АРТАПЕДЫ́Я [ад арта... + грэч. pais (paidos) дзіця],

галіна медыцыны, якая вывучае прадухіленне, распазнаванне і лячэнне захворванняў, дэфармацый і вынікаў пашкоджанняў апорна-рухальнай сістэмы. Разам з траўматалогіяй складае адзіную ўрачэбную спецыяльнасць.

Заснавальнік навук. артапедыі — франц. ўрач Н.​Андры (N.André), які ў 1741 увёў гэты тэрмін. Класічныя апісанні пашкоджанняў і захворванняў органаў апоры і руху і рэкамендацыі па іх лячэнні трапляліся яшчэ ў працах Гіпакрата і Ібн-Сіны. У пач. 16 ст. франц. ўрач А.​Парэ распрацаваў метады ампутацыі канечнасцяў і прапанаваў апараты для выкарыстання іх пры артапедычных захворваннях. Прагрэсу артапедыі ў Расіі садзейнічалі працы Я.​В.​Мухіна (1806) пра асновы лячэння пераломаў і вывіхаў, М.​І.​Пірагова (1840), які распрацаваў вучэнне аб працэсах рэгенерацыі пасля аперацыі ахілавага сухажылля, увёў нерухомую гіпсавую павязку і інш. Працы М.​П.​Нікольскага (1870), М.​Ф.​Руднева (1880) садзейнічалі прагрэсу касцёва-пластычнай хірургіі, працы В.​І.​Разумоўскага, М.​І.​Студэнцкага, В.​М.​Шаўкуненкі (канец 19 — пач. 20 ст.) — развіццю артапедычных аперацый пры артрадэзіі, астэаміі, касалапасці. Пад кіраўніцтвам заснавальніка сістэмы артапедычнай дапамогі ў краінах б. СССР М.​М.​Прыёрава створаны Лячэбна-пратэзны ін-т (1921), метадычны цэнтр па артапедыі і траўматалогіі.

На Беларусі асобныя пытанні артапедыі пачалі вывучаць у 19 — пач. 20 ст. У ліку першых у Еўропе К.​І.​Гібенталь выкарыстаў гіпс для фіксацыі зламанай канечнасці (1812). Сістэматычныя даследаванні па артапедыі вядуцца з 1930-х г. у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, на адпаведных кафедрах мед. ін-таў. Развіццю артапедыі садзейнічалі працы М.​Н.​Шапіры, Б.​Н.​Цыпкіна, В.​А.​Маркса, Р.​Х.​Мінінай, І.​Р.​Варановіча, А.​С.​Крука, А.​У.​Руцкага, С.​С.​Навумовіча, А.​А.​Губко, А.​М.​Сакалоўскага і інш. Асн. кірункі даследаванняў: прафілактыка і лячэнне артапедычных захворванняў і траўмаў, распрацоўка метадаў і сродкаў мед. рэабілітацыі хворых і інвалідаў з прычыны ўскладненых пашкоджанняў касцей і суставаў, хірургічнага лячэння пухлін, ліквідацыі вынікаў дэгенератыўна-дыстрафічных працэсаў у касцях і суставах, эндапратэзаванне, удакладненне пытанняў дыягностыкі.

Літ.:

Маркс В.О. Ортопедическая диагностика. 2 изд. Мн., 1978;

Травматология и ортопедия. 3 изд. М., 1990;

Волков М.В. Болезни костей у детей. 2 изд. М., 1985.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́МЯЦЬ,

здольнасць арганізма захоўваць і ўзнаўляць інфармацыю, атрыманую ў мінулым; адна з асн. уласцівасцей нервовай сістэмы, якая забяспечвае непарыўнасць існавання чалавечага «Я» і выступае ў якасці важнай і неабходнай перадумовы фарміравання індывідуальнасці і асобы.

