія тэмпы прыросту насельніцтва.

Для характарыстыкі У.н. выкарыстоўваецца нета-каэфіцыент (суадносіны замяшчэння пакалення бацькоў пакаленнем дзяцей). Паводле натуральнага руху насельніцтва існуюць 3 тыпы У.н.: расшыраны — пакаленне дзяцей колькасна большае за бацькоўскае, высокая нараджальнасць, высокі натуральны прырост (большасць краін Афрыкі, Азіі, Лац. Амерыкі); просты — пакаленне дзяцей роўнае бацькоўскаму, невял натуральны прырост (Вялікабрытанія, Данія, Літва, Аўстрыя, Бельгія, ЗША, Канада, Японія, Аўстралія); звужаны, або дэпапуляцыя — пакаленне дзяцей меншае за бацькоўскае, смяротнасць перавышае нараджальнасць, натуральны спад насельніцтва (Латвія, Эстонія, Беларусь, Германія, Балгарыя, Венгрыя, Румынія, Украіна). Гл. таксама Народанасельніцтва, Дэмаграфія.

Літ.:

Шувалов Е.Л. География населения. 2 изд. М., 1985;

Стешенко В.С. Изучение воспроизводства народонаселения. Киев, 1981;

Вишневский А.Г. Воспроизводство населения и общество. М., 1982.

К.​А.​Анціпава.

т. 16, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Клін 1 ’завостраны ўнізе і расшыраны ўверсе кусок дрэва або металу, якім расколваюць або заціскаюць што-небудзь’ (ТСБМ, Шат., Касп., Сл. паўн.-зах.). Укр. клин, рус. клин, ст.-рус. клинъ, балг. клин, макед. клин, серб.-харв. кли̏н, славен. klìn, польск. klin, чэш. klín, славац. klin, в.-луж. klin, н.-луж. klin ’тс’. Прасл. klinъ да kъl‑inъ, якое ад kolti ’калоць’ (Трубачоў, Эт. сл., 10, 46). Гл. калоць.

Клін 2 ’устаўка ў адзенні, прарэх, шырынка’ (Сл. паўн.-зах.). Да клін 1. Другаснае значэнне ўзнікла на аснове знешняга падабенства часткі адзення да кліна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗІ́НГШПІЛЬ (ням. Singspiel ад singen спяваць + Spiel гульня),

нямецкая і аўстр. разнавіднасці камічнай оперы, дзе муз. нумары чаргуюцца з размоўнымі дыялогамі. Паўн.-ням. З. склаўся ў 18 ст. пад уплывам англ. баладнай оперы. Напачатку гэта быў драм. спектакль з муз. ўстаўкамі нар.-песеннага характару. Развіццё яго звязана з творчасцю кампазітара І.​А.​Хілера («Лотхен пры двары», 1767; «Паляванне», 1770) і паэта Х.​Вейсе. Сярод інш. аўтараў ням. З. — Й.​А.​Бенда, К.​Г.​Нефе, І.​Ф.​Рэйхард. Тэксты для З. пісаў І.​В.​Гётэ. Станаўленне аўстр. З. звязана з уплывам італьян. камедыі дэль артэ, франц. камічнай оперы і найбольш з традыцыямі нар. аўстр. імправізацыйнай камедыі, у т. л. т-ра марыянетак. У ім муз. драматургія больш развіта і набліжана да опернай, узмоцнены арк. і вак. партыі, расшыраны функцыі ансамбляў, асабліва ў фіналах. Сярод ранніх аўстр. З. «Крывы чорт» І.​Гайдна (1751). Росквіт жанру звязаны з творамі К.​Дзітэрсдорфа, В.​Мюлера і асабліва В.​А.​Моцарта («Выкраданне з сераля», 1782; «Чароўная флейта», 1791), якія зрабілі вял. ўплыў на развіццё аўстра-ням. опернай культуры. Пазней моцартаўскія традыцыі працягвалі Л.​Бетховен («Фідэліо»), Ф.​Шуберт, К.​М.​Вебер, А.​Лорцынг, О.​Нікалаі, у венскай аперэце І.​Штраус-сын і інш. У 20 ст. рысы З. адрадзіліся ў жанрах мюзікла, Songspiel (у К.​Вейля).

Літ.:

Аберт Г. В.​А.​Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1, кн. 2. М., 1980;

Слободкин Г.С. Венская народная комедия XIX в. М., 1985.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў 1980 у Гродне з выпускнікоў аддзялення т-ра лялек Ленінградскага ін-та т-ра, музыкі і кінематаграфіі і Гродзенскага культасветвучылішча. Адкрыўся 25.5.1981 спектаклем «Людвіг і Тута» В.​Богача і С.​Хрыстоўскага. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Тутэйшыя» Я.​Купалы, «Як здароўе...» паводле п’есы У.​Галубка «Пісаравы імяніны», «Цудоўная дудка» В.​Вольскага, «Чортаў скарб» У.​Караткевіча, «Пра Івана-ганчара і пачвару цара» А.​Грачанікава, «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч, «Прывітанне Малпе» і «Кацяня па мянушцы Гаў» Р.​Остэра, «Калі рамонак расцвітае» Р.​Маскова, «Доктар Айбаліт» В.​Карастылёва, «Церамок» С.​Маршака, «Дзівоснае кураня» В.​Корнева, «Прынцэса і паж» М.​Войтышка, «Лекар паняволі» Мальера і інш. Спектаклі ідуць на бел., рус., польск. і франц. мовах.

Гал. рэжысёры С.​Юркевіч (1981—88), М.​Андрэеў (з 1988), гал. мастакі Л.​Быкаў (1981—88), Ю.​Давыдзюк (1988—91), А.​Сураў (з 1995).

Будынак т-ра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. І.​Г.​Мёзер і Дж.​Сака). Прызначаўся для т-ра А.​Тызенгаўза; зроблены як працяг яго палаца, злучаўся з ім крытым пераходам. Зала т-ра, сфарміраваная па «італьянскай крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры. У 1859 будынак рэканструяваны, яго аб’ём павялічаны. У 1940 надбудаваны 3-і паверх. У 1975 расшыраны сцэн. каробка і глядзельная зала.

Да арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Калі рамонак расцвітае» Р.​Маскова.
Да арт. Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.​Клімковіч.

т. 5, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)