ГЛЫБО́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры ранняга барока. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Вялікае. Засн. ў 1639 мсціслаўскім ваяводам Іосіфам Корсакам, які запісаў кляштару сваю частку Глыбокага, 27 фальваркаў і вёсак. Кляштар спалены ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мураваны касцёл Ушэсця Маці Божай пабудаваны ў 2-й пал. 17 ст. прыёрам Тышкевічам, перабудаваны ў 1735 паводле праекта арх, І.Глаўбіца (зменены гал. фасад і інтэр’ер), першы ўзор віленскага барока на Беларусі. У 1727 у кляштар пераведзены з Вільні кананічны навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). Касцёл — 3-нефавая 4-вежавая базіліка з трансептам і прамавугольнай у плане алтарнай апсідай. Гал. фасад багата аздоблены ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, раскрапоўкамі, глыбокімі нішамі і інш.) і завершаны 2 скразнымі 4-яруснымі чацверыковымі вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Інтэр’ер аздоблены пілястрамі, антаблементам з каванай агароджай над ім, лепкай у тэхніцы стука і інш. Зберагліся разныя з пазалотай дзверы 17 ст. З ПнЗ да касцёла прылягаў трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара з унутр. дваром (збераглося ўсх. крыло). На восі касцёла размешчана трохпралётная брама ў стылі позняга барока. Пры кляштары ў 1830 былі бясплатны конвікт для вучняў (пансіён), муз. капэла (12 інструментаў), б-ка (2621 том, 1655 гравюр, збор планаў і картаў), шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы. У 1842 канфіскаваныя ў казну ўладанні кляштара складалі больш за 760 валок зямлі, 11 фальваркаў і 67 вёсак, каля 800 дымоў, гадавы прыбытак быў 12 785 руб. серабром. У 1862 кляштар скасаваны (манахі выехалі ў Камянец-Падольскі), яго будынкі аддадзены Палаце дзярж. маёмасці. Касцёл у 1872—78 перароблены ў царкву Раства Багародзіцы, дзейнічае.

Т.​В.​Габрусь, А.​А.​Ярашэвіч.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАДЫЯ́НСТВА,

кірунак у еўрап. архітэктуры 17—18 ст., які развіў (у рамках класіцызму) прынцыпы, закладзеныя ў творчасці італьян. архітэктара і тэарэтыка архітэктуры Позняга Адраджэння А.Паладыо. Першы прадстаўнік П. — арх. В.​Скамоцы, які закончыў некат. пабудовы Паладыо (віла Капра ці «Ратонда» каля Вічэнцы і інш.). У 17 ст. найб. паслядоўна адбілася ў архітэктуры Вялікабрытаніі (І.Джонс) і Галандыі (Я. ван Кампен). Росквіт П. прыпадае на 18 ст., калі англ. (У.​Кент, К Кэмпбел і інш.) і ням. (Г.В.Кнобельсдорф, Ф.​В.​Эрдмансдорф) архітэктары ўзводзілі будынкі, адметныя строгай прастатой, вытанчанасцю форм і дэкору, мэтазгоднасцю планіроўкі, арган. сувяззю з наваколлем (пейзажныя паркі). У Расіі пабудовы гэтага кірунку з’явіліся ў 1780—90-х г. і вылучаліся інтымнасцю і прастатой (Ч.Камерон, Дж.Кварэнгі, А.М.Львоў). На Беларусі ўплыў П. меў месца ў палацавай, сядзібнай, культавай архітэктуры 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Для збудаванняў характэрны прастата і рацыянальнасць планавай будовы, выкарыстанне ў арх.-маст. кампазіцыі перапрацаваных форм ант. ордэраў; палацы сім. кампазіцыі з анфіладнымі параднымі пакоямі ў цэнтры. Тыповымі для палацаў былі працяглыя, плоскасна вырашаныя фасады і пластычна багатыя порцікі (палацы ў Гомелі, в. Жылічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.). Некат. паркавыя і службовыя пабудовы сядзіб мелі цэнтрычную кампазіцыю і былі аналагічныя збудаванням тыпу вілы «Ратонда» Паладыо («павільён руж» у сядзібе ў в. Старыя Пескі Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл., драўляны свіран у сядзібе на хутары Крыкалы, Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Асобныя культавыя пабудовы мелі цэнтрычную кампазіцыю, адсутнічалі традыц. апсіды, аднолькава вырашаліся ўсе фасады (Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы, Стрэшынская царква), пашырыліся храмы-ратонды (Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква).