Разгорнутую канцэпцыю П. даў Арыстоцель у трактаце «Пра памяць і ўспамін»: уласна П. уласцівая і чалавеку, і жывёле, успамін жа — толькі чалавеку. Арыстоцель сфармуляваў правілы для паспяховага ўспаміну, пазней зноў «адкрытыя» ў якасці асн. законаў асацыяцый: па сумежнасці, падабенстве і кантрасце. Праблема П. развіта ў філасофіі англ. эмпірызму (Т.​Гобс, Дж.​Лок), амер. біхевіярызму (Э.​Торндайк, Дж.​Уотсан), у вучэнні франц. прадстаўніка інтуітывізму А.​Бергсона, які даказваў існаванне асаблівай «вобразнай» П., «П. духу» і звязваў яе з псіхічнымі працэсамі бессвядомага, распазнавання, увагі. Прадстаўнікі гештальтпсіхалогіі зыходзілі з цэласнага і структурнага характару П. і лічылі, што яе элементы павінны разглядацца як своеасаблівыя дынамічныя сістэмы. У франц. сацыялагічнай школе (П.​Жанэ, М.​Хальбвакс) акцэнтавалі ўвагу на гіст. прыроду і сац. абумоўленасць П. чалавека. Эксперым. даследаванне П. праведзена ў рэчышчы асацыянізму ням. псіхолагам Г.​Эбінгаўзам (1885).

Адрозніваюць асн. працэсы П.: запамінанне, распазнаванне, забыванне і ўзнаўленне. Гал. з іх — запамінанне, якое вызначае трываласць і працягласць захавання інфармацыі, яе паўнату і дакладнасць пры ўзнаўленні. Прадуктыўнасць запамінання залежыць ад таго, у якой форме яно адбываецца (у адвольнай, неадвольнай, механічнай, сэнсавай). Пры распазнаванні ў П. ўзнаўляецца вобраз аб’екта пры паўторным яго ўспрыманні. Пры ўзнаўленні аб’екты мінулага вопыту не ўспрымаюцца непасрэдна, а ўзнаўляюцца ў вобразах (думкі, пачуцці, жаданні, вобразы фантазій, асобных дзеянняў, складаных рухаў і інш.). Уласцівасць забывання азначае поўную або частковую страту здольнасці ўзнаўлення матэрыялаў, што запомніліся раней; яно бывае ўстойлівым, доўгім, часовым, пасіўным, актыўным, звязаным з наўмысным выцясненнем з П. непрыемных з’яў. Сярод падсістэм П. вылучаюць доўгачасовую, кароткачасовую і сенсорную. Доўгачасовая П. забяспечвае ўтрыманне ведаў і захаванне ўменняў і навыкаў на працягу дзесяцігоддзяў пры вял. аб’ёме інфармацыі. П. кароткачасовая забяспечвае аператыўнае ўтрыманне звестак, атрыманых ад органаў пачуццяў і з доўгачасовай П., на працягу ад некалькіх секунд да мінут пры аб’ёме інфармацыі каля 7—8 адзінак (слоў, лічбаў і г.д.). У сенсорнай П. сігналы, што паступаюць з органаў пачуццяў у выглядзе адчуванняў і ўспрыманняў, утрымліваюцца звычайна менш 1—2 с. У залежнасці ад характару матэрыялу, што трэба запомніць, адрозніваюць: П. рухальную (маторную), эмацыянальную, вобразную і слоўна-лагічную (вербальную). Вобразная падзяляецца на зрокавую, слыхавую, нюхальную, датыкальную, смакавую.

Паняцце «П.» шырока выкарыстоўваецца ў кібернетыцы пераважна ў адносінах да складаных тэхн. сістэм, напр. ЭВМ, і па аналогіі таксама да біял. і сац. сістэм. У біялогіі вылучаюць генетычную П., змешчаную ў храмасомах клетачных ядраў (у малекулах ДНК), і П., набытую арганізмам. У сацыялогіі ўводзіцца паняцце сац. П., зместам якой з’яўляецца калект. вопыт чалавецтва, які фіксуецца ў мове, інш. знакавых сістэмах, у прыладах працы, традыцыях, нормах маралі і права, ва ўсіх элементах матэрыяльнай і духоўнай культуры. Сац. П. адыграла вырашальную ролю ў фарміраванні індывід. П. кожнага канкрэтнага чалавека.

Літ.:

Соколов Е.Н. Механизмы памяти. М., 1969;

Крайзмер Л.П., Матюхин С.А., Майоркин С.Г. Память кибернетических систем. М., 1971;

Вейн А.М., Каменецкая Б.И. Память человека. М., 1973;

Пугач Ю.К. Развитие памяти: Система приемов. Ч. 1. Образная память. Мн., 1995;

Психология памяти. М., 1998;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Андреев О.А., Хромов Л.Н. Тренировка памяти. Мн., 1999.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 12, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЦЫ́НА (лац. medicina ад medeor лячу),

сістэма навуковых ведаў і практычных прыёмаў, накіраваных на зберажэнне і ўмацаванне здароўя людзей, папярэджанне, распазнаванне і лячэнне хвароб, падтрыманне актыўнага даўгалецця; састаўная ч. аховы здароўя. Вывучае будову, працэсы жыццядзейнасці арганізма ў норме і паталогіі, уплыў фактараў прыроднага і сац. асяроддзя на здароўе і хваробы чалавека; выкарыстоўвае біял., мех., хім., фіз., псіхал. фактары для зберажэння і ўмацавання здароўя. На стан і ўзровень развіцця М., змест і метады мед. дзейнасці ўплываюць матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства, узровень развіцця эканомікі, агульны ўзровень культуры, дасягненні навукі і тэхнікі. Праблемы здароўя звязаны са згубнымі прывычкамі людзей (алкагалізм, курэнне, ужыванне наркотыкаў, таксічных рэчываў і інш.). Найважнейшы кірунак дзейнасці М. — фарміраванне здаровага ладу жыцця. М. падзяляецца на 3 групы дысцыплін: медыка-біялагічныя (анатомія, біяфізіка, біяхімія, вірусалогія, генетыка медыцынская, гісталогія, паразіталогія, паталагічная анатомія, паталагічная фізіялогія, таксікалогія, фармакалогія, фізіялогія), клінічныя (акушэрства, анкалогія, артапедыя, афтальмалогія, венералогія, гастраэнтэралогія, гематалогія, герыятрыя, дэрматалогія, інфекцыйныя хваробы чалавека, курарталогія, лячэбная фізічная культура, неўрапаталогія, нейрахірургія, нефралогія, педыятрыя, псіхіятрыя, радыялогія медыцынская, рэаніматалогія, стаматалогія, траўматалогія, уралогія, эндакрыналогія і інш.) і гігіенічныя (гігіена, мікрабіялогія, эпідэміялогія і інш.). Асобна вылучаюць навукова-практычныя комплексы мэтавага прызначэння: ваенная медыцына, касмічная медыцына, спартыўная медыцына і інш.

Звесткі пра М. вядомы з глыбокай старажытнасці. Ужо ў першабытным грамадстве людзі ўжывалі лекі расл., жывёльнага, мінер. паходжання, умелі памагаць пры родах, раненнях, рабілі некат. аперацыі (нават трэпанацыю чэрапа). У часы язычніцтва лекарамі пераважна былі вешчуны, знахары, жрацы. Асновы народнай медыцыны мелі эмпірычны і стыхійна-матэрыяліст. характар. Багатая мед. спадчына Стараж. Кітая і Індыі. Дасягненні М. ў Стараж. Грэцыі абагульніў Гіпакрат (5 ст. да н.э.). У сярэдневяковай Еўропе М. падпарадкоўвалася царкве, знаходзілася пад уплывам схаластыкі, што тармазіла яе развіццё. У эпоху Адраджэння ў М. ўмацаваліся клінічны і эксперым. метады, развівалася анатомія (А.Везалій) і інш. У 17 ст. У.Гарвей распрацаваў вучэнне аб кровазвароце, М.Мальпігі — аб кровазвароце ў капілярах. З 18 ст. развіваўся даследчы кірунак у М. У 19 ст. распрацаваны метады фіз. дыягностыкі, заснаваны тэорыя клетачнай паталогіі (Р.Вірхаў) асновы бактэрыялогіі і імуналогіі (Л.Пастэр, І.І.Мечнікаў), ваенна-палявой хірургіі (М.І.Пірагоў), удасканалены хірург. аперацыі (М.В.Скліфасоўскі, М.​А.​Вельямінаў), вучэнне пра ролю нерв. сістэмы пры хваробах (С.​Ч.​Боткін) і інш. У 20 ст. распрацаваны вучэнне пра вышэйшую нерв. дзейнасць (І.П.Паўлаў), фізіял., гігіенічныя і біял. асновы тэрапіі, сувязь арганізма з навакольным асяроддзем (Боткін, Р.​А.​Захар’ін, А.​А.​Астравумаў), пра вітаміны, хіміятэрапеўтычныя сродкі. Укаранёны ў практыку гіпатэрмія, пераліванне крыві, трансплантацыя і інш.