Г.​С.​Ларкін.

Да арт. Паладыянства. У.​Кент. Сядзібны дом Холкемхол у Норфалку (Вялікабрытанія). 1734—59. Макет.

т. 11, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСТАВІ́ЦКІ РАЁН,

на З Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Крынкаўскі, з 1944 Бераставіцкі. Пл. 0,9 тыс. км². Нас. 21,5 тыс. чал., гарадскога — 33% (1996). Сярэдняя шчыльн. 26 чал./км². Цэнтр раёна — г.п. Вялікая Бераставіца, р.п. Пагранічны, 126 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Алекшыцкі, Канюхоўскі, Кватарскі, Макаравецкі, Малабераставіцкі, Пархімаўскі, Эйсмантаўскі.

Тэрыторыя раёна ў межах паўд. адгалінавання Бел. грады (адгор’і Ваўкавыскага ўзвышша і Гродзенскага ўзвышша) і Верхнянёманскай нізіны. Пераважаюць выш. 160—200 м (найвыш. пункт 212 м на Пн раёна). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 560 мм за год. Вегетац. перыяд 200 дзён. Найб. р. Свіслач з прытокамі Верацейка, Бераставічанка, Уснарка, Одла. Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 16% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, дубовыя, грабавыя лясы.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 50,9 тыс. га, з іх асушана 7,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 2 саўгасы і 11 калгасаў. Асн. галіны — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчванне цукр. буракоў, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур, агародніны. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (масласырзавод, спіртзавод), вытв-сць буд. матэрыялаў (цагельны і лесазавод). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Ваўкавыск—Пагранічны (чыг. ст. Бераставіца), аўтадарога Гродна—Пагранічны—Ваўкавыск. У раёне 8 сярэдніх, 6 базавых, муз. школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 2 ПТВ, 13 дашкольных устаноў, 23 клубы, 28 б-к, 3 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Яна Непамука (1850) у в. Вял. Эйсманты, царква (1860) у в. Гарбачы, царква 2-й пал. 19 ст. ў в. Клепачы, Крыжаўзвіжанскі касцёл канца 18 ст. ў в. Макараўцы, сядзібны дом 18 ст. ў в. Малая Бераставіца, царква Раства Багародзіцы (1796) у в. Масаляны, сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Муравана. Выдаецца раённая «Бераставіцкая газета».