На Беларусі ў 15—16 ст. ствараліся шпіталі ў Брэсце (у 1495 і 1508), Мінску (1513), Мазыры (1516), аптэкі. Працы Ф.Скарыны, С.Буднага, Сімяона Полацкага фарміравалі навук. мед.-біял. думку (гл. Медыцынская адукацыя). У склад навук. устаноў Беларусі, якія займаюцца пытаннямі М. (1999), уваходзяць 14 НДІ і 2 навук.-практычныя цэнтры, у т. л. Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Кардыялогіі Беларускі НДІ і інш., дзе працуюць больш за 3 тыс. навук. супрацоўнікаў, у т. л. 339 д-роў мед. навук, 1356 канд. мед. навук. Бел. вучоныя зрабілі значны ўклад у развіццё М.: І.​А.​Бірыла распрацаваў методыку ажыўлення хворых унутрыартэрыяльным уліваннем крыві, І.С.Лягенчанка, Л.С.Персіянінаў — метады ажыўлення нованароджаных пры асфіксіі, А.Я.Пракапчук — лячэнне чырв. ваўчанкі, І.М.Стальмашонак — аперацыі пластыкі стрававода, Т.В.Бірыч — лячэнне хвароб вачэй кіслародам, М.Я.Саўчанка — аперацыйнае аднаўленне інервацыі ўнутр. органаў, А.​У.​Шот — пратэзаванне клапанаў сэрца, Ц.Е.Гніларыбаў — трансплантацыю эндакрынных залоз і тканак і інш. У канцы 1990-х г. навук. даследаванні па М. выконваліся па 9 дзярж. навук.-тэхн. праграмах: анкалогія, кардыялогія, інфекц. хваробы, стаматалогія і хірургія сківіц і твару, рэабілітацыя, дыягнастычныя і лячэбныя тэхналогіі, дзеці Беларусі, навакольнае асяроддзе, а таксама па 19 асобных навук.-тэхн. праектах. У Мінскім мед. ін-це распрацаваны уніфікаваныя схемы медыкаментознай тэрапіі вострага інфаркту міякарда, прафілактыкі і лячэння плацэнтарнай недастатковасці антыаксідантным комплексам вітамінаў, хірург. лячэння язвенай язвавай хваробы страўніка і інш., у Віцебскім — доследныя ўзоры магн. сепаратараў крыві і інш.; у Гродзенскім — метады кансервацыі біяпластычных тканак для трансплантацыі, у Гомельскім — вывучаны ўплыў злучанага ўздзеяння на арганізм радыенуклідаў і хім. злучэнняў у дародавы і пасляродавы перыяды. У Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў створаны паўаўтааналізатар электралітаў крыві і інш. біял. вадкасцей, фізіятэрапеўт. апаратура, вывучаны ўплыў цяжкіх металаў і мікраэлементаў на здароўе дзяцей.

Літ.:

Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;

История медицины. М., 1981;

Грицкевич В.П. С факелом Гиппократа. Мн., 1987.

Э.​А.​Вальчук.

т. 10, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)