С.​І.​Сідор.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

адна з асн. школ стараж.-рус. архітэктуры 14—17 ст. Склалася і развівалася ў перыяд узмацнення паліт. і эканам. ролі Маскоўскага княства і Масквы. З 14 ст. актывізавалася буд-ва культавых і абарончых збудаванняў (белакаменныя сцены і вежы Крамля Маскоўскага). Першыя храмы Крамля — Успенскі (1327) і Архангельскі (1333) саборы (не захаваліся) — сведчаць пра пераймальнасць арх.-буд. традыцый уладзіміра-суздальскай школы дойлідства. У 14—15 ст. узнік маск. тып белакаменнага храма: кампактны, 4-стаўповы, з павышанымі падпружнымі аркамі, ярусамі какошнікаў, разнымі дэкар. паясамі на фасадах (саборы Успенскі на Гарадку, 1399; і Раства Савіна-Старажоўскага манастыра, 1405, у г. Звянігарад Маскоўскай вобл.; Духаўская царква Троіца-Сергіевай лаўры, 1476). На мяжы 14 і 15 ст. аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі цэркваў мелі рысы балканскага дойлідства (Нікольская царква ў с. Каменскае) і полацкай школы дойлідства (Спаскі сабор Андронікава манастыра). Удзел у перабудове Крамля (канец 15 ст.) пскоўскіх і італьян. дойлідаў паспрыяў удасканаленню тэхнікі буд-ва, узбагачэнню арсенала форм, выкарыстанню традыцый рэнесансу. У 16 ст. пад уплывам драўлянага дойлідства ў М.ш.д. ўзнікла кампазіцыя шатровага храма на высокім падклеце (царква Ушэсця ў Каломенскім, 1532). Храмы 17 ст. складаныя па структуры, з надбудовамі, маюць маляўнічы абрыс (царква Тройцы ў Нікітніках у Маскве, 1628—53). У 1690-я г. ў дойлідстве Масквы развівалася т.зв. нарышкінскае барока, заснаванае на выкарыстанні класічных арх. форм (цэрквы Пакрова ў Філях, 1694; Успення на Пакроўцы, 1699, арх. П.​Патапаў). Храмы і палацы 17 ст. аздаблялі бел. майстры (гл. Беларуская рэзь).

Літ.:

Воронин Н.Н. Зодчество Северо-Восточной Руси XII—XV вв. Т. 2. М., 1962.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Маскоўская школа дойлідства. Духаўская царква Троіца-Сергіевай лаўры ў г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл. 1476.
Маскоўская школа дойлідства. Царква Тройцы ў Нікітніках у Маскве. 1628—53.

т. 10, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ШКО́ЛА І́КАНАПІСУ,

адна з найб. значных школ стараж.-рус. мастацтва. Склалася ў 12—15 ст. ў г. Ноўгарад і яго ўладаннях. У жывапісе 12 ст. разам з арыентацыяй на мастацтва Візантыі і Кіева (фрэскі Сафійскага і Мікола-Дварышчанскага сабораў, абразы) сфарміраваўся самабытны стыль з энергічнай манерай пісьма, экспрэсіўнай трактоўкай іканаграфічных тыпаў, лаканічнасцю вобразаў, арнаменталізацыяй маст. формы (размалёўкі цэркваў Георгіеўскай ў Старой Ладазе, каля 1167; Дабравешчанскай у Аркажах, 1189; Спаса на Нярэдзіцы, 1199, і інш.). Ў абразах пераважаў іканаграфічны тып выявы святога, які нерухома стаіць з буйнымі рысамі твару і шырока расплюшчанымі вачамі: «Св. Георгій», «Анёл Залатыя валасы», «Усцюжскае дабравешчанне», двухбаковы абраз з выявамі Спаса Нерукатворнага і Пакланення крыжу. Абразы 13 — пач. 14 ст. вызначаюцца абагульненасцю малюнка, яркім халодным каларытам з перавагай чырвона-кінаварных, белых, вохрыстых і зялёна-аліўкавых фарбаў, унутр. напружанасцю, сувяззю з традыцыямі нар. мастацтва: «Яван, Георгій і Уласій», «Мікола Ліпенскі» (1294, Алекса Пятроў) і інш. Манум. жывапіс 14—15 ст. больш разнастайны. Адухоўленай патэтыкай вобразаў, імклівасцю рухаў, свабоднай і смелай тэхнікай пісьма вызначаюцца фрэскі цэркваў Спаса на Ільіне вуліцы (1378, Феафан Грэк), Фёдара Страцілата на Ручаі (1370—80-я г.). Лінейна-графічныя, блізкія да іканапісу прыёмы, статычнасць кампазіцыі ўласцівы размалёўкам цэркваў Спаса на Кавалёве (1380) і Раства на могілках (1380—90-я г.). У абразах канца 14—15 ст., якія захоўвалі экспрэсіўнасць пісьма, лаканічную выразнасць сілуэтаў і самабытнасць каларыту ў выявах мясц. святых, адлюстраваліся традыц. нар. ўяўленні і вераванні, падзеі гісторыі Ноўгарада («Ілья», «Уласій», «Анастасія», «Фрол і Лаўр», «Бітва наўгародцаў з суздальцамі» і інш.). Высокім узроўнем майстэрства вызначаліся мініяцюры, для якіх характэрны буйны малюнак і дэкар. яркасць каларыту. Пасля ўключэння Ноўгарада ў склад Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (1478) яго мастацтва развівалася ў агульным рэчышчы стараж.-рус. культуры.

Літ.:

Лазарев В.Н. Искусство Новгорода. М.; Л., 1947;

Яго ж. Новгородская иконопись. 3 изд. М., 1981;

Попова О.С. Искусство Новгорода и Москвы первой половины XIV в. М., 1982;

Смирнова Э.С., Лаурина В.К., Гордиенко Э.А. Живопись Великого Новгорода XV в. М., 1982.

Наўгародская школа іканапісу. Бітва наўгародцаў з суздальцамі. Сярэдзіна 15 ст.

т. 11, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,

мужчынскі правасл. манастыр у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст. наз. Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.​Солтан, Я.​Мялешка і Л.​Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ. правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял. б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л. Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх. ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял. гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).

А.​М.​Кулагін (архітэктура), А.​А.​Ярашэвіч (гісторыя).

Да арт. Жыровіцкі Успенскі манастыр. Крыжаўзвіжанская царква.
Да арт. Жыровіцкі Успенскі манастыр. Успенскі сабор.

т. 6, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 73,6 тыс. чал. (1996), гарадскога 3,9%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Гомель, рабочы пас. Бальшавік, 188 сельскіх нас. пунктаў, 25 сельсаветаў: Аздзелінскі, Бабовіцкі, Глыбоцкі, Грабаўскі, Давыдаўскі, Даўгалескі, Дзятлавіцкі, Зябраўскі, Красненскі, Маркавіцкі, Пакалюбіцкі, Прыбарскі, Прыбыткаўскі, Рудня-Марымонаўскі, Старабеліцкі, Улукаўскі, Урыцкі, Целяшоўскі, Цярухскі, Цярэніцкі, Цярэшкавіцкі, Шарпілаўскі, Чарацянскі, Чанкаўскі, Яромінскі. Раён моцна пацярпеў у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986).

Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах. частка — у межах Чачорскай раўніны. Паверхня пераважна нізінная, выш. 120—140 м, найвыш. пункт 160,3 м (каля в. Зябраўка). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Асн. рака Сож з прытокамі Іпуць, Вуць, Церуха, Уза. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 34,9% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і дубовыя. Пад балотамі 14,1 тыс. га, найб. масівы — Кабылянскае балота, Вадапой, Жарэбна-Конскае балота.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 95 тыс. га, з іх асушаных 33,9 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў, 19 саўгасаў, 3 птушкафабрыкі, саўгас «Цяплічны», 8 дапаможных гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, агародніцтва, бульбаводства. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, шкляной, харч. і паліўнай прам-сці. Гомель — чыг. вузел, напрамкі на Мазыр, Жлобін, Навазыбкаў (Расія), Бахмач, Чарнігаў (Украіна); аўтадарогі на Магілёў, Бабруйск, Калінкавічы, Чарнігаў, Навазыбкаў. Суднаходства па р. Сож. У раёне (без Гомеля) 2 ПТВ, 24 сярэднія, 13 базавых і 7 пач. школ, 9 муз. школ, школа-інтэрнат, 38 дашкольных устаноў, 43 клубы і дамы культуры, 48 б-к, 7 бальніц, 38 фельч.-ак. пунктаў. Курорт Чонкі, турбаза «Сож». Помнікі архітэктуры: царква (1-й пал. 19 ст.) у в. Гадзічава; царква Раства Багародзіцы (1881) і будынак царк.-прыходскай школы (канца 19 ст.) у в. Глыбоцкае; парк (2-й пал. 19 ст.) у в. Грабаўка; сядзібны дом («паляўнічы домік», 2-й пал. 19 ст.) у в. Каралёўка; паштовая станцыя (2-й пал. 19 ст.) за 3 км на У ад в. Сеўрукі; Мікалаеўская царква (1-й пал. 18 ст.) і сядзіба (канца 18 — пач. 19 ст.) у в. Старая Беліца; Успенская царква (1865—68) у в. Чарацянка. Помнік абаронцам Гомеля ў пачатку Вял. Айч. вайны ў в. Пакалюбічы. Выдаецца газ. «Маяк».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ТЛАЎСКІ РАЁН,

на ПдУ Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 41,6 тыс. чал. (1996), гарадскога — 36%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Дзятлава; гар. пасёлкі Казлоўшчына і Наваельня, 226 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Вензавецкі, Войневіцкі, Гербелевіцкі, Данілавіцкі, Дварэцкі, Дзем’янавецкі, Дзянісаўскі, Дзятлаўскі, Жукоўшчынскі, Мяляхавіцкі, Парэцкі, Раготнаўскі, Рудаяварскі, Таркачоўскі.

Паверхня раёна ўзгоркава-раўнінная. На Пн і 3 Нёманская нізіна, на У адгор’і Навагрудскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 140—200 м, найвыш. пункт 283 м (на ПдУ ад Дзятлава). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны (у т. л. цэментныя і аглапарытавыя), буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -6,1 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 620 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рака Нёман з прытокамі Моўчадзь (на ёй Гезгальскае вадасх.) з Дзятлаўкай і Шчара з Пад’яваркай. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя глебы. Пад лясамі 42% тэр. раёна, лясы пераважна хваёвыя.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 70,3 тыс. га, з іх асушана 15,5 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 14 калгасаў і 3 с.-г. калектыўныя прадпрыемствы. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, бульбаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры. Пасевы лёну. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць віна-лікёра-гарэлачных вырабаў, цукерак-карамеляў, макароны, крухмалу і інш.), лёгкай (ільновалакно), дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы), буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Ліда—Баранавічы, аўтадарогі Ліда—Дзятлава—Слонім, Дзятлава—Наваельня—Навагрудак, Наваельня—Баранавічы. У раёне 18 сярэдніх, 8 базавых і 1 пач. школа, прафес.-тэхн. вучылішча, 22 дашкольныя ўстановы, 30 клубаў, 46 б-к, 4 бальніцы, 28 фельч.-ак. пунктаў. Санаторыі «Наваельня» (рэсп. туберкулёзны), «Радон» (міжкалгасны), дзіцячы «Ластаўка». Помнікі архітэктуры: капліца (1928) у в. Азяраны; сядзіба (пач. 20 ст.) у в. Боркі; Петрапаўлаўская царква (1875) у в. Вензавец; Троіцкая царква (1897) у в. Войневічы; Георгіеўская царква (1866) у в. Вял. Воля; Георгіеўская царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Горка; вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.), касцёл Цела Гасподняга (1904) і Пакроўская царква (пач. 20 ст.) у в. Дварэц; сядзіба (1819) у в. Жыбарты; капліца (1908) у в. Лапушна; Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Нагародавічы; царква (1836) у в. Накрышкі; царква (19 ст.) у в. Нянадавічы; касцёл Анёла Стража (19 ст.) у в. Раготна; касцёл св. Юзафа (пач. 20 ст.) у в. Руда Яварская; царква Раства Багародзіцы (пач. 20 ст.) у в. Явар. Выдаецца газ. «Перамога».

т. 6, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКАЯ ЛА́ЎРА,

мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл. Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.

Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст. Найб. стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр. майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.​І.​Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.​Дз.​Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.​Васільеў, будаваў Г.​І.​Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Киево-Печерская лавра, заповедник-музей: Краткий путеводитель. 4 изд. Киев, 1975.

Кіева-Пячэрская лаўра.
Троіцкая надбрамная царква ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Вялікая званіца Кіева-Пячэрскай лаўры.

т. 8, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗА́МАК,

старажытная крэпасць, на аснове якой узнік г. Мінск. У стараж.-рус. летапісах вядомы пад назвай «град», «горад», у актах 15—17 ст. — замак, пазней — Стары горад, Старое места, Стары замак, Замкавая гара, Замчышча. Пабудаваны ў 2-й пал. 11 ст. на правым беразе р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе Нямігі для абароны паўд. межаў Полацкага княства. Быў абнесены валам выш. каля 8 м, на грэбені якога пастаўлены драўляныя сцены, з паўд. боку — брама тыпу вежы. Замак меў форму няправільнага прамавугольніка (даўж. ад Свіслачы да процілеглага зах. краю 300 м, шыр. 120—150 м, пл. 3 га). Абкружаны з усіх бакоў вадой, меў выгляд умацаванага вострава. Гал. вуліца замка шыр. 4 м перасякала дзядзінец з У на З, ад яе адыходзілі вузкія завулкі. Шырыня астатніх вуліц была 3 м, праезная іх частка масцілася драўлянымі насціламі. Паміж вуліцамі размяшчаліся двары гараджан. Яны ўключалі 1—2 жылыя пабудовы, хлявы, клеці, майстэрні. Двор абгароджваўся парканам з бярвён, свабодная ад забудовы плошча масцілася насцілам. У 12—13 ст. у замку было 80—82 двары і 400—500 жыхароў. Умацаванні М.з. паспяхова вытрымалі асаду войска паўд.-рус. князёў і іх саюзнікаў у 1105 (у летапісе недакладна 1104) і 1116, няўдалымі былі спробы полацкага кн. Рагвалода Барысавіча ўзяць М.з. прыступам у 1159 і 1160 у час княжацкіх міжусобіц. Доўгі час замак быў паліт., ваенным і культ. цэнтрам, рэзідэнцыяй князёў, пазней велікакняжацкіх і каралеўскіх намеснікаў. У 1506 войскі крымскага хана Махмет-Гірэя, захапіўшы горад, не здолелі авалодаць крэпасцю. У замку былі ваенны гарнізон (залога), правіянцкія крамы, дом кіеўскага мітрапаліта, уладанні кн. Астрожскага. У вежы каля замкавай брамы размяшчалася турма. У М.з. знаходзіліся цэрквы Мікалаеўская і Раства Багародзіцы. З канца 17 ст. замак стаў паступова занепадаць, да канца 18 ст. асталіся земляныя валы, зафіксаваныя на планах Мінска канца 18 — пач. 19 ст. Археал. даследаванні М.з. праводзілі ў 1945—51, 1957 В.​Р.​Тарасенка, у 1958—61 Э.​М.​Загарульскі, у 1976 Г.​В.​Штыхаў, у 1981—82 В.​Е.​Собаль і Штыхаў, у 1983—87 Штыхаў.

Літ.:

Гісторыя Мінска. Мн., 1967;

Загорульский Э.М. Возникновение Минска. Мн., 1982;

Заяц Ю.А. Оборонительные сооружения Менска XI—XIII вв. Мн., 1996.

Г.​В.​Штыхаў.

Мінскі замак. Брама 12—1-й пал. 13 ст. Рэканструкцыя Ю.​А.​Зайца.
Забудова заходняй часткі Мінскага замка. 13 ст. Рэканструкцыя П.​А.​Русава. Мастак А.​Зарх.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)